Але пан у чорным сурдуце, які, як высветлілася, быў сумнавядомым суддзёй Юдыцкім, якому Радзівілы даручалі самыя брудныя справы, быў непахісны, што азначала, што ён спадзяецца атрымаць куды болей у іншым месцы, чым ад недавучанага шкаляра ды бадзяжнага лекара. Пан драпежна ўгледзеўся ў твар Лёдніка.
– Кампенсацыі тут малавата… Такое багамерзкае аблічча не забудзешся. Цябе, даражэнькі, дзесяць год таму я бачыў у Чарнаўчыцах пры двары няшчаснага князя Марціна Радзівіла, сярод іншых чарнакніжнікаў, якія яго з розуму звялі д’ябальскімі штукарствамі. А яго княжаская мосць пан Геранім Радзівіл гэтых ведзьмакоў загадаў лавіць ды ў вязніцу да яго везці.
Лёднік, хаця й не паварушыўся, але збялеў. Трапіць у сутарэнні Радзівіла Жорсткага – усё роўна што ў пекла… Ніхто адтуль не выходзіў жывым, вязні розных званняў гнілі жыўцом. А пана яшчэ й падбадзёрвалі крыкі ды стогны зняволеных – таму майстэрства катаванняў цанілася ў ягоных замках вышэй нат за кухарскае.
– Калі васпан мяне памятае, дык мусіць і памятаць, дзе мяне знайшлі, калі пан Геранім замак свайго брата захапіў, – змрочна прагаварыў Лёднік. – У сутарэнні на ланцугу я сядзеў. Бо якраз адмовіўся па загадзе пана чарнакніжніцтвам займацца.
Юдыцкі толькі пакрывіўся.
– Гэта суд вызначыць. Вось улоў у мяне на чарнакніжнікаў… Нядаўна з Полацку адну вядзьмарку забіраў, таксама лекаркай сябе называе. Кніжкамі гандлюе, цьху! І ясна якімі, калі звар’яцелы брат пана Гераніма ў ейнага бацькі кніжкі замаўляў. Вучоная баба! Куды свет коціцца!
Лёднік раптам неяк страпянуўся, зіркнуў цёмнымі вачыма – гэта было, як з абцерханых, някідкіх похваў на хвілю паказалася дасканала вострае, смяротна небяспечнае лязо – адзін з жаўнераў нават мімаволі – спрацаваў інстынкт старога воя – перацяў палонніка на спіне, праўда, той як і не заўважыў.
– А ці не прыпомніць пан імя тае лекаркі?
– А табе нашто? – Юдыцкі задаволена пагладзіў доўгія вусы. – Не ўсё адно, каму суседняя пятля дастанецца? Саламея яе завуць, Рэнічаўна.
– Сумленнага чалавека асляпіла саламандравымі слёзамі! – ўгодліва падказаў віж. – Страшной сілы вядзьмарка!
– Што за блёкат! – на шчоках Лёдніка ажно праступілі чырвоныя плямы – так усхадзіўся. – Саламандравымі слёзамі завецца звычайнае расчынне карбанаду натрыя, ад яго ніякае шкоды не можа быць…
– Ты пра сябе думай! – абсёк яго Юдыцкі. – Сваіх грахоў хапае. Усё, час адпраўляцца! – жаўнеры зараз жа схапілі Лёдніка пад пахі і штурханулі да выхаду з карчмы. Адэля старалася не глядзець на алхіміка, дый астатнія сведкі зашыліся па кутах так, што ні відаць, ні чуваць. Каму ахвота патрапіць пад падазрэнне? Учора ж вядзьмак многіх лекаваў…
Юдыцкі на развітанне холадна кіўнуў Пранцысю.
– Няхай пан наступным разам пільней выбірае сабе знаёмых.
Лёднік жа нават вачэй не падняў. Вараня калісьці гэтак жа пакорліва ішоў у карцэр, нават вачыма не просячы аб спагадзе ды паратунку. Суд… Які там суд? Ясна, суддзя прадасць алхіміка Гераніму Радзівілу, а той у сваёй вотчыне што хоча, тое і робіць. А жыць як з гэтым? Адзінае выйсце… Вырвіч узляцеў па лесвіцы ў іхні пакой… Потым – кулём – назад. З паперынай у руках. На хвілю падалося, што дзверы суседняга пакою прыадчыніліся, і збліснула ў шчыліне цікаўнае блакітнае вока.
– Стойце! Лёднік не можа быць пакараны! Ён мой слуга, халоп мой, мне належыць! Я яму загадаў – вось ён і лячыў… У яго нічога свайго няма! Толькі я маю права яго пакараць!
Суддзя ўзяў паперыну, уважліва прачытаў, яго адтапыраныя вусны варушыліся, як два бледных вусені… Пранцысь сустрэўся поглядам з Лёднікам – і скалануўся. Столькі застарэлага болю, сораму, прыніжанай годнасці… Вырвіч усвядоміў, што гэтаму чалавеку лягчэй было б пайсці на катаванні і ў пятлю, чымся прылюдна пачуць аб сваім рабскім становішчы. Праўда, выгляд у алхіміка стаўся яшчэ больш фанабэрысты, чым у суддзі.
Юдыцкі скруціў шорсткую паперу і вярнуў гаспадару.
– Тут юрыдычны казус: з аднаго боку, названы Лёднік знаходзіцца ў залежнасці ад волі пана, і ягоная маёмасць належыць пану Вырвічу. Але гэтае становішча было дасягнутае па добрай волі самога Лёдніка, за нявыплачаную пазыку. А паводле Статута Вялікага княства Літоўскага, раздзел дванаццаты, артыкул дзевятнаццаты, калі вольны чалавек у голад прадае сябе ў няволю і дае на тое адпаведны ліст, не можа нават у такім выпадку стаць кметам. І ўжо ва ўсялякім выпадку мусіць сам адказваць са свае ўчынкі! Калі ж пан Вырвіч прызнае, што таксама датычны да ягоных злачынстваў…
– Ды не слухайце вы дурнога хлапчыску! – узарваўся Лёднік, чый спакой садзьмула, як саламяную труху. – Я – лекар, я быў у Марціна Шалёнага, я лячыў у гэтай карчме, на што, між іншым, згодна клятве Гіпакрата і свайму дыплому, выдадзенаму ў Лейпцыгскім універсітэце, маю поўнае права. А з ім, з гэтым падшыванцам – я казаў – мы ўчора толькі сустрэліся! Ён да мяне датычны не болей, чым шабля да бота!
– Лекар – мая маёмасць! – не здаваўся Пранцысь. – Пан Агалінскі перадаў мне права спагнаць з яго пазыку ў дзвесце дукатаў. Пакуль не атрымаю гэтых грошай, лекар – толькі ў маёй уладзе!
– Вось як… Практычны малады чалавек, ухваляю, – Юдыцкі дэманстратыўна задумаўся. – Але будзем шчырымі – пан Вырвіч заплаціў за гэтага чарнакніжніка аніяк не дзве сотні дукатаў. А… колькі?
– Колькі меў пры сабе! – цалкам праўдзіва адказаў Пранціш. Суддзя расцягнуў бледныя вусны ва ўсмешцы.
– Вялікая, пэўне, сума… Дык вось, зробім усё паводле закону. Я заплачу пану за ягонага слугу дваццаць дукатаў, і ён пазбавіцца гэткага небяспечнага суседства і можа сам быць абсалютна вольны.
Прапанова, аб якой Пранціш учора толькі марыў. Але цяпер выкрыкнуў з усяе моцы:
– Мой слуга не прадаецца!
Твар суддзі пайшоў плямамі.
– Тады пан Вырвіч адправіцца разам з намі і будзе адказваць за ўдзел у ведзьмакоўскіх рытуалах!
Лёднік ірвануўся з рук жаўнераў, спальваючы вачыма свайго гаспадара.
– Табе езуіты хоць трохі клёку пакінулі, хлопча, ці ўсё розгамі выкалацілі? Згаджайся на прапанову суддзі!
– Не! – зацяўся Пранціш, у чарговы раз пашкадаваўшы, што не мае шаблі. – Доктара не прадам! Ён нічога кепскага не зрабіў!
Юдыцкі расцягнуў вусны ў брыдкай усмешцы.
– Тады паехалі ў Слуцак!
Раптам Лёднік затросся ад нейкага дзіўнага смеху, жаўнеры, што трымалі яго, ажно перазірнулся – ці не звар’яцеў? А той прагаварыў:
– Падобна, я не толькі сабе няшчасці прыношу, але і ўсім, хто са мной звяжацца… Прапаную скарыстаць мяне ў якасці бясхібнай зброі! Перадайце мяне, пан Юдыцкі, свайму найгоршаму ворагу.
Пранціш таксама хіхікнуў, а Юдыцкі пачырванеў ад злосці, што адразу заўважылі ягоныя жаўнеры, і паспяшаліся ўзнагародзіць нахабнага чарнакніжніка за гнеў начальніка кухталямі.
Вырвіч ганарліва ўскінуў галаву, паправіў шапку з аблезлым, але гарнастаевым, футрам… Усё роўна ва ўласную хуткую пагібель ён не верыў, як не можа паверыць маладая плотка ў тое, што недзе на свеце ёсць месца, дзе няма вады. На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў. Пранцысь павярнуўся і пабачыў здаровага, як мядзведзь, чалавека з дзіўна белымі валасамі, брывамі і вейкамі, ад чаго ягоны ружовы твар, спаласаваны шнарамі, з перабітым носам, здаваўся ненатуральна вялізным, як надзьмутым. Вочы пана былі таксама светлыя, бялёса-блакітныя, але час ад часу выяўляліся цёмнымі, пачварна барвовымі і бяздоннымі. На незнаёмцу красаваліся дарагі камзол са срэбнымі галунамі, чорны капялюш з высокім верхам і батфорты, похвы ягонай шаблі-серпанціны пры левым боку блішчэлі каштоўнымі камянямі… Такія асабліва выгінастыя шаблі турэцкай работы выбіраліся толькі для смяротных двубояў. І хацелася быць як мага далей ад гэтага воя, які, падобна, можа раздушыць, як казюрку, нават за недастаткова пакорлівы пагляд. Уяўляліся навокал стрэлы гарматаў, уланы, што лятуць у атаку, ды ашклянелыя вочы забітых жаўнераў, якія ўглядаюцца ў неба з запозненым пытаннем: “Ці варта яно таго было?”… Пранцысь адразу скеміў, што звераватага аблічча пан ніхто іншы, як Герман Ватман, спадарожнік ваевадзянкі.