Литмир - Электронная Библиотека

Вельмі тонкая скура, тонкая доўгая шыя, нават прычоска нейкая незразумела невыразная. І гэта было тым больш дзіўным, што валасы былі залацістыя, дзівоснай пышнасці і прыгажосці. Нашто быў гэты недарэчны затрапезны кукіш на патыліцы?

Рысы твару былі выразныя, рэзка акрэсленыя, такія правільныя, што згадзіліся б як узор нават вялікаму скульптару. І ўсё ж я не думаю, каб які-небудзь скульптар спакусіўся б ляпіць з яе Юнону: рэдка мне здаралася бачыць такі непрыемны, варты жалю твар. Вусны дзіўна перакрыўленыя, ля носа глыбокія цені, колер твару шэры, чорныя бровы ў нейкім дзівацкім надломе, вочы вялізныя-вялізныя, чорныя, але і ў іх нейкі незразумелы застыглы выраз.

«Небарака, д'ябальскі непрыгожая», – з жалем падумаў я і апусціў вочы.

Я ведаю шмат жанчын, якія да самай труны не даравалі б мне гэтых апушчаных вачэй, але гэтая, відаць, прызвычаілася бачыць штосьці нядобрае на тварах усіх людзей, якіх сустракала: яна зусім не звярнула на гэта ўвагі.

Не ведаю, ці хацела яна паднесці руку да маіх вуснаў, ці проста працягнула яе для рукапаціскання на англійскі манер, а можа, рука проста здрыганулася, але я ўзяў яе кволыя пальчыкі і пачціва паднёс іх да вуснаў. Можа, я нават затрымаў іх даўжэй, чым трэба было: я ж быў павінен трошкі выкупіць гэты грэх апушчаных вачэй.

Калі я апусціў руку, у вачах гэтай дзяўчыны – не, нават дзіцёнка – з'явілася нешта ліхаманкавае, балючае, дзіўнае.

Яна ўсё так, як раней, моўчкі паказала мне рукою на крэсла перад камінам. Я, аднак, не сеў, пакуль не села яна. І зноў той самы дзіўны выраз у вачах. І тут я прыпомніў, як дрыжала яе рука ля маіх вуснаў, і зразумеў, што яна проста не ўмела яе падаваць, што ёй ніколі не цалавалі рукі. А папраўдзе, чаго можна было чакаць ад гэтай выклятай Богам балотнай дзіркі сярод лясоў?

…Калі тая самая ахмістрыня з падціснутымі вуснамі прынесла нам вячэру і пакінула нас адных, я спытаў, з кім я размаўляю.

– Я гаспадыня Балотных Ялін. Надзея Яноўская.

– Прабачце, можа, мне трэба было прадставіцца раней. Я, сам таго не жадаючы, падмануў вашу ахмістрыню. Я зусім не купец…

– Я ведаю, – вельмі спакойна сказала яна, – купцы не такія, а я вас ужо бачыла. Там, над дзвярыма, ёсць… высока… непрыкметныя ваўчкі, каб глядзець. Калі да нас прыязджае хтосьці, я адразу бачу, кожны раз. Толькі вельмі, вельмі рэдка прыязджаюць да нас людзі. І яны баяцца. І я таксама мала каго магу пусціць да нас. Вы не такі, як іншыя… Рэдка ў нас бываюць вартыя даверу людзі.

Мяне непрыемна ўразіла такая, мякка кажучы, адкрытасць. Што гэта? Тонкі разлік або наіўнасць? Але колькі я ні глядзеў на гэты перакрыўлены твар, я не мог заўважыць на ім нават водбліску нейкай задняй думкі.

Твар быў прастадушны, дзіцячы. Але найбольш пераканаў мяне голас. Ён быў павольны, лянівы, абыякавы і адначасова трапяткі і перарывісты, як голас начной птушкі.

– І, да таго ж, я наогул бачыла вас… раней.

– Дзе? – шчыра здзівіўся я.

– Не ведаю. Я многіх людзей бачу. Мне здаецца, што я вас бачыла ў сне… Часта… А магчыма, і не ў сне. Вам не здаралася адчуваць такое… як быццам вы жылі калісьці, даўно… і зараз адкрываеце, знаходзіце зноў многае з таго, што бачылі… даўно-даўно.

Я чалавек здаровы. І я яшчэ не ведаў тады, што такое бывае часам у знерваваных людзей, людзей з вельмі тонкім успрыманнем. У іх неяк парушаецца сувязь паміж першасным успрыманнем і наступнымі ўяўленнямі памяці. Падобнае ім здаецца тоесным, яны адкрываюць у прадметах, якія ім зусім не знаёмыя, нешта даўно вядомае. А ўсведамленне – адвечны рэаліст – супраціўляецца гэтаму. Таму і атрымліваецца, што прадмет адначасова і цалкам незнаёмы, і таемна знаёмы.

Паўтараю, я не ведаў гэтага. І ўсё ж ні на хвіліну не закралася ў мой мозг думка, што гэта жанчына можа хлусіць, такой шчырасцю і абыякавасцю веяла ад яе слоў.

– Я вас бачыла, – зноў паўтарыла яна. – Але хто вы! Я не ведаю вас.

– Мяне завуць Андрэй Беларэцкі, пані. Я вучоны-фалькларыст.

Яна зусім не здзівілася. Здзівіўся я, даведаўшыся, што гэта слова ёй знаёма.

– Што ж, вельмі цікава. А чым вы зацікаўлены? Песнямі, прымаўкамі?

– Легендамі, пані. Старымі мясцовымі легендамі.

Я перапудзіўся не на жарт. Яна раптам выпрамілася, як быццам яе катавалі электрычным токам, твар збялеў, павекі закрыліся, але я згодзен быў пабажыцца, што за імі вочы яе закаціліся.

Спуджаны, я падтрымаў яе галаву і паднёс да вуснаў шклянку з вадою, але яна ўжо апрытомнела. І тут вочы яе заіскрыліся такім абурэннем, такім невыказным дакорам, што я адчуў сябе апошнім мярзотнікам, хоць і не ведаў, дзеля якой прыгоды я павінен маўчаць пра сваю прафесію. Я адчуў толькі, што тут нешта звязана са старым правілам: «У доме павешанага не размаўляюць пра шворку».

Перарывістым голасам яна сказала:

– І вы… І вы таксама… Нашто вы мяне мучыце, нашто мяне ўсе…

– Гаспадыня, пані. Дальбог, я не думаў, я не ведаю… Глядзіце, вось пасведчанне ад акадэміі, вось ліст губернатара. Я ніколі не быў тут. Даруйце, даруйце мне, калі я вас чымсьці балюча закрануў.

– Нічога, – сказала яна. – Нічога, супакойцеся, пан Беларэцкі. Гэта так… Я проста ненавіджу гэтыя цёмныя стварэнні дзікунскага розуму. Можа, і вы калісьці зразумееце, што гэта такое, гэта цёмнае. А я зразумела даўно. Толькі перш ніж зразумець да канца – я памру.

Я ведаў, недалікатна было б распытваць далей. Я змаўчаў. І толькі пасля, калі яна відавочна супакоілася, сказаў:

– Прабачце, калі я вас уразіў, пані Яноўская. Я адразу зрабіўся вам непрыемным. Калі вы хочаце, каб я ад вас паехаў? Мне здаецца, лепей зараз.

Твар яе зноў дзіка скрывіўся.

– Ах, хіба ў тым справа! Не трэба. Вы вельмі, вельмі пакрыўдзіце мяне, калі паедзеце зараз. І да таго ж, – голас яе задрыжаў, – што, каб я папрасіла, разумееце, папрасіла вас застацца тут, у гэтым доме. Хоць бы на два-тры тыдні, да таго часу, пакуль скончацца цёмныя ночы восені.

Позірк яе пачынаў блукаць. На вуснах з'явілася жаласная ўсмешка.

– Пасля будзе снег… І сляды на ім. Вядома, вы рабіце, як хочаце. Але мне было б непрыемна, каб пра апошнюю з Яноўскіх сказалі, што яна забыла старадаўнюю гасціннасць.

Яна так сказала «апошняя з Яноўскіх», гэтая васемнаццацігадовая дзяўчынка, што мне чамусьці аж па сэрцы разанула жалем.

– Што ж, – працягвала яна, – калі цікавіцеся гэтым, брыдкім, хіба я магу супярэчыць. Іншыя збіраюць нават змей. Я павінна вам сказаць, што вы прыехалі ў запаветны край. Тут прывідаў і зданяў больш, як жывых людзей. Сяляне, якіх трасе трасца, распавядаюць дзівосныя і жахлівыя гісторыі. Яны жывуць бульбай, галодным пушным хлебам, нішчымнай аўсянкай і фантазіяй. Начаваць у іхніх хатах вам нельга, там бруд, скупчанасць і трасца. Хадзіце па навакольных хутарах, там вам за грошы, якія пойдуць на хлеб ці на гарэлку, што на імгненне сагрэе вечна халодную ад трасцы кроў, раскажуць усё. А вечарам прыходзьце сюды. Тут вас заўсёды-заўсёды будзе чакаць стол, і ложак, і агонь у каміне. Запамятайце, я гаспадыня тут, сяляне слухаюцца мяне. Згода?

У гэты час я з упэўненасцю ведаў, што ніхто гэтага дзіцёнка не слухаецца, ніхто яго не баіцца і ніхто ад яго не залежыць. Магчыма, кожнаму другому я ўсміхнуўся б проста ў вочы, але ў гэтым «прыказе» было столькі яшчэ незразумелага для мяне малення, столькі жаласнага, што я прыкрыў павекі і сказаў:

– Добра. Я падпарадкоўваюся жаданню паненкі.

Яна не заўважыла іранічнай іскры ў маіх вачах і нават паружавела на хвілінку, відаць, з той прычыны, што яе паслухалі.

…Вельмі сціплую вячэру ўзялі са стала. Мы засталіся ў крэслах перад камінам. Яноўская азірнулася на чорныя вокны, за якімі шумелі і церліся аб шыбы вялізныя дрэвы, і сказала:

– Пан Беларэцкі яшчэ не хоча спаць? Гэты дзіўны вечар так настроіў мяне, што спаць мне расхацелася.

І вось мы сядзелі поруч і глядзелі ў агонь.

– Скажыце, – раптам запытала яна, – людзі паўсюль так жывуць, як у нас?

Я са здзіўленнем глянуў на яе: няўжо яна ніколі не пакідала гэтага дома? Яна, як быццам зразумеўшы, адказала:

5
{"b":"13177","o":1}