Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Пачастунак цягнуўся парадкам часу. Сяргей добра-такi захмялеў. Параска заўважыла гэта i паспяшалася развiтацца, каб не замiнаць сваёй прысутнасцю маладым.

- Дык вы тутака, дзеткi мае, пасядзiце сабе, а я палезу на печ. Мне, старой, адно на печы грэць плечы, а вам, маладым, мiлавацца ды жыццём любавацца.

Але Параска не заснула на гарачай чарэнi. Яна раз-поразу паглядала праз зашыек печы на дачку з Сяргеем. А каб яны нiчога не падумалi i не саромелiся старой, дык нават для прылiку храпанула гэтак, што на ўсю хату было чутно. П'янаваты Сяргей асмялеў. Ён схапiў Гарпуську ў свае дужыя хлапечыя рукi i пачаў цалаваць. Яна кволенька вырвалася, хоць у самой сэрца, як той драбок цукру ў цёплай вадзе, раставала ад Сяргеевых абдымкаў i пацалункаў.

- Сярожка, родненькi, не трэба гэтак, а то ж мацi яшчэ, мусiць, не спiць, - млява казала Гарпуська.

- Спiць, ужо спiць. Яна ж храпла ўжо, - канчаткова асмялеў Сяргей.

Ён зноў абдымаў i цалаваў Гарпуську, i яна ўжо не вырывалася i не абаранялася.

А Параска i на волас яшчэ не заснула, яна крадком глядзела на доччына шчасце. Яе старое, счарсцвелае за доўгiя гады жыцця сэрца нiбы памаладзела i соладка калацiлася, ледзь не выскакваючы з грудзей. Яна ўспамiнала сваю маладосць, Свiрыда, яго моцныя, як абцугi, абдымкi. Ёй хацелася заспяваць ад гэтых пачуццяў, але яна маўчала i толькi думала сама сабе: "Праўду-такi казала старая Аўдоля, што ад яе прывароту нiводзiн яшчэ не выкручваўся". Параска чула з печы, як, праводзячы Сяргея, Гарпуська казала яму:

- Ты ж, Сярожка, i заўтра прыходзь, пахмелiшся, а то галава будзе балець.

- Прыйду, абавязкова прыйду.

На другi дзень Сяргей сапраўды прачнуўся з болем галавы. Яму хацелася пахмялiцца, але ён не адважыўся ўдзень iсцi да Гарпуськi. Сёння ён не мог нiяк звесцi канцоў з канцамi. Калi б ён шчыра сам сабе прызнаўся, дык Гарпуська не вельмi яму падабалася. Каб тое, што адбылося ўчора, было з Волькай, дык ён бы надта шчаслiвы быў. Але яна ж адвярнулася ад яго. Што яна знайшла ў тым Чыгараўцу?

Волька таксама не ведала, што яна знайшла ў Чыгараўцу. Каб Сяргей увесь час быў дома, дык яна б i не падумала пра Чыгараўца. Мусiць, праўда ў той прыказцы гаворыцца: "З воч далоў i з сэрца прэч". Не, Волька не выкiнула канчаткова з сэрца Сяргея. Ён, можа, большае месца займае ў iм, чым той Чыгаравец, аднак тая правiнка, якую яна дапусцiла па дзявочай легкадумнасцi два гады назад, не дае спакою, перашкаджае адкрыць перад Сяргеем тыя, ужо трохi астыўшыя пачуццi. Але варта было паднесцi да iх хоць iскарку, яны б загарэлiся зыркiм полымем. Толькi Сяргей чамусьцi не хацеў кiнуць гэтай iскаркi. Наадварот, ён стараўся быць далей ад Волькi. Яму балюча было перажыць знявагу пачуццяў.

Усю зiму Сяргей па два, тры разы на тыдзень заходзiў да Гарпуськi. I кожны раз на стале з'яўлялася тая ж цёмная бутэлька з першаком. Сяргей сам не заўважыў, як гэты пяршак пачаў уваходзiць у яго жыццё.

Гарпуська таксама бачыла, што Сяргей усё больш i больш уцягваецца ў п'янства, але яна ўжо нiчога не магла зрабiць. Дзяўчына думала, калi яны пажэняцца, дык тады, гэтак жа як i прывучыла, яна адвучыць яго ад гарэлкi.

Прачынаючыся ранiцай, Сяргей перш за ўсё думаў, дзе б перахапiць якую чарку. У Ямiшчы нiхто i не думаў частаваць Сяргея. Людзям Гарлачова чарка стаяла ўпоперак горла, i яны баялiся прынадзiць новага брыгадзiра. А яно вунь як павярнулася: Гарпуська прывучыла брыгадзiра заглядаць у рыльца бутэлькi. А Сяргей сам не мог нiяк зразумець, як гэта сталася. У апошнi час ён менш пачаў цiкавiцца справамi брыгады: яны апастылелi яму. Ён шукаў нечага ўзвышанага i знаходзiў яго ў Гарпусьчынай хаце. У гэтую пару ў брыгадзе iшла ачыстка насення, рамонт iнвентару да веснавой сяўбы, але, дзiва дый годзе, Сяргея ўсё гэта мала цiкавiла. Людзi казалi яму:

- Дык што гэта ты, Сяргей, па Гарлачовай сцежцы надумаў iсцi?

Ён не адказваў на гэтае непрыемнае запытанне, стараючыся быць далей ад людзей. Калi раней Сяргею хацелася быць сярод калгаснiкаў, гаварыць, раiцца з iмi, дык цяпер ужо ён абыходзiў iх, а ў вольную часiну бег да Гарпуськi. Старая Параска гэтак i парашыла ўжо, што неўзабаве Сяргей стане сем'янiнам у яе хаце. Яна ўпотай ад дачкi рыхтавалася да вяселля. Сяргей хадзiць хадзiў, а пра тое, каб жанiцца, i не заiкаўся. Гэта вельмi непакоiла Параску. Аднойчы, калi Сяргей сядзеў п'янаваты за сталом, старая вымавiла:

- Дык вы ўжо бралiся б, чаго гэта вам людзей смяшыць. Хоць бы людзi перасталi языкамi мянцiць.

Параска чакала Сяргеева адказу, а ён быццам i не чуў яе гаворкi. Затое адказала Гарпуська:

- Вы б, мама, маўчалi. Гэта не вашай галавы клопат.

Параска хоць i пакрыўдзiлася на дачку за такi адказ, але пастаралася зрабiць выгляд, што не чула яго. Сама ж падумала: мусiць, яны ўжо самi дамовiлiся аб усiм. I Параска ў думках падзякавала Аўдолi за яе той прыварот.

Прадвеснем у Ямiшча прыехаў старшыня калгаса Варакса. Яго занепакоiла тое, што Сяргей, на якога ён ускладаў гэтакiя надзеi, зараз збiўся з панталыку, i брыгада зноў пачала таптацца на адным месцы. З брыгадзiрам старшыня гаварыў не так, як раней. Не было той шчырасцi, цеплынi, а, паадварот, была нейкая колкая спагада i дакорлiвасць. Сяргей не мог глядзець у вочы старшынi i ўсё стараўся, каб не сустрэцца позiркамi. Напаследак Варакса афiцыйна сказаў:

- Заўтра, таварыш Андрэйчык, прыходзьце на праўленне, будзе сур'ёзная гаворка.

З нейкай неўтрапёнай трывогай Сяргей чакаў вечара. Яму здавалася, што гэты вечар скiне з яго цяжар няпэўнасцi, здранцвення думак, i таму, як толькi пачало змяркацца, ён выйшаў на дарогу. Сонца за дзень падтапiла снег, i дарога была як пасыпаная соллю. Снег пад нагамi раз'язджаўся, i iсцi было нялёгка. Як толькi Сяргей выйшаў за вёску, ён убачыў чалавечую пастаць, якая iшла па дарозе яму насустрач. Здалёк ён не мог пазнаць, хто гэта такi. Толькi калi постаць наблiзiлася, Сяргей пазнаў Вольку. Яму не хацелася сустракацца з дзяўчынай. Таму ён наважыў з ходу размiнуцца з ёй i пайсцi сваёй дарогай.

Волька першая зачапiла Сяргея.

- Куды гэта ты, Сяргей, насупраць ночы? - спытала яна.

- На праўленне выклiкаюць.

- Навошта цябе на тое праўленне выклiкаюць?

- Не ведаю...

- Кажаш, не ведаеш? А я ведаю... Эх ты, Сярожа, куды ты зайшоў, куды цябе завяла Гарпуська? На што ты паквапiўся? Можа на хату, на багацце яе? У прымакi, можа, захацеў?

- Маўчы! - крыкнуў Сяргей. - Не я, а ты вiнавата!

Волька страпянулася, нiбы тая птушка, што трапiла ў сiло, i ўжо ў наступны момант ледзь не загаласiла:

- Сяргейка, родненькi, я вiнавата, я! Матылi ў мяне ў галаве ляталi. Даруй мне.

Яна кiнулася да Сяргея, абхапiла ягоную шыю рукамi i, як гарачым прыскам, абпякла вусны пацалункам. Сяргей квола паводзiў рукамi, нiбы хочучы адапхнуць Вольку ад сябе. Але ў яго не хапала сiлы. Яму многае было няясным, незразумелым, i калi Вольчына неўтрапёнасць крыху сцiшылася, адступiў на крок i спытаў як мага спакайней:

- А як жа твой Чыгаравец?

- Сяргей, не дакарай мяне iм. Я яго не любiла. Я толькi так. Я думала, што ты не вернешся ў Ямiшча i забудзеш мяне назаўсёды, дык я з iм пасябравала. А пасля таго як ты вярнуўся, дык я на яго глядзець не магу. Сяргей, родны, мне балюча глядзець, як цябе Гарпуська прынаджвае гарэлкай, як ты становiшся на Гарлачову дарогу.

Сяргей патупiў вочы. Ён не чакаў гэтага. Яму сорамна было свае маладушнасцi. Ён жа сапраўды думаў, што Волька забыла яго, выкiнула з сэрца.

- Дык ты ж з iм вяселле ўжо збiралася гуляць, - укалоў Сяргей Вольку.

- Нiякага вяселля не будзе i не можа быць. Ён чалавек не благi, але ён не для мяне. Ты, Сярожа, мой. Я цябе нiкому не аддам.

Сяргей зразумеў, што Волька гаворыць усё гэта шчыра, што нi ў чым у яе няма найгрышу. Таму ён, адкiнуўшы напускную злосць, аддаўся на волю сваiх пачуццяў. Ён моцна абняў Вольку i пачаў цалаваць. I што за дзiва, Гарпуську ён цалаваў не адзiн раз, але нiколi не адчуваў той блiзкасцi, якую адчуў цяпер. А Волька, вырываючыся з Сяргеевых абдымкаў, казала:

5
{"b":"124347","o":1}