- Скажыце, а што было далей з Iешуа i Пiлатам, - папрасiў Iван, - я хачу ўсё ведаць.
- Ай, не, не, - хваравiта перасмыкнуўся i адказаў госць, - я не магу без дрыжыкаў успамiнаць мой раман. А ваш знаёмы з Патрыярхавых зрабiў бы гэта лепш за мяне. Дзякуй за гаворку. Да сустрэчы.
I пакуль Iван успеў апамятацца, рашотка з цiхiм звонам зачынiлася, i госць знiк.
Раздзел 14
СЛАВА ПЕЎНЮ!
Не вытрымалi нервы, як гаворыцца, i Рымскi не дачакаўся, пакуль скончаць складаць пратакол, уцёк у свой кабiнет. Ён сядзеў за сталом i пачырванелымi вачыма глядзеў на магавы чырвонцы, якiя ляжалi перад iмi. Фiндырэктар адчуваў, што сыходзiць з глузду. Звонку чуваць быў роўны гул. Публiка плынню вырывалася з Вар'етэ на вулiцу. Да надзвычай абвостранага фiндырэктаравага слыху раптам данёсся залiвiсты свiст мiлiцэйскага свiстка. Сам па сабе ён нiколi не абяцае нiчога прыемнага. А калi ён паўтарыўся i да яго далучыўся другi, больш уладны i працяглы, а потым магутны рогат i быццам нейкае галёканне, фiндырэктар зразумеў, што на вулiцы адбылося яшчэ нешта скандальнае i брыдотнае. I што гэта, як бы табе не хацелася адмахнуцца, знаходзiцца ў сама цеснай сувязi з мярзотным сеансам, якi вытварыў чорны маг i яго памочнiкi. Чуйны фiндырэктар нi ў чым не памыляўся.
Як толькi ён зiрнуў у акно, якое выходзiла на Садовую, твар у яго скрывiўся, i ён не прашаптаў, а прашыпеў:
- Я гэта ведаў!
У яркiм святле магутных вулiчных лiхтароў ён убачыў на ходнiках ўнiзе пад сабой жанчыну ў адной сарочцы i панталонах фiялетавага колеру. На галаве ў жанчыны, праўда, быў капялюшык, а ў руцэ парасон.
Вакол гэтай жанчыны, якая была зусiм разгубленая i то прысядала, то парывалася некуды бегчы, хваляваўся натоўп, з тым самым рогатам, ад якога ў фiндырэктара па плячах праходзiў мароз. Каля панi мiтусiўся нейкi грамадзянiн, здзiраў з сябе летняе палiто i ад хвалявання нiяк не мог справiцца з рукавом, у якiм заблыталася рука.
Крык i трубны рогат пачулiся i з другога месца, канкрэтна - ад левага пад'езда. Рыгор Данiлавiч павярнуў туды галаву i ўбачыў другую панi, у ружовай бялiзне. Тая скочыла з бруку на ходнiкi i спрабавала схавацца ў пад'ездзе, але натоўп заступаў ёй дарогу, i бедная ахвяра сваёй легкадумнасцi i прагi да строяў, абманутая фiрмай паганага Фагота, хацела зараз толькi аднаго правалiцца скрозь зямлю. Мiлiцыянер кiраваўся да няшчаснае i свiдраваў паветра свiстком, а за мiлiцыянерам спяшалiся нейкiя вясёлыя маладыя людзi, i ад iх чулiся той самы рогат i галёканне.
Вусаты лiхач падляцеў да першае раздзетае i з ходу спынiў старога кастлявага каня. Вусачоў твар радасна ўхмыляўся.
Рымскi стукнуў сябе кулаком па галаве, плюнуў i адскочыў ад акна.
Ён пасядзеў нейкi час за сталом, прыслухаўся да вулiцы. Свiст у розных месцах дасягнуў найбольшай сiлы, а потым пачаў ацiхаць.
Скандал, на здзiўленне Рымскага, лiквiдавалi неспадзявана хутка.
Настаў час дзейнiчаць, даводзiлася выпiваць горкую чашу адказнасцi. Апараты былi адрамантаваны ў час трэцяга аддзялення, трэба было тэлефанаваць, паведамляць пра здарэнне, прасiць дапамогi, выкручвацца, звальваць усё на Лiхадзеева, выгароджваць самога сябе i гэтак далей. Цьфу ты, чорт! Два разы засмучаны дырэктар клаў руку на слухаўку i два разы здымаў яе. I раптам у мёртвай цiшынi кабiнета апарат сам ударыў звонам проста ў твар фiндырэктару, той здрыгануўся i ўтрупеў. "Аднак у мяне здорава разгулялiся нервы", - падумаў ён i падняў слухаўку. I адразу адхiснуўся ад яе i стаў бялейшы за паперу. Цiхi i адначасна ласкавы i вульгарны жаночы голас шапнуў у слухаўку:
- Не тэлефануй, Рымскi, нiкуды, а то будзе табе дрэнна.
Слухаўка адразу ж апусцела. Адчуваючы мурашкi на спiне, фiндырэктар паклаў слухаўку i чамусьцi азiрнуўся на акно за плячыма. Скрозь рэдкiя i яшчэ слаба ўкрытыя зеленню кляновыя галiны ён убачыў поўню, якая бегла ў празрыстым воблачку. Рымскi чамусьцi прыкiпеў позiркам да галiн, глядзеў на iх, i чым болей глядзеў, тым мацней i мацней яго апаноўваў жах.
З намаганнем фiндырэктар адвярнуўся нарэшце ад месячнага акна i ўстаў. Нiякае гаворкi пра тое, каб тэлефанаваць. Цяпер фiндырэктар думаў толькi пра адно - каб як хутчэй пайсцi з тэатра.
Ён прыслухаўся: будынак тэатра маўчаў. Рымскi зразумеў, што ён даўно адзiн на ўсiм другiм паверсе, i дзiцячы неадольны жах апанаваў яго ад гэтае думкi. Ён аж скалануўся ад думкi, што зараз яму давядзецца iсцi па парожнiх калiдорах i сыходзiць унiз па лесвiцы. Ён лiхаманкава схапiў са стала гiпнатызёрскiя чырвонцы, схаваў iх у партфель, кашлянуў, каб крышку падбадзёрыць сябе. Кашаль атрымаўся слабы i хрыплаваты.
I тут яму здалося, што з-пад дзвярэй у кабiнет пацягнула раптам гнiлаватай вiльгаццю. Дрыжыкi прайшлi па спiне ў фiндырэктара. Але сэрца ўпала зусiм, калi ён пачуў, што ў дзвярным замку цiха паварочваецца ангельскi ключ. Фiндырэктар учапiўся за партфель вiльготнымi халоднымi рукамi i адчуваў, што калi яшчэ хоць крышку прадоўжыцца гэты шоргат, то ён не вытрымае i дзiка закрычыць.
Нарэшце дзверы паддалiся нечыiм намаганням, адчынiлiся, i ў кабiнет нячутна ўвайшоў Варэнуха. Рымскi як стаяў, гэтак i сеў у крэсла, таму што ногi самi падагнулiся. Набраў у грудзi паветра, усмiхнуўся нейкай жабрачай усмешкаю i цiха сказаў:
- Божа, як вы мяне напалохалi!
Сапраўды, гэтае нечаканае з'яўленне магло напалохаць каго хочаш, але яно было i вялiкаю радасцю. Паказаўся хоць адзiн кончык у гэтай заблытанай справе.
- Ну, гавары ж хутчэй! Ну! Ну! - прахрыпеў Рымскi, чапляючыся за гэты кончык. - Што ўсё гэта абазначае?!
- Прабач, калi ласка, - глухiм голасам адазваўся Варэнуха i зачынiў дзверы, - я думаў, што ты ўжо пайшоў.
I Варэнуха, не зняўшы шапкi, падышоў i сеў у крэсла насупраць стала.
Трэба сказаць, што ў адказе Варэнухi прамiльгнула нешта дзiўнае, што адразу кальнула фiндырэктара, у чуйнасцi сваёй якi мог паспаборнiчаць з сейсмографам любой з лепшых станцый у свеце. А як жа? Чаго Варэнуха iшоў у кабiнет фiндырэктара, калi думаў, што там яго няма? У яго ёсць свой кабiнет. Гэта адно. А другое: праз якi ўваход нi ўвайшоў бы Варэнуха, ён абавязкова павiнен быў сустрэцца з адным з начных дзяжурных, а тым усiм было аб'яўлена, што Рыгор Данiлавiч затрымлiваецца ў сваiм кабiнеце.
Але доўга пра гэта фiндырэктар не раздумваў. Не да таго было.
- Чаму ты не патэлефанаваў? Што абазначае ўся гэтая мiтрэнга з Ялтаю?
- Ну, тое, што я i гаварыў, - прыцмокваючы, нiбы яму не даваў спакою хворы зуб, адказаў адмiнiстратар, - знайшлi яго ў карчме ў Пушкiне.
- Як у Пушкiне? Гэта пад Масквой? А тэлеграмы з Ялты?!
- Якая там чортава Ялта! Напаiў пушкiнскага тэлеграфiста, i пачалi абодва вытвараць, у тым лiку i тэлеграмы пасылаць з адзнакай "Ялта".
- Ага... Ага... Ну, добра, добра, - не прамовiў, а быццам праспяваў Рымскi. Вочы ў яго засвяцiлiся жоўценькiм святлом. У галаве паўстала святочная карцiна ганебнага выгнання Сцяпана з работы. Вызваленне! Доўгачаканае вызваленне фiндырэктара ад гэтага наслання ў асобе Лiхадзеева! А можа, Сцяпан Багданавiч даб'ецца чаго-небудзь i горшага, чым вызваленне...
- Падрабязнасцi! - сказаў Рымскi i грукнуў прэс-пап'е па стале.
I Варэнуха пачаў расказваць падрабязнасцi. Ледзь толькi ён з'явiўся туды, куды быў накiраваны фiндырэктарам, яго адразу сустрэлi i выслухалi ўважлiва. Вядома, нi ў кога i думкi не было, што Сцёпа можа быць у Ялце. Усе адразу згадзiлiся з меркаваннем Варэнухi, што Лiхадзееў, вядома ж, у пушкiнскай "Ялце".
- Дзе ён цяпер? - перапынiў адмiнiстратара ўсхваляваны фiндырэктар.
- Ну, дзе яму быць, - адказаў з крывой усмешкай адмiнiстратар, натуральна, у выцвярэзнiку.
- Ну, ну! Во, дзякуй!
А Варэнуха працягваў свой расказ. I чым болей ён расказваў, тым выразней разгортваўся перад фiндырэктарам даўжэзны ланцуг лiхадзееўскага хамства i непатрэбшчыны, i кожнае наступнае звяно ў гэтым ланцугу было горшае за папярэдняе. Чаго вартыя былi п'яныя танцы ў абдымку з тэлеграфiстам на траве перад пушкiнскiм тэлеграфам пад нейкi выпадковы валацужны гармонiк! А спроба пабiцца з буфетчыкам у самой "Ялце"? Раскiдванне зялёнае цыбулi па падлозе ў той жа "Ялце". Бiццё васьмi бутэлек белага сухога "Ай-Данiля". Ламанне лiчыльнiка ў таксi, якое не захацела везцi Сцёпу. Пагроза арыштаваць грамадзян, якiя спрабавалi спынiць Сцёпава свiнства. Адным словам, проста жах.