Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- А браточкi вы мае! Ды куды мне ў партызаны? Сямёра дзетак ды вунь восьмае, бог дасць...

Гэлька - худая, замучаная працай жанчына з вялiзным жыватом - упраўлялася каля печы, а вакол яе, басаногiя i брудныя, нiбы тыя птушаняты, наперабой пiсклявiлi малыя:

- Мне-е, персы блiн!

- А вот - мне...

- Мне-е...

Не жыў Лiс, як людзi, i памёр па-воўчаму...

У нябожчыка леснiка было ў лесе многа пчалiных калод на дрэвах. Аднойчы восенню задумаў Лiс паласавацца мёдам, але не так, як гэта робяць людзi, а па-звярынаму. Скiне калоду на зямлю, загубiць пчол i абрабуе вулей да апошняга. Ды на трэцiм дрэве завяз так, што ледзь знялi яго. Гэта было страшнае вiдовiшча...

Метраў на пяць ад зямлi хвоя раздвойвалася. Гонкiя два ствалы былi нацэлены ў самае неба, i там, мiж верхавiн, чарнелi аж дзве калоды. Як здарылася, што здаравенны дзяцюк трапiў галавой мiж ствалоў, нiхто не бачыў i не ведае.

Лiс вiсеў, абхапiўшы рукамi i нагамi шурпаты камель сасны, а галава яго звiсала з другога боку. Здавалася, ён задушыўся ў той момант, калi рабiў апошняе намаганне, каб вызвалiць галаву з пасткi, якую ўгатавала яму сама прырода. Ды так i не вызвалiў. Трое мужчын ледзь здолелi разняць яго здубянелыя рукi i ногi...

А мо былi суддзямi над тым жорсткiм чалавекам самi пчолы, як гаварылi пасля ў сяле? Твар Лiса распух, але цяжка было сказаць, што прычынай гэтага было маленькае чорнае джала, якое паказвалi тады адзiн аднаму людзi...

Я не любiў Станiслава. Ён нагадваў бацьку i выклiкаў у мяне непрыемную асацыяцыю. Ад адной думкi, што гэты хлопец сядзiць на беразе побач з прыгажуняй Лiдай, бура пратэсту паднялася ў маiх грудзях. Я ўспомнiў Стэфу. Яе дачка такая ж бязвольная, як i яна. Дык няўжо i яе напаткае лёс мацi?..

- Паедзем адгэтуль, Лёдзя, - сказаў ёй неяк Станiслаў. - Навошта табе, маладой, гiнуць тут, ля гусей?

- Адчапiся, нiкуды я не паеду. I цябе не пушчу, Стасiк. Браў бы вунь машыну ды, як людзi... Учора яшчэ адну новенькую прыгналi. Глядзi - i на гэтую шафёр знойдзецца.

- Ха! У наш век спадарожнiкаў i касмiчных караблёў ды працаваць у калгасе? Смяешся ты... Я - шафёр першага класа! Мне легкавушку падавай, вось як!..

- Хочаш пакiнуць мяне?

- Прыедзеш услед...

- Не паеду я, Стась.

- А я зраблю так, што паедзеш!..

- Стыднiк... Стась! Пусцi, Стась... Што ты робiш, здурнеў?.. Пус...

Напружана ўслухоўваюся ў цiшыню - больш нi гуку. Што за лiха? Чаму яны не гавораць? Было такое ўражанне, быццам усё, што чуў дагэтуль, здалося. "Ну, гаварыце, гаварыце ж вы там!" - хацелася крыкнуць мне. I не ў сiлах больш стрымаць свайго трывожнага нецярпення, хуценька сабраў вуды i падаўся да павароту, дзе, як я ведаў, была тады Лiда...

Дзяўчына сядзела, звесiўшы з абрыву босыя загарэлыя ногi, i адзiн за адным кiдала ў ваду каменьчыкi, якiх багата валялася на пясчаным беразе. Твар сумны, задумлiвы. Станiслава побач не было. Цi прыходзiў ён наогул? Гледзячы на дзяўчыну, на яе старанне пацэлiць каменьчыкам у жука, якога закруцiў вiр, цяжка было сказаць што-небудзь пэўнае.

- Дзень добры, Лiда! - памятаючы, як далёка чуваць галасы на вадзе, цiха прывiтаўся я.

Яна ўзняла галаву i ажыўлена адказала:

- А-а, дзядзька Мiкола! Дзень добры... Я вас бачыла. Вуу-нь там, каля Сомавай затокi вудзiлi. Усяго тры акунi? Чаму так мала?

- Не бярэцца сёння...

Я не ведаў, як трымаць сябе, аб чым гаварыць. I ўжо шкадаваў, што паспяшыў з вынiкамi.

У гэты момант пачуўся плёск, нiбы хто кiнуў у раку камень.

- Знайшоў! - радасна ўсклiкнула Лiда i, развёўшы рукi, паказала: - Вось такая галава! Яна схапiла жука...

- А вось мы зараз зловiм такую галаву! - рады выпадку пабыць з Лiдай, сказаў я i з небывалай жвавасцю для маiх год пачаў вудзiльнам збiваць з нiжнiх галiн бярозы майскiх жукоў. Яны падалi на зямлю, як нежывыя, - санлiвыя i лянiвыя.

Зняў з вуды тонь, пачапiў на кручок за жывоцiк жука, закiнуў на сярэдзiну i сеў побач з Лiдай.

Яна зiрнула туды, гарэзлiва кiнула каменьчыкам у жука.

- Э-э, так мы нiчагусенькi не зловiм, - усмiхнуўся я, бясконца рады добраму настрою Лiды.

- Зловiм... Я тут заўсёды што-небудзь кiдаю ў ваду ад свайго полудня. Рыба прывыкла: як кiнеш - адразу ляцiць навыперадкi...

Лiда зноў кiнула каменьчык. I дзiва! Амаль у тую ж хвiлiну з цiхiм плескам жук схаваўся пад вадою. Папускаў, пакуль вуда не нацягнулася, як струна. Рыбацкi азарт вярнуўся да мяне...

- Падай падсак, Стэфа!

I вось ужо тоўсты прыгажун язь трапечацца на гарачым пяску.

- Вы назвалi мяне Стэфай... Чаму? - раптам спытала Лiда, уважлiва паглядзеўшы на мяне глыбокiмi, цiкаўнымi вачамi, нiбы iмкнучыся разгадаць маю думку.

- Ты проста вельмi падобная на мацi... Вось дык лiха! Як гэта я загаварыўся? Нават давялося крыху пачырванець.

- Мама, кажуць, была вельмi прыгожай. Цi праўда?

- Ого!..

- А цяпер... Няўжо i я такая калi-небудзь стану?

У глыбокiм задуменнi Лiда падняла рыбiну з зямлi i дзьмухнула ў адкрыты рот. Язь нiбы ачнуўся ад сну, пачаў кiдацца i вырваўся з рук дзяўчыны.

- Дык ты вазьмi язя на вячэру. Недарма ж адкармiла такога!

- Дзякую... Ён, мусiць, кiлаграмы са два будзе.

- Дзiва што...

Чаму назваў яе Стэфай...

...У той незабыўны лiпеньскi вечар, калi "пан" Альшэўскi спусцiў на мяне з ланцуга сабаку i, такiм чынам, назаўсёды адрэзаў шлях у iх дом, я зразумеў, што Стэфа нiколi не будзе маёй...

У прызначаны час, калi стары ўжо спаў, яго дачка сядзела са мною ў лодцы. Калi б я тады сказаў Стэфе прыйсцi на могiлкi, ад аднаго ўспамiну аб якiх дзяўчыну ахоплiвала жудасць, то яна, не задумаўшыся, прыйшла б...

Мы плылi па азёрах у млечным тумане цёплай ночы i абое маўчалi. Прыгожая была тая ноч! Дзiўны светла-блакiтны месяц ныраў мiж белых хмурынак; лёгкi вецер шапацеў лiсцем ракiт на берагах, пахла сенам, насцеленым у лодцы; як нiколi, энергiчна i гучна квакалi жабы; дзесьцi цяжка прапыхкаў буксiр, цягнучы ў вярхоўе нагружаныя баржы...

- Усё роўна не пайду за Пятра! - раптам парушыла маўчанне Стэфа. - Лепш у вiр галавою...

Дык вось што! Стэфу, значыць, сабралiся выдаць замуж па старому звычаю за каго хочуць бацькi...

- Чаму маўчала дагэтуль? - са злосцю спытаў я.

- Баялася...

- Цяпер пасмялела...

Шкада мне было дзяўчыны. Я-то ведаў, што кахала яна шчыра, аддана, i варта было мне адважыцца, як Стэфа адразу стала б маёй...

Доўгая была тая ноч i вельмi кароткая. Колькi думак, колькi хваляванняў дала яна мне - i нi кроплi смеласцi!

- Аддадуць цябе за таго... Пятра, - уздыхнуў я перад самым свiтаннем. Дзiкiя законы ў вашай праклятай шляхты!

Стэфа прыпала тварам да маiх грудзей i шапнула:

- А мы абыдзем тыя законы...

Гарачая, трапяткая, бязвольная, яна закiнула галаву i заплюшчыла вочы чакала...

- Стэфа, Стэфачка... любая!

Яе бледны ад месячнага святла твар на ўсё жыццё застаўся ў маёй памяцi...

Больш я Стэфу не бачыў.

Яна не кiнулася ў раку, а жыла сабе з невядомым мне Пятром недзе ў другiм месцы. Ды жыла нядоўга: ужо на трэцi год, як я пасля даведаўся, Стэфа вярнулася ў наша сяло ўдавою, з дзяўчынкай на руках, Лiдай...

...Лiда пайшла адганяць ад пожнi гусей. Колькi iх тут? Пэўна, некалькi тысяч. Яны вунь i на азёрах, як вялiзныя белыя лiлii, яны i на лузе бялеюць, нiбы купiны, пакрытыя снегам, яны аж пад лесам, у хмызняку - усюды!

Гляджу на яе хаду, постаць i жыву яе маладосцю.

Да чаго ж здорава, да чаго шчодра надзялiла прырода гэты куток! Моцна, аж галава кружыцца, пахне лугавымi краскамi. I адзiная хатка бакеншчыка на беразе, дзе я спынiўся на адпачынак, i стромкi бор, за якiм схавалася наша сяло, i рака з яе незлiчонымi азёрамi мiж бясконцых лугоў, i сiняе неба над галавою - усё тут адметнае, асаблiвае, бо хвалюе яно мацней, чым любыя iншыя мясцiны, якiх нямала ў жыццi мне давялося пабачыць.

2
{"b":"124663","o":1}