Уніз рушылі яны, уніз і ўніз. Зразумела, у майстэрстве ціхага руху гномы ў аніякае параўнанне з хобітамі не ідуць, і пыхкання, і шоргату нарабілі яны досыць, а рэха ўсё гэта разнесла ды ўзмацніла. Але, хоць Більба і прыпыняўся ледзь не кожную хвіліну, прыслухоўваючыся, што там унізе робіцца, адказам была паўнюткая цішыня. Калі ж, па меркаваннях хобіта, наблізіліся да канца тунеля, Більба насунуў пярсцёнак ды пашыбаваў наперад. А магія і не патрабавалася — у такой цемры ўсе былі нябачнымі, з пярсцёнкам ці без яго. Фактычна, такая ўжо паўнюткая, чорная была там цемра, што хобіт і канца тунеля не пазнаў. Раптам ягоная рука не знайшла сцяны, хобіт спатыкнуўся ды пакаціўся кулём у залю!
Ён доўгі час ляжаў на падлозе ды не адважваўся варухнуцца. Нічога вакол не рухалася. Ані водблеску святла навокал! Нарэш-це, узняўшы галаву, заўважыў ён цьмянае белаватае ззянне, недзе далёка ў змроку, высока над ягонай галавой. Бясспрэчна, тое не было іскрай цмокавага полымя, хоць цяжкі смурод Дракавы адчуваўся, і нават на язык трапіў гэты брудны смак.
Неўзабаве невыноснае чаканне абрыдла небараку. Сілы пакінулі яго.
— Каб цябе, гад лятучы! — прапішчэў ён. — Канчай гуляцца ў хованкі са мною! Запалі святло і з'еш мяне, калі злавіць здолееш!
Слабое рэха пабегла па залі, аднак адказу не было. Більба ўзняўся і раптам зразумеў, што не ведае, у якім напрамку рушыць.
— Каб яго, лускатага, у якія-такія гульні ён гуляе? — сказаў хобіт сабе. — Відавочна, дома яго сёння няма. Калі Ойн з Глойнам не згубілі сваіх крэсіваў, можна святла трошачкі зрабіць ды зірнуць навокал, пакуль спакойна.
— Святла! — закрычаў ён. — Ці можа хто-небудзь запаліць агонь?
Гномы, зразумела, вельмі напалохаліся, калі Більба з грукатам скаціўся па прыступках у залю, і сядзелі, збіўшыся ў кучу, там, дзе хобіт пакінуў іх.
«Ш-ш-ш, ш-ш-ш», — сказалі яны, пачуўшы ягоны голас, і хоць дапамаглі хобіту знайсці сябе ў цемры, доўгі час нічога атрымаць ад іх было немагчыма.
У рэшце рэшт, калі Більба пачаў тупацець ды вішчэць што сілы: «Святла!», Торын з неахвотаю згадзіўся і выправіў Ойна з Глойнам забраць пакункі з верху тунеля. Праз нейкі час зіхоткі агеньчык паказаў, што яны вяртаюцца — Ойн з маленькай сасновай паходняй у руцэ, Глойн з кіпаю паходняў пад пахай. Хутка Більба ўзяў адну ў руку й падышоў да выхаду, але ж пераканаць гномаў запаліць астатнія так і не здолеў. Як далікатна растлумачыў Торын, спадар Торбінс яшчэ выконваў свае абавязкі афіцыйнага ўзломшчыка і даследчыка. Калі надумаў ён на ўласную рызыку запаліць паходню — калі ласка. Гномы па-чакаюць вынікаў у тунелі. Таму паселі яны каля выхаду і сталі чакаць.
Убачылі яны маленькую цёмную постаць хобіта, які крочыў праз залю, трымаючы слабы агеньчык паходні. Пакуль Більба яшчэ быў непадалёк, раз-пораз гномы бачылі пробліск ззяння ды чулі бразганне, калі хобіт спатыкаўся аб які-небудзь залаты выраб. Потым агеньчык паходні, падскокваючы, стаў узнімацца. Більба караскаўся на вялікую кучу скарбаў. Спрытна дасягнуў ён вяршыні і пайшоў далей. Гномы бачылі, як ён спыніўся, нахіліўся на хвілінку, але чаму, яны не зразумелі.
А нахіліўся Більба па Аркенстон, Сэрца Гары. Більба зда-гадаўся, што гэта ён — па Торынавым апісанні. Наўрад ці два такія камяні знайшліся б нават у такой цудоўнай скарбніцы, нават у цэлым свеце. Пакуль хобіт караскаўся, белае ззянне цягнула яго нібы магніт, вяло да сябе. Павольна за бляскам разгледзелі ягоныя вочы невялікі шар, нібыта зроблены з бялюткага, празрыстага святла. Калі падышоў бліжэй, заўважыў, што паверхня каменя мігціць зіхатлівымі іскрамі мноствам колераў, фарбы дрыжаць і скачуць у святле паходні. Калі ж Більба зірнуў добра, яму сцяла дыханне. Незвычайны самацвет ззяў уласным халодным святлом, гномы апрацавалі, агранілі яго ў пракаветныя часы, і з тых дзён камень піў усё святло, якое трапляла на яго, і вяртаў тое святло ззяннем тысячы іскраў ільдзістага полымя, што адсвечвала ўсімі колерамі вясёлкі.
Знянацку Більбава рука сама сабою пацягнулася да каменя, нібы прыцягнутая чарамі. Маленькая рука не здолела абхапіць цяжкі камень, але ж падняла-такі і запхнула ў найглыбейшую кішэню.
Більба аж вочы заплюшчыў, калі тое рабіў. «Вось цяпер я сапраўдны ўзломшчык! — падумаў ён. — Але ж трэба сказаць пра камень гномам… калі-небудзь. Яны казалі, я сам магу вы-браць сваю частку, дык вось яна, тая частка, а ім няхай застаецца ўсё астатняе!» Нядоўга няёмкая думка турбавала яго: відыць, пра-панаваны яму выбар наўрад ці ўключаў і гэты дзівосны камень, і што шмат клопату з таго выйдзе. Але ж тое было толькі прад-чуванне.
Більба рушыў далей. Злез з іншага боку вялікай кучы — іскарка ягонай паходні зніьсла з уважлівых гномскіх вачэй. Аднак хутка яе заўважылі зноў. Більба ішоў праз залю.
Ён ішоў, пакуль не дасягнуў вялікіх дзвярэй з іншага краю залі і тут з асалодай удыхнуў свежае паветра — аднак і паходня ад скразняку ледзь не згасла. Палахліва хобіт вызірнуў за дзверы і заўважыў у змроку вялізны праход ды шырокую лесвіцу, яе прыступкі знікалі наверсе ў цемры. Пакуль што цмока не было ні відаць, ні чуваць. Толькі Більба намерыўся павярнуцца ды пайсці назад, як нешта чорнае наскочыла на яго з цемры, кранула твар. Більба завішчэў і рынуўся прэч, спатыкнуўся, захістаўся ды зваліўся на падлогу. А паходня ягоная ўпала, перавярнуўшыся, ды згасла!
— Ну, толькі кажан, і ўсё. Спадзяюся, што ўсё, — сказаў ён да сябе. — А што цяпер рабіць? Дзе Поўнач, Поўдзень альбо Ўсход з Захадам?
— Торын! Балін! Ойн! Глойн! Філі! Кілі! — закрычаў ён так гучна, як мог, — а пачуўся слабенькі шоргат у неабсяжнай чорнай прасторы. — Паходня згасла! Хто-небудзь, ідзіце да мяне, знай-дзіце мяне! Дапамажыце мне!
На нейкі момант мужнасць яго пакінула.
Гномы ледзь пачулі ягоны крык, а зразумелі толькі «дапа-мажыце».
— Зямля і нябёсы, што там здарылася? — спытаў Торын. — Зразумела, не цмок, а тое б ён ужо не вішчэў.
Гномы пачакалі хвіліну-другую, аніякага цмокавага шуму не пачулі, нічога ўвогуле не пачулі, акрамя далёкага хобіцкага вішчэння.
— Ідзіце хто-небудзь, прынясіце паходню ці дзве! — загадаў Торын. — Здаецца, трэба ісці і дапамагаць нашаму ўзломшчыку.
— Ну, зараз наша чарга дапамагаць, — сказаў Балін, — і я з ахвотаю. Тым больш, што, здаецца мне, — аніякай небяспекі цяпер няма.
Глойн запаліў яшчэ некалькі паходняў, усе выпаўзлі з тунеля і пайшлі ўздоўж сцяны. Хутка сустрэлі Більба, які ішоў насустрач. Да яго хутка вярнуўся цвярозы розум, калі ён убачыў агеньчыкі паходняў.
«Толькі кажан ды згаслая паходня, нічога небяспечнага», — растлумачыў ён у адказ на пытанні. Хоць гномы і ўздыхнулі з палёгкай, але ж крыху раззлаваліся, што напалохаліся з пустога. Але што б яны сказалі, калі б у гэты момант хобіт распавёў пра Аркенстон — не ведаю. Нават пробліскі тых скарбаў, якія заў-важылі на шляху да Більба, зноў распалілі полымя ў іхных сэрцах, а калі сэрца гнома, нават найбольш паважанага ды паважнага, раздражніць золатам ды самацветамі, ён робіцца дзёрзкім і лёгка можа зрабіцца шалёным.
Сапраўды, нікога пераконваць не было патрэбы. Усе разам выказалі жаданне і залю даследаваць, пакуль ёсць магчымасць, і паверыць у тое, што Драк недзе далёка. Кожны падхапіў запаленую паходню, а калі добра паглядзелі навокал, і на страх забыліся, і нават на асцярожнасць. Размаўлялі ўголас і крычалі адзін да аднаго, калі знаходзілі старыя каштоўнасці ў кучах і каля сценаў, разглядалі, мацалі і гладзілі.
Філі з Кілі развесяліліся і, зняўшы са сценаў залатыя арфы (іх там вісела мноства) са срэбнымі струнамі, пачалі граць. Арфы былі чароўныя, таму не расстроіліся, дый цмок меў малую цікавасць да музыкі. Па цёмнай залі разнеслася мелодыя, якой гэтыя сцены не чулі доўгія, доўгія часы. Астатнія былі болын практычныя, яны набівалі самацветамі кішэні, а што не маглі запхнуць, выпускалі з пальцаў, уздыхаючы. Торын не апошні быў сярод іх, але большасць часу шукаў ён там і тут нешта, што ніяк не знаходзілася. Гэта быў Аркенстон, аднак, Торын нікому пра тое пакуль не распавядаў.