– Я не была нідзе, акрамя гэтай раўніны ў лясах. Бацька мой, ён быў лепшы чалавек на свеце, сам вучыў мяне, ён быў вельмі адукаваны чалавек. Я, вядома, ведаю, якія ёсць на свеце краіны, ведаю, што не паўсюль растуць нашы яліны, але скажыце, ці паўсюль чалавеку так сіра і холадна жыць на зямлі?
– Многім холадна жыць на зямлі, пані. Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку. Але мне здаецца, што не паўсюль так сіратліва, як тут. Там, за лясамі, ёсць цёплыя лугі, кветкі, буслы на дрэвах. Там таксама галеча і забітасць, але там людзі неяк шукаюць паратунку ад гэтага. Людзі прыкрашаюць хаты, жанчыны смяюцца, дзеці бегаюць. А тут усяго гэтага мала.
– Я здагадвалася, – сказала яна. – Гэты свет вабіць, але я не патрэбная нідзе, акрамя Балотных Ялін. Ды і што я там буду рабіць, калі там патрэбны грошы? Скажыце, а такія рэчы, як каханне, як сяброўства, там бываюць хоць часам? Ці гэта толькі ў кнігах, якія ёсць у бібліятэцы бацькі?
Я зноў ні на хвіліну не падумаў, што гэта двухсэнсоўны жарт, хоць маё становішча было досыць няёмкім: сядзець у начным пакоі і размаўляць з малазнаёмай паненкай пра каханне, ды яшчэ па яе ініцыятыве.
– Там яно часам бывае.
– Вось і я кажу. Не можа быць, каб людзі хлусілі. Але тут нічога гэтага няма. Тут багна і змрок. Тут ваўкі… ваўкі з палаючымі вачыма. У такія ночы мне здаецца, што нідзе, нідзе на зямлі няма сонца.
Мне стала страшна, калі я пабачыў сухі чорны бляск яе вачэй, і, каб перавесці тэму размовы на штосьці іншае, сказаў:
– Няўжо вашы бацька і маці не кахалі адзін аднаго?
Яна загадкава ўсміхнулася:
– У нас не кахаюць. Гэты дом цягне з людзей жыццё. І потым, хто вам сказаў, што ў мяне была маці. Я яе не памятаю, яе не памятае ніхто ў доме. Часам мне здаецца, што я з'явілася на свет сама.
Нягледзячы на глыбокую наіўнасць гэтых слоў, я зразумеў, што гэта не вядомая сцэна з «Дэкамерона» і тут нельга смяяцца, бо гэта жудасна. Перада мною сядзела васемнаццацігадовавя дзяўчына і размаўляла са мною пра тое, што даўно павінна была хаваць у сэрцы і што, аднак, мела для яе не большую рэальнасць, ніж для мяне анёлы на небясі.
– Вы памыляецеся, пані, – буркнуў я, – каханне ўсё ж даецца нам, хоць зрэдку, на зямлі.
– Ваўкі не могуць кахаць. І як можна кахаць, калі наперадзе смерць. Вось яна, за акном.
Худзенькая празрыстая ручка паказала на чорныя плямы акон. І зноў забулькацеў галасок:
– Вашы хлуслівыя кнігі пішуць, што гэта найвялікшая таямніца, шчасце і святло, што чалавек, калі яно прыходзіць, а другі не кахае, забівае сябе.
– Так, – адказаў я. – Іначай не было б ні жанчын, ні мужчын.
– Хлусіце. Людзі забіваюць не сябе, а іншых, яны выпусцілі на зямлю тысячы прывідаў, зданяў. Я не веру, я ніколі не адчувала гэтага, значыць, яго няма. Я ні да каго не хачу дакранацца – я хачу схавацца ад кожнага. Я нікога не хачу, як дзіўна пішуць вашы кнігі, «цалаваць» – людзі кусаюцца.
Нават зараз такая размова пужае некаторых мужчын – што ж казаць пра тыя часы. Я не належаў да нахабных мужчын, але мне не было сорамна: яна размаўляла пра каханне так, як іншыя жанчыны пра надвор'е. Яна не ведала, нічога не ведала пра гэта, яна была неразбуджаная, зусім халодная, халодная як лёд. Яна нават не магла разумець, сорамна гэта ці не. І вочы яе адкрыта глядзелі ў мае, не прыгашаныя павекамі. Гэта не магло быць какецтвам. Гэта быў дзіцёнак, нават не дзіцёнак, а жывы труп.
І яна глыбей захуталася ў шаль і сказала:
– На зямлі пануе смерць. Гэта я ведаю. Я не люблю, калі хлусяць пра тое, чаго ніколі не было на зямлі.
Мы пасядзелі яшчэ. Вецер лямантаваў знадворку. Яна знізала плячыма і ціха сказала:
– Жахлівы край, жахлівыя дрэвы, жахлівыя ночы.
І зноў я пабачыў той самы выраз на яе твары і не зразумеў яго.
– Скажыце, гэта вялікія гарады, Вільня і Менск?
– Даволі вялікія. Але Масква, Пецярбург большыя.
– І што, там таксама людзям нядобра ўночы?
– Не, што вы. Там за вокнамі агні, усю ноч гараць ліхтары, звіняць конкі, там людзі смяюцца на вуліцах.
Яна задумалася.
– Вось бачыце. А тут ніводнага агню. Вакол гэты стары парк на дзве вярсты ў кожны бок, а за ім спяць без агнёў самотныя хаты. У замку каля пяцідзесяці пакояў, не лічачы калідораў і розных пераходаў з закуткамі. Ён так даўно пабудаваны. І ён вельмі халодны, бо продкі забаранілі рабіць у ім печкі, толькі каміны, каб не было падобна на простых суседзяў. Каміны палаюць удзень і ўначы, але ўсё адно па кутах вільгаць і паўсюль холад. У нас на пяцьдзесят пакояў толькі тры чалавекі. Ахмістрыня спіць на першым паверсе, там і вартаўнік. Яшчэ ў адным з флігеляў, за алеяй, жывуць вартаўнік парку, кухарка і праля. Там добра. А ў другой прыбудове дома, з асобным уваходам, жыве яшчэ мой упраўляючы, Ігнат Берман-Гацевіч. Нашто ён патрэбен, упраўляючы, не ведаю, але такі закон. А ў доме на ўвесь другі паверх, на трыццаць пакояў, я адна. І так непрытульна, што хочацца заціснуцца кудысьці ў кут, захутацца з галавою, як дзіцёнку, у коўдру і сядзець так. Вось зараз мне чамусьці вельмі добра і так спакойна, як не было ўжо два гады, з таго дня, як памёр бацька. І мне зараз усё роўна, ёсць агні за гэтымі вокнамі ці няма. Ведаеце, гэта вельмі добра, калі поруч ёсць людзі.
Яна давяла мяне праз гадзіну да майго пакоя (яе пакой быў толькі праз адны дзверы ад майго) і, калі я ўжо адчыняў дзверы, сказала:
– Калі вы цікавіцеся старымі паданнямі – пашукайце ў бібліятэцы, у шафе для рукапісаў. Там павінен быць рукапісны том паданняў, нашых сямейных паданняў. Ну, і яшчэ такія-сякія дакументы.
І дадала:
– Дзякуй вам, пан Беларэцкі.
Я не зразумеў, за што яна мне дзякавала, і, прызнаюся, нават не вельмі думаў пра гэта, калі ўвайшоў у невялікі свой пакой без засаўкі на дзвярах і паставіў свечку на стол.
У пакоіку быў ложак, шырокі, як поле бою пад Койданавым. Над ложкам стары балдахін. На падлозе – выцерты цудоўны кілім. Ложак, відаць, засцілалі з дапамогаю асаблівай палкі (як дзвесце год таму), такі ён быў вялікі. І палка стаяла поруч. Акрамя ложка была камода, высокая канторка і стол. Больш нічога.
Я распрануўся і лёг пад цёплую коўдру, задзьмуўшы свечку. Адразу ж за акном выступілі на сінім фоне чорныя сілуэты дрэў, і данёсся іх роўны, наводзячы сон, шум.
І чамусьці гэта адчуванне закінутасці зрабіла тое, што я выцягнуўся, закінуў рукі за галаву і, ледзь не засмяяўшыся ад шчасця, заснуў, як праваліўся ў нейкую цёмную і прыемную прорву.
Праз сон мне здалося яшчэ толькі, што нехта ішоў маленькімі асцярожнымі крокамі па калідоры, але я не звярнуў на гэта ўвагі, я спаў і радаваўся ў сне, што сплю.
Гэта была апошняя мая спакойная ноч у доме Яноўскіх на Балотных Ялінах.
Навокал на многіх дзесяцінах шумеў і хваляваўся пад асеннім дажджом закінуты, глухі, чорны ад старасці і вільгаці парк.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Наступны дзень быў звычайным шэрым днём, якія часта бываюць увосень у Беларусі. Ранкам я не бачыў гаспадыні, мне сказалі, што яна дрэнна спіць уначы і таму ўстае позна. Твар ахмістрыні, калі я сядзеў за сняданнем, быў нейкі воцатна-кіслы і такі надзьмуты, што непрыемна было глядзець. Таму я не затрымаўся за сталом, узяў у пакоі свой вялізны зашарпаны сшытак, пяць алоўкаў, накінуў сухі плашч і, распытаўшы пра дарогу да бліжэйшага пачынка, выйшаў з пакоя.
Мне адразу ж стала неяк лягчэй, хоць наваколле не магло пахваліцца весялосцю. Толькі тут, на мокрай сцежцы, я змог добра разгледзець гэты дом-палац. Уначы ён здаўся мне меншым, бо абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары і ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам. А пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва і іншая дрэнь. Высоўваў там-сям, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя сцябліны падтыннік, буялі мядзведжая дуда, шыпшына, ліснік. І на чорнай ад вільгаці зямлі сярод гэгага разнатраўя ляжалі белыя ад цвілі, відаць, абламаныя ветрам, каржакаватыя сукі дрэў.