Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Балаш, - паклiкаў ён сябра i ўвайшоў у пячору.

Ён не памылiўся. Гэта было ложа, а на iм у скафандры ляжаў... чалавек. Ён быў нежывы, i, вiдаць, даўно. Скрут памкнуўся быў расшпiлiць скафандр на чалавеку. Балаш спынiў яго:

- Не трэба...

Скрут падумаў, што сапраўды гэтаму землянiну ўжо нiчым не дапаможаш. Ён пастаяў, патрымаў руку на яго плячы, нiбы развiтваючыся назаўсёды, i пайшоў аглядаць пячору.

Стала ўжо зусiм цёмна. Балаш уключыў лiхтар. Пячора была амаль пустая. Няроўныя каменныя сцены, такi ж каменны ложак. Побач нешта падобнае на стол. Сям-там Скрут заўважыў раскiданы iнструмент, дэталi, вузлы прыбораў, машын.

- Тут павiнна быць сховiшча... - уголас падумаў ён.

- Так... - згадзiўся Балаш. - Чалавек пражыў у пячоры нямала. Ён недзе трымаў свае прыпасы. Яшчэ павiнна быць недзе рэгенерацыйная ўстаноўка. Без яе ён доўга не вытрываў бы.

Сховiшча было побач з ложкам. Знайшоўшы яго, Балаш зноў падышоў да зямлянiна. Доўга-доўга стаяў над iм, потым працягнуў руку i дакрануўся да яго ног. Пад нячуткiмi ад таўшчынi ахоўнага касцюма пальцамi аказалася пустата. Балаш адышоў i доўга глядзеў праз празрыстую адсюль сцяну ў чорную ноч. Потым, не абарочваючыся, папрасiў:

- Пашукай... Павiнны быць дзённiкi.

Скрут не здагадаўся, што так уразiла таварыша, i, аглядаючы нiшы, раз-пораз кiдаў на яго няўцямныя позiркi.

- Вось, - нарэшце знайшоў ён касеты з крышталiкамi, на якiх касманаўты звычайна запiсвалi ўсё, што лiчылi вартым увагi.

Скрут патрымаў iх у руках, нiбы ўзважваючы, яшчэ раз зазiрнуў у нiшы i закуткi пячоры i спытаў:

- Пачытаем на караблi?

- Тут, - сурова выгукнуў Балаш.

Скрут здзiвiўся незвычайнай суровасцi, якая прагучала ў яго голасе. Але згадзiўся i сеў на камень, што, напэўна, некалi служыў гаспадару сталом. Потым уставiў крышталiкi ў гуказдымальнiк, якi за многа дзесяцiгоддзяў iстотна не змянiў сваёй канструкцыi, падключыў рацыю, каб можна было чуць запiс у шлемафонах, i сказаў:

- Гатова...

Толькi тады Балаш павярнуўся да святла - рэзкi, рашучы.

- Уключай! - загадаў ён i пайшоў да ложка. Так i стаяў ён увесь час, пакуль зямлянiн няспешна расказваў пра сваё жыццё.

А ў Скрута не хапiла адвагi стаць побач з iм - ён не мог глядзець на рэшткi гэтага чалавека, чый раздумны голас прыглушана i павольна гучаў у шлемафоне.

Невыносна замаруджана цяклi хвiлiны, раскрываючы вялiкую трагедыю зоркалёта i таго, хто застаўся адзiн з вялiкага экiпажа.

"...Перада мной выбар, - нiбы раячыся з субяседнiкам, гаварыў астралётчык, - памерцi зараз цi паспрабаваць жыць... Я не агаварыўся. Iменна паспрабаваць. Гэта жыццё не прынясе мне радасцi. Я не змагу калi-небудзь вярнуцца на Зямлю. Пра мяне, напэўна, нiколi нiхто нават не даведаецца наўрад цi якi карабель забрыдзе ў гэты раён. Я не змагу нават выбрацца з пячоры - косцi абедзвюх ног раструшчаны ў час катастрофы. Я не магу сам сабе зрабiць аперацыю, бо калi змог бы вытрываць боль, то трэба мець яшчэ герметычную камеру - яе таксама няма. Такiм чынам мая будучыня - адзiнота, нерухомасць, безнадзейнасць. Але я не прымаю смерць. Пакуль я магу - я павiнен жыць. Не таму, што iнстынкт мацнейшы за волю i я чапляюся за жыццё. Я павiнен жыць, бо я - чалавек i ў мяне яшчэ дзейнiчае мозг..."

Скрут слухаў i ўяўляў сабе разбiты выбухам зоркалёт, мёртвую планету i адзiнокага скалечанага чалавека, якому шчаслiвы, а хутчэй нешчаслiвы выпадак падараваў жыццё i якому належала пакутаваць ад бездапаможнасцi i бяссiлля доўгiя-доўгiя днi, месяцы, гады.

Цi можа такое вытрываць чалавек? Скрут не таiўся перад сабой. Для яго гэта была не проста цiкаўнасць. Ён нiколi не забываў, як гняла яго абмежаванасць прасторы ў зоркалёце. Яна была нiшто ў параўнаннi з прасторай Сусвету. I ў гэтай неадпаведнасцi яму бачылася нешта ненатуральнае, варожае. Чалавек па iдэi - вольны. Скрут разумеў свой стан i нiчога не мог з сабой зрабiць. Але яму было лягчэй. З iм заўсёды знаходзiлiся таварышы з дзяжурнай змены, яго ахоўвала моц магутнага зоркалёта. Дзе браў стойкасць гэты касманаўт? Што надавала яму сiлы? Адчуванне чалавечай годнасцi? Але ж пра гэта i Скрут нiколi не забываў...

"Ох, як гэта невыносна, калi дзейнiчае мозг. Раней мне здавалася гэта шчасцем, а зараз мне часам хочацца пашукаць нейкую там кнопку, каб хоць на iмгненне выключыць мозг, забыцца i пазбыцца свайго становiшча".

Узняўшы вочы ў час адной з паўз, калi чулася толькi патрэскванне рацыi, Скрут заўважыў побач з ложкам корпус робата. Ён быў латаны i пералатаны. Заклёпкi i швы на абшарпаным металiчным корпусе робата, можа, ярчэй за ўсё раскрылi Скруту жудасную карцiну апошнiх месяцаў жыцця чалавека, якi стараўся падоўжыць iснаванне свайго адзiнага памочнiка. Гэты робат расчысцiў чалавеку дарогу да пячоры, надзейна абсталяваў яе, каб чалавек мог жыць там столькi, сколькi хопiць энергii ва ўцалелых акумулятарах i сонечных батарэях. I, напэўна, чалавек дзялiўся з робатам, аддаючы яму большую частку энергii, не зважаючы на свой холад i голад.

Але робат не меў чалавечай вынослiвасцi. Ён знерухомеў раней чалавека. Скрут уявiў сабе роспач, якая авалодала тады чалавекам...

Нiбы ведаючы наперад аб гэтых думках Скрута, чалавек сказаў: "Сёння я застаўся без Ацiлы..."

Адна фраза, i нi слова больш, нiводнай скаргi, нягледзячы на тое, што для яго гэта было пачаткам канца.

Скрут падумаў, што яму не так лёгка будзе зразумець гэтага чалавека, замураванага ў скале далёкай планеты i непахiснага ў сваёй волi. Чалавек не спадзяваўся, што яго калi-небудзь, хай сабе i пасля смерцi, знойдуць. Ён разважаў сам з сабой, бо меў, вiдаць, адзiную слабасць - патрэбу ў субяседнiку.

- ...Ты чуеш?

Скрут уздрыгнуў. Задумаўшыся, ён ужо не слухаў. Забыўся на Балаша.

- Скрут, ты чуеш? - паўтарыў Балаш.

Скрут прыслухаўся, аднак не адразу зразумеў, чым выклiканы воклiч таварыша.

"...Я ўвесь час думаю, дзе была наша памылка? Чаму ўзарвалiся рухавiкi? Першыя сiмптомы непаладак у iх з'явiлiся, калi мы ледзь увайшлi ў сiлавое поле планеты. Мы спадзявалiся наладзiць рухавiкi, апынуўшыся на цвёрдай глебе. Але спынiць рэакцыю ўжо не ўдалося. Дзiўна, яна iшла быццам бы павольна, не сцiхаючы i не нарастаючы. I раптам скачок, выбух..."

У шлемафоне стала цiха. Скрут нецярплiва зiрнуў на гуказдымальны апарат. Балаш трымаў руку на выключальнiку.

- А нам удалося, - з горыччу сказаў ён, быццам адчуваючы вiну за тое, што ў iх папярэднiкаў - касманаўтаў - было менш ведаў.

Скрут адчуў, як яго ахоплiвае неспакой. Што з таго, што на Зямлi ўжо ведаюць, як спынiць такую рэакцыю? Для гэтага чалавека гэта ўжо не мае значэння. Яму важна было самому дайсцi да iсцiны, поўнасцю выкарыстаць свой яшчэ жывы i, вiдаць, магутны розум, рашаючы вялiкую загадку. Толькi гэтым ён, памiраючы, мог перамагчы смерць. Цi знайшоў ён прычыну? Скрут махнуў рукой:

- Уключы...

"Але павiнна быць рашэнне гэтай задачы, якога мы тады не бачылi".

- Канечне, канечне, - шапнуў Скрут, думаючы, што iх апарат вельмi марудна здымае гук. Ён трывожыўся: няўжо лёс не пашле гэтаму адважнаму магутнаму чалавеку поспех, няўжо дарэмныя былi яго пакуты?

Скрут хваляваўся, як нiколi яшчэ ў жыццi. А голас у шлемафоне гучаў роўна, непадуладны нiякiм няўдачам. З дня ў дзень чалавек коратка кiдаў у мiкрафон: "Нiчога новага". Ён, вiдаць, многа працаваў, бо ўсё радзей i радзей траплялiся ў запiсе разважаннi. А можа, ён бярог энергiю батарэй - яны ж, як i робат, не былi невычэрпныя.

- Больш не магу! - нервова выгукнуў Балаш i пайшоў да выхаду.

- Мы мусiм даслухаць, - сказаў яму Скрут. - Для нас мае значэнне не сутнасць яго адкрыцця, а сам факт.

Яны ўжо нiчога не чакалi ад асуджанага на марудную смерць. Яны думалi аддаць яму данiну як чалавеку. А ён здзiвiў iх зноў.

"Здаецца, усё. Я ведаю формулу".

Трэба быць вялiкiм матэматыкам, каб толькi запомнiць з аднаго разу гэты доўгi рад iнтэгралаў, лiчбаў i знакаў. Чалавек прачытаў яе, потым, падумаўшы, паўтарыў больш павольна, нiбы даючы слухачам магчымасць удумацца ў яе сэнс. I раптам прамовiў з сумненнем: "Цi ўсё гэта?"

4
{"b":"99118","o":1}