Я сядзеў на моле ў маленькiм порце Абернон, побач з хутарам Салiс, i глядзеў, як над Анцiбамi заходзiць сонца.
Мястэчка, аточанае з усiх бакоў магутнымi крапаснымi мурамi, пабудаванымi п. дэ Вабанам, выдавалася ў мора якраз пасярэдзiне неагляднай Нiцкай затокi. Высокiя марскiя хвалi разбiвалiся аб скалы i адхлыналi, аперазаўшы ўцёс шумавiннем. За ўмацаваннямi адзiн за адным караскалiся ўгору цацачныя дамкi i дабiралiся аж да дзвюх вежаў, натапыраных у неба накшталт рагоў старажытнага шлема. I абрысы iх чарнелi на малочнай белiзне Альпаў, уздымалiся перад бясконцай далёкай чарадой заснежаных гор, якая затуляла ўвесь далягляд.