Вольнага часу было гэтулькi, колькi хочацца, i навальнiца будзе толькi пад вечар, i баязлiвасць, вядома, адна з сама страшных чалавечых заган. Гэтак гаварыў Iешуа Га-Ноцры. Не, фiлосаф, я табе запярэчу: гэта сама страшная загана.
Напрыклад, не збаяўся ж цяперашнi пракуратар Юдэi, былы трыбун у легiёне, калi ў Далiне Дзеў лютыя германцы ледзь не загрызлi Крысабоя-Велiкана. Але даруйце, фiлосаф! Няўжо вы, разумны чалавек, думаеце, што з-за чалавека, якi зрабiў злачынства супраць кесара, загубiць сваю кар'еру пракуратар Юдэi?
- Так, так, - стагнаў, усхлiпваў спрасонку Пiлат. Вядома, загубiць. Ранiцай сёння яшчэ не загубiў бы, а цяпер, ноччу, калi ўсё ўзважыў, загубiць. Ён адважыцца на ўсё, каб выратаваць ад пакарання нi ў чым не вiнаватага дзiвакаватага летуценнiка i доктара!
- Цяпер мы з вамi будзем заўсёды разам, - гаварыў яму ў сне абшарпаны фiлосаф-бадзяга, якi невядома якiм чынам паўстаў на дарозе ў коннiка з залатым кап'ём. - Калi адзiн, то, значыць, i другi побач! Успомняць мяне, адразу ж i цябе ўспомняць! Мяне, падкiдыша, бацькi якога невядомыя, i цябе - сына караля-астролага i дачкi млынара, прыгажунi Пiлы!
- Ды ты ўжо не забудзься, успомнi пра мяне, сына астролага, - прасiў спрасонку Пiлат. I пасля таго як старац-спадарожнiк з Эн-Сарыда даў згоду кiўком галавы, жорсткi пракуратар Юдэi плакаў i смяяўся скрозь сон.
Усё гэта было добра, але абуджэнне было жахлiвае. Банга загырчаў на поўню, i слiзкая, быццам аблiтая алеем, блакiтная дарога перад пракуратарам нiбы правалiлася. Ён расплюшчыў вочы, i першае, што ўспомнiў, было пакаранне. Пакаранне адбылося. Першае, што зрабiў пракуратар, гэта сцiснуў аброжак Бангi, потым хворым позiркам адшукаў поўню i ўбачыў, што яна крыху адышла ўбок i паблякла. Яе святло перамагло непрыемнае мiгатлiвае святло, якое блiшчала на балконе перад самымi вачыма. У руках у кентурыёна Крысабоя палала i куродымiла паходня. Крысабой са страхам i злосцю касавурыўся на звера, якi быў гатовы скочыць.
- Не чапаць, Банга, - сказаў пракуратар хворым голасам i кашлянуў. Ён засланiўся рукою ад полымя i працягваў: - I ноччу пры поўнi мне няма спакою. О багi! У вас таксама дрэнная пасада, Марк... Салдат вы калечыце...
Марк здзiўлена глядзеў на пракуратара, i той апамятаўся. Каб згладзiць дарэмна сказаныя словы спрасонку, пракуратар сказаў:
- Не крыўдуйце, кентурыён. Мне, паўтараю, яшчэ горш. У чым справа?
- Да вас начальнiк тайнае службы, - спакойна паведамiў Марк.
- Клiчце, клiчце, - прачысцiўшы кашлем горла, загадаў пракуратар i пачаў босымi нагамi намацваць сандалi.
Полымя замiтусiлася на калонах, загрукалi кентурыёнавы калiгi па мазаiцы. Кентурыён выйшаў у сад.
- I пры поўнi мне няма спакою, - скрыгануўшы зубамi, сам сабе прамовiў пракуратар.
На балконе замест кентурыёна паказаўся чалавек у башлыку.
- Банга, не чапаць, - цiха сказаў пракуратар i сцiснуў сабаку загрывак.
Перш чым гаварыць, Афранiй, як i звычайна, азiрнуўся навокал i адступiў у цень, пераканаўшыся, што няма нiкога чужога, акрамя Бангi, цiха сказаў:
- Прашу аддаць мяне пад суд, пракуратар. Ваша праўда. Я не змог зберагчы Юду з Карыяфа, яго зарэзалi. Прашу судзiць мяне i зняць з пасады.
Афранiю здалося, што на яго глядзяць чатыры вокi - сабачыя i ваўчыныя.
Афранiй дастаў з-пад хламiды закарэлы ад крывi кашалёк з дзвюма пячаткамi.
- Вось гэты мяшок з грашыма забойцы падкiнулi ў дом першасвятару. На гэтым мяшку кроў Юды з Карыяфа.
- Колькi там, цiкава? - спытаў Пiлат i нахiлiўся да кашалька.
- Трыццаць тэтрадрахмаў.
Пракуратар усмiхнуўся i сказаў:
- Мала.
Афранiй маўчаў.
- Дзе забiты?
- Гэтага не ведаю, - спакойна, з годнасцю адказаў чалавек, якi не разлучаўся са сваiм башлыком, - ранiцай сёння пачнём шукаць.
Пракуратар скалануўся, пакiнуў у спакоi раменьчык на сандалi, якi не зашпiльваўся.
- А вы дакладна ведаеце, што ён забiты?
Пракуратар атрымаў кароткi адказ:
- Я, пракуратар, пятнаццаць гадоў на рабоце ў Юдэi. Я пачаў службу пры Валерыю Граце. Мне не абавязкова трэба бачыць труп, каб сказаць, што чалавек забiты, i таму я вам зараз дакладаю, што чалавек, якога звалi Юдам з Карыяфа, некалькi гадзiн таму зарэзаны.
- Прабачце мяне, Афранiй, - адказаў Пiлат, - я яшчэ не прачнуўся як след, таму i сказаў гэта. Я дрэнна сплю, - пракуратар усмiхнуўся, - i ўвесь час сню месячны промень. Уявiце, як смешна, быццам бы я хаджу па гэтым промнi. Такiм чынам, я хацеў бы ведаць, што вы думаеце пра гэта? Дзе вы збiраецеся яго шукаць? Сядайце, начальнiк тайнай службы.
Афранiй пакланiўся, падсунуў крэсла блiжэй да ложа i сеў, грукнуўшы мячом.
- Я збiраюся шукаць яго непадалёку ад маслiчнага прэса ў Гефсiманскiм садзе.
- Ага, ага. А чаму менавiта там?
- Iгемон, я думаю, Юда забiты не ў самiм Ершалаiме i не далёка ад яго. Ён забiты пад Ершалаiмам.
- Лiчу вас адным з лепшых майстроў свае справы. Я не ведаю, як наконт гэтага ў Рыме, але ў калонiях роўнага вам няма. Растлумачце чаму?
- Нават думкi не дапускаю, - цiха гаварыў Афранiй, - каб Юда даўся каму-небудзь у рукi ў горадзе. На вулiцы цiха не зарэжаш. Выходзiць, яго павiнны былi завабiць у якi-небудзь падвал. Але служба ўжо шукала яго ў Нiжнiм Горадзе, i несумненна знайшла б. Яго няма ў горадзе, за гэта я ручаюся. Калi б яго забiлi далёка за горадам, то пакунак з грашыма не маглi б гэтак хутка падкiнуць. Яго забiлi паблiзу горада, куды змаглi выманiць.
- Не разумею, як гэта можна было зрабiць.
- Сапраўды, пракуратар, гэта сама цяжкае пытанне, i нават я не ведаю, цi здолею гэта разблытаць.
- Сапраўды, загадка! Святочным вечарам веруючы iдзе невядома чаго за горад, пакiдае святочнае застолле i там гiне. Хто i як мог яго тады завабiць? Цi не жаночых рук справа? - раптам загарэўся пракуратар.
Афранiй адказваў спакойна i важка:
- Нi ў якiм выпадку, пракуратар. Гэта выключаецца. Трэба думаць лагiчна. Каму патрэбна была Юдава смерць? Нейкiя вандроўныя фантазёры, нейкi гурток, у якiм не было нiякiх жанчын. Каб ажанiцца, пракуратар, патрэбны грошы, каб нарадзiць чалавека на свет таксама патрэбны грошы, але каб зарэзаць чалавека пры дапамозе жанчыны, трэба надта много грошай, i нi ў якiх валацуг iх няма. Жанчына не ўдзельнiчала ў гэтай справе, пракуратар. Нават болей, такое тлумачэнне забойства можа збiць са следу, замiнаць следству i блытаць мяне.
- Я бачу, што ваша праўда, Афранiй, - гаварыў Пiлат, - i я толькi дазволiў сабе выказаць сваё меркаванне.
- На жаль, памылковае, пракуратар.
- Але як жа тады? - усклiкнуў пракуратар i прагна паглядзеў у твар Афранiю.
- Мяркую, што ўсё з-за грошай.
- Цудоўная думка! Але хто i за што мог прапанаваць яму ноччу грошы за горадам?
- Не, пракуратар, не так. У мяне ёсць адзiнае меркаванне, i калi яно не спраўдзiцца, то iншага i прыдумаць не магу. - Афранiй нахiлiўся да пракуратара i шэптам дадаў: - Юда хацеў схаваць хрошы ў надзейным, толькi яму вядомым месцы.
- Даволi дасцiпнае тлумачэнне. Вiдаць, яно гэтак i было. Цяпер я разумею: яго выманiлi не людзi, а ўласная думка. Ага, ага, праўда.
- Сапраўды. Юда быў недаверлiвы. Ён хаваў грошы ад людзей.
- Ага, вы сказалi, у Гефсiманii. А чаму менавiта там вы збiраецеся яго шукаць - гэтага, прызнацца, я не разумею.
- О, пракуратар, гэта прасцей за ўсё. Нiхто не будзе хаваць грошы на дарозе, на адкрытых i пустэльных месцах. Юда не быў нi на дарозе ў Хеўрон, нi на дарозе ў Вiфанiю. Яму трэба было цiхае ўтульнае месца, дзе растуць дрэвы. Гэта проста. А гэтакiх месцаў, акрамя Гефсiманii, пад Ершалаiмам няма. Далёка ён iсцi не мог.
- Вы цалкам пераканалi мяне. Тады што рабiць зараз?
- Я неадкладна пачну шукаць забойцаў, якiя высачылi Юду за горадам, а сам тым часам, як ужо гаварыў, пайду пад суд.
- За што?
- Мая ахова згубiла яго ўчора на базары пасля таго, як ён выйшаў з палаца Каiфы. Як гэта здарылася, не разумею. Такога ў маiм жыццi не здаралася. Назiранне было наладжана адразу пасля нашай размовы. Але на базары ён некуды перакiнуўся, зрабiў пятлю i знiк бясследна.