Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Падахвочаны маiмi доказамi, Грыб згадзiўся пайсцi на хутар.

- Колькi разоў збiраўся перавезцi тое гняздо ў сяло, ды ўсё нiяк не выпадала... Дабяруся-ткi, хоць позна! - гаварыў ён, шпарка шыбуючы па пыльнай дарозе i ўздымаючы з сiвога падарожнiка цэлыя хмары конiкаў i дробных казюлек.

Поле клiнам уразалася ў лес. Мы iшлi мiж высокага жыта, над якiм няспынна, як гiмн шчодрай зямлi, лiўся спеў жаўранкаў. Белыя хмурынкi, нiбы намаляваныя на блакiтным палатне неба, нерухома вiселi над зямлёй. Хутар сустрэў нас свежым подыхам лiсця i цiшынёю.

- Прыгожы куток! - у захапленнi ўсклiкнуў я, адчыняючы рыпучую фортку на двор, абгароджаны свежым жардзём.

Намнога маладзейшая за нас, сiвенькая i згорбленая, Гэлька адразу здагадалася, чаго мы прыйшлi. Нi слова не прамовiўшы, яна паказала рукою на невялiчкi стары хляўчук, што стаяў наводшыбе, у самым бярэзнiку.

Замест дзвярэй уваход быў застаўлены некалькiмi бярозавымi колiкамi. Мы раскiдалi iх i пад цiкаўным позiркам гаспадынi ўвайшлi ў хляўчук...

- Бачыш? - спытаў я ў Лявона, паказаўшы на вялiкага рудога сабаку. Ён спакойна стаяў пасярод хлеўчука, дол якога быў усланы гусiнымi галовамi, i ветлiва, нiбы старым сябрам, ляпаў па баках тоўстым, злiнялым хвастом.

Пасля Гэлька расказала, што Станiслаў амаль штодня прыносiў цэлыя мяхi забiтых гусей i вечарамi цягаў iх на могiлкi, дзе ў кляновым гаi стаяў асабняк "святога айца" Нiкадзiма, мясцовага папа. Грошай яна не бачыла, але сын амаль нiколi не быў дома i прыходзiў заўсёды п'яны...

- Дык чаму ж вы маўчалi? - спытаў я.

- Ён гаварыў, што купляе на папоўскiя грошы ў сяле... I пагражаў, калi скажу каму, звярнуць шыю, - цiшэй дадала жанчына.

- У лесе жыў - воўкам вырас, - панурыўшыся, сказаў старшыня. - Збiрайся, Гэлька, у сяло! Перавязём твой хутар за дзень.

- Хоць сёння, старшынька! - загарэлiся вочы гаспадынi. - Абрыдла мне тут адной...

Услед за Станiславам у горад паляцела паперка з раённага аддзела мiлiцыi...

А на рацэ зноў чуўся голас Лiды, i мне часам здавалася, што ўсё перажытае за гэтыя днi было кароткiм, непрыемным сном.

Я па-ранейшаму вудзiў каля Сомавай завадзi акунёў i слухаў галасы на вадзе. Яны былi знаёмыя, жаданыя.

Радасцю поўнiлiся грудзi ад думак, што цяпер ужо мой адпачынак будзе сапраўдным, нiшто не парушыць яго. Ды жыццё наша ўсё i складаецца з трывог i хваляванняў. Iнакш i жыць было б нецiкава!

Аднойчы вечарам, як заўсёды, бадзёры i радасны, малады душою, вяртаючыся ў хатку бакеншчыка, я заўважыў у ценю вiшнi Стэфу.

Прызнацца, я вельмi баяўся спаткання са Стэфай i як толькi мог асцерагаўся выпадковай сустрэчы з ёю, хоць нiякай вiны перад гэтай жанчынай не адчуваў. Прыход яе мяне ўсхваляваў i насцярожыў...

Хударлявая, з бледна-шэрым тварам i рэдзенькiмi сiвымi валасамi, яна неяк сарамлiва ступiла некалькi крокаў насустрач i ўсмiхнулася. На нейкае iмгненне вочы яе загарэлiся жывым агеньчыкам i тут жа згаслi.

- Ну, здароў быў, Мiкола!..

- Вечар добры, Стэфа, - як мог лагодна прамовiў я i пацiснуў халодную жылiстую руку. - Як жывеш, хвалiся. Табе сёлета, здаецца, пяцьдзесят стукнула?

- Зайшоў бы калi, пацiкавiўся. Цi дарогу забыўся? - не адказваючы на пытанне, загаварыла яна.

- Баюся, што зноў сабаку спусцiце, шляхта недаткнентая! - жартаўлiва адказаў я, ведаючы, што ў нашым узросце нiякiх сардэчных ран ужо не кранеш.

Стэфа засмяялася i махнула рукою:

- Ах, няма ўжо нi шляхты, нi тых сабак... - i раптам спахмурнеўшы: - Цяпер во, чалавеча, людзi, як сабакi сталi... Жартачкi - сто гусей перадушыў, iдал.

Яна з усёй шчырасцю i мацярынскай любоўю гаварыла пра Лiду, якую я выратаваў ад "iдала".

- Ты вярнуў мне дачку, Мiкола... Я ж была згубiла яе.

- Як гэта?

- Паспрачалiся мы з-за таго лайдака Станiслава. Пойдзеш, кажу, за яго - не называй маткай... Дык яна, бач, пакрыўдзiлася i збегла з хаты да Iвана. Плакала, казаў той... А цяпер памiрылiся. Усё цябе ўспамiнае дзень пры днi... Зайшоў бы, га?

- Не кiнулi сваiх шляхецкiх прывычак аддаваць замуж не за таго, каго выбiрае сэрца? Успомнi, Стэфа, сябе, - асцярожна намякнуў я.

- Ты ж сам засцярог яе, Мiкола... Мне Лiда ўсё расказала. Усё - разумееш?

Я разумеў. Глядзеў на Стэфу i думаў: "Засцерагчы дзяцей хiба не наш святы абавязак?"

- Сёння зайду, суседачка, - сказаў я на развiтанне. Потым доўга глядзеў ёй услед. Калi тое было, што яна iшла ад мяне, а я вось гэтак глядзеў ёй услед i слёзы засцiлалi вочы?

I здалося, што згубiў я сваю маладосць i сваё першае каханне толькi сёння...

1959 г.

4
{"b":"124663","o":1}