Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Злы ад няўдачы, Олiвер пахмура вярнуўся да сваiх сяброў.

- Што гэта за Прынц такi? - гнеўна спытаў ён, паказваючы на свайго сапернiка, у ярка зялёным плашчы, з-пад якога зiхацеў багаты панцыр. Яскрава выступаючы на зялёным полi плашча, кiдаўся ў вочы гэрб шчасьлiўца: на чырвоным шчыту залаты квадрат з прыгожым выгiбам бакоў, у сярэдзiне каторага зь левага нiжняга кута ў правы верхнi працягнуўся белы Маршальскi жэзл.

- Гэта й ёсьць Прынц! - супакойна адказаў Граф. - Спадкаемца Смаленскi, Княжыч Яраслаў. I магу дадаць: такi-ж нешчасьлiвец, што датычыць гэтае чараўнiцы, як i вы, мой сябра! Супакойцеся й назiрайце... гэта будзе карысьней!

Шкоцкi Рыцар, вялiзарны ростам i адважны да безразсуднасьцi, Алан Марцiмер Мак Марцiмер, прыглядаўшыся больш уважна да Вiтаўта, чым да яго прыгожай сястры, з падзiвам зьвярнуўся да Графа:

- Скажыце, шаноўны Граф, гэта й ёсьць той самы Вялiкi Князь Вiтаўт, каторага так баiцца Кароль Ягайла, i каторы ўнушае гэтакую баязьлiвасьць паважанаму Тэўтонскаму Ордэну?

- Што-ж вы тут знаходзiце дзiўнага? - у сваю чаргу зьдзiвiўся Граф. Але ён не прызнаўся, што й сам пры першай сустрэчы зь Вiтаўтам, быў зьдзiўлены ня менш за шкота. Але з часам прызвычаiўся й не падзяляў ужо таго падзiву, якi выклiкаў выгляд Вялiкага Князя.

- Па праўдзе сказаць, - удакладнiў Шкот, - будучы ў Мальборку й у Кракаве, ды наслухаўшыся ўсякiх дзiваў дзiвосных аб сiле й мужнасьцi гэтага Князя, я ўяўляў яго сабе калi ня большым, то ў кожным разе такiм, як я, i ростам i сiлай, аднак...

- Вас увяло ў блуд слова "Вялiкi" ў яго тытуле.

- Так! Напэўна! Але клянуся Сьвятым Андрэям, гэтакi маленькi ростам i з такiм лагодным тварам, ён ня ўмее трымаць мяча ў руках! А ўся слава, якая ходзiць аб iм, належыць вось гэтым малайцам зь яго пачоту! - не сунiмаўся ваяўнiчы шкот.

- А я, са свайго боку, не радзiў-бы вам сустрэцца зь iм у полi, нягледзячы на вашы вялiзарны рост, магутныя плечы й двуручны меч! - быў адказ Графа, каторы ўжо ня раз меў нагоду пераканацца ў баёвых здольнасьцях Вiтаўта.

- Пастараемся ў гэтым пераканацца! - груба адрэзаў Шкот, пакрыўджаны зьнявагай да сваёй асобы, прасьлiзнуўшай у тоне Графа. - I папрашу падобных парадаў мне больш не даваць!

На гэта Граф змаўчаў, тым болей, што задзiрацца са Шкотам зусiм не хацеў. Рэшта чужаземцаў, не ўступаючы ў гэтую спрэчку, уважна прыслухвалiся да словаў дасьведчанага й разважнага Графа, ведаючы, што ён ня новы ў Лiтве, а таму сьведамы сваiх слоў i парадаў.

Тым часам, Вiтаўт, прыняўшы дабраславенства Мiтрапалiта, узыйшоў на прыступкi, хутка перахрысьцiўся, i, яшчэ раз махнуўшы натоўпу рукой, зьнiк у дзьвярах Сабору. Рынгайла, Пачот i Полацкая знаць падалiся сьледам. Стаяўшы дагэтуль нерухома народ рынуўся ўперад i хутка запоўнiў Сабор.

I якi ён нi быў вялiкi, туды не ўмясьцiлася й паловы жадаючых быць на панiхiдзе разам з Гаспадаром. Анi праймаючыся гэтым, застаўшыяся на марозе людзi падрыхтавалiся адбыць панiхiду пад адкрытым небам - як нехта пусьцiў жарт: "Блiжэй да Бога!"

Праз адчыненыя дзьверы Сабору данесься голас Мiтрапалiта:

- Дабраславен Бог наш...

Натоўп заварушыўся, i соткi сьвечкаў заiскрылiся на марозным паветры. Чужаземцы, праймаючыся ўрачыстасьцю моманта, пайшлi за прыкладам Графа й, паскiдаўшы шоламы, таксама запалiлi сьвечкi.

Баярын Лука, хаця й трымаў сьвечку, аднак думкамi быў далёка ад панiхiды. Яго турбавала тая пашана й любасьць, якой быў акружаны Вялiкi Князь Вiтаўт з боку сваiх падданых. А вялiкая колькасьць чужаземцаў i iх пашана да Гаспадара - зусiм палохала яго, бо як мог ён пры гэтакiх абставiнах пераконваць Вiтаўта аб патрэбе хаўрусу зь дзiкай Масквой (хоць i адзiнавернай). Глыбока задумаўшыся, Баярын Лука прастаяў усю панiхiду, i ачуўся толькi тады, калi натоўп вернiкаў укленчыў, з пабожнасьцю прыслухваючыся да даносячагася з Сабору голасу:

- Ва блажэннам усьпенii вечны пакой падаждь Госпадзi, здзе памiнаем рабоў Тваiх, палажыўшых жывот свой на поле бранi за Веру Праваслаўную i Айчызну.

Пачуўшыеся ўсьлед за гэтым усхлiпваньнi й плач патанулi ў стройным сьпеве хору:

- Вечная памяць...

* * *

Дом купца Мюльлера, гасьцiнна прыняўшы пад свой дах Камандора фон Кройцэнбэрга, фасадам выходзiў на базарны пляц. Леваруч у вокны быў вiдзён Полацкi Замак - сёньняшняя рэзыдэнцыя Вiтаўта, праваруч - Сабор Сьвятое Сафii. Мейсца, як i належыцца базару, вельмi жывое. А для Кройцэнбэрга лепшага ды выгаднейшага становiшча нельга было й прыдумаць: назiраць за рухам i людзьмi праз вокны, прымаць афiцыйных гасьцей з параднага ўваходу, неафiцыйных - з тылу, праз зарослы бэзам i шыпшыньнiкам сад, выходзячы на глухую вулку, вядучую аж да самае Дзьвiны.

Чым даўжэй Камандор знаходзiўся ў Лiтве, тым болей пераконваўся ў фантастычнасьцi свайго пляну. Усе яго задумы, каторыя здавалiся такiмi простымi й латвымi да зьдзейсьненьня ў Кракаве, цяпер разьвеялiся, як сны пасьля прабуджэньня. Воляй-няволяй, прыходзiлася падумаць аб выпрацоўцы новага, больш рэальнага пляну. Але за што ўхапiцца, на што абаперцiся?

Кройцэнбэрг у задуме сядзеў за сталом, падпёршы чало рукой. Перад iм ляжала мапа Вялiкага Княства Лiтоўскага. Бальшыня гарадоў i мястэчак рукой Камандора былi абведзеныя роўненькiмi колкамi. Гэтыя колкi больш за ўсё й турбавалi яго...

Прыехаўшы ў Лiтву, ён у першую чаргу пастараўся прыдбаць сабе iнфарматараў. У ход былi пушчаныя золата й абяцанкi, i праз кароткi час Кройцэнбэрг ужо меў выразны малюнак становiшча ў гэтым "дзiкiм" i "паганскiм" краю. Штодня, ён наносiў усё сьвежыя й сьвежыя колачкi на мапу. Гэтыя зьнявiдныя колкi разбурылi дашчэнту такi выразны й разпрацаваны плян, бо кожны зь iх азначаў, што з дадзенай мясцовасьцi ў канцылярыю Вялiкага Князя надыйшла вестка аб утварэньнi палка. I зараз, нягледзячы на пайшоўшыя марна надзеi, ды на нянавiсьць да ўсяго Лiтоўскага, Кройцэнберг ня мог не захапляцца арганiзацыяй i парадкам у гэтым, як здавалася на першы пагляд, хаосе. Паняволi ўспомнiўся прадбачлiвы й асьцярожны Брат Тэмплiер. Вось калi ён прыдаўся-бы са сваёй абдуманай парадай. Але паколькi яго няма, i няма надзеi на хуткае зь iм спатканьне, трэба шукаць выйсьця самаму. Разпалiць вайну мiж Польшчай i Лiтвой цяжка, бо Кароль Ягайла напэўна таксама ўжо ведае аб надзвычайных дасягненьнях Вiтаўта па збору Дружыны, i гэта адаб'е яму ўсякую ахвочасьць задзiрацца. Не дапаможа нават калi-б Кароль даведаўся аб патаемных перамовах Вiтаўта з Чэхiяй. Гэта, праўда, выклiча незадаваленьне Караля, але да вайны не давядзе. Трэба козыр захаваць - можа, яшчэ прыдасца.

Раптам блiскавiчная думка зьявiлася ў галаве Кройцэнбэрга: А што калi паспрабаваць з другога боку? Падбухторыць Вiтаўта супраць Караля! Так, так! Над гэтым трэба падумаць! Цяжка, але не немагчыма! Самаму йсьцi да Вялiкага Князя ня можна - ён нават цярпець выгляду Крыжака ня можа, ня тое каб зь iм гутарыць, а тым болей яму паверыць. Не дапаможа нават i напамiн аб той дапамозе, якую аказаў Ордэн Лiтве ў бiтве на Ворскле. Вiтаўт ведае цану гэтае дапамогi. I на што было патрэбна брату Рудольфу фон Шёнiнген душыць гэтых Вiтаўтавых дзяцей? Незразумела! Хацеў гэтым забойствам уцiхамiрыць яго? А чаго асягнуў? Узьлютаваў толькi супраць нявiннага Ордэну, i болей нiчога. I зусiм зразумела, што сьмерць сваiх сына й дачкi - Вiтаўт нiколi не прабачыць, i пастараецца адплацiць самай страшнай i жудаснай помстай. Але раз самому ня можна - значыць, трэба шукаць адпаведных людзей. Кройцэнбэрг стаў перасыпаць у памяцi сваiх iнфарматараў. Выбраўшы некалькiх зь iх, ён пазванiў у срэбны званочак.

Зараз-жа зьявiўся прыслужнiк, сваiм ростам i выразам твару падобны хутчэй на малайца зь вялiкае дарогi, чым на манашага прыслужнiка.

- Паўль! Зараз-жа паклiч гэтага дурня, што заве сябе панам Келябовiчам. Калi яшчэ не ад'ехаў гэты скнара - Шумiлiнскi карчмар-Захар - дык паклiч яго. I абавязкава знайдзi й прывядзi Войта зь Вялiкiх Лук. Як будуць прыходзiць, размясьцi iх па розных пакоях, каб ня бачылi адзiн другога!

14
{"b":"124333","o":1}