Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Татарын некалькi разоў азiрнуўся наўкола i, раптам шырака раскрыўшы вочы, нешта йзноў залапатаў з выразам бязкрайнага жаху й крыўды. Ён зразумеў, што яго абвiнавачваюць у забойстве гэтага чалавека, але, згадаўшы, што яго не разумеюць, упаў на каленi перад ношамi й тры разы iм пакланiўся, кратаючы iх iлбом. Потым, не падымаючыся з каленаў, павярнуўся да Ваяводы, прыклаўся лбом да яго бота й адмоўна затрусiў галавой.

- Дзе вы яго злавiлi? - зьдзiўлена спытаў Фёдар.

- Ды яно, калi па праўдзе казаць, дык i лавiць ня трэба было, - загутарылi наперабой дзяцюкi, што хадзiлi да дубу. - Як мы сталi наблiжацца да дуба таго, што павешаны на iм вiсеў, а гэты злазiць адтуль. З гальля, знацца. Як убачыў нас, дык адразу за шаблю ўхапiўся ды за нажы свае, але потым спалохаўся й пакiдаў усё на зямлю. Ну мы яго й зьвязалi...

- А зараз разьвяжыце! - перабiў Ваявода.

Натоўп прыцiх, зьдзiўлена пераглядаючыся. Але нiхто не варухнуўся, каб выканаць загад.

- Я кажу разьвязаць яго! - паўтарыў спакойна Ваявода.

Нiхто не зварухнуўся.

- Так, так. А Васiль казаў мне, што хочаце, каб узяў вас з сабой да Вялiкага Князя. Добрыя, казаў, дружыньнiкi будуць. - Фёдар абвёў паглядам прыцiхлую гурму. - Дайце сюды яго зброю!

Са звонам пад ногi Ваяводы, звалiлiся крывая шабля й два кiнжалы. Татарын зьдзiўлена назiраў за Фёдарам, каторы моўчкi, але рашуча падняў адзiн зь кiнжалаў, паспрабаваў пальцам лязо, i раптам маланкавым рухам перарэзаў пятлю. Потым, перадаўшы кiнжал Васiлю, паказаў на рукi палоннага. Васiль адразу-ж перарэзаў тугiя вузлы, што моцна сьцягвалi локцi татарына. З удзячнасьцю зiрнуў той на свайго збаўцу, i, моцна прыцiснуўшы рукi да грудзей, нiзка нахiлiў перад iм галаву.

Натоўп нерухома прыглядаўся да незразумелых паводзiн Ваяводы, ня ведаючы, чым вытлумачыць гэтакую лiтасьць. Ён-жа сам толькi-што вырваўся са стралой у баку ад гэтых самых татараў. Адзiны чалавек, каторы зразумеў Ваяводу, быў Васiль, i таму, не хiстаючыся, перарэзаў матузы.

Зрабiўшы Васiлю знак адыйсьцi ўбок, Фёдар цiха прамовiў яму некалькi слоў i накiраваўся ў хату. Васiль, вярнуўшыся да ношаў, загадаў:

- Нябожчыка - абмыць i пахаваць! Татарына каб ня сьмелi зачапiць!... Ваявода бярэ яго з сабой. Я еду таксама...

Па натоўпу прайшоў гул :

- А як мы?... Мы таксама хочам да Вялiкага Князя!...

- Можаце й вы, але ня з намi! Ваявода кажа, што лепей ехаць самаму, чым зь непаслухмянай бандай баягузаў.

Натоўп загудзеў, закалыхаўся. Пачулiся абураныя выгукi:

- Хто банда баягузаў?... Мы да Гаспадара хочам!... Мы не баягузы!... Якiм правам...

- Вы банда! Вы баягузы! - гнеўна ўскрыкнуў Васiль, рубец на яго шчацэ аж пабарвавеў. - Абяззброеннага чалавека маглi зьвязаць! А калi Ваявода загадаў разьвязаць, дык нi адзiн нават не варухнуўся, не адважыўся! А зброю не маглi па людзкi падаць? К нагам пакiдалi? Ганьба!... А зараз пытаецеся, якiм правам? Быдла! Такiм правам, што ня хоча пэцкацца! Зразумелi?! - i, падняўшы ляжачую на траве зброю, ён, не аглядаючыся, пайшоў у сваю хату, клiкнуўшы знакам татарына. Прыцiхлыя людзi праважалi iх вачамi, аж покуль яны не схавалiся за дзьвярыма...

* * *

Знакамi, рухамi, маляваньнем на зямляной падлозе, Ваявода даведаўся ад татарына наступную гiстрыю: "Бацьку Кiрым Бея прывязалi да хваста дзiкага каня й пусьцiлi ў стэп - за тое, што, як думаў Хан, ён утаiў вялiкую частку падатку, узятага з Маскоўскiх Князёў. Усе багацьцi й маёмасьць па праву спадчыны, мусiлi-б перайсьцi яму, Кiрым Бею, але Хан Эдыгэй забраў усё: i коней, i наложнiц, i скарбы. Яго-ж самаго выслаў на гранiцу Княства Маскоўскага ваяваць Лiтву - гэта значыць, на сьмерць. Кiрым Бей затаiў у сэрцы ненавiсьць да Хана. Скардзiўся самаму Тымуру Кульгаваму, але не дапамагло. Тады рашыўся, i пры першай нагодзе адстаў ад свайго аддзелу, каторы ўглыбiўся ў пошуках здабычы на землi Лiтоўскiя, i схаваўся на гэтым дубе. За гэтыя два днi нiчога ня еў, бо да ўцечкi не рыхтаваўся, усё неяк сталася само па сабе. Бачыў, як учора купа ўзброенных людзей, на чале якiх быў рыцар з залатымi шпорамi й арлiным крылом на шоламе, падвезьлi да дуба памiраючага чалавека, усяго ў крывi. Загачылi яго гакам за рабрыну i, падвесiўшы на сук, выстралiлi ў яго два разы з татарскага луку. Добра, што надвор'е было пахмурнае, i яго не заўважылi памiж карчакаватым гальлём. А трапiць да гэтых зьвяроў-людзей баяўся. Бачыў таксама, як учора пад вечар Ваявода ўходзiў ад пагонi. Добра ведаў, што ў лесе жывуць людзi, але й да iх выходзiць таксама баяўся, змушаны быў гэта зрабiць сёньня, бо голад прымусiў..."

Знадворку пачуўся гоман. Васiль нехаця падняўся й выйшаў з хаты. Перад дзьвярыма талпiлася юрба людзей, вiнавата перамiнаючыся з нагi на нагу.

- Чаго яшчэ трэба? - гукнуў Васiль, упiраючы рукi ў бокi й з выклiкам паглядаючы на сабраных. - Можа, прасiцца прыйшлi? Цi дамагацца?

- Ня гневайся, Васiль, i Яго Сьветласьцi Ваяводзе пакланiся за нас, выступiў уперад стары Кандрат Тур. - Недакумекалi мы сваiм простым розумам, што й да чаго. Але Гасподзь Бог знаў, каго Ваяводай зрабiць i розумам ясным надзялiць, а каго ў мужыках пакiнуць гной калупаць...

- Эк, "Iванка-дурань" абазваўся, - перабiваючы яго, зарагатаў Васiль. - Цi ня ты, Кандраце, прыпадкам у мужыках застаўся гной калупаць? Га? Можа, я цябе зараз у першы раз бачу?

- Ды ня тое й ты, Васiль, гаворыш, i я не к таму мову вяду. Прасi за нас Ваяводу. Кланяйся яму ў ногi. Ды абяцай за нас усiх, што верна й паслухмяна служыць будзем, аж пакуль супакой i дастатак запануюць над нашай зямелькай Хрысьцiянскай. Памылiлiся мы... каемся... Пабач, што ў "лацiнскага купца" на шыi было, - вочы Тура хiтра блiснулi, калi ён разьняў жменю. Тоненькiм струменьчыкам, памiж разтапыраных пальцаў, пабег срэбны ланцужок. Васiль, як зачараваны, глядзеў на паволi пусьцеючую далонь, аж пакуль на ёй не застаўся маленькi Праваслаўны Крыжык са славянскай вязьзю: "Спасi i сохранi"...

Васiль тройчы перахрысьцiўся й ўзяў крыжык. За iм перахрысьцiўся Тур i ўвесь сабраны натоўп...

* * *

Ужо было блiзка паўдня, калi аддзел коньнiкаў, на чале са старым Баем, парушаючы лясны супакой лязгатам зброi, спынiўся каля дуба.

- Бач! А вешальнiка-та ўжо й няма! - зьдзiвiўся Бай. - Вось адсюль нам i Ваяводу шукаць...

- Ня трэба яго шукаць - перабiў адзiн з коньнiкаў. - Вунь ён сам iдзе, дзякаваць Богу! Ды не адзiн.

Коньнiкi разам выхапiлi мячы й адсалютавалi падыходзячым. Сам Ваявода й спадарожнiчаўшыя яму Васiль Капыльскi, Кандрат Тур, i яшчэ дзясятак узброеных мужчын, пахмура адказалi на прывiтаньне.

- Цi мо ня рады, што так хутка? - вылупiў зьдзiўлена вочы Стары Бай.

- У Слуцак! - загадаў Фёдар цяжка ўлазячы ў сядло. - Васiль, клiч рэшту!

4. КРАКАЎ

Кракаў гудзеў, як суцэльны кiрмаш. Натоўпы людзей з гоманам i песьнямi сланялiся па вулiцах, гандляры, стоячы на парогах сваiх крамнiц цi шатроў, заклiкалi прахожых, выхваляючы свой тавар. З розных бакоў толькi й чуваць выкрыкi: "Дзiваны пэрсiдзкiя, найлепшай работы, у самаго Шаха такiх няма!..." "Мячы, сякеры, панцыры, - дамаскiя, нямецкiя, валоскiя, гатунку небывалага!..." "Сёдлы, збруi... Соль... Вiны... Сукно... Воск!.." - i над усiмi гэтымi галасамi, раўнамерны пералiў касьцельных званоў...

- Чысты Бабiлён, пся маць! - мармыча сабе пад нос запылены з ног да галавы рыцар, прадзiраючыся вярхом у Флёрыанскую браму праз увесь час наплываючыя хвалi натоўпу. Конь пад рыцарам кульгае на пярэднюю нагу.

- Каб цябе шляк трафiў, пся маць! - не вытрымлiвае яздок, калi стомлены конь, аступiўшыся, амаль не павалiўся на каленi. - Прадам, баранья скура, прадам. Ня будзь я Януш зь Езёрска, прадам!

Конь стомлена пырхае, выдзьмухваючы з ноздраў пыл. Навокал разлягаецца рогат, i нехта з натоўпу крычыць:

- Не туды! Не туды, пане Януш, завяртаеш! Мылаварня ў другi бок, давай пакажу...

- А ну, пакажы, пся маць, дзе ты тут? - грозна абарочваецца пан Януш.

Крыкун не паказваецца, але рогат разьлягаецца з новай сiлай. Пан Януш прышпорвае каня, i той воляй-няволяй прыбаўляе кроку.

5
{"b":"124333","o":1}