Тэлеграма ўразiла Максiмiлiяна Андрэевiча. Гэта быў той момант, якi пратрацiць грэх. Сапраўдныя дзелавыя людзi ведаюць, што гэтакiя моманты не паўтараюцца.
Адным словам, не зважаючы на цяжкасцi, трэба было забраць у спадчыну кватэру пляменнiка на Садовай. Гэта было складана, вельмi складана, але перашкоды трэба абавязкова пераадолець. Вопытны Максiмiлiян Андрэевiч ведаў, што на гэтым шляху першы i сама неабходны крок - прапiска, чаго б яна нi каштавала, няхай нават часовая, у трох пляменнiкавых пакоях.
У пятнiцу ўдзень Максiмiлiян Андрэевiч адчынiў дзверы пакоя, у якiм мясцiлася домакiраўнiцтва дома 302-бiс на Садовай вулiцы ў Маскве.
У вузенькiм пакойчыку, дзе на сцяне вiсеў старэнькi плакат, на якiм на некалькiх малюнках былi паказаны спосабы ажыўлення тапельцаў, за драўляным сталом у адзiноце сядзеў чалавек сярэдняга ўзросту, непаголены, з устрывожанымi вачыма.
- Цi магу я бачыць старшыню праўлення? - ветлiва пацiкавiўся эканамiст-планавiк, зняў капялюш i паставiў свой чамаданчык на пустое крэсла.
Гэтае, на першы погляд простае пытанне чамусьцi збянтэжыла чалавека за сталом гэтак, што ён з твару змянiўся. Ён трывожна, скоса паглядзеў, прамармытаў, што старшынi няма.
- Ён дома? - спытаўся Паплаўскi. - У мяне неадкладнае пытанне.
Чалавек за сталом зноў нешта прамармытаў. Але i з гэтага можна было здагадацца, што старшынi i дома няма.
- А калi ён будзе?
Чалавек нiчога не адказаў i з нейкаю тугою паглядзеў у акно.
"Ага!" - сказаў сам сабе разумны Паплаўскi i папытаўся, дзе сакратар.
Дзiўны чалавек за сталом аж пачырванеў ад натугi i зноў прамармытаў, што сакратара таксама няма... невядома, калi ён прыйдзе... i што сакратар захварэў...
"Ага, - сказаў сам сабе Паплаўскi, - але ж хто-небудзь ёсць у праўленнi?"
- Я, - слабым голасам абазваўся чалавек.
- Цi ведаеце, - пераканаўча загаварыў Паплаўскi, - я адзiны спадчыннiк нябожчыка Берлiёза, майго сваяка, якi загiнуў, як вам вядома, на Патрыярхавых, i я абавязаны, адпаведна закону, забраць спадчыну - нашу кватэру нумар пяцьдзесят...
- Не ў курсе справы я, таварыш, - нудна перапынiў чалавек.
- Выбачайце, - зычным голасам сказаў Паплаўскi, - вы сябра праўлення i абавязаны...
I вось тут у пакой увайшоў нейкi грамадзянiн. Той, за сталом, як угледзеў яго, спалатнеў.
- Вы сябра праўлення Пятнажка? - спытаўся ў чалавека за сталом наведвальнiк.
- Я, - ледзь чутна адказаў той.
Чалавек нешта пашаптаў Пятнажку, i той, зусiм засмучаны, устаў з крэсла, i праз некалькi секунд Паплаўскi застаўся сядзець адзiн у пустым пакойчыку праўлення.
"Э-э, якая прыгода! I трэба ж было, каб iх усiх адразу..." - з прыкрасцю думаў Паплаўскi, напрасткi праз двор спяшаючыся ў кватэру No 50.
Дзверы адразу ж, як толькi пазванiў эканамiст-планавiк, адамкнулi, i Максiмiлiян Андрэевiч увайшоў у прыцемнены пярэднi пакой. Яго здзiвiла тая акалiчнасць, што было незразумела, хто яму адамкнуў: у пярэднiм пакоi нiкога не было, акрамя велiзарнага чорнага ката, якi сядзеў на крэсле.
Максiмiлiян Андрэевiч пакашляў, патупаў нагамi, i тады дзверы адчынiлiся i ў пярэднi пакой выйшаў Кароўеў. Максiмiлiян Андрэевiч пакланiўся яму ветлiва, але з годнасцю i сказаў:
- Маё прозвiшча Паплаўскi. Я дзядзька...
Не паспеў ён дагаварыць, як Кароўеў выхапiў з кiшэнi брудную хусцiнку, уткнуў у яе нос i заплакаў.
- ...нябожчыка Берлiёза...
- А як жа, а як жа, - перапынiў Кароўеў, адняў хусцiнку ад твару. - Я адразу здагадаўся, як толькi зiрнуў на вас, што гэта вы! - I затросся ад плачу, пачаў выкрыкваць:- Гора якое, га? Што ж гэта творыцца? Га?
- Трамвай задушыў? - шэптам спытаўся Паплаўскi.
- На месцы, - крыкнуў Кароўеў, i слёзы пацяклi ў яго з-пад пенснэ ручаямi, - насмерць! Я быў сведка. Паверце - раз! Галава - прэч! Правая нага - хрась, папалам! Левая - хрась, папалам! Вось да чаго гэтыя трамваi даводзяць! - I ўжо, мабыць, не могучы сябе болей стрымлiваць, Кароўеў клюнуў носам у сцяну побач з люстрам i пачаў уздрыгваць ад плачу.
Берлiёзаў дзядзька быў шчыра ўражаны паводзiнамi незнаёмца. "Вось, а кажуць, што не бывае ў наш век спагадлiвых людзей!" - падумаў ён i адчуў, што ў самога яго пачынаюць свярбець вочы. Аднак у той самы час непрыемная хмарка наплыла на яго душу, як вужык, мiльгнула думка пра тое, а цi не прапiсаўся ўжо гэты добры чалавек у кватэры нябожчыка, бо i такое ў жыццi неаднойчы здаралася.
- Выбачайце, вы былi сябрам майго нябожчыка Мiшы? - спытаўся ён, выцiраючы рукавом левае сухое вока, а правым прыглядаўся да Кароўева, якi сцiнаўся ад скрухi.
Але той гэтак расплакаўся, што нельга было нiчога разабраць зусiм, акрамя паўтораў слоў "хрась" i "папалам". Наплакаўшыся ўволю, Кароўеў нарэшце адлiп ад сценкi i прамовiў:
- Не, не магу болей! Пайду вып'ю трыста кропель эфiрнае валяр'янкi! - ён павярнуўся да Паплаўскага ўшчэнт заплаканым тварам i дадаў: - Вось яны, трамваi!
- Выбачайце, гэта вы мне адбiлi тэлеграму? - спытаўся Максiмiлiян Андрэевiч, пакутлiва думаючы, хто ён, гэты дзiўны плакса.
- Ён! - адказаў Кароўеў i тыцнуў пальцам на ката.
Паплаўскi вылупiў вочы, падумаў, што недачуў.
- Не, не магу, не стае сiлы, - шморгаючы носам, працягваў Кароўеў, - як успомню: кола па назе... адно кола пудоў дзесяць будзе... Хрась! Пайду лягу, паспрабую заснуць, - i ён адразу знiк з пярэдняга пакоя.
А кот паварушыўся, саскочыў з крэсла, стаў на заднiя лапы, прыхарашыўся, разявiў пашчу i сказаў:
- Ну, я даў тэлеграму. А што далей?
У Максiмiлiяна Андрэевiча адразу закружылася галава, аднялiся рукi i ногi, ён упусцiў чамаданчык i сеў на крэсла насупраць ката.
- Я ж, здаецца, у вас па-расейску пытаюся, - сурова сказаў кот, - а што далей?
Паплаўскi нiчога не адказаў.
- Пашпарт! - мяўкнуў кот i працягнуў пульхную лапу.
Паплаўскi нiчога не цямiў i не бачыў, акрамя дзвюх iскраў у кашэчых вачах, ён выхапiў з кiшэнi пашпарт, як кiнжал. Кот узяў з падлюстравага столiка акуляры ў тоўстай чорнай аправе, начапiў iх на морду, з-за чаго зрабiўся яшчэ больш важны, i выняў з дрыжачае рукi ў Паплаўскага пашпарт.
"Цiкава, самлею я цi не?" - падумаў Паплаўскi. Здалёк чуваць былi ўсхлiпы Кароўева, увесь пярэднi пакой напоўнiўся эфiрным пахам, пахам валяр'янкi i яшчэ нейкае моташнай мярзотнасцi.
- Якiм аддзяленнем выдадзены ваш дакумант? - спытаўся кот i прыгледзеўся да старонкi.
Адказу не было.
- Чатырыста дванаццатым, - сам сабе сказаў кот, водзячы лапай па пашпарце, якi ён трымаў дагары, - ну, вядома! Я ведаю гэтае аддзяленне! Там абы-каму пашпарты выдаюць! А я, напрыклад, такому, як вы, не выдаў бы! Нiзавошта не выдаў бы! Толькi паглядзеў на твар i адразу б адмовiў! - кот гэтак раззлаваўся, што шпурнуў пашпарт на падлогу. - Ваша прысутнасць на пахаваннi адмяняецца, - працягваў кот афiцыйным голасам, - едзьце на месца жыхарства. I раўнуў за дзверы:- Азазела!
На яго голас у пярэднi пакой выбег маленькi, кульгавенькi, у чорным у аблiпку трыко, з нажом за скураной папругаю, рыжы, з жоўтым iклом, з бяльмом на левым воку.
Паплаўскi адчуў, што яму не хапае паветра, устаў з крэсла i пачаў адступаць задам, трымаючыся за сэрца.
- Азазела, правядзi! - загадаў кот i выйшаў з пярэдняга пакоя.
- Паплаўскi, - цiха прагугнявiў маленькi, - спадзяюся, усё зразумела?
Паплаўскi кiўнуў галавой.
- Вяртайся неадкладна ў Кiеў, - працягваў Азазела, - сядзi там цiшэй вады нiжэй травы i нi пра якую кватэру ў Маскве нават i не думай, зразумела?
Гэты маленькi, якi да смерцi палохаў Паплаўскага сваiм iклом, нажом i крывым вокам, даставаў эканамiсту толькi да пляча, але дзейнiчаў энергiчна, складна i спраўна.
Найперш ён падняў пашпарт i падаў яго Максiмiлiяну Андрэевiчу, i той узяў кнiжачку змярцвелаю рукою. Потым названы Азазелам адной рукою падняў чамадан, другою адчынiў дзверы, узяў пад руку Берлiёзавага дзядзьку, вывеў яго на лесвiчную пляцоўку. Паплаўскi прыхiлiўся да сцяны. Без усякага ключа Азазела адамкнуў чамадан, дастаў з яго вялiзную смажаную курыцу без аднае нагi, загорнутую ў прамасленую газету, i паклаў яе на пляцоўцы. Потым дастаў дзве пары бялiзны, брытвенны прыбор, папругу, нейкую кнiжку i футарал i ўсё гэта згроб нагой у лесвiчны пралёт, акрамя курыцы. Туды паляцеў i апусцелы чамадан. Чуваць было, як ён грымнуўся ўнiзе i ад яго адляцела вечка.