Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Даруй, Сярожа, i не злуй на мяне за ўсё тое, што было.

- Я не злую. Я радуюся, што ты мяне i цяпер кахаеш.

- Дык iдзi ж хутчэй на праўленне, каб цябе там доўга не чакалi. А як вернешся, дык заходзь абавязкова да мяне. Я цябе буду чакаць.

Сяргей нiчога не адказаў на Вольчына запрашэнне.

Нейкае дзiўнае адчуванне было ў Сяргея, калi ён выйшаў з пасяджэння праўлення. Нiбы ён толькi што перажыў буру, якой трошкi спалохаўся, але якая не зламала яго, а, наадварот, мацней паставiла на ногi. Як толькi Сяргей перайшоў калгасны двор i выйшаў на дарогу, у месячным святле перадвясновай ночы ён убачыў на дарозе чалавечую фiгуру. Марозiк нанач узяўся быў добры, i дарога падшэрхла, снег ужо не рассоўваўся пад нагамi, затое ногi коўзалiся па ўезджанай каляiне. Таго чалавека, што iшоў уперадзе, нiбы кiдала на ўхабы, ён спатыкнуўся i нават адзiн раз упаў рачкi. Наблiзiўшыся, Сяргей пазнаў у тым чалавеку Мiтрафана Гарлача. Хацеў абмiнуць, каб не сустрэцца з iм, але другой дарогi не было, а па цалiку iсцi не хацелася, i Сяргей вырашыў: "Лiха з iм, даганю, абмiну i пайду сваёй дарогай".

Аднак, як толькi Гарлач пачуў за спiной крокi, ён абярнуўся i нiбы ўзрадаваўся.

- Дык гэта ты, браце, з праборкi iдзеш? Чуў я, чуў, што цябе прабiралi сёння. Я даўно хацеў цябе бачыць, - заiкаючыся гаварыў Гарлач.

- Нашто я табе? Хiба разам выпiць?

- А хоць бы i выпiць разам. Ты ж ад мяне цяпер недалёка адскочыў. Цябе ж Парасачка прычаравала не толькi да Гарпуськi, але i да бутэлькi.

- Што ты вярзеш? - зазлаваў Сяргей.

- А тое вярзу, што добра ведаю... Так што мы цяпер з табой, браце, аднаго поля ягады. Толькi я не намоўленую гарэлку п'ю, а чыстую... А ты намоўленую, настоеную на Аўдолiным карэннi. Ды мне цяпер зрэшты ўсё адно: я цяпер гол як сакол i адзiн, як вось гэты палец. - Гарлач выставiў, як пiку, указальны палец, нiбы ён хацеў iм каго праткнуць. - Праз цябе мяне з брыгадзiрства скiнулi. Жонка ад мяне ўцякла. Дык што мне, гуляй ды гарэлку куляй. Дык я i куляю.

Сяргею абрыдла гэтае п'янае Гарлачова трызненне, але яму рупiла даведацца, што гэта ён такое плявузгае пра намоўленую гарэлку, i ён, выбраўшы момант, калi Гарлач крыху збiўся з гаворкi, спытаў:

- Дык пра якую ты намоўленую кажаш?

- А ты хiба не ведаеш, дзiвак-чалавек...

I Гарлач, вiляючы языком, як нагамi, расказаў Сяргею, як ён падглядаў у Аўдолiна акно, калi да знахаркi ў хату прыходзiла Параска.

Хлопцу не хацелася верыць, але i не даваць Гарлачу веры не было як вельмi ж усё супадала з тым, што было, i Сяргей хутчэй для таго, каб не паказаць сябе прастаком у вачах Гарлача, чым апраўдаць Гарпусьчыну мацi, са злосцю выгукнуў:

- Брэшаш ты, як той сабака.

- На, во, не брашу, - i Гарлач перахрысцiўся, ад чаго ён Сяргею здаўся яшчэ больш агiдным. - Далiбог, не брашу.

А на раскрыжаваннi дарог - гэта было вiдаць здалёк - хтосьцi сюд-туд хадзiў. Сяргей здагадаўся, што там чакала яго Гарпуська, i сказаў Гарлачу:

- Дык iдзi, вунь яна цябе чакае. Яна табе акурат пара, - i, не развiтаўшыся са спадарожнiкам, папраставаў па цалiку на святло вокан Вольчынай хаты. Зашэрхлая за вечар скарынка снегу ламалася пад нагамi, але iсцi было лёгка. Агеньчык клiкаў, вабiў да сябе.

Узрушаная, заплаканая Гарпуська вярнулася дадому без Сяргея. На стале стаяла тая ж цёмная бутэлька першаку. Яна са злосцю схапiла са стала бутэльку i з усяе сiлы шыбанула ў куток. На ўсю хату разляцелiся пырскi самагонкi, друзачкi шкла. Ад стуку прачнулася на печы Параска.

- Што ты там б'еш, вар'ятка?

- Пляшкi твае б'ю, каб тут i заводу i смуроду iх не было.

Гарпусьцы пачулася, што пад вулiчнымi вокнамi нехта тупае. Яна прыпала да халоднай шыбiны. Дзяўчына не трацiла яшчэ надзеi на прыход Сяргея. На момант здалося, што чутны яго крокi пад вокнамi. Каб яна лепш прыслухалася, то распазнала б, што гэта шумеў, скробся ў другое акно голлем стары вяз.

1956 г.

6
{"b":"124347","o":1}