Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Зразумела. Аб'яўляю вам, што я не бачу патрэбы аддаваць вас пад суд. Вы зрабiлi ўсё, што маглi, i нiхто на свеце, - тут пракуратар усмiхнуўся, - не змог бы зрабiць лепей за вас! Пакарайце сышчыкаў, якiя згубiлi Юду, але i тут я хацеў бы, каб пакаранне не было строгае. Урэшце, мы зрабiлi ўсё, каб паклапацiцца пра гэтага нягоднiка! Ага, я забыўся спытаць, - пракуратар пацёр лоб, - як гэта яны ўмудрылiся падкiнуць грошы Каiфу?

- Бачыце, пракуратар... Гэта не вельмi цяжка. Мсцiўцы зайшлi ззаду палаца, дзе завулак вышэй, чым заднi двор, i перакiнулi пакунак цераз плот.

- З запiскаю?

- З запiскаю, як вы i меркавалi, пракуратар. Дарэчы, - тут Афранiй сарваў пячаткi з пакунка i паказаў начынне пракуратару Пiлату.

- Злiтуйцеся, што вы робiце, Афранiй, пячаткi, вiдаць, храмавыя.

- Пракуратару не трэба з-за гэтага хвалявацца, - адказаў Афранiй i згарнуў пакунак.

- Няўжо ўсе пячаткi ёсць у вас? - спытаўся Пiлат i засмяяўся.

- Iнакш не можа i быць, пракуратар, - зусiм сур'ёзна i нават сурова адказаў Афранiй.

- Уяўляю, што тварылася ў Каiфы?

- Сапраўды, пракуратар, гэта выклiкала вялiкае хваляванне. Яны адразу паклiкалi мяне.

Нават у цемры вiдаць было, як блiснулi Пiлатавы вочы.

- Гэта цiкава, цiкава...

- Асмелюся запярэчыць, пракуратар, цiкавага было мала. Сумная i нудная справа. Калi я спытаўся, цi не плацiлi каму-небудзь грошы ў палацы Каiфы, мне адказалi, што гэтага не было.

- Нават так? Ну, што ж, не плацiлi дык, значыць, не плацiлi. Тым цяжэй будзе знайсцi забойцаў.

- Сапраўды, пракуратар.

- Ага, Афранiй, вось што мне прыйшло ў галаву: можа, ён самагубствам жыццё скончыў?

- Ды не, пракуратар, - адказаў Афранiй i нават адкiнуўся ў крэсле, выбачайце, але гэта зусiм неверагодна!

- Ды ў гэтым горадзе ўсё можа быць! Я гатовы пайсцi ў заклад, што зусiм хутка распаўзуцца i такiя чуткi.

Тут Афранiй зiрнуў на пракуратара, падумаў i адказаў:

- Гэта можа быць, пракуратар.

Пракуратар, вiдаць, нiяк не мог адкаснуцца ад гэтага забойства чалавека з Карыяфа, хаця ўсё было ясна, i ён прамовiў нават летуценна:

- А мне б хацелася ўбачыць, як яны яго забiвалi.

- Забiлi яго досыць умела, пракуратар, - адказаў Афранiй i крыху iранiчна паглядзеў на пракуратара.

- Адкуль вы гэта ведаеце?

- Паглядзiце на пакунак, пракуратар, - адказаў Афранiй, - я ручаюся, што Юдава кроў хлынула струменем. Мне давялося, пракуратар, за сваё жыццё пабачыць забiтых.

- Ён болей не ўстане?

- Не, пракуратар, ён устане, - з усмешкаю, па-фiласофску сказаў Афранiй, калi труба Месii, якога тут чакаюць, прагучыць над iм. Але да гэтага ён не ўстане.

- Хопiць, Афранiй! З гэтым пытаннем ясна. Пяройдзем да пахавання.

- Пакараныя пахаваны, пракуратар.

- Ну, Афранiй, судзiць вас было б сапраўднае злачынства. Вы заслугоўваеце найвышэйшую ўзнагароду. Як было?

Афранiй пачаў расказваць i паведамiў, што ў той час, як ён сам займаўся справай Юды, каманда таемнае службы, якою кiраваў яго памочнiк, была вечарам на ўзгорку. Аднаго цела на вяршынi яна не знайшла. Пiлат здрыгануўся i прамовiў хрыпла:

- Ах, як я пра гэта не здагадаўся!

- Не варта турбавацца, пракуратар, - сказаў Афранiй i працягваў далей: Целы Дзiсмаса i Гестаса з выклеванымi драпежнымi птушкамi вачыма забралi i адразу кiнулiся шукаць трэцяе. Яго хутка знайшлi. Нейкi чалавек...

- Левiй Мацей, - не запытальна, а пераканана прамовiў Пiлат.

- Ён, пракуратар...

- Левiй Мацей хаваўся ў пячоры на паўночным схiле Лысай Гары, чакаў, пакуль сцямнее. Голае цела Iешуа Га-Ноцры было ў яго. Калi варта зайшла ў пячору з паходняй, Левiй зрабiўся злосным i адчайным. Ён крычаў, што не зрабiў злачынства, што кожны чалавек мае права пахаваць пакаранага злачынца, калi захоча, i што гэта не караецца законам. Левiй Мацей гаварыў, што не хоча разлучацца з нябожчыкам. Ён быў расхваляваны, нешта крычаў, прасiў, пагражаў i праклiнаў...

- Яго давялося арыштаваць? - пахмура прамовiў Пiлат.

- Не, пракуратар, не, - вельмi спакойна адказаў Афранiй, - дзёрзкага вар'ята ўдалося супакоiць, растлумачыць, што нябожчык будзе пахаваны.

Левiй, калi да яго дайшоў сэнс сказанага, супакоiўся, але заявiў, што нiкуды не пойдзе i хоча ўдзельнiчаць у пахаваннi. Ён сказаў, што нiкуды не пойдзе, нават калi яго пачнуць забiваць, ён нават прапаноўваў хлебны нож, якi быў у яго.

- Яго прагналi? - здушана прамовiў Пiлат.

- Не, пракуратар, не. Мой памочнiк дазволiў яму ўдзельнiчаць у пахаваннi.

- Хто з вашых памочнiкаў кiраваў гэтым? - спытаўся Пiлат.

- Талмай, - адказаў Афранiй i трывожна дадаў: - Магчыма, ён памылiўся?

- Працягвайце, - адказаў Пiлат, - памылкi не было. Я наогул пачынаю губляцца, Афранiй, я, вiдаць, маю справу з чалавекам, якi нiколi не памыляецца. Гэты чалавек - вы.

- Левiя Мацея ўзялi на воз разам з целамi пакараных i праз дзве гадзiны былi ў пустэльнай цяснiне на поўнач ад Ершалаiма. Там каманда на змену тры гадзiны капала глыбокую яму i ў ёй пахавала траiх пакараных.

- Голых?

- Не, пракуратар, - каманда ўзяла з сабою дзеля гэтага хiтоны. На пальцы пахаваным былi надзеты пярсцёнкi. Iешуа з адной насечкаю. Дзiсмасу з дзвюма, Гестасу з трыма. Яму засыпалi, закiдалi каменнем. Апазнавальны знак Талмай ведае.

- Ах, каб мог я прадбачыць! - пракуратар загаварыў i зморшчыўся. - Мне трэба было б пабачыць гэтага Левiя Мацея...

- Ён тут, пракуратар.

- Пахавальнай камандзе прашу выдаць узнагароду. Сышчыкам, якiя згубiлi Юду, - вымова. А Левiя Мацея зараз жа да мяне. Мне трэба падрабязнасцi па справе Iешуа.

- Слухаюся, пракуратар, - адазваўся Афранiй i пачаў адступаць, кланяючыся пракуратару, а пракуратар пляснуў у ладкi i крыкнуў:

- Да мяне, сюды! Свяцiльнiк у каланаду!

Афранiй ужо ўваходзiў у сад, а за плячыма Пiлата ў руках слуг мiльгалi агнi. Тры свяцiльнiкi на стале паўсталi перад пракуратарам, i месячная ноч адразу ж адступiла ў сад, быццам Афранiй павёў яе за сабой. Замест Афранiя на балконе з'явiўся маленькi худы чалавечак побач з гiгантам кентурыёнам. Гэты другi перахапiў пракуратараў позiрк, адступiў назад i адразу знiк у садзе.

Пракуратар прыглядаўся да прышэльца прагнымi i крыху спалоханымi вачыма. Гэтак глядзяць на таго, пра каго чулi многа, пра каго думалi i хто, нарэшце, з'явiўся.

Чалавеку было гадоў пад сорак, учарнелы, абшарпаны, у засохлай гразi, глядзiць па-воўчы з-пад iлба. Адным словам, прывабнага мала, больш падобны на жабрака, якiх шмат таўчэцца на тэрасах храма альбо на базарах шумнага i бруднага Нiжняга Горада.

Маўчанне працягвалася доўга i парушана было дзiўнымi паводзiнамi прыведзенага да Пiлата. Ён змянiўся з твару, пахiснуўся i, калi б не паспеў ухапiцца бруднаю рукою за край стала, упаў бы.

- Што з табою? - спытаўся ў яго Пiлат.

- Нiчога, - адказаў Левiй Мацей i зрабiў гэтакi рух, нiбы нешта пракаўтнуў. Худая, голая, брудная шыя набухла i зноў апала.

- Адказвай, што з табою, - паўтарыў Пiлат.

- Я стамiўся, - адказаў Левiй i панура паглядзеў на падлогу.

- Сядзь, - прамовiў Пiлат i паказаў на крэсла.

Левiй недаверлiва паглядзеў на пракуратара, рушыў да крэсла, спалохана зiрнуў на пазалочаныя бiлцы i сеў не на крэсла, а побач з iм на падлогу.

- Растлумач, чаму не сеў на крэсла? - спытаўся Пiлат.

- Я брудны, я вымажу яго, - сказаў Левiй, гледзячы долу.

- Зараз табе дадуць пад'есцi.

- Я не хачу есцi, - адказаў Левiй.

- А хлусiць нашто? - цiха спытаўся Пiлат. - Ты не еў цэлы дзень, а магчыма, i болей. Добра, не еш. Я паклiкаў цябе, каб ты паказаў мне нож, якi быў у цябе.

- Салдаты адабралi яго ў мяне, калi вялi сюды, - сказаў Левiй i дадаў панура: - Вы мне яго аддайце, мне яго трэба вярнуць гаспадару, я ўкраў яго.

- Нашто?

- Каб вяроўкi перарэзаць, - адказаў Левiй.

- Марк! - крыкнуў пракуратар, i кентурыён увайшоў пад калоны. - Дайце мне яго нож.

75
{"b":"125023","o":1}