Литмир - Электронная Библиотека

Усунуўшы мне ў рукі пакет з апельсінамі i пажадаўшы хутчэй здаравець, Іван Пятровіч пайшоў, паабяцаўшы зазіраць часцей. Я ж, не губляючы часу, дастаў з тумбачкі сшытак i ручку... i задумаўся, як шахматыст перад першым ходам у адказнай партыі.

З чаго i як пачаць? Пасля доўгіх разважанняў рашыў запісваць важнейшае, найбольш характэрнае, каб даць чытачу ўяўленне аб асноўных праявах жыцця першабытнага чалавека ў бронзавым веку. Дробныя ж выпадкі, інтымныя падрабязнасці, блытаныя ўрыўкі відовішчаў, фантастычныя трызненні няхай застануцца толькі ў памяці. Навошта імі тлуміць галовы іншым? Рашыў не давяраць паперы i найбольш жорсткія сцэны, у якіх было асабліва шмат агню, крыві, гвалту, смерці. Лагічней было i сам аповяд весці не ад свайго «я», бо «я» быў увесь час у гэтай палаце замораны хваробай, у халаце з кароткімі рукавамі i адным уцалелым гузікам. Toe, што снілася, у сапраўднасці здаралася з маімі далёкімі родзічамі ў нейкім больш як сотым пакаленні назад. Няхай жа яны ажывуць хоць на гэтых старонках...

ЧЫРВОНЫЯ КАМЯНІ

Бацька з сынам прыйшлі на гэты камяністы схіл гары, адолеўшы за паўдня цяжкі i далёкі шлях. Праз густы букавы лес абыходзілі вузкую, але доўгую азёрную затоку — гэта яшчэ каля самага іхняга паселішча. Прабіраліся глыбокім рэчышчам горнай рэчкі, што прапілавала ў каменных нетрах вузкую прорву-шчыліну. Затым лезлі ўверх звярынаю сцежкай, чапляючыся за выступы скал. I нарэшце, трапілі сюды, дзе скалы расступаліся, дзе было цёпла i светла ад блізкага шырокага неба над галавою i сонца.

— Які незвычайны лес! — здзівіўся хлопец, паказваючы на чэзлыя i пакручастыя дрэўцы, быццам прыгнечаныя нейкай немаччу.

— Але,— узрадаваўся бацька сынавай назіральнасці.— Глядзі i запамінай: дзе ў зямлі ляжаць чырвоныя камяні, там i лес такі недарослы. Бачыш, i трава тут асаблівая, не такая як у іншых мясцінах. Пад такой травою таксама можна шукаць гэты камень. А бывае — позняй восенню ўсё навокал заінела, а дзе-небудзь засталіся плямы на скалах без шэрані. Значыць, там таксама ён. Чырвоны камень мае такую чароўную моц, што мяняе i траву, i лес, i мароз яго не бярэ.

— Вырасцеш,—працягваў бацька,— сам будзеш хадзіць у горы, шукаць чырвоны камень i рабіць з яго бранзалеты, пярсцёнкі, шылы, нажы i яшчэ шмат якія патрэбныя чалавеку рэчы. I тады станеш самым паважаным у нашым родзе чалавекам. I на сходзе мудрэйшых табе заўсёды будзе пачэснае месца каля свяшчэннага агнішча, i кавалак мяса не звядзецца ў тваім гаршку.

Канешне, было спакусліва некалі сесці на шырокую лаву з расшчапанага букавага камля побач з самымі слаўнымі людзьмі, але калі тое будзе? Трэба, каб у яго спачатку вырасла вялікая барада i каб яна пасівела. А найбольш трэба было нечым заслужыцца перад суродзічамі. Яму ж зараз не церпілася заглыбіцца ў гэты дзівосны лес, урыцца ў россып камянёў i знайсці чырвоны камень, які, калі яго пацерці пяском, гарыць, як сонца, i слепіць вочы. I рэчы з такога каменя самыя прыгажэйшыя на свеце.

Бацька ішоў паперадзе i доўгай рукаяткай каменнай сякеры варушыў леташняе лісце, раскідаў у бакі мох, расчышчаючы горную пароду.

— Вось рудавата-зялёны камень. Знайшоўшы такі, будзь асабліва ўважлівы,— супыніўся бацька.

Ён лоўка ўхапіў камень у левую руку i стукнуў па ім абушком сякеры. Скарынка вокіслаў абсыпалася, i ў кавалку руды заззялі чырванаватыя іскрынкі медзі. Але яе было зусім мала, i бацька адкінуў знаходку ўбок.

У адным месцы сярод граніту выступаў цэлы пласт такой пароды, i тут горназдабытчыкі прыпыніліся даўжэй. Бацька сякерай, а сын звычайным каменем збівалі вокіслы з меднай руды i, нарэшце, проста пад нагамі знайшлі ладны кавалак каштоўнай самароднай медзі.

Бацька замілавана ўзважыў знаходку ў руцэ, абмацаў яе, агледзеў, а затым асцярожна, быццам магла разбіцца, паклаў у скураную торбу. Потым трапіўся яшчэ з дзесятак такіх большых i меншых камянёў, якія ляжалі ў восыпу пад руданосным пластом.

Побач з бацькам завіхаўся i сын. Ен таксама шукаў i запіхваў у торбу самародкі i ўяўляў, як заўтра ці паслязаўтра бацька сядзе пад разложыстым каштанам каля іхняй хаціны, пакладзе на калоду гранітную пліту-кавадла i каменным малатком пачне выкоўваць з медзі вострыя шылы, шыракалёзыя нажы, тонкія пласцінкі, з якіх потым зробіць бранзалеты або трубачкі для караляў. А ён будзе дапамагаць бацьку — шурпатым бруском загладжваць паверхні каваных вырабаў, вастрыць, паліраваць пяском да зіхаткога бляску.

А вечарам прыбяжыць з поля яго старэйшая сястра, пакладзе серп на паліцу i пачне прымяраць бранзалеты i каралі.

— Ну як? — запытаецца яна ў брата.

— Прыго-ожа! — у захапленні адкажа ён, любуючыся сонечнымі пералівамі на аздобах.

— Што задумаўся? — весела гукнуў бацька.— На разе хопіць, а то i не занясём. Давай збірацца вячэраць.

Бацька пайшоў да зарасніку барбарысу, разгарнуў калючае голле i за ім адкрылася ўтульная пляцоўка перад адвесным выступам скалы. Пад ім цямнела невялікая сухая пячора. Побач шарэла старым попелам агнішча. Бацька быў тут не першы раз, таму гэту мясціну ўжо добра ведаў.

Медзешукальнікі дасталі з торбы прыпасы — ладны пшанічны праснак, кавалак казінага сыру, некалькі сушаных рыбін. Хлопец высыпаў побач прыгаршчы назбіраных арэхаў.

— У канцы гэтага лесу крынічка,— сказаў бацька i працягнуў сыну гліняны кубак, які вынес з глыбіні пячоры. Хлопец, пераскокваючы з каменя на камень, пабег па ваду. I сапраўды, там, дзе за хвойнікам пачынаўся зараснік кустоўя, з расшчыліны цурчэла вада. Пакуль струменьчык напаўняў кубак, хлопец агледзеўся i прыкмеціў на лапіне вільготнага жвіру каля крынічкі свежыя адбіткі капытоў. Пакінуўшы кубак з вадою на плоскім камені, ён асцярожна праціснуўся праз зараснік.

За кустоўем на горным схіле паміж россыпу камянёў пасвіўся казліны статак — старыя казлы з цяжкімі закручастымі рагамі, казліхі з казлянятамі, маладняк.

— Там горныя козы,— узбуджана зашаптаў хлопец бацьку, калі, спяшаючыся, прынёс ваду.— За крыніцай.

— А што? — падхапіўся мужчына.— Калі пашанцуе, паспрабуем свежаніны,— і, адклаўшы ўбок галоўкі дзікай цыбулі, узяўся за лук.

Бацька з сынам падышлі да крынічкі. Прыпыніліся. Затым бацька наслініў палец i ўзняў яго ўгору, вызначаючы напрамак амаль неадчувальнага тут ветру.

— Добра,— ледзь чутна прашаптаў ён,— на нас цягне, не ўнюхаюць.

Козы былі на тым жа касагоры. Мужчына прыцэліўся i выпусціў стралу. Бліжэйшы козлік страпянуўся i пакаціўся па схіле, a ўвесь статак, збіваючы капытамі камяні, з тупатам сыпануў наўцёкі. Паляўнічыя пабеглі па здабычу, пераганяючы адзін другога. I калі ўжо схапілі козліка за рогі i бацька ўскінуў яго сабе на плечы, пачулі, што на вяршыні, куды зніклі козы, загрукатала.

— Сцеражыся! — крыкнуў бацька, схапіў сына за руку i кінуўся пад бліжэйшую скалу.

Грукат вокамгненна бліжэў, мацнеў, перарастаў у аглушальны гром. Ca свістам праляцелі першыя камяні, а затым у скалу ўрэзалася лавіна каменяпаду. Скала ўздрыгнула, але ўстояла. Лавіна ж, расшчапаўшыся надвое, панеслася ўніз i там абрынулася ў прорву, у каменнае нутро, якое адазвалася стогалосым рэхам.

Затым усё сціхла. Толькі над схілам яшчэ курэла воблака пылу ды рэзка пахла бітымі камянямі, як пахне, калі выбіваеш іскры з крэменю.

Аглушаныя i перапалоханыя, з пашарэлымі тварамі, бацька з сынам асцярожна вызірнулі з-за скалы. Касагору было не пазнаць. Каменная пустка ляжала перад імі, на якой там-сям курчыліся лапікі збітай ушчэнт травы, галелі бязлістыя, патрушчаныя дубцы кустоў. Ад рэдкіх тут дрэў засталіся толькi пашчапаныя пні. Усё знёс, збіў, зруйнаваў каменяпад. Нават частку ўпаляванага козліка, якога не паспелі добра прыхаваць пад скалою, быццам нажом, зрэзала нейкім пралятаючым каменем.

— Духі гор угневаліся на нас, што мы кранулі іхнія багацці,— ледзь варушачы вуснамі, прамовіў бацька.

Затым людзі асцярожна пайшлі з гэтай небяспечнай мясціны, баючыся зачапіць які камень, разбудзіць зноў напружаную каменную цішыню. I толькі перад надзейным сховам пячоры яны крыху асмялелі, пажвавелі. Расклалі вогнішча, i бацька на першыя ж языкі полымя кінуў кавалак казліны — духам-ахоўнікам. Другі паклаў зводдаль на камень. Гэты прызначаўся духам гор.

2
{"b":"549404","o":1}