Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Маргарыта Мiкалаеўна вярнулася з усiм гэтым багаццем у сваю спальню, паставiла на трумо фотаздымак i прасядзела амаль гадзiну, трымаючы на каленях пакалечаны агнём сшытак, перагортвала i перачытвала тое, у чым пасля спальвання не было нi пачатку нi канца: "...цемра, якая насунулася з Мiжземнага мора, накрыла ненавiсны пракуратару горад. Знiклi вiсячыя масты, якiя злучалi храм са страшнаю Антонiевай вежаю, абрынулася з неба прорва i залiла крылатых багоў над гiпадромам, Хасманейскi палац з байнiцамi, базары, караван-сараi, завулкi, сажалкi... Знiк Ершалаiм - вялiкi горад, быццам i не iснаваў на свеце..."

Маргарыце хацелася чытаць далей, але далей нiчога не было, акрамя няроўна абгарэлага вугальнага карунку.

Маргарыта Мiкалаеўна выцерла слёзы, паклала сшытак, абаперлася на падлюстравы столiк i доўга сядзела, не адводзячы вачэй ад фотаздымка, адлюстроўвалася ў люстры. Потым слёзы высахлi. Маргарыта акуратна склала свае пажыткi, i праз некалькi хвiлiн яны былi схаваны пад шаўковымi анучкамi; са звонам у цёмным пакоi замкнуўся замок.

Маргарыта Мiкалаеўна ў пярэднiм пакоi апранула палiто, каб пайсцi на прагулку. Прыгажуня Наташа, яе хатняя работнiца, спыталася, што прыгатаваць на другое, пачула ў адказ, што гэта не мае значэння, каб сумна не было, пачала размову з гаспадыняй i пачала расказваць бог ведае пра што, быццам бы ўчора ў тэатры фокуснiк гэтакiя фокусы паказваў, што ўсе толькi ахнулi, усiм выдавалi па два флаконы замежных духоў i панчохi бясплатна, а потым, пасля таго як сеанс скончыўся i публiка выйшла на вулiцу, усе аказалiся голыя! Маргарыта Мiкалаеўна ажно ўпала на крэсла ад смеху перад люстрам у пярэднiм пакоi.

- Наташа, ну як вам не сорамна, - гаварыла Маргарыта Мiкалаеўна, - вы адукаваная, разумная дзяўчына; у чэргах хлусяць немаведама што, а вы паўтараеце!

Наташа зачырванелася i горача запярэчыла, што нiчога не хлусiць i што яна сёння ў гастраноме на Арбаце бачыла адну грамадзянку, якая прыйшла ў гастраном у туфлях, а як пачала разлiчвацца, туфлi знiклi з ног, i яна засталася ў адных панчохах! Вочы вытрашчаныя! На пятцы дзiрка. А туфлi тыя зачараваныя, з таго самага сеанса.

- Гэтак i пайшла?

- Гэтак i пайшла! - усклiквала Наташа i ўсё болей чырванела з-за таго, што ёй не вераць. - Ды ўчора, Маргарыта Мiкалаеўна, мiлiцыя чалавек сто забрала ноччу. Грамадзяне з гэтага сеанса беглi па Цвярской у адных панталонах.

- Ну, вядома, гэта Дар'iны расказы, - гаварыла Маргарыта Мiкалаеўна, - я даўно прыкмячала, што яна вялiкая хлусiха.

Смешная размова закончылася прыемным сюрпрызам для Наташы. Маргарыта Мiкалаеўна схадзiла ў спальню i вярнулася адтуль з парай панчохаў i флаконам адэкалону. Яна сказала Наташы, што таксама хоча паказаць фокус, падарыла ёй панчохi i адэкалон i сказала, што просiць яе толькi пра адно - не хадзiць у адных панчохах па Цвярской i не слухаць Дар'ю. Гаспадыня i домработнiца пацалавалiся i развiталiся.

Маргарыта Мiкалаеўна ехала па Арбаце, адкiнуўшыся да мяккае зручнае спiнкi ў тралейбусе, i то думала пра сваё, то прыслухоўвалася да таго, пра што шапталiся двое грамадзян наперадзе.

Тыя зрэдку насцярожана азiралiся, цi не чуе хто, шапталiся пра нейкае глупства. Мясiсты здаравяк з мiтуслiвымi свiнымi вочкамi, якi сядзеў ля акна, цiха гаварыў маленькаму свайму суседу пра тое, што давялося накрыць труну чорным пакрывалам...

- Ды быць не можа, - уражана шаптаў маленькi, - гэта нешта нечуванае... А што зрабiў Жалдыбiн?

Сярод роўнага тралейбуснага гуду чулiся словы ад акна:

- Крымiнальны вышук... скандал... ну, адным словам, мiстыка!

З гэтых кавалкаў Маргарыта Мiкалаеўна склала нешта болей-меней лагiчнае. Грамадзяне шапталiся, што ў нейкага нябожчыка, а ў каго - яны не называлi, сёння ранiцай з труны ўкралi галаву! Вось таму Жалдыбiн гэтак i хвалюецца цяпер. Абодва гэтыя, што шэпчуцца пра нябожчыка, таксама маюць нейкае дачыненне да абакрадзенага.

- Цi ўспеем па кветкi заехаць? - турбаваўся маленькi. - Крэмацыя, гаворыш, у дзве гадзiны?

Нарэшце Маргарыце Мiкалаеўне надакучыла слухаць гэтую таямнiчую балбатню пра ўкрадзеную з труны галаву, яна ўзрадавалася, што трэба выходзiць.

Праз некалькi хвiлiн Маргарыта Мiкалаеўна ўжо сядзела пад Крамлёўскаю сцяною на адной з лавачак гэтак, каб быў бачны манеж.

Маргарыта прыплюшчвалася ад яркага сонца, успамiнала свой сённяшнi сон, успамiнала, як роўна год назад, дзень у дзень i ў адну i тую гадзiну, на гэтай самай лаўцы яна сядзела побач з iм. I якраз гэтак чорная сумачка ляжала побач з ёй на лаўцы. Яго не было сёння побач, але ў думках Маргарыта Мiкалаеўна размаўляла з iм: "Калi цябе выслалi, то чаму не прысылаеш вестачку? Людзi ж неяк перадаюць. Ты разлюбiў мяне? Не, я чамусьцi ў гэта не веру. Значыць, цябе выслалi, i ты памёр... Тады прашу цябе, адпусцi мяне, дай мне, нарэшце, жыць, дыхаць паветрам". Маргарыта Мiкалаеўна сама адказвала сабе за яго: "Ты вольная... Хiба я трымаю цябе?" Потым пярэчыла яму: "Не, гэта не адказ! Не, ты пакiнь маю памяць, тады я зраблюся вольнаю".

Людзi iшлi паўз Маргарыту Мiкалаеўну. Нейкi мужчына кiнуў позiрк на прыгожа апранутую жанчыну, захоплены яе прыгажосцю i адзiнотаю. Ён кашлянуў, прысеў на краёк лаўкi, на якой сядзела Маргарыта Мiкалаеўна. Нарэшце адважыўся i загаварыў:

- А сёння i сапраўды цудоўнае надвор'е...

Але Маргарыта гэтак цяжка паглядзела на яго, што ён устаў i пайшоў.

"Вось i прыклад, - у думках гаварыла Маргарыта таму, хто валодаў ёю, чаму я прагнала гэтага мужчыну? Мне сумна, а гэты гуляка нядрэнны, хiба што яго пустая гаворка пра надвор'е? Чаму я сяджу, як сава, адна пад сцяною? Чаму я выключана з жыцця?"

Яна зусiм зажурылася i звяла. Але раптам тая самая ранiшняя хваля чакання i ўзбуджанасцi скаланулася ў грудзях. "Сапраўды здарыцца!" Хваля ўдарыла другi раз, i тут яна зразумела, што хваля гэтая гукавая. Скрозь гарадскi шум усё выразней чулiся ўдары барабана i гук крыху фальшывых труб, якiя наблiжалiся.

Першым паказаўся конны мiлiцыянер, якi ехаў паўз рашотку сада, а за iм тры пешыя. Потым паволi поўз грузавiк з музыкантамi. За iмi - адкрытая новенькая пахавальная машына, якая павольна рухалася, на ёй уся ў вянках труна, а па кутах пляцоўкi - чатыры чалавекi стойма: тры мужчыны i адна жанчына. Нават здалёку Маргарыта разгледзела, што твары ў тых, хто стаяў у пахавальнай машыне i праводзiў нябожчыка ў апошнюю дарогу, нейкiя дзiўна разгубленыя. Асаблiва заўважна было гэта па грамадзянцы, якая стаяла ў левым заднiм куце. Тоўстыя шчокi гэтае грамадзянкi быццам знутры распiрала нейкая пiкантная таямнiца, у заплылых вачах блукалi двухсэнсоўныя агеньчыкi. Здавалася, яшчэ крыху, i грамадзянка не вытрымае, падмiргне нябожчыку i скажа: "Нiколi такога не было! Проста мiстыка!" Гэтакiя ж разгубленыя твары былi i ў тых, хто праводзiў пешкi, iх прыкладна чалавек трыста паволi iшло следам за пахавальнаю машынаю.

Маргарыта правяла вачыма шэсце, прыслухалася да таго, як зацiхае панылы турэцкi барабан, якi паўтараў адно i тое ж самае - "бумс, бумс, бумс", i думала: "Якое незвычайнае пахаванне... I якая нуда ад гэтага "бумса". Дальбог, чорту б душу прадала, каб толькi даведацца, цi жывы ён! Цiкава, каго гэта хаваюць з гэтакiмi збянтэжанымi тварамi?"

- Берлiёза Мiхаiла Аляксандравiча, - пачуўся побач крыху гугнявы мужчынскi голас, - старшыню МАССАЛIТа.

Здзiўленая Маргарыта Мiкалаеўна завярнулася i ўбачыла на сваёй лаўцы грамадзянiна, якi, мабыць, нячутна прысеў у той час, калi Маргарыта загледзелася на працэсiю i, бадай, у разгубленасцi сваё пытанне вымавiла гучна.

Працэсiя тым часам пачала прыпыняцца, мабыць, затрыманая наперадзе святлафорамi.

- Сапраўды, - працягваў незнаёмы, - незвычайны ў iх настрой. Вязуць нябожчыка, а думаюць толькi пра тое, дзе дзелася яго галава!

- Якая галава? - спыталася Маргарыта i прыгледзелася да неспадзяванага суседа. Ён аказаўся маленькi ростам, вогненна-рыжы, з iклом, у крухмальнай бялiзне, у паласатым дарагiм гарнiтуры, у лакавых туфлях i з капелюшом на галаве. Гальштук яркi. Дзiўнае было яшчэ тое, што з кiшэнькi, у якой мужчыны звычайна носяць насоўкi альбо самапiскi, у гэтага грамадзянiна тырчала абгрызеная курыная костачка.

51
{"b":"125023","o":1}