Пра Чырвоны Касцёл складзена шмат вершаў і песень. У яго дольнай зале, у сутарэннях – вялікая польская бібліятэка імя Адама Міцкевіча, тэатральная зала, дзе паказвае свае спектаклі беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”, адбываюцца канцэрты духоўнай музыкі.
12. Дом Ваньковіча
Калі прайсціся па плошчы Свабоды і звярнуць на ціхую вуліцу Інтэрнацыянальную, былую Валоцкую, то ўбачыш невялікі старасвецкі будынак з мансардай – сядзібны дом Ваньковічаў, славутага роду мінскіх арыстакратаў. Збудавалі гэтую сядзібу ў прыгожым месцы, над поплавам Свіслачы ў канцы XVIII стагоддзя. Быў пры доме сад, у якім раслі нават грэцкія арэхі, у двары – флігелі, гаспадарчыя пабудовы, уяздная брама... Але археолагі знайшлі пад будынкам каменныя лёхі, падзямеллі яшчэ XVII стагоддзя. Гаспадары выкарыстоўвалі іх як падвал. Ці выпадкова Ваньковічы пасяліліся менавіта над таемнымі падземнымі хадамі? Хто ведае... Бо лёс гаспадароў сядзібы быў бурлівы. Меліся ў гэтым родзе і ваяры, як Уладзіслаў Ваньковіч, герой вайны 1812 года, і сябры тайных арганізацый, што змагаліся супраць царскай улады... Але самы вядомы з роду – гэта мастак Валенцій Ваньковіч. Яго творы знаходзяцца ў лепшых музеях Францыі, Англіі, Польшчы, Літвы, Расіі.... І ніводнага – на радзіме...
Валенцій Ваньковіч нарадзіўся ў 1800 годзе ў Ігуменскім павеце ў сям’і павятовага суддзі. У Віленскім універсітэце, дзе ён вучыўся, ён сустрэў шмат адукаваных, адораных людзей, шчырых патрыётаў, якія хацелі волі свайму народу, цікавіліся народнай творчасцю. Валенцій падзяляў іх ідэалы... Асабліва пасябраваў ён з вялікім паэтам Адамам Міцкевічам. Ва універсітэте ўтварыліся таемныя арганізацыі стутэнтаў: філаматы – тыя, што імкнуцца да ведаў, і філарэты – тыя, што любяць дабрадзейнасць. Але веды і дабрадзейнасць шанаваліся менш, чым паслухмянасць. Арганізацыі былі выкрыты. Кіраўнікі арыштаваны і сасланы. Ваньковічу пашанцавала - сябры адпрэчылі яго ўдзел у забароненых гуртках. І замест высылкі ён трапляе ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. З’явіліся сябры і там. Пазнаёміўся Ваньковіч і з Аляксандрам Пушкіным... Партрэты Міцкевіча і Пушкіна – самыя вядомыя карціны Валенція Ваньковіча. Партрэт рускага паэта таямніча знік.
Калі Ваньковіч вярнуўся на радзіму, у доме на Валоцкай утварыўся сапраўдны клуб інтэлігенцыі. Вечарамі збіраліся там кампазітар Станіслаў Манюшка, мастак Ян Дамель, паэт Вінцэнт Дунін – Марцінкевіч ды іншыя цікавыя асобы. Прыязджалі яны і ў маёнтак Ваньковіча ў Малой Сляпянцы. З’яўляліся знакамітыя госці з Расіі, з Польшчы. І гаспадар маляваў іх партрэты.
Памёр Валенцій Ваньковіч у Парыжы ад сухотаў, яшчэ не ў старым узросце, поўны творчых задум. Адам Міцкевіч, які да канца знаходзіўся побач з сябрам, сведчыў, што “у апошнія хвіліны перад смерцю ён з’явіўся, стогнучы, з вуглем у руцэ, крэмзануў па сцяне...” Пахаваны мастак у Парыжы, на могілках Манмартра Сен-Дэні..
Выхаваныя ў любові да роднага краю, сыны Валенція Ваньковіча сталі ўдзельнікамі паўстання 1863 г. Асабліва вылучыўся малодшы сын, Ян Эдвард, ляснічы, выдатны коннік, які жыў у Сляпянцы. Ён узначаліў Брэсцкую і Кобрынскую дружыны. Дзёрзкі быў ваяр, часта нападалі яго жаўнеры на сядзібы памешчыкаў... Менавіта тады, калі пасля здушэння паўстання маёмасць Яна Эдварда канфіскавалі, і знік знакаміты партрэт Пушкіна, намаляваны Валенціем Ваньковічам...
Цяпер у гарадской сядзібе Ваньковічаў – філіял Нацыянальнага мастацкага музея. Шкада, што рэканструкцыю дома зрабілі не лепшым чынам. Ён быў драўляны, і хаця ў Мінску амаль не засталося драўляных пабудоў XVIII стагоддзя, і канструкцыі дома былі яшчэ трывалымі, усё разабралі – да падмурка. І склалі наноў з сілікатных блокаў.
Адноўленая ў музеі традыцыя свецкіх вечарын – як і калісьці, тут можна паслухаць рамансы і сюіты, паглядзець на старажытныя танцы... Наведай пры выпадку канцэрты, якія тут ладзяцца, і ўяві сябе ў пазамінулым стагоддзі, калі ў гэтым доме ўмелі цаніць прыгожае і аддаваць жыццё за волю.
13. Траецкае прадмесце.
Калісьці гэтае прадмесце было самым вялікім у горадзе. Яшчэ ў ХІІ стагоддзі жылі тут людзі. Траецкая вуліца спускалася да Свіслачы, праз Хлусаў мост вяла да Ніжняга рынку... Тут праходзіў славуты Віленскі тракт. На гары, на вялікай брукаванай плошчы, віраваў Траецкі рынак – там, дзе зараз Оперны тэатр. Адны кажуць, што гара Траецкая атрымала сваю назву, калі ў XV стагоддзі ля Барысаўскай заставы збудавалі абарончы рэдут Святой Тройцы. Другія лічаць, што назву гары даў храм. Царква і манастыр з’явіліся тут таксама ў XV стагоддзі. Сёння іх няма. А тыя храмы, што ацалелі, пазнаць цяжка. Будынак манастыра базыльян, які ў 1630 годзе заснавала на Траецкай гары Марына Вяжэвіч, цяпер прыстасаваны пад адзін з карпусоў 2-й гарадской бальніцы. Будынак другога манастыра –марыявітак – напаткаў яшчэ больш нечаканы лёс. Манастыр пабудавалі ў 1811 годзе, размясцілі ў ім шпіталь для сіротаў і кінутых дзяцей. Праз паўстагоддзя ў тых мурах дзейнічала праваслаўная семінарыя... А зараз у перабудаваным корпусе – Сувораўскае вучылішча. У Траецкім была адчынена і першая ў горадзе аптэка. Дазвол на гэта даў у 1748 годзе кароль Аўгуст ІІІ гарадскому радцу Яну Давіду Шэйбе. Аптэка мусіла служыць “дзеля поратаванья здоровья людей духовного светского стану в том городе живущих так и для всего воеводства минского”.
Цяпер Траецкае – прыгожае месца, куды вядуць гасцей, дзе любяць бавіць час. А ў ХІХ стагоддзі жылі там людзі “сярэдняга саслоўя” – гандляры, рамеснікі, сяляне. Бадзялася тут шмат беспрытульнікаў, жабракоў, якія ўдзень сноўдалі па Ніжнім рынку і Траецкай гары, а начавалі ў прытулку на набярэжнай Свіслачы. Калі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя на Траецкую гару ўз’язджала конка, кандуктар спыняў яе і праводзіў пасажыраў бруднымі дварамі да мосту, пакуль вагон падымаўся наверх.
З Траецкім прадмесцем звязаны імёны нашых вялікіх паэтаў. Нездарма тут скрыжоўваюцца вуліцы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. На былой Аляксандраўскай набярэжнай здымалі кватэру бацькі Янкі Купалы. Паэту было тады восем, ён толькі пачаў хадзіць у школу. Бацька яго працаваў рамізнікам. Магчыма, даводзілася рамізніку Дамініку Луцэвічу падвозіць дырэктара гарадскога пачатковага вучылішча Адама Ягоравіча Багдановіча, які жыў таксама ў Траецкім. Тут, у доме на Аляксандраўскай, дзе на першым, мураваным, паверсе знаходзілася вучэльня, а на другім, драўляным – кватэра дырэктара, і нарадзіўся сын дырэктара, Максім Багдановіч. Дом, на жаль, не захаваўся, толькі шыльда на адным з будынкаў сведчыць пра месца нараджэння паэта.
У Траецкім стаяў і дом Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у якім пісьменнік жыў і працаваў з1847 па 1853 год. Перажыў дом пажары і бамбежкі, а ў 1961 годзе яго знеслі – каб вызваліць месца для адміністратыўнага будынку выставачнага комплексу.
На беразе Свіслачы ў Траецкім мелася і гарадская лазня. Пад час Вялікай Айчыннай вайны ў ёй была падпольная арганізацыя. Хаваліся падпольшчыкі і партызаны і ў зямлянках на беразе. Плошча Парыжскай камуны ля Опернага тэатру была абкружана калючым дротам – там трымалі савецкіх ваеннапалонных.
Магчыма, сёння праязджалі б мы паўз шэраг нецікавых дамкоў Траецкага прадмесця, не звяртаючы на іх асаблівай увагі. Але ў 80-х гадах мінулага стагоддзя было вырашана зрабіць тут турыстычны цэнтр, надаць гэтаму куточку горада старажытнае аблічча. Траецкае перамянілася непазнавальна. Дамы пафарбавалі ў яркія колеры, дахі пакрылі чарапіцай. Адчынілі кавярні і крамы. Цяпер тут можна наведаць музей Максіма Багдановіча і Музей гісторыі беларускай літаратуры, паглядзець экспазіцыю ў Доме прыроды і галерэю “Жыльбел” (дарэчы, у будынку былой сінагогі).
Доўга спрачаліся, як мусіць выглядаць астравок пасярод Свіслачы, які помнік на ім паставіць... Перамог праект, які ўшаноўвае памяць беларусаў, што загінулі на вайне ў Афганістане ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Цяпер гэты востраў называецца Востраў мужнасці і смутку. А ў народзе называюць яго Востравам слёз. На ім стаіць храм-помнік “Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі”. Ён нагадвае старажытную цэркаўку. На востраў часта кіруюцца вяселлі, і жаніхі абавязкова пераносяць сваіх нявест на руках праз прыгожы масток. І абавязкова падыходзяць на востраве да скульптуры смуткуючага анёла-хлопчыка.