Литмир - Электронная Библиотека

- Яшчэ, яшчэ, каралева Марго, - шаптаў Кароўеў, якi зноў з'явiўся побач, трэба абляцець залы, каб шаноўныя госцi не адчувалi сябе пакiнутымi.

I Маргарыта зноў паляцела з пакоя з басейнам. На эстрадзе за цюльпанамi, дзе iграў аркестр караля вальсаў, цяпер шалеў малпавы джаз. Вялiзная, з кудлатымi бакенбардамi гарыла з трубою ў руках, цяжка прытанцоўваючы, дырыжыравала. У радок сядзелi арангутангi, дзьмулi ў блiскучыя трубы. На плячах у iх размясцiлiся шымпанзе з гармонiкамi. Два гамадрылы з iльвiнымi грывамi iгралi на раялях, i гэтыя раялi не былi чуваць сярод шуму, пiску i бубухання саксафонаў, скрыпак i барабанаў у лапах у гiбонаў, мандрылаў i мартышак. На люстранай падлозе незлiчоная колькасць пар, як адна суцэльная маса, якая ўражвала спрытнасцю i чысцiнёю рухаў, круцiлася ў адным накiрунку, iшла сцяною i гатова была ўсё змесцi са свае дарогi. Жывыя атласныя матылькi пырхалi над полчышчамi танцораў, са столi сыпалiся кветкi. У капiтэлях калон, калi патухла электрычнасць, засвяцiлiся мiрыяды светлячкоў, а ў паветры плавалi балотныя агнi.

Потым Маргарыта апынулася ў велiзарным басейне, акружаным каланадаю. Гiганцкi чорны Нептун лiў з пашчы шырокi ружовы струмень. Хмельны пах шампанскага стаяў над басейнам. Тут панавала сапраўдная весялосць. Панi смяялiся, скiдалi туфлi, аддавалi сумачкi сваiм кавалерам альбо мурынам, якiя стаялi тут з прасцiнамi ў руках, i з крыкам, ластаўкай давалi нырца, ажно пенныя слупы ўзляталi ўгору. Крышталёвае басейнавае дно гарэла, падсвечанае святлом знiзу, святло прабiвала тоўшчу вiна, i ў iм былi вiдаць срабрыстыя плывучыя целы. Выскоквалi з басейна ўшчэнт п'янымi. Рогат звiнеў пад калонамi i грымеў, як у лазнi.

З усяе гэтае мiтуснi запомнiўся адзiн ушчэнт п'яны жаночы твар з пустымi вачыма, але i ў пустаце гэтай была нейкая мальба, i ўспомнiлася адно толькi слова - "Фрыда"!

У галаве ў Маргарыты пачало кружыцца ад вiннага водару, i яна сабралася ўжо iсцi, але кот адмачыў у басейне нумар, якi затрымаў Маргарыту. Бегемот нешта пачараваў ля Нептунавай пашчы, i адразу ж шыпучая шумлiвая маса шампанскага выцекла з басейна, а Нептун пачаў струменiць цёмна-жоўтую хвалю, якая не пенiлася i не шыпела. Панi завiшчалi i закрычалi:

- Каньяк! - кiнулiся ад басейна за калоны. Праз некалькi секунд басейн быў поўны, i кот, тройчы перакулiўшыся ў паветры, рынуўся ў каньяк. Ён вылез, адфыркаўся, гальштук на iм раскiс, пазалота зляцела з вусоў, i не стала бiнокля. Паўтарыць Бегемотаў нумар адважылася тая выдумшчыца-краўчыха i яе кавалер, невядомы малады мулат, i яны абое кiнулiся ў каньяк, але тут Кароўеў падхапiў Маргарыту пад руку, i яны пайшлi ад купальшчыкаў.

Маргарыце здалося, што яна дзесьцi ляцела i бачыла там у вялiзных каменных сажалках цэлыя горы вустрыц. Потым ляцела над шкляной падлогаю, пад якой гарэлi пякельныя печы, ля якiх завiхалiся д'ябальскiя белыя кухары. Потым недзе яна, ужо не разумеючы нiчога, бачыла цёмныя сутарэннi, дзе гарэлi нейкiя свяцiльнiкi, дзе дзяўчаты падносiлi мяса, якое шыпела на вуголлi, дзе вялiкiмi кубкамi пiлi за яе здароўе. Потым яна бачыла белых мядзведзяў, якiя iгралi на гармонiках i танцавалi камарынскую на эстрадзе. Фокуснiка-саламандру, якi не гарэў у камiне...I другi раз у яе пачало не хапаць сiлы.

- Апошнi выхад, - прашаптаў ёй заклапочана Кароўеў, - i мы вольныя.

Яна ў суправаджэннi Кароўева зноў апынулася ў бальнай зале, але цяпер тут не танцавалi, i госцi незлiчоным натоўпам збiлiся мiж калон, вызвалiлi сярэдзiну залы. Маргарыта не памятала, хто дапамог ёй узысцi на ўзвышэнне, якое з'явiлася на вызваленым месцы. Калi яна ўзышла на яго, здзiўлена пачула, што дзесьцi гадзiннiк адбiваў поўнач, хаця ёй здавалася, што поўнач даўно прамiнула. Разам з апошнiм ударам невядома адкуль чутнага гадзiннiка на натоўпы гасцей найшло глухое маўчанне.

Тады Маргарыта зноў угледзела Воланда. Ён iшоў, акружаны Абадонам, Азазелам i яшчэ некалькiмi, падобнымi на Абадону, чорнымi i маладымi. Маргарыта цяпер угледзела, што насупраць яе ўзвышэнне было падрыхтавана i Воланду. Але ён на яго не ўзышоў. Уразiла Маргарыту тое, што Воланд з'явiўся на гэты свой апошнi вялiкi выхад у тым самым адзеннi, у якiм быў у спальнi. Тая самая брудная залапленая сарочка звiсала ў яго на плячах, на нагах былi зношаныя пакаёвыя туфлi. Воланд быў са шпагаю, але гэтай аголенай шпагаю ён карыстаўся замест кiйка.

Воланд накульгваў. Ён спынiўся ля свайго ўзвышэння, i адразу Азазела апынуўся перад iм з мiсай у руках, а ў гэтай мiсе Маргарыта ўгледзела адрэзаную чалавечую галаву з выбiтымi пярэднiмi зубамi. Працягвала панаваць абсалютная цiшыня, i парушыў яе толькi адзiн раз незразумелы ў гэтых умовах званок, якi нагадваў той, калi звоняць у дзверы.

- Мiхаiл Аляксандравiч, - цiха звярнуўся Воланд да галавы, i тады павекi забiтага расплюшчылiся, i на мёртвым твары Маргарыта, якая аж скаланулася, убачыла жывыя, напоўненыя думкамi i пакутамi вочы. - Усё збылося цi не? працягваў Воланд i глядзеў галаве ў вочы. - Галава адрэзана жанчынаю, паседжанне не адбылося, i жыву я ў вашай кватэры. Гэта - факт. А факты - сама ўпартыя рэчы на свеце. Але цяпер iнтарэс мае наступнае, а не тое, што адбылося ўжо. Вы заўсёды былi прыхiльнiкам той тэорыi, што пасля таго, як адрэзана галава, жыццё ў чалавеку канчаецца, ён ператвараецца ў прах i адыходзiць у нябыт. Мне прыемна паведамiць вам пры гасцях, хаця яны самi доказ iншае тэорыi пра тое, што ваша тэорыя грунтоўная i дасцiпная. Дарэчы, усе тэорыi варты адна аднае. Ёсць сярод iх i такая, што кожнаму будзе аддзячана ў адпаведнасцi з яго вераю. Няхай збудзецца гэта! Вам адысцi ў нябыт, а мне радасна будзе з чашы, у якую вы ператвараецеся, выпiць за iснаванне!

Воланд падняў шпагу. Адразу ўсё на галаве пацямнела, скурчылася, потым паадвальвалася кавалкамi, вочы знiклi, i хутка Маргарыта ўбачыла ў мiсе жаўтлявы, з iзумруднымi вачыма i жамчужнымi зубамi, на залатой ножцы чалавечы чэрап. Адчынiлася накрыўка.

- Адзiн момант, месiр, - сказаў Кароўеў, калi перахапiў запытальны Воландаў позiрк, - ён будзе перад вамi. Я чую ў гэтай магiльнай цiшынi, як парыпваюць яго лакiраваныя туфлi i як звiнiць келiх, якi ён паставiў на стол, апошнi раз выпiўшы шампанскага. Ды вось i ён.

У залу ўваходзiў новы адзiнокi госць i накiроўваўся да Воланда. Знешне ён нiчым не адрознiваўся ад шматлiкiх астатнiх гасцей-мужчын, акрамя аднаго: госць ажно хiстаўся ад хвалявання, i гэта было прыкметна здалёк. На ягоных шчоках гарэлi плямы, i вочы трывожна бегалi. Госць быў ашаломлены, i гэта зусiм натуральна: яго ўражвала ўсё i галоўным чынам, вядома, Воландава адзенне.

Аднак сустрэлi госця надзiва ласкава.

- А, мiлы барон Майгель, - прыветна ўсмiхнуўся i загаварыў Воланд з госцем, вочы ў якога мiтусiлiся i лезлi на лоб, - я шчаслiвы паказаць вам, Воланд звярнуўся да гасцей, - шаноўнага барона Майгеля, якi служыць у Камiсii вiдовiшчаў на пасадзе знаёмцы чужаземцаў са славутымi мясцiнамi сталiцы.

Тут Маргарыта замерла, таму што раптоўна пазнала гэтага Майгеля. Ён некалькi разоў сустракаўся ёй у маскоўскiх тэатрах i ў рэстарацыях. "Пачакайце... - падумала Маргарыта, - ён, атрымлiваецца, памёр таксама?" Але ўсё адразу высветлiлася.

- Мiлы барон, - працягваў Воланд i радасна ўхмыляўся, - быў такi добры, што як толькi даведаўся пра мой прыезд у Маскву, адразу патэлефанаваў мне i прапанаваў свае паслугi адпаведна сваёй спецыяльнасцi. Зразумела, што я меў гонар адразу запрасiць яго да сябе.

У гэты час Маргарыта ўбачыла, як Азазела перадаў мiсу з чэрапам Кароўеву.

- Ага, дарэчы, барон, - раптам, iнтымна прыцiшыўшы голас, прамовiў Воланд, - разнеслiся чуткi пра вашу надзвычайную цiкаўнасць. Гавораць, што калi злучыць яе з не меншай балбатлiвасцю, то на гэта нельга не звярнуць увагi. Мала таго, злыя языкi ўжо пусцiлi пагалоску - даносчык i шпiён. Але i гэтага мала, ёсць меркаванне, што гэта паслужыць прычынай вашага канца не пазней чым праз месяц. Дык вось, каб пазбавiць вас гэтага доўгага чакання, мы рашылi прыйсцi вам на дапамогу i выкарысталi тую акалiчнасць, што вы самi напрасiлiся да мяне ў госцi якраз дзеля таго, каб падгледзець i выслухаць усё, што толькi можна.

63
{"b":"125023","o":1}