Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вяркееў гаворыць i гаворыць, i я не перапыняю яго. Толькi чакаю, калi ён скончыць. Я нават ня ўсё ўспрыймаю, што ён гаворыць. Я заняты сваiм. Ня тым, што я чую. Уявiлася, што гэта Вяркееў зноў выпраўляе мяне ў дарогу, як некалi пяць год таму назад, калi мы з iм у сасоньнiку адзначалi мой ад'езд у Менск, i калi дзеля такога важнага моманту ён пёк яешню, узьнiмаў шклянку i гаварыў: "Праводжу цябе ў дарогу, якой-бы яна нi была. Трымайся! Гартуйся ў бядзе! Весялiся ў шчасьцi! Я табе ня вораг". Але цяпер мне не падабаецца, калi ён прыгадвае Дусю, Бугрова, каломенскага iнтэлiгеньцiка. Я хачу, каб ён скончыў са мною гэтую гутарку. Не пераконваў мяне. У ягоны Штаб я не пайду.

Але Вяркееў ня сьцiхае:

- Што ты сядзеў - гэта ўжо не загана. Гэта ўжо ня пляма. Яна змыта тваiмi пакутамi. Ты чысты. Ачысьцiўся. А галоўнае - ты не пайшоў на службу да ворага. Гэта галоўнае цяпер. Гэтым ты забясьпечыў сабе права грамадзянiнам называцца. I як гэткi, гавару - ты нам больш чым патрэбны. Скажу табе больш - наш з табою ўпаўнаважаны заклiкае цябе. Я, калi хочаш - ад яго. Дый не залежна ад яго. Я страшэнна хацеў пабачыцца з табою. З бацькам тваiм - ня менш. Зойдзем да цябе яшчэ ў хату. Узгоднiм усё з тваiм старым. Ты не канешне мусiш зьбiрацца цяпер, у гэтую хвiлiну. Табе трэба, як сьлед, падрыхтвацца, усё абдумаць i ўдакладнiць. Мы забясьпечым цябе ўсiм. Транспартам таксама. Нашыя сувязныя дапамогуць табе. Прыйдуць у вызначаны табою час i забяруць. Разам з Дусяй. Меры перасьцярогi будуць захаваныя. Нас цяпер цiснуць, але дармо... Пераседзем. Пакуль падкiнуць зброю, мэдыкаменты i iншае забясьпячэньне. Збудавалi ўжо i аэрадром. Чакаем першага самалёту адтуль, з Вялiкай зямлi.

Падыходзiм да нашае хаты. Вяркееў i пытаецца: ну дык i як? Я-ж маўчу i гэта ён успрыймае, як адзнаку, што я знаходжуся ў стане вырашэньня пастаўленага iм перада мною пытаньня.

Уваходзiм у хату. Бацька яшчэ не лажыўся. Чакаў на нас.

- Ну вось, Лявонавiч, мы й вярнулiся. Я прыйшоў з вамi разьвiтацца. Мне пара назад. Мяне чакаюць i мо турбуюцца, што мяне доўга няма. Мы з Мiколам усё абсудзiлi i прыйшлi да заключэньня, што яму ляпей пайсьцi да нас. Будзе вам зацiшней i яму спаквальней. Думаю, Мiкола згодны са мною (Вяркееў! зiрнуў на мяне). Вы тут мяркуйце, абдумвайце. Гэта-ж канешне ня з бухты барахты. А мы калi што - заявiмся адразу-ж. Была-б толькi вашая згода. Мне-ж пара. Сiгналiзуйце.

У посьпеху Вяркееў абняў бацьку i ў нейкай нечаканай рашчуленасьцi загаварыў:

- Заставайцеся здаровы. Калi зноў пабачымся - невядома. Усяк можа быць. Цi пабачымся.

Абняў яшчэ раз. Пацалаваў.

- Ну, а ты правядзi мяне з хаты.

Ужо за дзьвярыма спытаўся:

- Даеш мне слова? Гавары цяпер! Я мушу вярнуцца з нечым канкрэтным - так цi так.

- Дай падумаць, - гавару.

- Значыць, хiтрыш? А я думаў, што ты ўзмужаў. Аж бачу - не. Ну, думай. Думай. Але часу ў цябе ня шмат.

Моўчкi пацiснуў мне руку i матнуўся ў цемру гэтак хутка, што я й ня прыкмецiў, у якi бок ён шмыгнуў. Думаю, што ён сьпяшаўся яшчэ зазiрнуць да Акулiны.

Дуся мяне чакала доўга. Ня спала. Думала, што ўжо ня прыйду i непакоiлася маёй адсутнасьцяй. Яна ўчула мае крокi яшчэ на двары, i не пасьпеў я падыйсьцi да дзьвярэй, як яна адчынiла iх, упэўненая, што гэта я. Ужо iдучы да яе, я ўяўляў яе ўва ўсёй ейнай спакусьлiвасьцi, i калi яна, зачынiўшы за мною дзьверы лягла, утулiўшыся, побач мяне, раскрытая i ахвочая, жарсьць i любасьць спазнаньня яе закрэсьлiлi ўсё ў маёй памяцi. Шчасьлiвыя, у забыцьцi, мы праспалi да самае позьняе ранiцы.

Выходзiм з клецi, а на двары - Дусiна мацi. Сыплiць з падолу курам зерне. Глядзiць на нас. Нiчога не гаворыць. Дуся падбягае да яе. Абыймае:

- Мамачка. Галубка. Юзiк ходзiць да мяне. Не асудзi. Мы сьпiм з iм у клецi.

- Якi табе Юзiк?

- Гэта я так цяпер Мiколу заву.

- Ну дык вядзi свайго Юзiка з клецi ў хату.

I ўжо да мяне:

- Iдзi, Масеевiч, пасьнедаеш у нас.

Засаромлены, iду з Дусяй у хату. Яна мне гаворыць:

- Мацi цябе любiць.

Падае мне рушнiк, мыла. Просiць умыцца.

Мы за сталом. Хiма пячэ яшныя блiны i кiдае iх нам на талеркi. На гарачыя, мы кладзем на iх кавалачкi ператопленага з сырам масла. Масла на блiне хутка растае i мы, каб яно не сьцякала, сьпяшаемся есьцi, згаладалыя i прагныя да такой смакаты.

Сорам мой праходзiць. Я абвыкся. Хiма, можна сказаць, благаславiла нас. Пiлiпава хата робiцца маёй хатай.

Пасьнедалi. Дуся вядзе мяне паказаць за шырмай сваю Сьвятлiцу. Сапраўды, бачу прыгожа ўбраны куток: ложак, пакрыты прасьцiрадлам хатняга вырабу, з гарой падушак у галавах, столiк, з кветкамi на iм, палiчку з кнiжкамi, Ягораву з Эмай фатаграфiю на сьцяне. Дусiна Святлiца - гэта той самы куток, дзе яна калiсьцi хавалася ад грому, накрываючыся дзяругай. Вакно, што выходзiць на агарод, надае Дусiнай Сьвятлiцы радасны выгляд, асьвятляе яе сьвятлом нейкай асаблiвай дзявочай чысьцiнi i дбайнасьцi. Калi я зiрнуў у гэтае вакно дакорам блiснулi насупраць за рэчкай вокны нашае хаты: "Зрокся ўжо, знайшоў сабе гняздо. Табе даражэй стала чужая хата".

У хату ўваходзiць Пiлiп. Ён ужо накасiўся i прыйшоў пасьнедаць, адпачыць. Стомлены, хмуры, ён як-бы незадаволены маёй прысутнасьцяй. Ды пасьнедаўшы, памякчэў, злагаднеў, сам зачапiў мяне:

- Чуў можа. Немцы спалiлi Кавычыцы. Загналi ўсiх - i старых, i малых - у каго ня было дакументаў, у калгасную абору i падпалiлi. Жыўём згарэлi. Нямногiя ўцалелi. Немцы б'юць сабе, а партызаны сабе. I як тут быць чалавеку? Адных бойся i другiх бойся. У каго-ж у нас тыя дакуманты? Нi ў кога няма. А няма - значыць партызан. Таго глядзi, што й да нас дабяруцца. Праўда, тут арудуюць свае. Немца не баяцца. Дзействуюць адкрыта. Свадзьбы гуляюць. Скот рэжуць. Хлеб па млынох меляць. Ваююць, называецца. Ня шкодзiла-б пужнуць i iх. Паймелi ўжо сiлу.

- Не кажы, Пiлiп, дастаецца i iм. Пад Калодлiвам вон iх закуталi ў лесе i ўсiх перадушылi. Iх болей гiне, як немцаў. Дык яны й помсьцяцца хоць на сваiх. Палiцая якога зловяць - забiваюць. А што той iншы палiцай. Вiнтоўку немцы далi, партызаны вокны выбiлi - ён i кiнуў вiнтоўку. Хаваецца дзе па куткох цi ў лес падаўся да партызанаў.

- Што нам тыя партызаны. Трэба сябе глядзець...

У словах Пiлiпа я адчуў як-бы перасьцярогу сабе. Засьпяшаўся. Пачынаю разьвiтвацца. У маёй пасьпешлiвасьцi Дуся вычула нешта трывожнае для сябе i праводзiць мяне да самае рэчкi распытваючы, чаму я так раптам спахмурнеў.

Я думаю, як мне быць. На заклiк Вяркеева я не пайду. Прынцыпова. Я ня веру iм. Я баюся iх. Я чакаю перамогi над iмi. Я хачу, каб лясы былi ачышчаныя ад iх. Я нiчым не хачу дапамагаць iм. Я не хачу быць пад iхнай уладай. Я не магу пайсьцi да iх. Я хаваюся ад iх. Пабачу якога коньнiка з чырвонай зоркай у шлеме i вiнтоўкай за плячыма - мярцьвею ад страху. Як я магу аддацца пад уладу гэтай зоркi? Я доўга хадзiў пад ёю i я баюся яе. Яна трывожыць мой сон. Я хачу каб яна зьнiкла, ня блiшчэла. Але яна не-не дый паяўляецца зноў, пужае сваёю чырваньню, ад яе вее сьмерцяй. Я спадзяваўся, што хутка ён надыйдзе канец. Аж, не - яна зiхцiць. Яна бярэ верх, хоць у гэта я ня хочу верыць. Я спадзяюся, што яна згасьне. Я жыву спадзяваньнямi. Жыву вераю. Я шукаю пацьвярджэньня сваёй веры. Ня хочу прызнаваць усяго таго, што не пацьвярджае мае веры. Я ня ведаю, што робiцца на франтох. Да мяне не даходзяць нiякiя газэты. У мяне няма радыё. Я ня веру, што нашы адбiлi назад той цi iншы горад. Я прывык, што чырвоная зорка хлусiць. На нашым полi iхны самалёт ськiнуў цюк лiстовак "Убей немца!" У гэтых лiстоўках доўгi пералiк атрыманых над ворагам перамогаў. Я не магу гэтымi перамогамi радвацца. Я не хачу ў гэта верыць. Мяне гэта засмучае. Гэта для мяне пагроза. Я апынуўся ў пастцы. У мяне няма з яе выхаду. Я нiчэй. Я ненавiджу i гэтых. Яны падманiлi нас. Мы дарэмна iм паверылi. Ненавiдзячы iх, я ўсё яшчэ жадаю iм перамогi. Ня ведаю, чаму. Яны-ж для мяне не абаронцы. Пярэймуць дзе на дарозе - бяспаспартнага, мяне расстраляюць. Я для iх - партызан. У мяне няма выхаду. I я думаю, як мне быць. Якое прыняць рашэньне. Хоць рашэньня прыняць я не хачу нiякага. Я ўнiкаю гэтага. Адганяю ад сябе нават самую думку пра рашэньне. Прыняць рашэньне - гэта значыць перарваць усё тут. Пакiнуць усё тут. Уцячы? Куды? Да каго? Я раскажу Дусi пра маё палажэньне, пра наша з ёю палажэньне. Яна, думаю, ня ўсьведамляе небясьпечнасьцi майго дый ейнага палажэньня. Яна нiчога ня ведае. Яна ўся ў аддачы, у плынi, што захапiла яе, уся ў зьдзясьненьнi сябе, як жанчыны. Я раскажу ёй пра адведзiны мяне, пра ўсё чыста, у тым лiку, канешне, пра Вяркеева. Распытаю пра Бугрова, пра "каломеньскага iнтэлiгенцiка".

44
{"b":"124237","o":1}