- Якая яго правiна? - пацiкавiўся голасна Баярын.
- Кабылу зьвёў, прайдзiсьвет, - патлумачыў сусед.
- Добра яшчэ злавiлi, - дадаў другi, - а летась, дык прадаць пасьпеў...
- Гм... - голасна зьдзiвiўся Баярын, а пра сябе падумаў - "У нас, у Маскве, дык жыўцом бы ў зямлю закапалi, па самую шыю..."
Канакрад, тым часам, спусьцiў порткi й лёг на лаву. Было бачна, што гэта яму не ў першыню, i што ён ня дужа гэтым прыймаецца. Памочнiкi ката селi яму, адзiн на рукi, другi на ногi. Стараста стаў збоку, каб адлiчваць удары. Кат папляваў на рукi, iзноў разгладзiў вусы, i ўзмахнуў бiзуном...
Раз... два... тры... - лiчыў Стараста.
Канакрад аглушаюча зароў i, як уюн, засоваўся па лаве. Натоўп весела падбадзёрваў то ката, то злодзея.
- Дзевяць... дзесяць... адзiнаццаць...
Баярын, не дачакаўшыся канца кары, выбраўся з натоўпу й накiраваўся да сябе, дзе, гукнуўшы дзяка Грыгорыя, перш за ўсё падрабязна вывучыў пасланьне-данос айца Кур'яна зь Вiцебску. Тады, старанна памеркаваўшы й старанна пачухаўшы ў барадзе, загадаў:
- Пiшы, Грышка!... Пiшы, кажу, чаго вочы вылупiў?
- Што пiсаць?
- Пiшы... "Князь Вiтаўт каранавацца замысьлiў. У Наваградку люд незадаволены. Натоўпамi сноўдаецца па вулiцах i пляцах, ды каменьнямi й брудам вартаўнiкоў княжых i ваяроў абкiдае. Намеднi бачыў, як Ваяводу Стражынскага з Гораднi - з каня зьцягнулi й ледзь у шматкi не разадралi". - Баярын перапынiў дыктоўку й задумаўся. Пачухваючы ў барадзе, прамармытаў:
- Уладыка сказаў, што Ваявода цалаваўся на радасьцях з чэрню, але лепей напiсаць будзе, што бiлi яго... - i, раптам убачыўшы, як дзяк старанна ўпiсвае яго словы, ускрыкнуў - Ты што пiшаш, дур'я башка? А ну прачытай!
Дзяк перастрашыўся й пасьпешна прачытаў:
- Э-э-э-э... Уладыка сказаў, што Ваявода цалаваўся на радасьцях з чэрню, але ле...
- Досыць! Макаўка ты Царкоўная!... Замаж! Зараз-жа замаж, каб не чытальна было! Добра замаж... Вось гэтак... - i Баярын працягнуў пальцам па чорнаму радку. - А зараз пiшы! Альбо не! Хадзi сюды й пачухай мне сьпiну!
Дзяк старанна ды зь сiлай узяўся скрабцi Рацiшчэву лапаткi, калацячыся пры гэтым усiм сваiм крохкiм целам. Баярын з задавальненьнем крахатаў i прыгаварваў:
- Так... так... Цяпер вышэй трохi..., ды мацней-жа, мацне-ей! Во, гэтак... Добра, добра... Ну досыць... Сядай i пiшы цяпер!
- Што пiсаць, бацюхна Лука Ляксеiч?
- Пiшы!... "А таксама бачыў сяньня, як вартавыя княжыя купца схапiлi, за тое, што слова сказаў, працiўнае каранацыi Вiтаўтавай, i няшчадна бiзуном цялi на кiрмашы, прылюдна й без парток. А айцец Кур'ян зь Вiцебску - даносiць, нiбы чэрнь бунтуе ды пост парушае. I Ваявода з Драбамi ды ўсiм ваярствам на вулiцах бяшчынствуюць, аж сорам глядзець. Прэасьвяшчэньнейшы Ўладыка Фоцiй у страху жыве - баiцца Князя Вiтаўта. Аднак у казаньнях i малiтвах не забывае пра град Стольны Маскву й паўсядзённа молiцца за росквiт i славу Русi Маскоўскае, чым верных да храмаў Гасподнiх прываблiвае. Упадабляецца ён гэтым да Сьвятых Вялiкапакутнiкаў, бо кара жывотная яму за гэта належыць па злачынных законах Лiтоўскiх. У Наваградку па ўказу Князя Вiтаўта ўмацаваньнi будуюць i напраўляюць, шляхi брукам i бярвеньнем выкладаюць i масты аднаўляюць. Полк Наваградзкага Ваяводы ўвесь на будовах муроў i валоў абаронных затруднены. Гараджане й майстры цэхавыя - масты абсадзiлi, а мужыкi з цэлага Вяводзтва дарогi й шляхi напраўляюць. Цэлымi абозамi камень i лес возяць. Каторы камень буйнейшы - на муры абаронныя йдзе, а каторы драбнейшы - на дарогi. Так i ў iншых гарадох i мястэчках Лiтоўскiх. Па гэтаму вiдаць, што да вайны рыхтуюцца. А Князь Федзька Астожскi, праездам будучы ў Наваградку, - задавальненьне выказаўшы вялiкае з работ гэтых. I сам наведаў працоўнiкаў, дзьве бочкi мёду iм выставiў i заклiкаў поту не шкадуючы працаваць. I гаворыў таксама, што Астрог нанава ўмацованы, а дарогi бярвеньнем загацiлi. Таксама рагатаў з мастоў у Польшчы. Паведаў, што Драб болей польскага мосту высьцерагацца мусiць, чым збройнага палку варожага. Бо, правалiўшыся з маста, сьмерць не ганаровая выпадзе, а ўдарыўшы супраць цэлага палку, нават i галаву склаўшы, iмя славай укрыецца на вякi вякоў..."
Баярын прыпынiў дыктоўку й, крыху падумаўшы, загадаў:
- Чытай, Грыгорый, усё з пачатку, а я паслухаю...
Дзяк аднастайна задуднiў, перачытваючы запiс. Рацiшчэў прыкрыў вочы, з насалодай слухаючы яго раўнамерны голас.
Думкi Баярына часам адрывалiся ад сучаснага й прабавалi пранiкнуць у таямнiчую будучыню - калi нашчадкi будуць чытаць ягоныя "праўдзiвыя" запiсы...
26. ДРАБ
Вясна разгулялася ўва ўсю. Ручаi вады зь вясёлым перазвонам заiскрылiся на сонцы. У люстэрках лужын затрапятала пяшчотная, прамянiстая, блакiць неба. Заляжалыя ў праценьнях i ямiнах заплаткi сьнегу пачарнелi й сумна разтавалi пад цёплым вiльготным ветрыкам. Сонца радасна ўсьмiхалася, вiтаючы прабуджаючуюся зямлю. Зь вясёлым гогатам несьлiся на поўнач касякi гусей, качак, казарак... Iмклiвая ластаўка, з чаруючай грацыяй, разьсякае трапятлiвую ймглу над папарам.
Разьлiўшаяся як мора, Вiльля, магутным патокам затапiла лугi, сенажацi. Цёмна-шызыя, а часам жоўта-брунатныя, хвалi нясуць у Нёман сваю штогадовую данiну - вывернутыя з карэньнем ялiны, перакiнуты човен, адломкi сарванага моста. Шэрай паласой павольна плыве пляцень, з насаджаным на кол глечыкам. Куль саломы, пераварочваючыся, адлiвае золатам, i плача дыямантамi кропляў. Як пузыр надзьмулася кашуля тапельца. Рудая балотная йржа разпускае за сабою масьлянiстыя сiня-чырвоныя йстужкi й колы...
Перад Троцкай цьвярдыняй затрымаўся вялiкi абоз, абкружаны ўзброенымi коньнiкамi. У адлегласьцi пяцiсот сажняў непрыступна ўздымалiся мураваныя сьцены й вежы Гаспадарскае сядзiбы. Над брамай урачыста палошчыцца на сьвежым ветрыку Вялiкакняжая Харугва: Белая, неўстрыманая Пагоня, здаецца, ляцiць у паветры насустрач нябачнаму ворагу, пiльнуючы супакой i парадак у Белай Русi.
Ваявода Фёдар, скiнуў шолам, выцер зь iлба пот, працягнуў у бок Замку руку й, радасна ўсьмiхаючыся, прамовiў:
- Ну, вось нарэшце й дабралiся... Штандар!
Залацiсты колер Случчыны паволi разгарнуўся на дрэўку ў руках харунжага. Васiль прыклаў да вуснаў ражок, i радасныя гукi ўскалыхнулi паветра.
Абоз пад'ехаў блiжэй i спынiўся над самым возерам, якое шырокiм пасам абвiнала подступы да Замку.
Над брамай, мiж зубцамi забарола, паказаўся вартавы й, засланiўшы вочы ад сонца, прыгледзеўся да падарожнiкаў.
- Гэй! - гукнуў Васiль. - Мост апускай! Ды пахутчэй - госьцi зь вялiкай дарогi!
- Хто такiя? - ня надта прыветлiва абазваўся вартавы.
- Табе што, павылазiла?... Ваявода Фёдар з Грозава з пачотам! - пачулася ў адказ.
Цяжка, як-бы ня хочучы, закрахтаў апускаючыся мост, загрымелi ланцугi, падымаючы ўгору браму. На мурох замiльгалi шоламы цiкаўных вояў.
Фёдар крануў каня. Прадуднеўшы па бярвеньчатаму насьцiлу маста, уехаў пад масыўныя скляпеньнi брамы. Дзясяцкi з вартаю адсалютавалi мячамi.
Прыемная нэрвовая дрыготка прабегла па сьпiне - хутка, вось зараз, убачыцца з Гаспадаром.
Уцягнуўся на Замкавы пляц i абоз з Сычанятамi. Капейшчыкам Васiля аж дух заняло ад грознага хараства й сiлы Вялiкакняжага Замку, зь яго зграбнымi вежамi, грубымi й высокiмi мурамi, шматлiкiмi й дыхтоўнымi будынкамi, сярод якiх, як казка, вырозьнiваўся вялiзны палац.
- Гэта табе не Камянец! - заўважыў з захопам адзiн з вояў. - Гэтакiя муры й за год не пералезеш! Страхоцьце!
- Вядома, Гаспадарскiя! - пагадзiўся другi. А трэцi дадаў:
- Такiх муроў, напэўна, нiдзе ў сьвеце болей няма... А нашаму Слуцку, дык далёка, далёка... Не прыраўнуеш!
Абоз Сычанят разьмясьцiўся пасярэдзiне пляцу. Капейшчыкi, ня ведаючы, як захоўвацца, але баючыся Гаспадарскага гневу, абкружылi iх шчыльнай сьцяной першы раз за ўсё падарожжа. Гутарылi ў паўголаса, баючыся парушыць урачыстую перадабедзеную цiшу.
Ваявода Фёдар, з дапамогаю Васiля й Сыча, зьлез з каня й, у суправодзе Кiрыма, зьнiк за дзьвярыма палацу.