Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Нявольнiк адразу адступiў у цемру. Толькi забразгацелi ланцугi...

- Гэй, не дурыся! - гукнуў Кандрат у дзьверы. - Пытаюся цябе, дзе тут Ваявода Грозаўскi?

- Калi гэта той, што да яго сам пан Януш прыходзiў, - пачуўся голас з суседнiх дзьвяроў, - то ён тут, побач... Наступна за мною... Слабы надта...

Абодва пасьпешна кiнулiся да ўказаных дзьвяроў.

- Ваша Сьветласьць?... Ваша Сьветласьць, вы тут?

У адказ пачуўся слабы стогн.

- Ваша Сьветласьць, гэта я, Кандрат Тур... I Кiрым тут... Ваша Сьветласьць...

- Ты кажы зашмат! - раззлаваўся Кiрым. - На сякера, сякай! Ваявода слабы!

- А цi вам, Шляхетныя Рыцары, пан Гараднiчы ключэй ня даў? - пачуўся йзноў той-жа голас.

- Якiя тут, да д'ябла, ключы! - прабурчэў Кандрат. - Ты кажаш, што ключы ў Гараднiчага?

- Так, пане Рыцар!

- У гэтага Лазiнскага, цi Лазоўскага, цi чорт яго бацьку ведае як яго там? Га?

- Ну так, у Вяльможнага Пана Лазiнскага,... - асьцярожна адказаў голас, уласьнiк якога, вiдаць, пачынаў здагадвацца, з кiм гутарыць, аднак баяўся верыць у такое шчасьце.

Кiрым бегма кiнуўся да разпасьцёртага шляхцiца й хутка вярнуўся, грукочачы кальцом з ключамi...

Ваявода Фёдар ляжаў у куту на ахапку гнiлой саломы. Схудзелы яго твар густа зарос валасамi й пакрыўся брудам. Безуладныя рукi - нерухома выцягнутыя ўздоўж цела. Чорныя бранзалеты кайданоў выдзялялiся на тле белае скуры. На Фёдару былi надзетыя грубыя палатняныя порткi, брудныя й падзёртыя. Нi кашулi, нi чаравiкоў... Можна было падумаць, што гэта ляжыць высахлы труп, каб не палаючыя шчасьцем вочы ды зубы, прыадкрытыя ў слабой усьмешцы.

Кандрат i Кiрым упалi на каленi перад сваiм Ваяводай i пакрылi ягоныя рукi сваiмi пацалункамi. Буйныя сьлёзы кацiлiся па шчаках усiх трох.

- Ваша Сьветласьць, нарэшце... - стагнаў Кiрым, пераборваючы горкiя спазмы ў горле. - Нарэшце мы адшукалi цябе...

- Кандраце... пiць... - ледзь чутна прашапацеў Фёдар.

Кандрат стрымгалоў кiнуўся шукаць вады, а Кiрым загрымеў ключамi, адмыкаючы жалезныя бранзалеты з рук i ног палоннага.

Напiўшыся вады, Ваявода падбадзёрыўся. Голас яго памацнеў, рукi адчулi прылiў сiл, i ён спрабаваў устаць. Аднак з гэтага нiчога ня выйшла.

- Колькi гэта часу прайшло? - спытаў ён.

- Каля двох тыдняў, Ваша Сьветласьць, - адказаў Кандрат, падымаючы Ваяводу на рукi.

- А як я аслабеў за гэты час... - зьдзiвiўся Фёдар. - Нават на ногi не магу ўстаць, - i, павярнуўшыся да Кiрыма, загадаў - Паадмыкай рэшту вязьняў!

Вызваленыя людзi, са сьлязьмi шчасьця на вачах, кiдалiся цалаваць Кiрыму рукi й ногi. Сiвенькая бабулька ўвесь час хадзiла за iм сьледам i паўтарала:

- Сыночак ты мой родненькi, век буду Богу за цябе малiць, дарма што ты татарын...

Кiрым адмахваўся ад яе, як ад мухi, i пасьпешна працаваў ключамi.

Кандрат, тым часам, знайшоў такой-сякой вопраткi й напрануў яе на Ваяводу, адначасна разказваючы яму ўсё здарыўшаеся.

Кавалак хлеба падмацаваў Ваяводу й даў яму сiлы ўстаць на ногi.

Зь цёмнага праходу пачалi вылазiць брудныя, змучаныя людзi й накiроўвацца да выхаду. Аднак Кандрат заступiў iм дарогу, i, заглушаючы iхныя радасныя, узбуджаныя галасы, загутарыў:

- Слухайце людзi! Куды-ж вы? Спачатку апранiцеся! Хто-ж то бачыў, босымi на сьнег ды мароз? Ноч там. Ды зброю прыхоплiвайце, там на гары бой iдзе! Сыч з апрышкамi Замак бярэ, дык падтрымаеце яго, па панах з тылу ўдарыўшы. I не сьпяшайцеся выходзiць, я першы пайду! Зразумелi? Зьдзiрайце лахi з гэтых душагубаў! - паказаў ён на забiтых. - Яны iм ужо не патрэбныя.

- Слухай, Кандраце, ты сказаў, што Сыч Замак бярэ? Гэта якi Сыч? Можа той, што на яго Васiля паслалi?

- Той самы! Каб ня ён, дык вавек нам-бы Вашай Сьветласьцi не знайсьцi! Малайчына Сыч! Шкада толькi, што ў апрышках ён...

Фёдар задумаўся. Маўчаў i Кiрым. Каля iх сабралiся ўсе вязьнi, узброеныя хто чым - жалезныя скобы, кавалкi ланцугоў, дзьве сякеры, два мячы, дошка ад лавы... Усiх было чалавек каля дваццацi - змучаныя й слабыя, але рашучыя. Бабулька й тая ўзброiлася: - дрыжучай, пажоўклай рукой зацiскала востры ражон, на якiм каты смажылi мяса над жароўняй.

Рушылi к выхаду. Першым iшоў Кандрат, падтрымлiваючы Ваяводу. За iм Кiрым з узьнятай паходняй, i рэшта вязьняў.

Па меры таго, як падымалiся па сходах, усё выразьней даносiўся гуд бойкi. Нэрвовыя дрыжыкi прабiлi кожнага.

Кандрат прыслухаўся каля дзьвярэй i памаленьку адсунуў засаўку. Адчынiў дзьверы. Сьвежае марознае паветра й грукат бойкi ўварвалiся ў глухiя сховы вежы. У Ваяводы закруцiлася ў галаве, i ён згубiў прытомнасьць.

Кандрат узвалiў яго на плячо й, выцягнуўшы меч, крочыў наперад. Кiрым не адставаў, зорка ўглядаючыся ў бакi.

Натоўп ап'янелых вязьняў, ня ў сiлах стрымаць радасны гогат, вывалiў са зьнявiднае вязьнiцы. Слабейшыя падалi безпрытомныя, мацнейшыя хiсталiся на нагах як п'яныя. Упала й бабулька, моцна зацiснуўшы свой ражон. Але людзi хутка падымалiся й гуртавалiся ў купу, каб ударыць па гайдуках, а бабулька так i засталася ляжаць, разьмятаўшы па сьнягу свае сiвыя, як сам сьнег, валасы. Ня вытрымала старэнькае сэрца, не ўтрымалася душа ў змучаным, кволым целе...

Кандрат i Кiрым, аддзялiўшыся ў цемры ад грамады вязьняў, моўчкi падалiся да сходаў на мур.

Раптам, ад муру аддзялiлася людзкая постаць. Кандрат занёс над галавой меч. Кiрым выхапiў кiнжал...

- Дзядзька Кандраце, - пачуўся шопат - гэта я, Мiколка. Я вас адразу пазнаў...

На душы ў Кандрата зрабiлася неяк лёкка-лёкка, як-бы вялiзны цяжар звалiўся з плеч, i ён спытаў:

- Што-ж ты тут робiш, басяк? Дзе Францiшак?

- Ня ведаю дзе. Пабёг... Загадаў вас чакаць, i во, меч даў, каб дапамагаў вам. А я носа разьбiў...

Кандрат усьмiхнуўся. Рушыўшы ўжо дагары па сходах, iзноў запытаў:

- Як-жаж гэта ты, з носам? Чаго пад ногi не глядзiш?... Балiць?

- Ужо не... Гэта-ж вы тут наразкiдалi забiтых, а я й разьбiў. Дзядзька Кандрат, а дзе Ваявода?

- Тут ён, тут, сынку. Ты памаўчы трохi. Добра?

Улезьлi на мур. Прымацавалi вяроўку. У гэты час, па падворку пранеслася група коньнiкаў, бразгатаючы панцырамi й зброяй...

Першага спусьцiлi Мiколку, за iм безпрытомнага Ваяводу. Кандрат злазiў памаленьку, затое Кiрым проста скацiўся, мала не папалiўшы сабе далоняў.

Цемра ночы праглынула аддаляючыяся й маўклiвыя постацi з каштоўнай ношай.

А бiтва працягвалася...

24. ДУША

Конны разьезд, высланы Васiлём, рысьсю наблiжаўся ка Камянцу. Густая непраглядная цемра шчыльнай завесай агарнула зямлю. Пушча маўчыць, нi гука. Толькi рэха таямнiча й прыгнятаюча, туруе скачучаму аддзелу.

- Што за нячыстая сiла? - мармыча пярэднi коньнiк, азiраючыся па бакох. Зь вечару, здаецца, зоркi пачалi паказвацца, чыстае неба было. А зараз якая трасца iх пабрала?... Цi мо' хмары панаперла, цi як?

Аддзел сьпяшаецца. Дый хто не сьпяшаўся-бы ў такую цёмную ноч сярод бязконцай засьнежанай пушчы? Жудасна...

Уперадзе, на небасхiле, пачынаюць невыразна мiгацець зарнiцы. Паступова павялiчваючыся, чырвоны водсьвет зарумяньвае край неба. Крывавая зара трапятлiва снуецца ў хмарах.

- Пажар, цi што? - стрымлiвае каня пярэднi коньнiк.

- Цi не ў Камянцы? - пагаджаецца другi. - Мо' йзноў апрышкi?...

Аддзел затрымоўваецца й нерашуча топчыцца на дарозе. Што рабiць? Цi заварочваць i падымаць сотню, цi праехаць далей i даведацца, што гарыць?

У гэты момант, асьляпляюча ўспыхвае блiскаўка, i нiзкi раскацiсты ўдар уструхнуў паветра...

- Сьвят, сьвят, сьвят, - хрысьцiцца дзясяцкi. - З намi хрэсная сiла... Ганi да Васiля, - паварочваецца ён да свайго суседа, - а мы трохi далей паедзем... Сьвяты Божа, Сьвяты Несьмяротны, зьлiтуйся над намi...

Адзiнокi коньнiк адразу выносiцца з аддзелу й галёпам зьнiкае ў цемры. Рэшта насьцярожана прыслухоўваецца да зацiхаючага цокату падкоў i нясьмела рухаецца далей.

Водблiскi пажару злавешчымi пералiвамi гуляюць па хмарах, то ўспыхваючы, то згасаючы.

47
{"b":"124333","o":1}