Юдыцкага перасмыкнула, як паляўнічага пры ўсведамленні, што набоі ў ружжы скончыліся, а мядзьведзь дакладна ведае, каго валіць.
– Пан Герман Ватман! Верны хорт Багінскіх!
– Пан Юдыцкі! Верны хорт Радзівілаў!
Паны ашчэрыліся, удаючы прывітальныя ўсмешкі. Ясна было, што біцца яны не будуць, не маючы адмысловага загаду гаспадароў. У магнатаў, вядома, свае рахубы: то згаворваюцца, то варагуюць, то зноў разам дамагаюцца нейкае справы, а потым нацкоўваюць адно на аднаго сваіх кляўрэтаў. Ватман акінуў цёмным позіркам двух злачынцаў, узятых пад варту.
– Багаты ўлоў, Юдыцкі!
– Справа тычыцца вядзьмарства, Ватман. Не лезь.
– Была ахвота.
– А твой гаспадар усё каралю не наважваецца дулю паказаць?
– Мой гаспадар пра сваю прысягу памятае. А твой усё з русалкамі селядцоў нараджае? – адрэзаў Ватман, нагадваючы пра адну з вядомых баек, што любіў расказваць пра сябе ўладальнік Нясвіжу Караль Радзівіл Пане Каханку.
– Затое нікому азадак не ліжа. Ні расейцам, ні саксонцам, – не паступіўся суддзя.
Судовы “кручок” Юдыцкі і ландскнехт Ватман з’ядалі адзін аднаго вачмі, запанавала такая ціша, што чуваць было, як дзумкае апошняя восеньская муха. Нарэшце Ватман скрывіў рот.
– Не згубі парык па дарозе, суддзя!
Развярнуўся і падняўся наверх, ад чаго не толькі Юдыцкі, але й жаўнеры з віжом не стрымалі ўздыху палёгкі. З драўляных прыступак ад кожнага кроку сыпаўся пыл. Зверху апякун ваевадзянкі яшчэ раз азірнуўся, Пранцысю падалося, што на гэтым іх знаёмства не скончыцца.
Раздзел чацвёрты. Як Пранціш і Лёднік не даехалі да Радзівілаў на булён
“Пуць кароценькі. Салодка дзерава к горкаму не прыстане, к чалавеку пуць не прыстане…” – прыгаворвала калісьці старая Агата, Пранцішава нянька, калі выпраўляла маладога гаспадара ў далёкую дарогу.
Нічога добрага ў тае дарозе людзі паспалітыя земляў тутэйшых не бачылі. Усё, што патрэбнае самавітаму гаспадару, маецца і тут, вунь ад таго балота да таго гая… А далей – іншасвет, нават з вёскі за лесам дзеўку ўзяць – век чужаніцай пражыве, выглядзяць суседзі ў небаракі не тыя звычаі: не тая хада, не так юшку варыць… І ўжо зусім прапашчы чалавек, што ад уласнае хаты сам цягнецца ў дарогу, як старац альбо пагарэлец… Гэна ж толькі ў роднай хацінцы дух агменю Сопуха жыве, перад якім належыць крыжам класціся… Думаеш – каханачка, ажно – печка-гліняначка, а ў чужой хаце і жывая ды гарачая кабета не сагрэе.
І калі ўжо беларусін спакусіўся ды пацягнуўся ў дарогу, і спыну яму нямашака, дык чаго дзівіцца, што шлях ягоны адны зайцы перабягаць будуць, ды самотны восеньскі дождж у калюгах скакаць перад ім стане?
У карэце для перавозкі асабліва важных і радавітых злачынцаў было цесна, як у клетцы для курэй. Замкнёныя на вялізны замок краты, якія аддзялялі месца для вязняў ад месца для іх турэмшчыкаў, гэтае падабенства ўзмацнялі, і Пранціш ведаў, што лёс яго і ягонага слугі не надта адрозніваецца ад лёсу спамянутых хатніх птушак… Адна надзея – шляхецкае становішча Пранціша не дазволіць ціха зрабіць з арыштаваных накрыўку для пірагоў, бо шляхціца можа судзіць толькі шляхецкі суд, і законы для яго асаблівыя… Не дарэмна ж іх з лекарам не пагрузілі на калёсы, не пагналі, беражы, Прасвятая Багародзіца, пешкі, а пасадзілі ў гэтую карэту… Калі што, дык не бізуны і турма шляхціца чакаюць, а заключэнне ў вежу. Найбольш цяпер вярэдзіла Пранцыся – каб зноў не пачалі абшукваць. Дукатаў, вядома, шкада… А калі знойдуць ліст ваевадзянкі? Вырвіч паспеў перахаваць яго разам з дукатамі ў бот… Шкада будзе, калі забяруць і нататнік Вараняці – праўда, лекар таксама не першы год на свеце жыве, мусіў таксама кудысь сунуць падазроныя паперы…
А праз краты на вокнах карэты, як на злосць, свяціла ласкавае сонейка – нібыта старая дзеўка восень яшчэ спадзявалася залучыць бліскучымі фальшывымі ўсмешкамі залётнага жаніха… Нехта з жаўнераў, што ехалі конна абапал карэты, завёў жартоўную песню з даволі сумным для палоннікаў сэнсам:
Ехаў мазур да млына,
Ехаў мазур,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Да млына.
Здохла ў яго кабыла,
Здохла ў яго,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Кабыла.
Як стаў мазур дзялiцi,
Як стаў мазур,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Дзялiцi.
Са скуры будзе ёй шуба,
Са скуры будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй шуба.
З грыўкi будзе ёй каўнер.
З грыўкi будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй каўнер.
Пранцысь проста ўвачавідкі ўявіў, як з яго ды Лёдніка лупяць скуру… У засценках Гераніма Радзівіла як ёсць разбяруць на частачкі абодвух, не паглядзяць, хто якога звання… Простых ворагаў князь загадваў зашываць у мядзвежыя скуры ды сабакамі цкаваць. Але й паддобрывацца да яго небяспечна. Адзін слуга дужа хацеў перад панам выслужыцца, сказаў, што мае адзінае жаданне – заўсёды быць на вачах у гаспадара… Дык той загадаў яго павесіць пад сваім вакном – каб спраўдзілася мара небаракі. Тры жонкі ад князя збеглі, напакутваўшыся… Нават звар’яцелы брат Гераніма Марцін, над якім Гераніму апякунства даверылі, зараз сядзіць у Слуцкім замку, кажуць, на хлебе ды вадзе.
– З хвоста будзе ёй каса,
З хвоста будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй каса.
Краты былі густыя, з іржавых палос, між імі не пралезла б рука. На жалезе засталіся драпіны нібыта ад пазногцяў шматлікіх вязняў, у пісягах Пранцысю ўяўлялася запеклая кроў, хаця была гэта напэўна іржа.
– З вочак будуць гузiчкi,
З вочак будуць,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Гузiчкi.
З зубоў будуць пацеркi,
З зубоў будуць,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Пацеркi, – з хрыпатай насмешкай выпяваў жаўнер.
Лёднік, не зважаючы на песню, свідраваў вачыма вузкі жоўты твар Юдыцкага з блізка пасаджанымі вачыма – суддзя сядзеў насупраць, надзейна аддзелены кратамі, і драмаў, яго бледныя вусны вяла варушыліся, нібыта суддзі снілася, што ён каштуе нешта нясмачнае. Але калі кола карэты падскочыла на чарговай выбоіне, Юдыцкі адплюшчыў насцярожаныя вочы. Лёднік адразу ж задаў пытанне, беражліва, але настойліва, як бортнік прыладжвае да вулея дымар:
– Ці не мог бы літасцівы пан падрабязней распавесці пра спамянутую панну Саламею Рэніч? Чаму яе судзяць не ў Полацку, не ў гродскім судзе? Чым зацікавіла яна так пана Гераніма?
Юдыцкі абурана цыкнуў скрозь зубы, як на надакучлівае кацяня.
– Гэты паскуднік што, вырашыў, што мае права задаваць пытанні мне, шляхціцу і суддзі? Пан Вырвіч, я патрабую, каб вы зараз жа пакаралі свайго непачцівага слугу!
Вырвіч раздражнёна пхнуў Лёдніка ў плячо.
– І праўда, маўчаў бы ты… – і ветліва звярнуўся да суддзі. – Прашу прабачыць, літасцівы пан, гэтага недарэку. Ён жа ўсяго толькі слуга пажыццёвы. А вось мне цікава паразмаўляць з такім мудрым чалавекам, як пан суддзя Юдыцкі. Пэўна, гісторыя той Саламеі з Полацку дужа страхотная? Упрыгожце нам дарогу сваймі цікавымі расповедамі!
Пранціш гаварыў гэтак умольна, як звычайна выпрошваў дармовы келіх у прыгожай шынкарачкі. Блакітныя вочы выпраменьвалі такое шчырае захапленне мудрасцю пана суддзі, што той здаўся, напыжыўся, як верабей у сцюжу, і паважна-паблажліва адшкадаваў словаў: