– Так, гэтую мо не прагоніш, а трапіць знізу немагчыма, хаваецца за сукамі, – спыніўся Эдзік. – Давай, лезь на хвою.
Віцька хутка пачаў узнімацца па суках, якія раслі прама ад ствала, бы спецыяльна, каб па іх лазілі.
Сарока рэзка сакатала недзе над галавой Віцькі. Перад самым яго тварам быў вялізны камяк скручаных, зблытаных неймаверна галінак. У глыбіні іх было бачна нешта стракатае.
– Птушаняты ёсць! – гукнуў Віцька.
– Выдатна! Кідай хутчэй! – закамандаваў знізу Эдзік.
– Ага! Ты паспрабуй залезь! – агрызнуўся Віцька, раздзіраючы голле гнязда.
Здаецца, накіданы былі галінкі абы-як, а ні адной не выцягнуць! Ды яшчэ і не ломяцца. А тут сарока над самай галавой стракоча, здаецца, вось-вось у твар кінецца.
Сяк-так расхістаў гняздо, разварушыў голле, трымаючыся адной рукой за ствол сасны. Ірваў, выдзіраў другой сухія галінкі, залазячы ўсё глыбей і глыбей да таго, што нерухома замерла ў глыбіні ў прадчуванні смерці.
Нарэшце рука дацягнулася, пальцы намацалі цёплае, жывое.
– Ого! А яны ўжо вялікія! – выгукнуў Віцька, выцягнуўшы адно сарачанё з гнязда. – Хутка б паляцелі.
– Кідай долу адно! Пабачым! – заёрзаў пад дрэвам ад нецярпення Эдзік.
Віцька паслухаўся.
Сарачанё, няўмела, бязладна ўзмахваючы крыламі, стукаючыся аб сучча хвоі, стракатым камяком упала на зямлю. Падхапілася, пабегла, трапечучы крыламі, падскокваючы.
– Куды! Куды, гадзіна!? – са злым азартам крычаў Эдзік, закладваючы каменьчык у рагатку. – На!
Каменьчык зашыўся ў ігліцу. Эдзік бег за сарачанём, страляў яшчэ, яшчэ, пакуль каменьчык не трапіў у спіну птушаняці, прыбіў яго да зямлі.
– Гітлер капут! – радасна закрычаў Эдзік. – І зблізку, паднёсшы рагатку да самага ўздрыгваючага бела-чорнага цельца, расцягнуў з усяе моцы гуму і стрэліў.
– Во даў! Віцька! Я яму мазгі выбіў, а камень у чэрапе засеў! – зарагатаў у захапленні Эдзік. – Кідай яшчэ адно!
– Дудкі! – гукнуў Віцька. – Я буду кідаць, а ты – страляць? Я таксама пастраляць хачу.
– Ну, добра, я не буду больш страляць. Кідай!
– Не, я з сабой вазьму. Тут усяго трое засталося, – адказаў Віцька, выцягваючы чарговае птушаня, якое раптам усчало рэзкі, непрыемны крык. Сарока зверху застракатала, бы загаласіла, нябачная, пагрозліва блізкая.
Трэцяе птушаня, якое Віцька клаў за пазуху, балюча клюнула яго ў палец, пабліскваючы чорным, бліскучым вочкам.
– Ну, ты, халера, за гэта адкажаш, – прыгразіў Віцька, моцна сціснуўшы птушаня. Так моцна, што адчуў, як пад пальцамі рукі затрымцела хуткімі-хуткімі ўдарамі сэрца птушкі.
– Слухай, а сэрца б’ецца, бы маторчык працуе, – Віцька злез з хвоі, прытрымліваючы рукой птушанят за пазухай. – Жывот падрапалі. Так, першы пайшоў, ты мяне клюнуў! – Віцька выцягнуў птушаня, кінуў на зямлю.
Птушка нечакана падскокнула, адчайна забіла крыламі, і яны ўзнялі яе цела на метр, вышэй, вышэй. Сарачанё паляцела, ці то з перапуду, ці то ад радасці, голасна закрычаўшы.
У наступнае імгненне яно стукнулася прама ў ствол дрэва, аглушанае, упала на ігліцу.
– Агонь! – залемантаваў Эдзік.
Стралялі здалёк, потым зблізку, а сарачанё бегала, падскокваючы, сярод тоўстых камлёў, спатыкалася, кулялася цераз галаву і крычала, крычала, крычала...
Ад трапнага пападання каменьчыкам у галаву яно крыкнула коратка і хрыпла, застыла і павольна выцягнулася, раскінуўшы шырока крыльцы, стала нечым падобнае на чорна-белы крыж на рудой ігліцы. Страпянулася яшчэ раз і заціхла.
– Другі гатоў! – адрапартаваў некаму Эдзік. – Пускай трэцяе!
– Не, не хачу, – заўпарціўся Віцька, не зводзячы позірку з распластанага на зямлі мёртвага птушаняці. – Я аднаго з сабой вазьму, будзе ў мяне жыць. Я чытаў, што сарокі добра прыручаюцца. А з другога ж ты збіраўся чучала рабіць, яго ж неяк па-другому забіваць трэба...
– Ну добра, – з неахвотай згадзіўся Эдзік. – Давай таго, што на чучала.
Ён узяў працягнутае птушаня, распрастаў яму крыльцы і, крутнуўшы, перакінуў, быццам нейкую анучу, сарачанё дагары. Яно ўцягвала галаву ў плечы, але хутка цяжкая дзюба пацягнула галаву ўніз, шыйка выцягнулася. Сарачанё вісела, бы нежывое, на расцягнутых крыльцах, толькі кропелькі вачэй блішчалі, але і на іх напаўзала брудна-белая плеўка.
– Нічога не будзе! – голасам знаўцы заявіў Эдзік, аглядаючы птушку. – Бачыш, пад крыламі пер’я няма, скура ў пухірах. Маладая яшчэ. Ну і халера яго бяры, тое чучала. Спірту ўсё роўна няма, а гарэлкай добра не прадэзінфіцыруеш. Адно памучышся са скуркай. Давай на сук во пасадзім яго і з дваццаці крокаў – хто першы пападзе, га?
Віцька паціснуў плячыма. За пазухай у яго казытліва паварушылася птушаня.
– Мо адпусціць?
– Каго? Сароку? Такога драпежніка? Ды мы, ведаеш, колькі гнёздаў карысных птушачак выратуем, калі гэту шэльму расстраляем?
– Ну, давай... – згадзіўся Віцька.
Эдзік зноў крутнуў сарачанё ў сваіх руках.
– Той вунь сук добры. А ў мяне нітка ёсць, прывяжам за нагу, каб не ўцякло. Цір будзе!
– Казаў, чучала рабіць будзем, смажаніна будзе...– разнюніўся нечага Віцька.
– Ну, сароку есці я не буду. То ж не сойка, тая птушка чыстая, арэхі есць, а гэтая і падлу цягае. Цьфу! – грэбліва пакрывіўся Эдзік. – У цябе дома кураняты ёсць, а сарока за год 25 куранят крадзе. Во!
– Дзе яна іх крадзе?
– Па вёсках. За сто кіламетраў лятае.
– Хлусіш, – не паверыў Віцька, а Эдзік тым часам ужо вязаў да лапкі птушкі тоўстую нітку.
Праз хвіліну сарачанё сядзела на суку, не варушылася, бы чучала.
Эдзік адлічыў дваццаць крокаў ад сука ў бок Віцькі.
– Во, лінія агню тут, – ён наском кеда разварушыў ігліцу, адкрыўшы чорную тлустую зямлю. – Страляй першы!
Віцька не спяшаўся. Доўга прыцэльваўся, нарэшце стрэліў. Каменьчык праляцеў побач з сарачанём, якое сцялося ўсё, нават доўгую дзюбу схавала недзе на грудзях, прыпала да сука, быццам хацела зрасціся з дрэвам.
Другі, трэці, чацвёрты стрэл – усё міма. Сарачанё бы нехта загаварыў, каменьчыкі цокалі ў сук, праляталі так блізка, што прыўздымалі пер’е птушаняці, а тое сядзела нерухома, бы нічога не адбывалася.
Нарэшце Віцька патрапіў – проста ў галаву. Нават гук быў такі незвычайны, што адразу здагадаешся – пацэліў каменьчык у жывое: “плясь”. Ад гэтага гуку ў самога Віцькі нешта пляснула ўсярэдзіне. Ён амаль фізічна адчуў, што птушаня стала раптоўна мёртвым, што знікла невядома дзе жыццё. Не моцны гук, маленькі каменьчык, а вынік – аглушальны, беззваротны...
Птушаня кульнулася ўніз, бы нырнула, павісла на нітцы. На момант раскінуліся сутаргава крылы, распушыўся маладым пер’ем хвост. А потым усё апала, сарачанё ператварылася ў шматок нерухомага пер’я.
– У, гадзіна, здохла хутка, – вылаяўся-пашкадаваў Эдзік і выпусціў яшчэ каменьчык з рагаткі ў бок птушаняці.
Трапіў, мёртвая птушка завагалася на нітцы.
– От, трэба было адразу яго падвесіць! – ляпнуў сябе па ілбе Эдзік. – Яно б трапяталася, вагалася, цікавей было б біць па такой мішэні.
– І так добра, – кісла махнуў рукой Віцька. – Пайшлі ўжо дахаты.
– Чаго ты зазбіраўся? Давай яшчэ паблукаем, мо на сойку патрапім. Ведаеш, якое ў яе пер’е прыгожае? Такое чучала будзе!
– Ты ж казаў, што спірту няма, не атрымаецца. Пайшлі, мне трэба свайму сарачаняці клетку зрабіць да вечара, – стаяў на сваім Віцька.
– Свайму, свайму! Чаго ты яго прысвоіў? Я сарок пачуў!
– А я за імі лазіў! І ты свайго, першага, застрэліў. Гэта мой! – рашуча стаяў на сваім Віцька, і Эдзік уступіў:
– Ну, добра, пайшлі, дай толькі хлеба з агурком, апетыт пасля палявання разгуляўся...
Калі выйшлі з лесу і зарослая амаль палоска дарогі пабегла напрасткі праз луг да сінеючай далёка адсюль вёскі, Эдзік пачаў разважліва:
– Калі па-сапраўднаму, па справядлівасці, па-сяброўску, то ты мне павінен гэтае сарачанё аддаць. Так, я сваё застрэліў, потым мы яшчэ па аднаму. Гэта тваё, што нясеш. А вось рагатка з чые гумы зроблена? Ведаеш, колькі я грошай за гэты бінт аддаў? Ого! А табе не пашкадаваў, рэзаў ты, колькі хацеў. І яшчэ адрэзаць дам, мне не шкада. А ты вось жмінда...