Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Не, не баюся, Ваша Высокасьць! Але-ж ён сын Вялiкага Князя Альгерда й Вашы Кузын. Вы сваякi!

- То што з таго, што сваякi? Чаму гэта я павiнен уважаць на сваяцтва, а ён не? Чаму ён, гэты ханжа й сьвятоша, не глядзеў на сваяцтва, калi задушыў майго бацьку?

Падаграючы сябе такiмi словамi, Вiтаўт разпаляўся ўсё болей i болей. Гнеў i прага помсты так i пырскалi зь ягоных блiскучых вачэй. Яго прыгожы твар зьмянiўся да непазнаньня.

- Чаму ён не глядзеў на сваяцтва, калi засадзiў мяне самаго ў Крэўскiя падзямельлi, ды загадаў таксама задушыць? Не глядзеў, нарэшце, на сваяцтва й тады, калi зь яго ведама Крыжакi задушылi маiх малалетнiх дзетак?... Чаму?...

- Ня ведаю, Ваша Высокасьць, - разгубiўся Фёдар.

- Ня ведаеш? Дык я ведаю! I пагэтаму таксама ня буду ўважаць на сваяцтва! Яму мала Кароны, яму й мой Пасад патрэбен!... Дык хай-бы ён быў мне родным братам усёроўна! Я мушу перад Богам i людзьмi аддаць яму тое, што ён заслужыў! Пакараю й пайду! Не патрэбна мне ягонае Каралеўства! Хай яго чарты з панамi дзеляць... Бог мне сьведка!

- Ваша Высокасьць, не ўпамiнайце Бога, бо гаворыця ня так, як належыць Хрысьцiянiну!... - цьвёрда запярэчыў Ваявода.

- Фёдар! Кубак цярпеньня перапоўнiўся! Я яму больш не прабачу! А ты, бачу, хiстаесься... Цi не прыслаў ён табе чаго-небудзь звонкага? Га? Калi так, то едзь лепей у сваё Грозава й больш мне на вочы не пападайся!

- Я нiколi не хiстаўся, iдучы за Вашаю Высокасьцю, i ад нiкога нiчога не атрымлiваў! Уся мая маёмасьць здабытая маiмi продкамi й мною зусiм сумленна й ганарова! Мячом i дзiдаю! I вы, Ваша Высокасьць, аб гэтым ведаеце ня горш за мяне! - прамовiў абражаны да глыбiнi душы Фёдар. - Але калi Вашай Высокасьцi пажадана адправiць мяне ў Грозаў, воля ваша! - Ён хутка адшпiлiў свой Рыцарскi пас i разам зь мячом працягнуў Вiтаўту.

Адразу разгубiўшыся ад такога выпаду, Вiтаўт зразумеў сваю вiну i, ляпнуўшы Фёдара па плячу, вылаяўся:

- Каб цябе Пярун разразiў! Спачатку раздратуе, а тады крыўдзiцца! Фёдар, а ну апярэзвайся назад!

- Але Ваша Высокасьць пажадалi адаслаць мяне...

- Пачакай! - перабiў Вiтаўт. - Ведаю, што ты хочаш сказаць. Але я цябе абразiў, i я цябе... прашу: Прабач.

Фёдар моўчкi глядзеў у вочы Вялiкаму Князю. Любiў ён свайго Гаспадара над усё на сьвеце, i балюча было, што дайшло да такога непаразуменьня.

- Ну добра! - працягваў Вiтаўт, зусiм апанаваўшы сябе. - Бачу, што ты, Фёдар, занадта ганаровы, каб прабачыць такому сьмерду, як я. Але пакiнь сваю крыўду на потым, бо зараз ня той час, каб мы сварылiся мiж сабой!

Ваявода паволi падпярэзаўся сваiм пасам.

- Вось гэтак будзе лепей! - ускрыкнуў Вiтаўт. - А разьлiчымся калiсь пазьней.

- Пазьней дык пазьней, - усьмiхнуўся Фёдар. - Я думаю, што на тым сьвеце вугалькамi.

- I я так думаю! - адразу пагадзiўся Вiтаўт.

Вялiкi Князь i Ваявода па брацку абнялiся, i гэтым шляхам мiр быў устаноўлены.

- Слухай Фёдар, - пачаў iзноў Вiтаўт. - Заўтра адбудзецца вайсковая нарада, i ты мусiш быць на ёй абавязкова.

- Буду. Абавязкова!

- Добра, iдзi адпачывай! Тваiх людзей ужо разьмясьцiлi. А слаўны ў цябе пачот, сам Кароль мог-бы пазайздросьцiць!

- I пазайздросьцiць, калi на тое прыйдзе час!

- Вось гэта мне падабаецца! - ускрыкнуў радасна Вiтаўт, разгадаўшы сэнс гэтага нацяка. - А ну, разказвай, колькi ты сабраў такiх малайцоў?

- Дзевяць сотняў лучнiкаў ды капейшчыкаў пешых i пяць сотняў конных.

- I гэта ўсё са Слуцку? З таго Слуцку, каторы паўгоду таму аддаў мне амаль усю сваю Дружыну?...

- Так, Ваша Высокасьць!

- I ты не памыляесься ў лiку?

- Не, Ваша Высокасьць!

- Фёдар! Ты заслужыў на найбольшую ласку, а я гэтак цябе абразiў... Яшчэ раз прашу - Прабач мне... I Князь Стары - малайчына. Дзякую й яму.

- Забудзьце, Ваша Высокасьць! Не для падзякi робiм, а на славу Краiне й Гаспадара яе. А пра выбачэньне пакiнем... Хто старое памяне, таму вока вон!

- Фёдар, можа маеш якое жаданьне? Прасi! I калi гэта ў маёй моцы, зраблю! Я ў цябе ў даўгу.

Ваявода Фёдар хацеў ужо было адмовiцца, як раптам у галаве склалася адна цiкавая камбiнацыя, i ён прамовiў:

- Маю жаданьне. I прасiць буду Вашу Высокасьць даць шпоры й пас аднаму з маiх сотнiкаў - Васiлю з Копыля.

- А чаму для сябе нiчога ня просiш? - зьдзiвiўся Вiтаўт.

- Гэта й ёсьць для мяне... - пачырванеўшы, адказаў Фёдар.

- Калi так, то добра. Толькi-ж ты ведаеш, што нiхто не дастае годнасьцi Драба, не заслужыўшы гэтага.

- Ён iх заслужыў, Ваша Высокасьць! У абароне Вiльнi й у сутычках з Крыжакамi ў Жамойцi...

- Веру табе, Фёдар, але ўсё-ж мушу праверыць яго, што й зраблю ў найкарацейшым часе. Абяцаю табе.

- Дзякую, Ваша Высокасьць, наперад, бо ведаю, што ён не падвядзе.

* * *

- Ойча наш нябесны! Хай сьвецiцца ймя Тваё, хай прыйдзе валадарства Тваё, ды будзе воля Твая, як на небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штадзённага дай нам сёньня й выбач правiны нашыя, як i мы выбачаем вiнаватым перад намi, i ня дай нас у спакусу, але ратуй нас ад лiхога. Бо Тваё валадарства й сiла й слава - Айца, i Сына, i Сьвятога Духа - цяпер, на ўвесь час, i вякi вечныя. Амiн. Апошнюю частку малiтвы Вiтаўт прамовiў наўмысна з моцным прыцiскам.

- Амiн! - адказалi ў разнабой сабраўшыеся на нараду Драбы.

Вялiкi Князь акiнуў паглядам абедзенную залю, у якой вакол наўкола велiзарнага стала стаялi, чакаючы дазволу сесьцi, удзельнiкi нарады.

Усiх прысутных Вiтаўт добра ведаў i таму, ня доўга не цырымонячыся, адразу сеў у крэсла, паклаўшы меч памiж кален. Сабраныя, а было iх чалавек каля сарака, з шумам i бразганьнем зброi, пазаймалi свае мейсцы.

Пашукаўшы вачамi Ваяводу Фёдара, Вiтаўт моцна зьдзiвiўся, бачачы за ягоным крэслам двух добра ўзброеных збраяносцаў. Не было нiчога дзiўнага, што за крэслам Яраслава Смаленскага стаялi тры воi, за крэслам Жыгiмонта Карыбута (толькi што прыехаўшага з Чэхii) аж пяць. Але калi Фёдар, каторы заўсёды прыходзiў з адным стрэмяным, прывёў двух, значыць тут нешта ёсьць. Аднак задумвацца над гэтым не было часу, i Вiтаўт адразу перайшоў да справы:

- Шаноўныя Гаспадары Рада! Верныя й адважныя Князi, Ваяводы, Войты й Драбы! Баронячы нашыя землi й правы, мы ня раз ужо сустракалiся ў полi зь Немцамi, Маскалямi ды Манголамi. Пакладаючыся на Ласку Божую, ды сiлу й мужнасьць Народную, мы заўсёды з гонарам выходзiлi з усiх цяжкасьцяў, i заўсёды былi пераможцамi. Шануючы Сьвятую Памяць нашых слаўных Продкаў, мы дабрасумленна выконвалi ўсе забавязаньнi, узятыя iмi на сябе. Але, нягледзячы на гэта, наш подлы брат[12] Кароль Польскi Ягайла - палiчыў для сябе прыстойным здраднiцкi схапiць у часе перамоваў нашага бацьку Кейстута й задушыць яго. Недастойным Караля ашуканствам ён заманiў i мяне ў разстаўленую iм пастку, ды, захаваўшы ў падзямельлi Крэўскага Замку, загадаў задушыць i мяне. I толькi дзякуючы самаахвярнасьцi простае жанчыны мне ўдалося ўратавацца. Вы таксама ўсе добра ведаеце, якую ролю гуляў Ягайла ў забойстве маiх дзяцей. Я тады-ж хацеў паказаць нашаму брату ягонае мейсца, але закалот у Бранску прымусiў мяне ўстрымацца. Наступна мы мусiлi спынiць навалу Тымура Кульгавага, i вось цяпер, калi нашымi шматтысячнымi ахвярамi, куплена воля ўсяе Эўропы, наш брат вырашыў, што прыйшоў найлепшы час падпарадкаваць Вольную Лiтву кароне Польскай. Ён разьлiчвае на падтрымку Князя Мазавецкага й на нашае, як яму здаецца, бязьсiльле!

Па залi пракацiўся гул абурэньня й гучны бразгат зброi. Вочы Вiтаўта заiскрылiся, i ён дадаў:

- Да нас даходзяць весткi, што Кароль рыхтуецца да вайны з намi. Што мы яму на гэта скажам?

Пагляд Гаспадара спынiўся на Фёдару, як-бы заклiкаючы выказацца. Але Ваявода моўчкi вытрымаў гэты пагляд, не прамовiўшы нi слова.

Шумiлiнскi Войт з глухiм стогнам заскрыгатаў зубамi. Такая вялiкая была яго ненавiсьць, што адбрала яму дар мовы. Як заўсёды гарачы, Яраслаў Смаленскi ў лютасьцi грымнуў кулаком па сталу, мала ня выкруцiўшы пры гэтым сабе руку. Ваявода зь Вiцебску падскочыў са свайго крэсла з крыкам:

16
{"b":"124333","o":1}