– Чаму гэта я жмінда?
– Бо нічога мне за гуму не даў. Я то не пытаў, думаў, ты сам здагадаешся. Паложана ў паляўнічых на першым паляванні аддзякаваць таму, хто нешта паляўнічаму даў. Ну, мо ён порах пазычаў ці стрэльбу... То павінен нешта прынесці... А потым, слухай, Віцька, сарачанё ў цябе вырасце, яно ж ва ўсёй вёсцы куранят падушыць і да цябе прынясе. Уяўляеш, што будзе! А я б у горад яго завёз, там курэй няма. А на канікулах бы прывозіў... Аддасі сарачанё? Ну, сябар ты мне ці не?
– На! – Віцька прыпыніўся, дастаў з-за пазухі птушаня. – Мне не шкада, толькі не забівай. Хай гэтае жыве.
– Хай жыве! – Эдзік схапіў сарачанё, яно устрапянулася і ушчыкнула чорнай дзюбкай скуру рукі. – Кусаешся? Я назаву цябе “Кусака”, будзеш у мяне на ланцугу сядзець... А сарок можна гаварыць навучыць, ведаеш, Віцька?
– Брэшаш, – абыякава адказаў Віцька. – Многа ты гаворыш.
– Сам брэшаш! – пакрыўдзіўся Эдзік. – Я навучу...
Птушаня Эдзік нёс у руках, ён ішоў крыху ззаду Віцькі. Сарачанё раптам голасна закрычала. Віцька азірнуўся, птушаня адчайна білася ў руках яго сябра.
– Чаго яно?
– Чорт яго ведае! Ціха ты! – Эдзік моцна пстрыкнуў па галаве птушаняці, тое смешна закруціла галавой, але сціхла. – Гэта яно адчула, што ў лес не вернецца, развітваецца з гняздом. “Кусака”, у горадзе жыць будзеш, там цікавей.
– А чым ты яго карміць будзеш?
– Яны ўсёядныя, што ні дай, праглынуць. Чаго яно трапечацца, бы здурэла? – Эдзік перавярнуў сарачаня на спіну і прысвіснуў: – У яго лапа зламана! Здохне.
– Як зламана? Цэлыя былі лапкі... – Віцька пакратаў на самай справе пераламаную проста папалам тоненькую чорную лапку. – Ты зламаў? – спытаў са скрухай у Эдзіка.
– Дурань, навошта мне ламаць? Гэта во як затрапяталася, то паламала...само…
Нейкі час ішлі моўчкі.
– Здохне сарачанё! – як бы з жалем загаварыў Эдзік. – Абавязкова здохне. Гангрэна пойдзе, будзе зажыва гнісці. Мучыцца будзе птушка.
Віцька маўчаў.
– Трэба зжаліцца над жывым, – прадоўжыў Эдзік. – Лепш адразу памерці, чым мучыцца. Ты як лічыш?
– Забівай, я ж табе яго аддаў, – панура адмахнуўся Віцька.
– Ну, калі ты вырашыў забіваць, то я прывяду прысуд у выкананне!
Эдзік апусціў сарачанё на дарогу.
Яно павалілася напачатку набок, але потым устала, на адну здаровую лапку і на кароткі тоненькі стрыжанёк другой. Да гэтага стрыжанька неяк збоку нязграбна чаплялася зламаная другая лапка. Сарачанё задрала галаву, высока ўзнялося, напружынілася, абаперлася на хвост і голасна закрычала.
– О, з жыццём развітваецца. Ну, агонь! – Эдзік прысеў, прыцэліўся і пусціў каменьчык з рагаткі.
Папаў у грудку птушаняці. Тое кульнулася цераз галаву, але з незразумелай упартасцю зноў стала ў тую ж позу – задраўшы галаву, шырока разявіўшы дзюбу. І зноў закрычала – скрыпучым, непрыемным голасам.
Эдзік зноў трапіў у грудку. Зноў сарачанё ўстала, яшчэ шырэй, здаецца, разявіла дзюбу і крычала яшчэ гучней.
– Чаго ты здзекуешся? – павярнуўся да сябра Віцька. – Стрэліў бы раз, а то крычыць птушка...
– Заткнуць глотку! – сам сабе скамандаваў Эдзік, падышоў блізка, нахіліўся і стрэліў.
– О, гадаўка, каменьчык праглынула! Я ж прама ў горла трапіў.
Гэта было праўда, бо сарачанё, крычаўшае амаль безупынна, на момант нібыта папярхнулася, а цяпер толькі ўскрыквала кароткім, асіплым нейкім, прыдушаным крыкам.
– А гэты праглынеш? – Эдзік уклаў у рагатку адзін з вялікіх каменьчыкаў, якія насіў у другой кішэні.
Ён паднёс рагатку амаль да самай разяўленай дзюбы, стрэліў.
Каменьчык прыбіў галаву птушкі да зямлі. Сарачанё забілася, а потым зноў, у які ўжо раз стала на свае знявечаныя лапы, абаперлася на хвост, закінула галаву і разявіла акрываўленую дзюбу.
Цяпер крыку не было чуваць, нешта толькі сіпела ў шырокім птушыным горле.
Віцька глядзеў, як бегаў над сарачанём Эдзік, і жаль да птушкі нараджаў злосць на сябра. Ён адчуваў, што тое, што робіцца цяпер на палявой дарозе, – ужо не паляванне, не нейкі спартыўны азарт, а нешта бесчалавечнае, агіднае і злое. Яго цягнула падысці, падбегчы да Эдзіка, але што рабіць далей – Віцька не ведаў. Сарачанё ўжо немагчыма ўратаваць, яно вось-вось здохне, але і дабіць нейкім адным імгненным, не балючым ударам знявечаную птушку Віцька ужо не змог бы.
– Ах, ты, сволач, паміраць не хочаш! – Эдзік ужо раззлаваўся, зноў заклаў вялікі каменьчык і зноў стрэліў зблізку, ледзь не кранаючыся рагаткай раскрытай чорнай дзюбы.
Нешта хлюпнула ўсярэдзіне птушкі, але яна засталася стаяць.
Ружовая пена запоўніла раскрытую дзюбу, сарачанё вагалася, бы маятнік, з боку на бок, але стаяла, пабліскваючы маленькімі чорнымі вочкамі.
У птушцы адчайна білася жыццё.
Столькі непакорнасці, столькі волі і прагі да жыцця было ў постаці птушаняці, што Віцька як прырос да аднаго месца. У гэты момант ён гатоў быў паклясціся, што сарачанё ўсё-ўсё разумела, што яно было не проста нечым жывым, а разумным жывым і што ў маленькіх чорных вочках гарыць пракляцце ім – забойцам. А яшчэ ў гэтых чорных іскрынках Віцька пабачыў дакор і свой сорам: яны, такія вялікія, дужыя, узброеныя, забівалі ў сотню разоў меншае і слабейшае за іх, зусім яшчэ дзіця, у якога з усяе зброі – толькі дзюба...
– Ну, я табе мазгі зараз выб’ю! Каменныя ў цябе будуць мазгі! – Эдзік высыпаў з кішэні на дарогу каменьчыкі, знайшоў самы вялікі. Уклаў яго ў рагатку.
Камень, пушчаны з усяе сілы расцягнутай гумай, пранізаў рот птушкі і выляцеў з галавы.
Сарачанё ўпала.
– Глядзі, Віцька, без мазгоў, а дрыгае! – Эдзік закладваў яшчэ адзін каменьчык. – Дабіць! Атрымлівай! На! – і чарговы каменьчык упіўся ў невялікае цельца птушкі, выдзіраючы чорна-белыя пярынкі.
Каля яго ног трапяталася, ніяк не хацела паміраць знявечаная, з прастрэленай галавой птушка. Незразумелы інстынкт кіраваў мышцамі крылаў і ног, і цельца трапяталася на пыльнай дарозе, пакідаючы на траве кропелькі чорнай крыві.
Віцька не мог адвесці вачэй убок, хоць яму было ўжо жудасна глядзець на гэтае забойства, і агіда ад мярзоты таго, што адбылося, падступіла камяком да горла – так, што ні крыкнуць, ні ўздыхнуць.
А Эдзік, раззлаваны адчайнай, неверагоднай жывучасцю птушкі, страляў, страляў і страляў:
– На!
– На!
– На!
Ён не бачыў нічога вакол, акрамя гэтага стракатага, здаецца, сто разоў мёртвага цельца.
Віцька глядзеў на сябра, потым дастаў з кішэні каменьчык, заклаў у сваю рагатку. Напружанымі да здранцвення рукамі расцягнуў гуму моцна, так, што далей цягнуць не было куды, прыцэліўся ў стрыжаную патыліцу Эдзіка і стрэліў. Каменьчык, коратка прасвістаўшы ў паветры, пляснуў у галаву сябра. Той, дзіка завыўшы ад болю, упаў ледзь не тварам на забітае ім сарачанё і пакаціўся, падвываючы, па зямлі. І тады Віцька крыкнуў, на ўвесь свет крыкнуў:
– На і табе!
Частка 11
Розныя планы, карты, схемы Віталь маляваў з такой асалодай, як сапраўдны мастак сваё любімае палатно. Як толькі добра пазнаёміўся з компасам, зразумеў, што такое азімут, маштаб, умоўныя знакі, яго ахапіла нейкая гарачка складаць планы ўсяго, што ён бачыў вакол. За два гады ён намаляваў такі план вёскі, што яго план вывесілі ў кабінеце геаграфіі. Віталь ганарыўся не тым, што план намаляваны прыгожа, а тым, што ў гэтым плане было ўсё максімальна па праўдзе: і азімуты вытрыманы, і адлегласці, і кожная дарожка і сцяжынка. А колькі ён з “казой” пахадзіў па вуліцах пад незласлівыя, ды ўсё ж дастаткова крыўдныя насмешкі!
Картаскладаннем Віталь захварэў. Душа яго прагнула працы, і мінулым летам ён вырашыў скласці план калгаса. Бо той, які бачыў у калгаснай канторы, быў няправільны – ужо прафесійнаму воку Віталя не трэба было і лінейку да той схемы прыкладваць.
Але ж “казой” калгас не абмераеш. Выручыў бацькаў мапед – там жа быў спідометр. Цэлы месяц днямі Віталь ездзіў па ўсіх дарогах, потым да позняй ночы чарціў, разлічваў. У розных кутках калгасных палёў з’явіліся яго меткі – паўтарамятровыя жэрдкі, па якіх ён вымяраў дакладную адлегласць па прамой.