Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вядома, Гарпуська яшчэ не бачыла ў Сяргеевых вачах таго бляску, той радаснай усмешкi, якiя адны могуць пасведчыць, што гэты чалавек не можа ўжо не зайсцi. Яна сама сабе падумала: "Няхай ён толькi адзiн раз прыйдзе, а там паглядзiм, не можа быць, каб на другi адмовiўся".

Сяргей увайшоў у кантору калгаса, калi ўжо запалiлi святло. Пры сценах вялiкага пакоя, хто на ўслонах, а хто на крэслах, сядзела нямала людзей. Каб з усiмi не здароўкацца i не займаць увагi занятых людзей, ён, пакланiўшыся, даў усiм "добры вечар" i прысеў у кутку, дзе было вольнае месца. Старшыня, як толькi ўбачыў Сяргея, ледзь прыкметна ўсмiхнуўся:

- От добра, што вы, Сяргей Антонавiч, з'явiлiся.

I ўсё гэтае: тое, што старшыня сказаў "от добра", i асаблiва тое, што яго амаль упершыню назвалi па iмю i па бацьку, выклiкала ў Сяргея пачуццё павагi да самога сябе. Ён адчуў, што яго лiчаць за сталага чалавека. А старшыня тым часам гаварыў далей:

- Мы тут на праўленнi, Сяргей Антонавiч, хочам папрасiць вас, каб вы сталi за брыгадзiра ў Ямiшчы. Я думаю, што вы не адмовiцеся i здолееце вывесцi брыгаду з таго рэзруху, у якi яна трапiла праз ласку Мiтрафана Гарлача.

Сяргей не ведаў, што адказаць на старшынёвы словы. Яму хацелася крыкнуць па-салдацку: "Ёсць вывесцi", але ён стрымаў сябе. Трэба было сабрацца з думкамi. Нечаканае давер'е акрыляла яго, але недзе ў глыбiнi свядомасцi бiлася, як маленькая крывавая жылка, думка: а цi здольны я на ўсё гэта? Сяргей сказаў:

- Хто яго ведае, можа я яшчэ малады для такой справы?

- Маладосць - не загана, а вялiкi плюс чалавеку, толькi от каб яна на пляшку не спатыкалася, - сказаў нехта з праўленцаў.

З пасяджэння праўлення Сяргей выйшаў не тое каб чым узрушаны. Не! Нейкi спакойны, роздум яго вёў у поле на ямiшчынскую дарогу.

У Ямiшча Сяргей прыйшоў апоўначы. Яму хацелася з кiм-небудзь пагаварыць, параiцца. Ён нават падумваў, цi не зайсцi да Гарпуськi, але ўжо было позна, i Сяргей вырашыў перадумаць усё гэта сам-насам. Як толькi ён увайшоў у вулiцу i параўняўся з Вольчынай хатай, ляснуў слясак брамкi, i перад iм вырасла, нiбы з-пад зямлi, Волька.

- Дзе гэта ты так позна ходзiш? - запыталася яна.

- Я-то хаджу вядома дзе. А вось ты чаго гэтак позна не спiш? Цi не з Чыгараўцом шулы абцiрала?

- А хоць бы сабе i з Чыгараўцом, дык што табе да таго?

- Нiчога я не маю. Забаранiць не магу, не маю нiякага права, - адказаў Сяргей.

Волька пачула ў яго голасе ноткi нейкага смутку, шкадавання. I ўжо ў наступны момант яна нават сама не памятае, як кiнулася да хлопца i ледзь не загаласiла:

- Сярожка, мой родненькi, даруй.

- Што табе дараваць, што гэтак позна гуляеш?

- Не! Я не гуляла, я цябе чакала. Я ведала, што ты пайшоў на праўленне.

- Дарэмна чакала. Трэба было два гады назад чакаць, дык пэўне б дачакалася.

- Дык я ж...

Але Сяргей i слухаць не захацеў Вольчынага апраўдання. Ён абыякава сказаў:

- А цяпер Чыгараўца чакай, ён абавязкова прыйдзе.

- А ты ўжо да тае перастаркi бяжы. Знайшоў шчасце...

- Я яго яшчэ i не шукаў. Мне цяпер не да вас, - груба адказаў Сяргей i хутка пайшоў да сваёй хаты. Волька гэтак i засталася ля бацькавага шула ў сваёй роспачлiвай адзiноце. Сяргей нават нс азiрнуўся, бо вельмi ж была балючай i зацятай тая злосць, якая аж два гады спела ў ягоным сэрцы.

Новы брыгадзiр Сяргей шчыра ўзяўся за справу. У рабоце ён не ведаў упынку. Пасля таго як з поля была сабрана збажына, яно было ўсё ўзарана на зяблiва. Азiмiну пасеяла брыгада першай у калгасе. Цяпер iшла апрацоўка льну. Не толькi каля сушылкi працаваў iльноапрацоўчы агрэгат, - сакаталi цернiцы i пад паветкамi ў дварах. Амаль палавiну вылежанай трасты раздалi па хатах, каб хутчэй пацерцi яе i здаць дзяржаве валакно. Старшыня калгаса ды i ўсе людзi не маглi нахвалiцца новым брыгадзiрам. Толькi Гарпуська крыўдавала на Сяргея: колькi разоў нi запрашала зайсцi пасядзець у хату, ён чамусьцi стараўся абмiнаць Гарпусьчын двор. Сяргей не разумеў, што яго не пускала адчынiць дзверы Гарпусьчынай хаты. Мусiць, тое, што недзе ў глыбiнi душы тлела, як непатушаны вугольчык, пачуццё да Волькi. Волька, вядома, i маладзейшая i прыгажэйшая за Гарпуську. Яна яму больш падабаецца. Але ж вось гэты Чыгаравец, як тая стрэмка, улез у яго пачуццi да Волькi i коле тупым болем.

Гэтак думаючы, Сяргей аднаго разу ў нядзелю выйшаў на свiтаннi з хаты i прысеў на лавачцы каля паркана. На вулiцы была тая восеньская цiшыня, якую толькi парушае шорах пажоўклага лiсця. Сяргею добра было пасядзець, падумаць, памарыць на адзiноце. Аднак яго ўвагу прыцягнулi пеўнiкi, якiя, прабуючы яшчэ неўсталяваныя маладыя галасы, аж заходзiлiся ад крыку. Сяргей пацяшаўся з iх курынага блазенства. Раптам ён убачыў, як два гэткiя падшывальцы, у якiх яшчэ нават грабянi не паадрасталi, пагналiся за белай курыцай. Тая спачатку кiнулася наўцёкi, а потым спынiлася. Пеўнiкi, дабегшы да яе, счапiлiся бiцца. Гэтак яны счубiлiся, што ў белага аж кроў выступiла з грэбеня. Сяргей узяў з зямлi каменьчык i шпурнуў у пеўнiкаў.

- Акыш вы, дурнi гэтакiя, - крыкнуў ён.

Сяргей заўважыў, што тая курыца, з-за якое бiлiся пеўнiкi, крыху воддаль спакойна грэблася, не звяртаючы нiякае ўвагi на забiякаў. Яму чамусьцi прыйшла на памяць Волька. "Яна таксама, мусiць, чакае, што мы з Чыгараўцом паскрываўлiваем сабе насы. Але гэтага не будзе", - падумаў ён i тут жа вырашыў схадзiць да Гарпуськi. Яна ж столькi разоў запрашала. У апраўданне самога сябе ён прыдумаў i прычыну: пайду i скажу, каб заўтра яна не iшла церцi лён, а памагала старым жанчынам упарадкаваць ссечанае качанне капусты.

I ў той жа дзень падвечар, апрануты па-святочнаму, Сяргей бразнуў веснiчкамi Гарпусьчынага двара. Перш за ўсё яму кiнулася ў вочы, што старая Параска несла з лесу праз агарод ладную ношку сушняку. Сяргею аж шкада стала старой. Ён пачакаў, калi яна ўвайшла ў двор, i пачаў яе дакараць:

- Дык хiба ў нас ужо i коней няма, што на сабе гэтакi цяжар носiце?

- Я ж не кажу, што няма. Але хiба ж дапросiшся таго каня. У вас жа ва ўсiх, мусiць, адна завядзёнка - хочаш каня, дык нясi паўлiтра.

Сяргея гэта балюча ўразiла. Ён жа яшчэ нi ў кога i нiколi не браў нiчога за каня. Гэта ўсё за старыя Гарлачовы грахi яму даводзiцца выслухоўваць недарэчныя дакоры. Але Сяргей не стаў апраўдвацца. Ён, нiбы не пачуўшы таго, што сказала старая, спытаў у яе:

- А Гарпiна дома?

- Мусiць жа, дома, хто яе ведае.

Гарпуська не ведала, дзе пасадзiць Сяргея. Яна бегала, мiтусiлася па хаце. А Сяргей таксама не ведаў, чым апраўдаць свой прыход у хату.

- Ты заўтра, Гарпiна, паможаш старым упарадкоўваць ссечаную капусту, амаль афiцыйна сказаў ён Гарпусьцы.

- Дык яшчэ ж лёну вунь колькi, - паспрабавала запярэчыць дзяўчына.

- Нiчога, ён нiкуды не ўцячэ, а капусту трэба хутчэй у горад адпраўляць.

Тым часам у хату ўвайшла цётка Параска. Яна скiнула суконны мужчынскi пiнжак i прысела на лаву. Доўга старая ўглядалася ў Сяргея. Потым кiнула позiрк на дачку i заўважыла ў яе ў вачах той ледзь прыкметны бляск, якога даўно ўжо не бачыла. Спрактыкаванае матчына вока заўважыла Гарпусьчына хваляванне. Праўду сказаць, i ёй, Парасцы, падабаўся гэты хлопец. Мiкiта Чурак гэтаму i ў падноскi не варты. Калi Сяргей пачаў збiрацца з хаты, дык i старая ўжо не змоўчала:

- Куды гэта ты так спяшаешся? Пасядзеў бы ў нас. Можа б i папалуднаваў у нашай хаце?

- Няхай другiм разам, а цяпер мне яшчэ трэба зайсцi да сяго-таго, схлусiў Сяргей, крадком пазiраючы на Гарпуську. Яна яму падабалася. Круглаваты твар яе вельмi пасаваў да мужнай прысадзiстай постацi. Толькi от нос нечага завастрыўся, аблузаўся за лета на сонцы. Дык гэта нiчога - за зiму ён стане як мае быць. Сяргей нават здзiвiўся, чаму гэта ў апошнi час хлопцы пачалi абмiнаць Гарпуську. Яна ж не такая яшчэ i старая, што некаторыя яе перастаркай завуць. Гэта ўжо, вiдаць, напасць на дзяўчыну. Ён наважыў неяк зблiзiцца з Гарпуськай, няхай што сабе там нi кажуць на яе. Праўда, ён пакуль яшчэ i сам не мог разабрацца ў сваiх пачуццях - цi то сапраўды ў яго ўзнiкае каханне да Гарпуськi, а можа проста хочацца пазаляцацца да яе на злосць Вольцы. Няхай яна адчуе яго пагарду.

3
{"b":"124347","o":1}