У 1905 годзе святкаваўся дзён народзінаў пані Ядвігі. На пышны баль з’ехаліся госці... І аднаму з іх удалося скрасці сэрца пані. Каханне не схавалася ад цікаўных вачэй. Праз два месяцы цела Ядвігі Любанскай знайшлі ў Свіслачы, каля перакуленай лодкі. Нібыта ноччу на сцежцы спусцілася яна з крутога берагу (сцежка захавалася дасюль), села ў лодку... Але як адбылася трагедыя – не ведае ніхто. Вядома, найбольш падазрона выглядалі паводзіны мужа.
Яўстафій Любанскі страшэнна гараваў. Ён чамусьці загадаў закласці акно ў пакоі памерлай жонкі цэглай і з’ехаў на Каўказ, дзе хутка памёр.
Свінцовая труна з целам пані Ядвігі захоўвалася ў Лошыцкай капліцы. У 1935 годзе новыя гаспадары сядзібы ўзарвалі непатрэбны будынак, а труну пані Ядвігі адправілі на пераплаўку для акумулятараў машынна-трактарнай станцыі. Але гісторыя на гэтым не закончылася. Кажуць, калі прыйсці ў Лошыцкі парк з 10 да 11 вечара ў час цвіцення маньчжурскага абрыкосу, і пры гэтым будзе свяціць поўня, на яе фоне можна разгледзець выразны сілуэт жанчыны ў белым адзенні. Бачылі нібыта ў гэты час жаночы сілуэт і над вадой, дзе зліваюцца Свіслач і Лошыца. І кожны год прывезеная Яўстафіем Любанскім з Японіі магнолія кобус расцвітае ў дзень нараджэння пані Ядвігі.
Расказваюць страшныя гісторыі і пра разваліны Лошыцкіх млыноў. Млыны заўсёды лічыліся прытулкам нячыстай сілы. Асабліва небяспечна прыходзіць туды ўночы, калі свеціць поўня, ды яшчэ нападпітку... Кажуць, і цяпер некаторыя небаракі сустракаліся там з цёмнымі сіламі, ды пасля не маглі ўжо пра гэта распавесці.
Але звязаны з Лошыцай і рамантычныя павер’і, напрыклад, пра заручальны дуб, да якога і цяпер многія ходзяць прасіць дапамогі ў каханні. І не дзіва – расліны тут сапраўды нібыта напоўненыя незвычайнай сілай. Травы – вышэй чалавечага росту... Дрэвы – па тры-чатыры ствалы... Нездарма тут праводзілі свае эксперыменты з раслінамі навукоўцы. Адну старую ліпу, паваленую ветрам, распілавалі, палічылі кольцы – аказалася, дрэву 240 гадоў. Сакрэт, напэўна, у тым, што 10 тысяч гадоў назад менавіта тут спыніўся апошні ляднік. 32 віды глебы знайшлі на тэрыторыі Лошыцкай сядзібы!
Сёння Лошыца аднаўляецца і робіцца адным з любімых месцаў прагулак гараджан. Галоўнае – помніць, што не страшныя гісторыі мінуўшчыны, а наша сучасная неахайнасць губіць прыгажосць таямнічых месцаў.
10. Царква Аляксандра Неўскага і Вайсковыя могілкі.
Непадалёк ад Залатой Горкі, уздоўж трамвайных пуцей знаходзяцца Вайсковыя могілкі, а ў іх глыбіні прыгожы будынак з чырвонай цэглы – царква Аляксандра Неўскага.
У 1877 годзе пачалася руска-турэцкая вайна за вызваленне балгарскага народу. Бралі ўдзел у ёй і беларусы. 54-ы пяхотны Мінскі полк адным з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў горад Свіштоў... І ў 1898 годзе на Вайсковых могілках замест драўлянага быў пабудаваны цагляны храм у гонар перамогі над туркамі і ў памяць беларусаў, што аддалі жыцці за волю братняга народу. У цэнтральным нефе дасюль – дзве мемарыяльныя дошкі з імёнамі 118 беларускіх жаўнераў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пры ўзяцці Плеўны. Захоўваецца ў храме і паходная царква 119-га Каломенскага палка, унутры якой, на кардонках, таксама імёны загінулых.
Храму на Вайсковых могілках пашанцавала – ён ніколі не мяняў свайго аблічча, не мяняў свайго прызначэння. У час Вялікай Айчыннай вайны купал царквы прабіла бомба. Яна ўпала перад абразом Міколы Угодніка... І не разарвалася.
Вайсковыя могілкі – адно з тых месцаў, дзе нельга не пабываць чалавеку, які любіць свой горад. Першымі хавалі на гэтым месцы вояў, што памерлі ў Мінскім шпіталі яшчэ ў 40-х гадах ХІХ стагоддзя. З таго часу тут з’явілася шмат помнікаў. Менавіта тут пахаваныя вялікія беларускія песняры – Янка Купала і Якуб Колас. Купала, як вядома, таямніча загінуў у Маскве ў 1942 годзе, яго парэшткі перанеслі сюды ўжо пасля вайны. А вось на стэле са светлага каменя – барэльеф з выявай прыгожага юнака. Паэт Паўлюк Трус, аўтар бессмяротных радкоў “Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы”, што сталі вядомай песняй, памёр у 1929 годзе зусім маладым: паехаў на вёску збіраць матэрыял для артыкула і заразіўся тыфам. Спачывае тут і Кузьма Чорны, класік беларускай літаратуры, які пакінуў сваё здароўе ў турмах падчас сталінскіх рэпрэсій. І шмат хто з дзяржаўных кіраўнікоў і герояў вайны, у гонар каго названыя вуліцы Мінска – Чарвякоў, Апанскі, Варвашэня. А калі будзеце ісці па цэнтральнай дарожцы да храму, звярніце ўвагу на непрыкметную магілу, дзе на помніку значыцца – «Ивану Пулихову».
...1905 год. Па загадзе губернатара Курлова ля будынка вакзала быў расстраляны шматтысячны мітынг. (Дарэчы, цяпер на станцыі метро «Плошча Леніна» можна ўбачыць мемарыяльны знак «Курлоўскі расстрэл»). На абурэнне грамадскасці ўсяго свету мінскі губернатар зважаць не збіраўся.
27 студзеня 1906 года Курлоў выйшаў з храму на Саборнай плошчы. Бедна апрануты малады чалавек, які стаяў ля дзвярэй сабору, дастаў з кішэні загорнутую ў паперу бомбу і кінуў пад ногі губернатару. Бомба не разарвалася, Курлоў адразу ж сеў у экіпаж і з’ехаў... Але тэрарысту не ўдалося ўцячы. Яму трэба было прайсці паўз трох шаноўных гараджанак – маці і дзвюх дачок Старовых. Кабеты з крыкам учапіліся ў злачынцу... Збеглася паліцыя... Паліцмайстар Нораў загадаў весці арыштаванага, але пачуўся стрэл. Жанчыну, якая страляла ў паліцмайстра, таксама схапілі.
Высветлілася, што на жыццё Курлова замахваўся сын мінскага землямера-тапографа Іван Пуліхаў, якога выключылі з Пецярбургскага інстытуту і выслалі ў Мінск пад нагляд паліцыі. А ў Норава страляла Аляксандра Ізмайловіч, дачка генерала, які служыў на Далёкім Усходзе. Абодва злачынцы ўваходзілі ў партыю эсэраў.
Пуліхаў не прызнаў сябе вінаватым і быў павешаны на браме Мінскай турмы. Цела па загадзе ўладаў вісела там 4 дні.
Калі надарыцца – наведайце Вайсковыя могілкі Мінска.
11. Чырвоны Касцёл.
На плошчы Незалежнасці ён стаіць, як старадаўні рыцар у чырвоных даспехах сярод гарадскога тлуму і сучасных шэра-бетонных будынкаў. Чырвоны Касцёл, або касцёл святых Сымона і Алены. Немагчыма ўявіць наш горад без такой “візітоўкі”. А між тым касцёл мог знікнуць - яго хацелі знесці, каб не “псаваў” сваім выглядам галоўную плошчу савецкай рэспублікі, і пабудаваць на тым месцы вялікі кінатэатр. Або хаця б перарабіць так, каб не было падобна да касцёлу... На шчасце, разумныя людзі заступіліся – і вось сёння наш горад захаваў яшчэ адну прыгожую легенду...
У сям’і Вайніловічаў, багатых мінскіх арыстакратаў, раслі двое цудоўных дзяцей – Сымон і Алена. Пачатак ХХ стагоддзя. Яшчэ няма лекаў ад многіх хваробаў. Першым памёр чатырнаццацігадовы Сымон... А праз некалькі гадоў захварэла і Алена – разумніца, таленавітая мастачка, гонар бацькоў. Расказваюць, што аднойчы ў сне да Алены прыходзіла Маці Божая. Яна паведаміла дзяўчынцы, што тая памрэ, а каб бацькі лягчэй перажылі гора, яны мусяць пабудаваць касцёл... Такі самы, як Багародзіца паказала Алене. І там, у касцёле, бацькі будуць адчуваць прысутнасць сваіх памерлых дзяцей. Алена намалявала ўбачаны ў сне храм і памерла, не дажыўшы дня да свайго дзевятнаццацігоддзя.
Так Эдвард Вайніловіч і ягоная жонка, Алімпія з Узлоўскіх, у памяць сваіх памерлых дзяцей заснавалі Чырвоны Касцёл. Ён атрымаўся менавіта такі, якім бачыўся Алене. Бо Вайніловіч галоўнай умовай паставіў – каб ніхто не мяняў ягоны праект. Хутка паўставалі муры з незвычайнай чырвонай цэглы... І вось 21 лістапада 1910 года ўвесь горад сабраўся на асвячэнне новага храма.
Як і многія іншыя святыні Беларусі, перажыў касцёл Сымона і Алены цяжкія часы пры новай уладзе. У 1932 годзе яго зачынілі. Карыстаўся будынкам Дзяржаўны польскі тэатр БССР, потым – кінастудыя. А з пачатку 70-х тут знаходзіўся Дом кіно.
У 1990 годзе Чырвоны Касцёл зноў пачаў існаваць, як храм. Вярталася ранейшае аблічча, аднаўляліся інтэр’еры... Перад будынкам з’явілася бронзавая скульптура Міхаіла Архангела, які забівае пачварнага змея. А зусім нядаўна ў памяць Чарнобыльскай трагедыі з японскага горада, які таксама перажыў атамную катастрофу, на Беларусь быў прывезены помнік, які ўстанавілі перад Чырвоным касцёлам. Звон у чорнай арцы нагадвае – чалавецтва не мусіць забывацца пра трагедыі, якія спарадзіла сваёй жа неразумнасцю і жорсткасцю.