Ліставатыя наканечнікі ўжываліся на паляванні. З забітай жывёліны такая страла лёгка выцягвалася, i яе можна было ўжыць зноў. Форма ж баявога наканечніка — калючая, куслівая. Вострыя шыпы ледзь не самі ўпіваюцца. Ранены выцягне з цела дрэўка, а наканечнік зачэпіцца шыпамі за мышцы i астанецца, вярэдзячы рану ўсё жыццё. I будзе мучыцца нябога — не павярнуцца рэзка, не пабегчы. Так мучаецца цяпер Жыўкоў дзядзька. Ды i ў бацькі на сцягне глыбокая рана, аброслая дзікім мясам — даставалі такі шыпасты наканечнік...
— Можаш ісці пагуляць,— праз нейкі час дазволіў бацька,— я тут i сам закончу.
— Я яшчэ паспрабую зрабіць серп,— i Жывок узяўся за вялікую пласціну.
Ён накрыў сваё калена кавалкам калянай скуры i рубам прыціснуў да яе пласціну. Затым лёгкімі ўдарамі каменнага яйкападобнага адбойніка пачаў сколваць з доўгіх бакавін невялікія адшчэпы. Стараўся, каб падчэска атрымоўвалася з абодвух плашчынь. Затым пачаў прытупляць краі рукаяткі.
Бацька краем вока часам пазіраў на сынавыя практыкаванні і, нарэшце, не вытрымаў, папытаўся:
— I каму ты так стараешся — маці, ці каторай сястры?
Жывок змоўчаў i толькі ніжэй нагнуў галаву. Бацька пра нешта быццам здагадаўся i цішком заўсміхаўся ў густую бараду.
— Дай зірнуць, што ў цябе атрымоўваецца... Нішто выходзіць, нішто. Толькі вось тут круглей трэба,— i сваім адбойнікам тамсям падправіў выгін ляза.
I так пайшло — сын шчыраваў над сярпом, а бацька час ад часу падпраўляў няўдалыя або недаведзеныя мясціны. Затым краі вырабу паверх сколаў апрацавалі буйной зубчастай рэтушшу, i серп атрымаўся на захапленне. Ляжаў на жыўковай далоні доўгі i выгнуты, як месячны маладзічок.
Пакуль сын любаваўся вырабкай, бацька схадзіў у хаціну i прынёс мяккі скураны пасак. Абкруціў ім акуратна рукаятку, каб крэмень не рэзаў руку, завязаў сухажылінай.
— Ну вось, ты ўжо i сярпы ўмееш рабіць,— пахваліў бацька, як скончылі працу.
— Я адзін i не змог бы так.
— Ну, не кажы. Я, лічы, толькі пару разоў дакрануўся,— жмурыў вочы бацька.— А наступны ты i зусім сам змайструеш.
Пад вечар, калі сонца ўжо перайшло на заходні небакрай, Жывок быў у чоўне. Адплыўшы за трыснёг, ён закінуў вуду i агледзеўся. На азёрнай затоцы-луцэ ён быў не адзін. Там-сям цямнелі іншыя чоўны — наступаў час вечаровай лоўлі рыбы. Але Жыўку не рупіла зараз рыба. Ен не пільнаваў паплаўка, a ўсё ўзіраўся ў супрацьлеглы бераг, дзе пад бухматымі вербамі тулілася вёска суседняга роду. Выцягнуўшы пару акунькоў, хлопец паволі павеславаў уздоўж берага, робячы выгляд, што выбірае рыбнейшую мясціну, а сам прыбліжаўся да тых вербаў. Непадалёку ад ix, пераплыўшы густы чарот, падагнаў човен да берага i прыхаваў яго ў трыснягу. Сам жа, падкасаўшы штаны, выбраўся на сухое i затаіўся ў лазняку.
Недалёка ад яго схову на прыбярэжных камянях жанчыны i дзяўчаты мылі вопратку, намочваючы яе ў вадзе i шчыра выбіваючы плоскімі палкамі,— толькі ляцелі ў бакі пырскі ды часты стук плескачоў рассыпаўся рэхам па вадзе.
Нарэшце жанчыны скончылі выбіванне, выкруцілі вопратку, сабралі яе i панеслі ў вёску. Крыху адстаўшы ад ix, ішла дзяўчына-падлетак са светлымі косамі, закінутымі за спіну. Калі дзяўчына параўнялася з лазняком, Жывок выйшаў на чысцяк i паклікаў:
— Калінка, пачакай!
Дзяўчына спуджана ўскінула бровы i спынілася. Але адразу ж * пазнала, што гэта быў Жывок, які часта прыплываў праз луку ў іхнюю вёску, дзе была замужам ягоная старэйшая сястра.
Жывок, хвалюючыся, наблізіўся да дзяўчыны i нясмела працягнуў крамянёвы серп.
— Вазьмі. Сам рабіў...
— Ой, які харошы,— сказала дзяўчына i прыціснула серп да грудзей. А потым засаромлена пачырванела i пабегла ў вёску.
А жанчыны, што падгледзелі ўсё гэта, казалі між сабою: «Вось i вырасла з Калінкі нявестка ў Залукоўе. Глядзіш — налета i сваты адтуль прыплывуць».
* * *
— Карацей кажучы,— зрабіў выснову Іван Пятровіч,— Жыўку ў любым выпадку трэба было шукаць будучую жонку ў нейкім суседнім паселішчы, бо ў сваім былі ўсе паміж сабою родзічы.
— I нават не проста ў суседнім, a ў тым, дзе жылі людзі іншага роду. Бо калі род быў вялікі, ён дзяліўся на некалькі патрыярхальных сямей, кожная з якіх пасялялася ў сваей вёсцы. Іншыя роды таксама мелі вёскі. Трупа радоў утварала племя. Пры нейкіх канфліктных сітуацыях з суседзямі плямёны аб'ядноўваліся ў саюзы.
Асноўная ўлада ў родзе i племені належала ўсяму даросламу насельніцтву. Яно i вырашала важнейшыя справы. Кіраваннем займаліся выбарныя роды старэйшын або асобныя старэйшыны. У час вайны выбіраліся i правадыры.
— Так. А што гэтым сярпом мелася жаць Калінка?
— Ды шмат што — пшаніцу, ячмень, проса, гарох. У бронзавым веку таксама ўжо вырошчвалі лён, каноплі, мак, рэпу, цыбулю, часнок. Мусіць, зараджалася i садоўніцтва — пры раскопках на стаянках сустракаюцца костачкі сліў, вішань. Ды i статак свойскай жывёлы быў, амаль як сёння.
ЗЕМЛЯНЫ КАПЕЦ ТУРА
Тур загінуў так, як i годна загінуць лепшаму паляўнічаму i сапраўднаму мужчину,— з дзідай у руках.
У самым канцы лета, нарэшце, настаў вольны ад палявой работы — жніва i малацьбы — час, i мужчыны вырушылі на паляванне. Так зачакаліся гэтай жаданай падзеі, што сабраліся ў лес нават некаторыя старыя i падлеткі. Але лепшыя паляўнічыя, якіх узначальваў Тур, рашылі — каму так не церпіцца паспытаць паляўнічага шчасця, хай палазіць па прыазёрным балоце, дзе маладыя качкі i ryci ўжо набраліся тлушчу. Яны ж самі пойдуць у грабавыя i дубовыя лясы, дзе пры ўдачы можна ўпаляваць такую здабычу, пра якую будзе помніцца ўсю зіму.
I сапраўды, у гэтых лясах на выгрэтых сонцам прагалінах адразу пачала трапляцца змятая i аб'едзеная трава, раскапычаная, з памётам. Тут пасвілася, нагульвала мяса даўно непалоханая дзічына. Загон паляўнічых праз дубняк выйшаў на старую выгарыну ў нізавіне, пасярэдзіне якой цёк ручай з вышмарганым мядзведзямі маліннікам на берагах. I каля самага таго ручая, на мурожным лужку, нечакана наткнуліся на зубрыны статак. Жывёліны, збіўшыся ў гурт, адпачывалі i жавалі жвачку — маладняк усярэдзіне, мацнейшыя з краёў. Здрыганулася зямля, калі статак усхапіўся на ногі, i адразу ж зубр-важак з сажнёвымі рагамi зароў і, прыгнуўшы да зямлі галаву, рынуўся на няпрошаных гасцей.
На паляўнічых імчала такая раз'юшаная аграмадзіна са скуры, мяса i вастраколін рагоў, што нават загартаваныя ў такіх сутычках мужчыны не вытрымалі i з усіх ног кінуліся да выратавальнага лесу. За ўцекачамі рвануўся i Тур, бо i сапраўды было безнадзейным схапіцца з такім зверам, які адзін мог раскідаць цэлы гурт. Але чалавек хутка зразумеў, што ад зубра не ўцячы — да лесу было крокаў пад сотню, а бык ужо роў за спіной i праз імгненне ўсадзіць рогі ў спіну, перакіне праз сябе. Потым другога, трэцяга.
I тут Тур у апошнім ці то адчаі, ці то приступе незвычайнай адвагі павярнуўся насустрач зверу. Калі крывуліны рагоў ужо былі перад самым яго жыватом, адступіў крок убок і, уклаўшы ўсю моц рук у дрэўка дзіды, ударыў ёю наўскасяк, цэлячы пад лапатку зубру. Жывёліна захрапла i крутанулася да паляўнічага. Той не паспеў адчуць ні ўдару, ні болю. Апошняе, што ўбачыў, як некуды пад ногі перакулілася раптам пачарнелае неба, i ён паляцеў у гэту цемру.
Азірнуўшысячна зубрыны храп, паляўнічыя ўбачылі, як высока над маліннікам узляцеў Тур, як закруцілася i пачала цяжка асядаць на траву жывёліна, як потым яна завалілася на бок, пускаючы крывавую пену.
Паляўнічыя гэтак жа імпэтна кінуліся назад i, калі падбеглі, зубр ужо даходзіў. З яго боку тырчэў кароткі абломак дзіды. Непадалёку, шырока абдымаючы цёплую зямлю, ляжаў Тур.
Высеклі жэрдкі. Злучылі ix скуранымі рамянямі — атрымаліся насілкі, на якія i паклалі мёртвага. На жэрдках-валакушах цягнулі адсечаную зубрыную галаву. Па астатнюю здабычу трэба будзе прыехаць коньмі.
Хавалі Тура назаўтрае, на родавых могілках, якія былі на высокім рачным беразе. Тут, на былым лядным полі, было бязлесна, бо пастаянна высякаўся i вытоптваўся пад час штогодных памінак кожны парастак. Толькі траве дазвалялася пакрываць сваёй зялёнай зрэбніцай высокія земляныя насыпы-капцы над магіламі.