Литмир - Электронная Библиотека
A
A

На дарозе робiцца вiдней. Чырваньню iскрыцца сьнег. I раптам, зусiм неспадзявана, абрываецца лес. Уперадзе разьлеглася засьнежаная раўнiна, асьветленая пажарам. Гарыць Замак! Чырвонай дзiркай, як вялiзарная пашча нейкага страшыдла, выскалiлася брама... Даносяцца няясныя крыкi й гукi бойкi. На тле пажару вiдаць, як на мурох мiтусяцца ўзброеныя людзi...

- Прэсьвятая Багародзiца... Гэта яны, апрышкi... - шапоча дзясяцкi, i, павярнуўшыся да аднаго з вояў, загадвае: - Ганi й ты ў Турна! Ды скажы, каб коней не шкадавалi...

* * *

Ваявода Фёдар прачнуўся, калi ўжо шарэў ранак. Яго першапачатковая безпрытомнасьць непрыкметна перайшла ў моцны асьвяжальны сон. Не разумеючы, дзе ён знаходзiцца й што зь iм робiцца, Ваявода скiнуў зь сябе цёплы кажух, ад якога прыемна пахла хлебам i аўчынай, сеў i агледзеўся. Вакол глухi лес. Некалькi наладаваных вазоў i саней мiрна пазадзiралi дагары аглоблi. Асядланыя конi, папрывязаныя да дрэваў, супакойна жуюць сена. Непадалёку гарыць невялiкае вогнiшча, над якiм вiсiць апэтытна паруючы казан. Наўкола сядзяць узброеныя людзi й гутараць у паўгаласа...

Ваявода абмацаў сваю пасьцель: санi высланыя пахучым сенам i прыкрытыя мяккай раднiнай... I тут толькi прыпомнiў сабе ўсё, што здарылася ўчора. Буйная радасьць ахапiла душу: Ён вольны! Сярод сваiх! Божа! Як гэта добра, як радасна адчуваць сябе вольным! Удыхаць поўнымi грудзьмi сьвежае, марознае паветра!...

Ваявода падняўся на ногi й зрабiў некалькi крокаў. У галаве закружылася цi то ад шчасьця, цi то ад слабасьцi...

Даўно ўжо ня мог ён вось так крочыць па зямлi, па сьнегу туды, куды хацелася, прыкуты ланцугом да сьцяны ў вечнай цемры сьмярдзючае вязьнiцы. Набраў у прыгаршчы сьнегу й разьцёр iм гарашчы твар, яшчэ раз, i яшчэ...

- Гляньце! Ваявода!... - пачуўся звонкi дзявочы голас.

Людзi каля вогнiшча паўскоквалi, паздымалi шапкi. Сярод iх Ваявода пазнае Кiрыма й Кандрата. Побач зь iмi стаiць зусiм малы хлапчук з шырака разкрытымi вачамi. Далей - прыгожая дзяўчына ў кальчузе й зь мячом пры баку, тры незнаёмыя воi, i перастрашаны дзед - з выгляду чэляднiк.

Фёдар падсеў да вогнiшча. Запрасiў сядаць рэшту й, трохi памаўчаўшы, прамовiў:

- Дзякую вам, добрыя людзi! Хто з вас Сыч?

- Яго тут няма, Ваша Сьветласьць. - адказаў Кандрат. - Затрымаўся нешта... Можа й сапраўды Камянец узяў, а можа, не давядзi Бог, i...

- Што, i...?

- Можа, здарылася што, кажу.

Ваявода спахмурнеў i змоўк. Доўга ўглядаўся ў гарачыя вуглi. Потым абвёў цяжкiм дапытлiвым паглядам прымоўклых людзей i загадаў:

- А ну, Кандраце, скоч-ка да Камянца, ды пабач. Можа й сапраўды прыйдзецца ў Берасьце гнаць за падмогай... Не пакiну я Сыча ў бядзе!

Кандрат адразу-ж ускочыў, накiнуў свой плашч, адвязаў каня й хутка зьнiк з вачэй у гушчары.

Твары прысутных паясьнiлiся, заўсьмiхалiся. I, гледзячы на радасную ўсьмешку Дашы, Ваявода ўспомнiў Марылю. Моцна закалацiлася сэрца, i шырокая прыветная ўсьмешка сама вылезла на вусны.

Кiрым падкiнуў у вогнiшча дроваў. З трэскам узьвiлося полымя.

Падмацоўваючыся гарачым ворывам, Ваявода разпытваў апрышак аб iхным лёсе, якi штурхнуў iх на шлях беззаконьня. Жаль i пашана да гэтых няшчасных агарнулi яго сэрца, калi ён услухваўся ў iхныя жудасныя апавяданьнi аб зьдзеках i пакутах, якiя прыйшлося выцярпець ад Ягайлавых паплечнiкаў, гэтым простым i шчырым сялянам.

Кандрат не вяртаўся...

Ваявода пасьпеў пераапрануцца, выбраць зброю з запасаў Сыча й, з дапамогай Кiрыма, падправiць бараду й вусы так, што хутка прыняў выгляд, належны яго асобе (к вялiкаму задавальненьню Мiколкi, якi нiяк ня мог паверыць, што гэта й ёсьць Ваявода).

Сабралiся ўжо пасылаць другога ганца, калi зь лесу данесьлiся галасы людзей i фырканьне коней. Гэта быў Кандрат, у суправодзе дзесяцi капейшчыкаў на чале з самiм Васiлём.

Убачыўшы Ваяводу, слаўны Сотнiк саскочыў зь сядла й бегма кiнуўся насустрач. Фёдар чакаў з працягнутай рукой...

- Ваша Сьветласьць! Цi не пасьнiў я гэта? - ускрыкнуў Васiль, пацiскаючы працягнутую яму руку. - Цi гэта сапраўды ўсё дзеецца? А мо' я яшчэ сплю?...

- Не, Васiль, ня сьпiш!... Як ты трапiў сюды?

- Гэтага-ж душагуба, Сыча, ганяў! Па сьляду яго й у Камянец прыйшоў. Дзякаваць Богу, што хаця Ваша Сьветласьць жывы й здаровы! Дорага ён заплацiць за гэта, пракляты лiхадзей! Каб мая воля, дык на мейсцы павесiў-бы...

- Пачакай! - перабiў Ваявода, - Каго?

- Вядома каго, Сыча!

- А каб мая воля, - запярэчыў Фёдар, - я-б яму зь мейсца залатыя шпоры й пас даў!

- Як шпоры й пас? Сычу?... Ён-жа толькi сёньня ўночы Камянецкi Замак захапiў, будынкi папалiў, залогу перабiў, i мала Прышынскага не павесiў...

- ...А мяне з Камянецкага падзямельля выратаваў!

- Так! - дадаў Кандрат. - Каб ня Сыч, мы з Кiрымам нiчога не парадзiлi-б!... А Прышынскi - варты шыбенiцы...

Васiль разгублена перавёў позiрк з усьмехненага Ваяводы на Кандрата, на Кiрыма, i далей на сваiх зьбянтэжаных вояў. Ён нiчога не разумеў.

- Як-жаж так?

- А сам Сыч табе нiчога не разказваў?

- Не...

- Сыч думай, што ты кунак[36] з Прышынскi... - зарагатаў Кiрым.

- Можа й так. Але вось слухай... - i Ваявода коратка разказаў усё, што здарылася за гэтую ноч.

- Што-ж ты мне адразу не сказаў, стары дурань?! - накiнуўся Васiль на Кандрата. - А я ледзь-ледзь утрымаўся, каб не паравешаць апрышак на мурох Замку. А той, Сыч, таксама цаца - маўчыць як вады ў рот набраў... Там нейкi манах яшчэ, прыглушаны й абапалены...

- Цi жывы ён? - не ўтрымалася Даша, хапаючы Васiля за руку. - Што зь iм?

- Здаецца, жывы яшчэ, але Прышынскi надта ўжо прасiў, каб яго першым павесiць. Кажа, што толькi празь яго Камянец i паў, - адказаў Васiль. I раптам павярнуўся да аднаго са сваiх вояў. - Ганi, што ёсьць духу, у Замак! Ды дапiльнуй, каб там безь мяне чаго ня здарылася!... Прышынскага - пад варту!

* * *

Вестка аб тым, што Сыч злоўлены, з Камянца хутка разьнеслася па ваколiцы, i каля брамы Замку сабраўся вялiкi натоўп сялян. Людзi пахмура заглядалi на падворак, дзе маўклiва тоўпiлiся зьвязаныя апрышкi, абкружаныя суровай вартай. Учарашнiя вязьнi, вызваленыя Кандратам i Кiрымам з падзямельля, былi тут-жа. Нiхто не даваў iм веры, што яны не апрышкi...

Пагарэлыя стайнi й грыднiца дымiлi. Груганьнё хмарай кружылася над галавой, прыглядаючыся павешаным i забiтым.

Узброеныя коньнiкi й пешыя, шчыльна ахоўвалi подступы й муры Замку.

Ваявода Фёдар ехаў у санях, ня маючы яшчэ сiлы сесьцi ў сядло. Васiль i яго людзi конна ахоўвалi санi, ахапiўшы iх паўколам. Даша й Мiколка трымалiся блiжэй да Кандрата й Кiрыма. Рэшта апрышак i палонны чэляднiк засталiся ў лесе пры абозе.

Ад натоўпу сялянаў аддзялiлася невялiкая група старыкоў i, паважнай нясьпешнай хадой, накiравалася насустрач наблiжаючамуся Ваяводзе.

Коньнiкi Васiля, з пахiленымi дзiдамi, адразу шчыльнай лавай засланiлi дарогу.

- З дарогi! - закрычаў Васiль, выцягваючы меч. - Не затрымлiвай!

Дзядзькi паскiдалi шапкi, але засталiся на дарозе. Упарта глядзелi на Васiля, не зьвяртаючы ўвагi на вострыя наканечнiкi дзiдаў.

- Чаго хочаце, людзi?! - гукнуў Ваявода, знакам стрымлiваючы разгневанага сотнiка, гатовага зьмесьцi з дарогi гэтую неспадзяваную перашкоду.

- Да шляхетнага пана Рыцара мы, - указаў на Васiля пярэднi высокi дзед. Паведамляюць людзi, што злавiў ён Сыча. Дык мы ўсёй грамадой прыйшлi...

- Так! Праўду кажа... - загула рэшта барадачоў.

- Ну й чаго хочаце? - злосна ўскрыкнуў Васiль.

- Госпадам Богам просiм, - упаў на каленi дзед, - аддай нам яго, Сыча гэнага. Павесiць чалавека ня штука, то й пан Прышынскi ўмеў, колам яму зямля, без суду й праўды. А ты, ад Гаспадара нашага, Вялiкага Князя Вiтаўта, закону й праўды абаронцам пастаўлены... Аддай нам яго - Сыча, знацца - а мы капой i суд учынiм... Як Бог сьвят, разсудзiм... Нiкому крыўды дарэмнай ня зробiм. Пэўна, ты сiлу й моц маеш, але роду ты Лiтоўскага, i звычаю Лiтоўскага ламаць ня можаш! Ад дзядоў i ад прадзедаў ён!... Каб не ў Каменцы ты на яго натрапiў, дык i мовы не было-бы, а так, не дай граху на душу прыняць. Унукi й праўнукi каб не саромелiся за нас...

48
{"b":"124333","o":1}