Што прабрацца ў замак будзе нялёгка, я ведаў і раней. Але толькі цяпер, пабачыўшы Гадор увачавідкі, я зразумеў усю складанасць — амаль немагчымасць — выканання гэтае задачы. Жыццё ваяра навучыла мяне з першагляду знаходзіць слабыя месцы і ў замкавых мурах, і ў баявым шыхце цяжкаўзброеных кнехтаў: за дзесяць гадоў баёў і паходаў мне неаднойчы даводзілася як браць прыступам, так і абараняць наймагутнейшыя фартэцы, змагацца пешкі і конна, гнаць ворага і самому сыходзіць ад пагоні. Я прывык ніколі не вагацца: выбраўшы слушны кірунак, я ўпарта крочыў наперад, бо ведаў, што абавязкова мушу перамагчы. Так было заўсёды — аж пакуль лёс не прывёў мяне сюды, на гэтую выпаленую сонцам раўніну, да гэтых выклятых багамі і людзьмі муроў. Тут я спыніўся — упершыню. Бо напаткаў непераадольную, як здаецца, перашкоду. Але толькі спыніўся — не збочыў і не павярнуў назад. Спыніўся, каб знайсці выхад — ці, дакладней кажучы, уваход...