Барон стаў бялейшы за Абадону, якi быў надзвычай белатвары ад нараджэння, а потым адбылося нешта дзiўнае. Абадона аказаўся ля барона, зняў на iмгненне акуляры са свайго твару. У тое самае iмгненне нешта вогненна блiснула ў руках Азазелы, нешта цiха ляпнула, быццам пляснулi ў ладкi, барон пачаў падаць на спiну, пунсовая кроў хлынула ў яго з грудзей i залiла накрухмаленую кашулю i камiзэльку. Кароўеў падставiў чашу пад струмень i перадаў, напоўненую, Воланду. Мёртвае баронава цела было ўжо на падлозе.
- Я п'ю за ваша здароўе, панове, - цiха сказаў Воланд, падняў чашу i дакрануўся да яе губамi.
Пасля гэтага адбылася метамарфоза. Знiкла залапленая сарочка i зношаныя туфлi. Воланд аказаўся ў нейкай чорнай хламiдзе са сталёваю шпагаю на баку. Ён хутка падышоў да Маргарыты, падаў чашу i загадаў:
- Пi!
У Маргарыты закружылася галава, яе павяло ўбок, але чаша ўжо была ля губ, i нечыя галасы, а чые - яна не магла разабрацца, шапнулi ў вуха:
- Не бойцеся, каралева... Не бойцеся, каралева, - кроў даўно пайшла ў зямлю. I там, дзе яна была, ужо растуць вiнаградныя гронкi.
Маргарыта з заплюшчанымi вачыма каўтнула, i салодкi агонь прабег па яе жылах, у вушах зазвiнела. Ёй здалося, што глушаць крыкам пеўнi, што дзесьцi iграюць маршы. Натоўпы гасцей пачалi страчваць сваё аблiчча. I фрачнiкi, i жанчыны рассыпалiся ўшчэнт. Гнiллё на вачах у Маргарыты запаланiла залу, i ў ёй запахла пограбам. Калоны рассыпалiся, патухлi агнi, усё сцялася, прапалi фантаны, цюльпаны i камелii. А засталося тое, што i было - сцiплая ювелiршына гасцёўня, з прачыненых дзвярэй якое падала палоска святла. У гэтыя прачыненыя дзверы i ўвайшла Маргарыта.
Раздзел 24
ВЯРТАННЕ МАЙСТРА
У Воландавай спальнi ўсё было гэтакае самае, як i да балю. Воланд у сарочцы сядзеў на ложку, i толькi Гела не расцiрала яму нагу, а на стале, дзе раней гулялi ў шахматы, стаўляла вячэраць. Кароўеў i Азазела знялi фракi i сядзелi за сталом, а побач з iмi, вядома, мясцiўся i кот, якi не хацеў развiтвацца са сваiм гальштукам, хаця ён зусiм ператварыўся ў анучку. Маргарыта, хiстаючыся, падышла да стала i абаперлася на яго. Тады Воланд паклiкаў яе, як i тады, да сябе, паказаў, каб села побач.
- Ну што, вас ушчэнт замучылi? - спытаўся Воланд.
- Ды не, месiр, - адказала Маргарыта ледзь чутна.
- Ноблес облiж, - сказаў кот i налiў Маргарыце нейкай празрыстай вадкасцi ў шклянку для лафiту.
- Гэта гарэлка? - слаба спыталася Маргарыта.
Кот ажно падскочыў на крэсле ад крыўды.
- Злiтуйцеся, каралева, - захрыпеў ён, - хiба я дазволiў бы сабе налiць панi гарэлкi? Гэта - чысты спiрт!
Маргарыта ўсмiхнулася i памкнулася адсунуць шклянку.
- Пiце смела, - сказаў Воланд, i Маргарыта адразу ўзяла шклянку ў руку. Гела, сядай, - загадаў Воланд i растлумачыў Маргарыце: - Ноч поўнi - святочная ноч, i я вячэраю з малою кампанiяй блiзкiх мне людзей i слуг. Дык як вы маецеся? Як прайшоў гэты цяжкi баль?
- Цудоўна! - затрашчаў Кароўеў. - Усе зачараваныя, закаханыя, знiшчаныя! Гэтулькi тактоўнасцi, гэтулькi ўмення, чароўнасцi i шарму!
Воланд моўчкi падняў шклянку i чокнуўся з Маргарытаю. Маргарыта пакорлiва выпiла, думаючы, што на месцы i сканае ад спiрту. Але нiчога дрэннага не здарылася. Жывая цеплыня разлiлася ў яе ў жываце, нешта мякка таўханула ў патылiцу, вярнулася сiла, быццам яна прачнулася пасля доўгага моцнага сну, акрамя гэтага адчула, што галодная, як ваўчыца. Успомнiла, што не ела нiчога з учарашняе ранiцы, i есцi захацела яшчэ мацней. Яна пачала прагна каўтаць iкру.
Бегемот адрэзаў кавалак ананаса, пасалiў яго, наперчыў, з'еў, i пасля гэтак спраўна кульнуў другую чарку, што ўсе заапладзiравалi яму.
Маргарыта выпiла другую чарку, i свечкi ў свечнiках загарэлiся ярчэй, у камiне пабольшала полымя. Хмелю Маргарыта зусiм не адчувала. Яна кусала белымi зубамi мяса, цешылася сокам, якi цёк з яго, i глядзела, як Бегемот намазвае гарчыцаю вустрыц.
- Ты яшчэ вiнаграду наверх пакладзi, - цiха сказала Гела i таўханула ката ў бок.
- Папрашу мяне не вучыць, - адказаў Бегемот, - ведаю, як паводзiць сябе за сталом, ведаю!
- Ах, як прыемна вось гэтак вячэраць, пры агнi, па-свойску, - трашчаў Кароўеў, - з блiзкiмi табе...
- Не, Фагот, - пярэчыў кот, - баль мае сваю асалоду i размах...
- Нiякае асалоды там няма i размаху таксама, а гэтыя дурныя мядзведзi i тыгры ў бары сваiм ровам давялi мяне да мiгрэнi, - сказаў Воланд.
- Слухаю, месiр, - сказаў кот, - калi вы лiчыце, што размаху не было, то i я адразу таксама буду гэтак лiчыць.
- Ты глядзi! - адказаў Воланд.
- Я пажартаваў, - пакорлiва адказаў кот, - а што датычыць тыграў, то я загадаю, каб iх зарэзалi i засмажылi.
- Тыграў не ядуць, - сказала Гела.
- Вы так думаеце? Тады прашу выслухаць, - адазваўся кот, заплюшчыўся ад задавальнення, i расказаў, як аднойчы ён блукаў па пустынi дзевятнаццаць дзён i адзiнае, чым харчаваўся, гэта было мяса забiтага iм тыгра. Усе з цiкавасцю слухалi гэты займальны расказ, а калi кот скончыў, усе хорам ускрыкнулi:
- Хлусня!
- I што сама цiкавае ў гэтай хлуснi, - сказаў Воланд, - што яна - хлусня ад першага да апошняга слова.
- Ага, хлусня? - ускрыкнуў кот, i ўсе падумалi, што ён пачне пярэчыць, але ён толькi цiха сказаў: - Гiсторыя рассудзiць нас.
- А скажыце, - звярнулася да Азазелы Марго, якая ажыла пасля спiрту, - вы застрэлiлi яго, гэтага былога барона?
- Вядома, - адказаў Азазела, - як яго не застрэлiць? Яго абавязкова трэба застрэлiць.
- Я гэтак хвалявалася! - усклiкнула Маргарыта. - Гэта здарылася неспадзявана.
- Нiчога нечаканага не было, - запярэчыў Азазела, а Кароўеў завыў i занэндзiў:
- Як тут не хвалявацца? У мяне ў самога лыткi затрэслiся! Бух! Раз! Барон на бок!
- У мяне ледзь не iстэрыка была, - дадаў кот i аблiзаў лыжку з iкрою.
- Мне вось што не зразумела, - гаварыла Маргарыта, i залатыя iскаркi ад крышталю ззялi ў яе ў вачах, - няўжо звонку не чуваць было музыкi i наогул грукату ад гэтага балю?
- Вядома, не было чуваць, каралева, - растлумачыў Кароўеў, - гэта трэба рабiць так, каб не было чуваць. Гэта акуратненька трэба рабiць.
- Вядома, вядома... Справа ў тым, што гэты чалавек на лесвiцы... Калi мы iшлi з Азазелам... I другi ля пад'езда... Я думаю, што ён цiкаваў за вашай кватэрай...
- Правiльна, правiльна!.. - крычаў Кароўеў. - Правiльна, дарагая Маргарыта Мiкалаеўна! Вы пацвярджаеце мае падазрэннi! Сапраўды, ён вёў назiранне. Я сам спачатку падумаў, што гэта якi-небудзь прыват-дацэнт цi закаханы, якi чакае на лесвiцы. Але не, не! Нешта трывожыла маё сэрца! Ён вёў назiранне! I другi ля пад'езда таксама! I той, што ў падваротнi, таксама!
- Вось цiкава, калi вас прыйдуць арыштоўваць? - сказала Маргарыта.
- Абавязкова прыйдуць, чароўная каралева, абавязкова! - адказаў Кароўеў. Сэрцам чую, што прыйдуць. Не цяпер, вядома, у свой час прыйдуць. Але думаю, што нiчога цiкавага не атрымаецца.
- Вой, як я расхвалявалася, калi гэты барон упаў, - гаварыла Маргарыта, i вiдаць было, што яна дасюль перажывае забойства, якое бачыла ўпершыню ў жыццi. - Вы, мабыць, добра страляеце?
- Нармалёва, - адказаў Азазела.
- А на колькi крокаў? - задала Маргарыта Азазелу не зусiм зразумелае пытанне.
- А гэта, калi глядзець, у што, -справядлiва адказаў Азазела, - адно трапiць малатком у шкло крытыку Латунскаму, другое - яму ў сэрца трапiць.
- У сэрца! - усклiкнула Маргарыта i схапiлася за сваё. - У сэрца! паўтарыла яна глухiм голасам.
- Што гэта за крытык Латунскi? - спытаўся Воланд i прымружана паглядзеў на Маргарыту.
Азазела, Кароўеў i Бегемот неяк сарамлiва апусцiлi вочы, а Маргарыта адказала:
- Ёсць адзiн такi крытык. Сёння вечарам я разнесла яму кватэру.
- Вось табе i маеш! А за што?
- Ён, месiр, - растлумачыла Маргарыта, - загубiў аднаго майстра.
- А навошта было самой старацца? - спытаўся Воланд.