Прыехаў я настаўнiкам у пачатковую школу адразу ж пасля заканчэння кароткатэрмiновых педагагiчных курсаў. Вёска, дзе была гэтая школа, спадабалася мне - невялiкая, з адной вулiцай, i ўся нiбы замаскiраваная ў зелянiне. Высокiя лiпы нахiлялi сваё раскошнае голле над сялянскiмi хатамi, стройныя шыракалiстыя клёны заўзята цягнулiся да сонца, рабiна ля школы звесiла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкi, а яблынi на многiх прысядзiбных участках вабiлi сваiм жоўта-васковым адлiвам антонавак...