Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Ачысьцiць, дай толькi яму новую Дружыну сабраць. Навядзе ён парадак, пагонiць татарву, дый крыжакам трэба яшчэ прыпомнiць, што ў Жамойцi й пад Вiльняй ня маюць яны чаго шукаць, хiба косткаў спарахнелых!

- Дай Бог!... Хадзем, Ваявода, паснедаеш ды абсушысься. Рану перамыць трэба. Чым гэта? - прамовiў Васiль, разсоўваючы кусты.

- Учора, напала купа татараў, счапiлiся мы, я ды стары Бай - стрэмяны мой, а iх шасьцёра. Доўга ня бавiлiся, паклалi iх усiх да аднаго, але новыя падасьпелi. Здаецца, з паўсотнi. Завярнулi мы конi й ускакалi, але дагнала страла, якраз пад наплечнiк улезла, ледзь выдзёрлi яе зь мясам. Як зараз да Слуцку дабрацца, трэба там хоць з сотню вояў сабраць...

- Я маю паўсотнi! Удалыя хлопцы, зубры! Бяры нас з сабой, Ваявода, разам пойдзем. А, дабраўшыся да Слуцку - можа, i там сотню зьбяром, дык ня сорамна будзе й перад Вялiкiм Князем стаць.

Празь некалькi крокаў сталi паказвацца буды, збудаваныя з жэрдак i ламачча. Зь некаторых проста праз страху выходзiў дым. Прыемна пахла шафранам, смажаным мясам, гарачым хлебам.

Падыйшлi да невялiчкае халупкi. Тонкi дымок вiўся над яе саламянай страхой, у сярэдзiне нешта шыпела й апэтытна патрэсквала. Васiль адчынiў дзьверы й спынiўся, прапускаючы Ваяводу ўперад. Фёдар зрабiў крок праз парог, i раптам нешта моцна стукнула яго ў паранены бок, здалося - зь нейкiм сутыкнуўся. Мiмаволi, пахiснуўшыся, ён выцягнуў рукi й за кагось ухапiўся, каб ня ўпасьцi. З тылу падтрымаў Васiль. У паўзмроку памешканьня Ваявода ня мог нiчога разгледзець i моцна трымаў штось мяккае трапятаючаеся.

Паступова яго вочы прызвычаiлiся да змроку, i ён убачыў, што трымае ў сваiх жалезных абдымках маладую дзяўчыну з доўгiмi жоўтымi косамi. Шчокi яе аж гарэлi ад крыўды й сораму, яна вырывалася й выкручвалася як магла, але ня так гэта было латва. Разгледзiўшыся, у чым рэч, Ваявода вiнавата апусьцiў рукi. Дзяўчына ластаўкай выпырхнула з хаты, але Фёдар пасьпеў заўважыць яе надзвычайнае хараство, хаця простая й невыдумная вопратка не пасавала да яе прыгожай i шляхетнай постацi. Усё гэта адбылося так хутка й неспадзявана, што Ваявода, загартаны й адважны ў баю, тут разгубiўся й не здагадаўся ў першы момант папрасiць выбачэньня.

- Гэта мая сястра, - прамовiў Васiль - сядай, Ваявода, пасьнедаем чым Бог паслаў. - Ён высунуўся зь дзвярэй i загадна гукнуў - Марыля, дай нам з госьцем пасьнедаць!

- Зараз! Iду! - пачуўся ў адказ звонкi й прыемны голас.

Пры дапамозе Васiля, Ваявода скiнуў цяжкi панцыр i, кусаючы ад болю вусны, прыняўся аддзiраць ад раны кашулю, прасякнутую крывёй i прысохлую. Васiль рыхтаваў бандаж, разьдзiраючы на паскi кавалак тонкага палатна. Раптам за сьпiнай Фёдара пачуўся йзноў той самы звонкi голас, але зараз ён дрыжэў i быў гатовы перайсьцi ў плач:

- Што вы робiце? Цi-ж можна так, ад жывога мяса йрваць? Гэта-ж балiць!

Фёдар азiрнуўся. У яго за сьпiнай стаяла Марыля, пужлiва ўтаропiўшы вочы ў пачаўшую сачыцца з-пад кашулi кроў.

- Гэта нам не ў першыню, - адазваўся з кута Васiль. - Ад татарына лёккiя раны застаюцца, а вось немец, дык дзiрку дзiркай пакiне, хоць латку прышывай. Кажуць, i шкоты ня горш за немца сякерай лашчаць?..

Ваявода хацеў штось дадаць, як Марыля ўскрыкнула:

- О, Божа коханы! Калi ўжо гэтыя няшчасьцi ды войны скончацца?! - i яна глыбака ўздыхнула.

Тут толькi Фёдар зьвярнуў увагу на рысы яе гнуткага стану й падумаў: "Сапраўдная князёўна!" Яго пагляд не схаваўся ад увагi Марылi. Яна ўспыхнула, як полымя, i, залiўшыся чырваньню, хацела выбегчы з памяшканьня, але, угледзеўшы, што Ваявода йзноў бярэцца за кашулю, ускрыкнула:

- Ня рвiце, Ваша Сьветласьць! Дазвольце я зраблю!...

- Ну зрабi - пагадзiўся, няведама чаму радуючыся, Ваявода й, адразу-ж адвярнуўшыся да Васiля, прамовiў: - Загадай, каб таго павешанага зьнялi. Трэба-ж яго пахаваць па Хрысьцiянскаму звычаю... Хто ён такi, ня ведаеш?

- Здаецца, купец лацiнскi - адказаў той i выйшаў з хаты.

Марыля, мiж тым, абярнуўшыся каля вогнiшча, падыйшла да Ваяводы з чарапком цёплай вады. Асьцярожна прамываючы рану, яна адыймала размоклую кашулю, ня робячы нiякага болю. Паступова вызвалiўшы ад лахмоцьця ўвесь бок, яна прамыла пачаўшую гнаiцца крываточыну й памазала нейкай пахучай мазяй, каторая як агнём апякла скуру. Фёдар аж скрыпнуў зубамi.

- Гэтая мазь з жучкоў на вiшнях робiцца, - выпрасталася Марыля - Пасьля яе ўсякая рана загоiцца.

Але памылiлася дзяўчына, ня ведала, што сьвежую рану дастаў Ваявода, i ад гэтай раны няма лекаў, няма мазi - нават з кузуркаў на вiшнях...

- Зараз прынясуць яго, - паказаўся ў дзьвярах Васiль. Ён моўчкi прысеў на лаву й пачаў сачыць вачамi, як Марыля спрытна абмотвае бандажом магутную сьпiну госьця.

- А зараз, прашу за стол, - папрасiла яна Фёдара, закончыўшы зь перавязкай - Чым багаты, тым i рады. Але, здаецца, паастыла ўжо ўсё.

- Нiчога - усьмiхнуўся Васiль. - Апэтыту нам не забракуе. Праўда, Ваявода?

- Ды няма чаго грашыць, прагаладаўся...

На стале зьявiлася патэльня смажанага сала й блiны. Мужчыны адразу-ж навалiлiся на ежу так, што Марыля не пасьпявала падносiць. А смачныя яны, сьвежыя блiнцы, ды з хрусткай скваркай. Некаторы час было чуваць толькi смачнае хрумканьне - абодва не любiлi размаўляць у часе ежы. Раптам яны насьцяражылiся: здалёк наблiжаўся нейкi гуд i галасы. Наблiжаўся ня хутка, але ўпэўнена. Ужо можна было адрозьнiць паасобныя выгукi:

- ...На асiну!... Жыўцом у зямлю!... Бi яго!...

Ваявода й Васiль, схапiўшыся за мячы, як былi ў кашулях, выскачылi з хаты. Гоман, у якiм адчувалася нестрыманая прага помсты, наблiжаўся:

- ...Вяроўку!... На першы сук!...

Усё насельнiцтва ляснога паселiшча павысыпала з халупаў, i бегма, старыя й малыя, кiнулiся на крык. Ваявода запытальна зiрнуў на Васiля, той пацiснуў плячыма й уголас дадаў:

- Зараз даведаемся.

З кустоў вывалiла гаманяшчая й равушчая юрба людзей i накiравалася да Васiлёвай буды. Людзi размахвалi рукамi, сякерамi, дубiнамi. Ваявода ня мог дачакацца - калi яны ўжо наблiзяцца. Ён заўважыў, што людзi кагосьцi цi вядуць, цi цягнуць.

- Цiха! Што сталася? - закрычаў Васiль, калi разьюшаная юрба наблiзiлася даволi блiзка. - Бачыце, якi ў нас госьць?... Гаспадарскi Ваявода!

Людзi змоўклi й паскiдалi шапкi. Уперад выступiў той самы дзяцюк, што ночай пiльнаваў Ваяводу.

- Ваявода, глядзi што мы злавiлi! - i ён пацягнуў за вяроўку, каторую трымаў у руках. Людзi заварушылiся, прапускаючы кагось наперад. Перад вачамi Фёдара зьявiўся малады татарын з накiнутай на шыю пятлёй. Рукi палоннага скручаны матузамi за сьпiнай, але ён трымае сябе як належыцца мужчыне й вою. Яго вузкiя раскосыя вочы неспакойна перабягаюць з Ваяводы на Васiля, i назад. Нарэшце, ён такi выбраў Ваяводу, i нешта залапатаў. Але хутка зразумеў, што яго не разумеюць, i змоўк. Прымружыўшы вочы, стаяў, нешта надумваючыся, i час ад часу паводзiў плячыма, намагаючыся аслабiць сьцiскаючую шыю пятлю.

Натоўп пачаў нецярплiва варушыцца. Пачулiся йзноў выгукi:

- На асiну нехрыста паганага!... Загадвай, Ваявода! Мы яго хутка!... З намi яны ня дужа гутараць, прывяжуць да конскага хваста, i канец!... Давай, Ваявода!...

Фёдар тым часам моўчкi прыглядаўся да палоннага, каторы ўпарта нешта абдумваў: вопратка досыць прыгожая й дабраякасная, пас ды похвы ад кiнжалаў i шаблi ўпрыгожаны срэбнай насечкай, вельмi тонкай i мудрагелiстай. Саф'янавыя боты з гострымi й загнутымi ўверх насамi вышыты срэбрам - усё гаворыць аб радавiтасьцi й дастатку.

Гуд у натоўпе ўзрос у суцэльны роў, калi з кустоў выйшлi чатыры дзядзькi, нясучы на самаробных ношах зьнятага з дубу вешальнiка.

- Цiха! - злосна гукнуў Васiль, i зь нерашучасьцю зьвярнуўся да Ваяводы: Дык што зь iм зробiм? Хiба, напраўду, адправiм яго да прашчураў?...

- Гэта мы заўсёды пасьпеем зрабiць. Я хачу пагутарыць зь iм.

Ношы паднесьлi да Ваяводы й асьцярожна апусьцiлi на мокрую траву. Запанавала гнятучая цiшыня. Толькi лес шумеў ды дробна шархацеў дождж. Цяжка дыхаючы, людзi паглядалi то на Фёдара, то на татарына, то на нябожчыка...

4
{"b":"124333","o":1}