Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Гэта было надвячоркам, у сярэдзiне кастрычнiка. I яна пайшла. Я лёг на канапу i заснуў з незапаленай лямпаю. Прачнуўся я ад адчування, што спрут тут. Вобмацкам у цемры я ледзьве змог запалiць лямпу. Кiшэнны гадзiннiк паказваў дзве гадзiны ночы. Я лёг захварэлым, а прачнуўся зусiм хворы. Я зрабiўся чалавекам, якi ўжо не валодае сабой. Я ўскрыкнуў, у мяне з'явiлася думка ўцякаць да некага, хаця б да майго забудоўшчыка наверх. Я змагаўся сам з сабою, як ашалелы. У мяне хапiла сiлы дабрацца да печкi i запалiць дровы. Калi яны затрашчалi i аж забрыньчалi дзверцы, мне зрабiлася крыху лягчэй... Я кiнуўся ў пярэднi пакой, запалiў святло, знайшоў бутэльку белага вiна, адкаркаваў яе i пачаў пiць вiно з рыльца. Ад гэтага страх крыху прыглух, i, урэшце, я не пабег да забудоўшчыка i вярнуўся назад да печкi. Я адчынiў дзверцы гэтак, што жар пачаў апальваць мне твар i рукi, i шаптаў:

- Здагадайся, што са мной здарылася бяда. Прыйдзi, прыйдзi, прыйдзi!

Але нiхто не прыйшоў. У печцы роў агонь, у вокны лупiў дождж. Тады здарылася апошняе. Я дастаў з шуфляды такiя цяжкiя спiсы рамана i чарнавыя сшыткi i пачаў палiць iх. Гэта страшэнна цяжка рабiць, таму што спiсаная папера гарыць неахвотна. Я, ламаючы пазногцi, раздзiраў сшыткi, ставiў iх памiж паленамi i качаргою разварушваў лiсты. Часам попел перамагаў мяне, душыў полымя, але я змагаўся, i раман з упартым супрацiўленнем усё ж гiнуў. Знаёмыя словы мiльгалi перада мной, жаўцiзна няўмольна паўзла знiзу ўгору па старонках, але словы ўсё ж праступалi на iх. Яны знiкалi толькi тады, калi папера чарнела, i я з лютасцю дабiваў яе.

У гэты час у акно нехта пачаў цiхенька драпацца. Сэрца маё падскочыла, i я апусцiў апошнi сшытак у агонь i падбег адмыкаць дзверы. Цагляныя прыступкi вялi з падвала да дзвярэй на двор. Спатыкаючыся, я падбег да дзвярэй i цiха спытаўся:

- Хто там?

I голас, яе голас, адказаў мне:

- Гэта я.

Не памятаю, як я справiўся з ланцужком i ключом. Як толькi ўвайшла, яна адразу ж прыпала да мяне, уся мокрая, з мокрымi шчокамi i растрапанымi валасамi. Яна ўся калацiлася. Я мог толькi прамовiць адно слова:

- Ты... ты? - i голас мой абарваўся, мы пабеглi ўнiз.

Яна вызвалiлася ў пярэднiм пакоi ад палiто, i мы хуценька ўвайшлi ў першы пакой. Яна цiха ўскрыкнула i голымi рукамi выкiнула з печкi на падлогу апошняе, што там заставалася, пачак, якi ўжо заняўся знiзу. Дым напоўнiў пакой адразу. Я нагамi затаптаў агонь, а яна ўпала на канапу i заплакала адчайна i нястрымна.

Калi яна зацiхла, я сказаў:

- Я ўзненавiдзеў гэты раман, i я баюся. Я хворы. Мне страшна.

Яна ўстала i загаварыла:

- Божа, якi ты хворы! За што, за што гэта? Але я выратую цябе, я цябе выратую! Што ж гэта такое?

Я бачыў яе апухлыя ад дыму i слёз вочы, адчуваў, як халодныя рукi гладзяць мой лоб.

- Я цябе вылечу, вылечу, - мармытала яна i ўпiвалася мне ў плечы, - ты адновiш яго. Чаму, чаму я не пакiнула сабе адзiн экземпляр!

Яна аскалiлася ад злосцi, нешта яшчэ гаварыла незразумелае. Потым сцiснула губы i пачала збiраць i разгладжваць абгарэлыя аркушы. Гэта быў нейкi раздзел з сярэдзiны рамана, не памятаю якi. Яна акуратна склала абгарэлыя лiсткi, загарнула iх у паперу, звязала стужкай. Яна авалодала сабой i дзейнiчала рашуча. Яна запатрабавала вiна, выпiла i загаварыла спакойна.

- Вось як даводзiцца плацiць за хлусню, - гаварыла яна, - i болей я не хачу лгаць. Я засталася б у цябе зараз, але мне не хочацца гэта рабiць такiм чынам. Я не хачу, каб у яго ў памяцi засталося, што я ўцякла ад яго ноччу. Ён нiколi не зрабiў мне нiчога благога. Яго выклiкалi нечакана, у iх на заводзе пажар. Але ён хутка вернецца. Я пагавару з iм заўтра ранiцай, скажу, што я кахаю другога, i назаўсёды вярнуся да цябе. Скажы мне, можа, ты не хочаш гэтага?

- Бедная мая, бедная, - сказаў я ёй, - я не дапушчу, каб ты гэта зрабiла. Мне будзе дрэнна, i я не хачу, каб ты гiнула разам са мной.

- Толькi гэта перашкода? - спыталася яна i наблiзiла свае вочы да маiх.

- Толькi гэта.

Яна страшэнна ажывiлася, прыпала да мяне, абвiла шыю рукамi i сказала:

- Я гiну разам з табою. Ранiцай я буду ў цябе.

I вось апошняе, што я памятаю ў сваiм жыццi, гэта - палоска святла з пярэдняга пакоя i ў гэтай палосцы святла яе лятучую пасмачку, яе берэт i яе поўныя рашучасцi вочы. Яшчэ памятаю яе чорную постаць на парозе ў дзвярах i белы пакунак.

- Я правёў бы цябе, але няма сiлы вярнуцца назад, я баюся.

- Не бойся. Пацярпi некалькi гадзiн. Заўтра ранiцай я буду ў цябе. - Гэта былi яе апошнiя словы ў маiм жыццi. - Цiха, - раптам перапынiў сам сябе хворы i падняў вялiкi палец, - неспакойная сёння месячная ноч.

Ён знiк на балконе. Iван чуў, як праехалi калёсiкi па калiдоры, нехта слаба ўсхлiпнуў цi ўскрыкнуў.

Калi ўсё зацiхла, госць вярнуўся i паведамiў, што 120-ты пакой атрымаў жыхара. Прывезлi нейкага, ён просiць, каб яму вярнулi галаву. Абодва субяседнiкi трывожна памаўчалi, але супакоiлiся i вярнулiся да перапыненага апавядання. Госць толькi адкрыў рот, але ночка сапраўды была неспакойная. Галасы яшчэ былi чуваць на калiдоры, i госць пачаў гаварыць Iвану гэтак цiха на вуха, што тое, што ён расказаў, стала вядома толькi аднаму паэту, за выключэннем хiба толькi першага сказа:

- Праз чвэрць гадзiны пасля таго, як яна пакiнула мяне, мне ў акно пагрукалi...

Тое, пра што расказваў хворы на вуха, вiдаць, вельмi хвалявала яго. Сутаргi час ад часу прабягалi па твары. У яго ў вачах плавалi i ўспыхвалi страх i лютасць. Расказчык паказваў рукою некуды на поўню, якая даўно пайшла з балкона. Толькi тады, калi перасталi чуцца звонку ўсялякiя гукi, госць адхiлiўся ад Iвана i пачаў гаварыць гучней.

- Ага, дык вось, у сярэдзiне студзеня, ноччу, у тым самым палiто, але з адарванымi гузiкамi, я тулiўся ад холаду ў маiм дворыку. Ззаду ў мяне былi гурбы, якiя пахавалi бэзавыя кусты, а наперадзе i ўнiзе - слабенька асветленыя, заштораныя акенцы маёй кватэры, я прыпаў да аднаго з iх, прыслухаўся - у маiх пакоях iграў патэфон. Гэта ўсё, што мне ўдалося пачуць. Але ўбачыць нiчога не мог. Я пастаяў крыху i выйшаў за варотцы ў завулак. У iм гуляла мяцелiца. Сабака, якi кiнуўся пад ногi, спалохаў мяне, i я перабег на другi бок вулiцы. Холад i страх, якiя зрабiлiся маiмi спадарожнiкамi, даводзiлi мяне да адчаю. Iсцi мне не было куды, i прасцей за ўсё было кiнуцца пад трамвай на той вулiцы, куды выходзiў мой завулак. Здалёк я бачыў гэтыя напоўненыя святлом, абледзянелыя скрынкi i чуў iх мярзотны скрыгат на марозе. Але, дарагi мой сусед, уся штука ў тым, што страх валодаў кожнаю клетачкаю майго цела. I гэтак жа, як i сабакi, я баяўся трамвая. Так, горшай за маю хваробу ў гэтым будынку няма, запэўнiваю вас.

- Але ж вы маглi паведамiць ёй, - сказаў Iван, спачуваючы бедалагу, акрамя таго, у яе ж вашы грошы? Яна ж iх, вядома, захавала?

- Не сумнявайцеся, вядома захавала. Але вы, вiдаць, мяне не разумееце? Альбо, правiльней, я страцiў былую здольнасць апiсваць што-небудзь. Мне, дарэчы, не надта гэтага шкада, бо мне болей гэта не спатрэбiцца. Перад ёй бы легла, - госць свята паглядзеў у начную цемру, - легла б пiсьмо з вар'яцкага дома. Хiба ж можна пасылаць пiсьмы, калi ў цябе такi адрас? Душэўнахворы? Вы жартуеце, мой дарагi! Не, зрабiць яе няшчаснаю, на гэта я няздольны.

Iван не змог запярэчыць, але маўклiвы Iван спачуваў госцю, перажываў за яго. А той кiваў ад пакутлiвых успамiнаў галавою ў чорнай шапачцы i гаварыў:

- Бедная жанчына. Дарэчы, у мяне ёсць спадзяванне, што яна забыла пра мяне!

- Але ж вы можаце вылечыцца... - нясмела сказаў Iван.

- Я невылечны, - спакойна адказаў госць, - калi Стравiнскi гаворыць, што верне мяне да жыцця, я яму не веру. Ён гуманны чалавек i проста хоча суцешыць мяне. Не гавару, што мне не палягчэла намнога. Ага, дзе я спынiўся? Мароз i гэтыя лятучыя трамваi. Я ведаў, што клiнiка гэтая ўжо адчынiлася, i праз увесь горад пяшком пайшоў да яе. Вар'яцтва! За горадам я, мабыць, замёрз бы, але выратавала выпадковасць. Нешта сапсавалася ў машыне, я падышоў да шафёра, гэта было кiламетры чатыры за заставаю, i, на маё здзiўленне, ён паспагадаў мне. Машына ехала сюды. I ён павёз мяне. Я адкупiўся толькi тым, што адмарозiў пальцы на левай назе. Але iх вылечылi. I вось чацвёрты месяц я тут. I ведаеце, я зразумеў, што тут даволi добра. Не трэба на многае замахвацца, дарагi мой сусед, дальбог! Я вось, напрыклад, хацеў аб'ехаць увесь зямны шар. Але, аказваецца, мне гэта не суджана. Я бачу толькi маленькi кавалачак гэтага шара. Думаю, што гэта не сама лепшае, што ёсць на iм, але, паўтараю, што гэта не так ужо i дрэнна. Вось прыйдзе лета да нас, на балконе заўецца плюшч, як абяцае Праскоўя Фёдараўна. Ключы далi мне прастору. А ноччу будзе поўня. А, яна ўжо пайшла! Свяжэе. Ноч перавалiла за поўнач. Мне пара.

34
{"b":"125023","o":1}