— Грошы, значыцца. Ім кажуць сабраць з сваіх прыяцеляў, колькі яны там могуць, і калі праз год яны не заплоцяць выкупу, тады іх забіваюць. Але жанчын нельга забіваць. Жанчыны заўсёды красуні і багатыя і страшэнна баяцца. У іх адбіраюць гадзіннікі і ўсё такое, але гаварыць з імі трэба заўсёды далікатна і зняўшы капялюш. Разбойнікі надзвычайна далікатны народ! Гэта ва ўсіх кнігах гаворыцца. Ну, жанчыны, звычайна, пачынаюць кахаць разбойнікаў. Пасядзеўшы ў пячоры тыдзень-другі, яны перастаюць плакаць і потым ужо самі не хочуць пакідаць разбойнікаў. Так ва ўсіх кнігах пішуць.
— А гэта-ж цудоўна, Том! Гэта, мусіць, лепш нават, як быць піратам.
— Ну але, лепш... з усіх бакоў — бліжэй да дому і наогул...
Тымчасам хлопчыкі перацягнулі з лодкі ўсе рэчы і праз дзіру ўлезлі ў пячору. Том ішоў наперадзе. Яны дайшлі да стромкага канца падземнага калідора, прымацавалі свае вяроўкі да выступа скалы і рушылі далей. Праз некалькі крокаў яны апынуліся каля крыніцы, і Том адчуў, як дрыжыкі пайшлі па ўсім яго целе. Ён паказаў Геку рэштку кнота, прылепленага да скалы і расказаў, як яны з Бэкі сачылі за знікаючым полымем.
Хлопчыкі, самі таго не заўважаючы, сцішылі голас да шэпту: цішыня і цемра навакол прыгняталі іх. Яны завярнуліся ў другі калідор і ўсё ішлі, пакуль не дабраліся да «пляцоўкі для скакання». Пры святле свечак выявілася, што пад пляцоўкай была не прорва, а толькі стромкі гліністы спуск, футаў на дваццаць-трыццаць глыбіні.
— Цяпер я нешта пакажу табе, Гек,— шапнуў Том.
Ён высока падняў сваю свечку.
— Зазірні за рог, як мага далей. Бачыш вунь там, на вялікім камені, копаццю выведзена?
— Том, гэта крыж!
— Разумееш, дзе «нумар другі»!? Пад крыжам — а? Зразумеў? Тут я і бачыў індзейца Джо са свечкай у руках.
Гек уздрыгнуўся і дрыжачым голасам прамовіў:
— Том, пойдзем адсюль!
— Як! — Пакінуць скарб?
— Але, пакінуць. Здань індзейца Джо, пэўна, бадзяецца ў гэтай пячоры.
— Не, Гек, не! Ён, калі і бадзяецца, дык у тым месцы, дзе памёр метыс, ля ўваходу ў пячору, за пяць міль адсюль.
— Не, Том, няверна ты гаворыш. Ён будзе хадзіць іменна каля грошай, грошы сцерагчы. Здані заўсёды так, я ведаю, і ты таксама.
— Глупства! Глупства! Давай злезем у ніз і будзем шукаць скрыні.
Том палез першы, высякаючы па дарозе ступенькі ў гліністым спадзе. Гек следваў за ім. У невялікую пячору, дзе стаяла скала, выходзілі чатыры калідоры. Хлопчыкі даследвалі тры з іх і нічога не знайшлі, апрача невялікай нішы; у бліжэйшым ад скалы калідоры былі пасланыя коўдры, вісеў стары кацялок, валялася скура ад шынкі і некалькі чыста абгрызеных птушыных касцей, але грошай не было. Хлопчыкі ўсё вышныралі і вышукалі, але дарэмна. Нарэшце Том сказаў:
— Ён казаў: «пад крыжам». Гэта і ёсць пад крыжам. Не могуць-жа ж яны быць пад самай скалой: яна-ж шчыльна злучаецца з зямлёй.
Яны пашукалі яшчэ, а потым прыселі адпачыць. Гек нічога не мог прыдумаць. Нарэшце Том сказаў:
— Глядзі, Гек, на адным баку скалы відаць сляды ног і сальныя плямы ад свечкі на гліне, а з другога боку нічога няма. Чаму гэта так? Я ўпэўнены, што грошы пад скалой. Я зараз пакапаюся ў гліне.
— Нядрэнная думка, Том! — жвава падхапіў Гек.
Том выцягнуў свой ножык і як толькі зрабіў маленечкую ямку, ножык стукнуўся аб нешта драўлянае.
— Гек, ты чуеш?
Гек сам ужо старанна капаў, дапамагаючы яму. Хутка яны дакапаліся да дошак, якія закрывалі адтуліну, што вяла пад скалу. Том пралез у сярэдзіну і выцягнуў руку са свечкай, але не мог асвятліць усёй расколіны да канца і парашыў даследваць яе. Нахіліўшыся, як мага, ён пайшоў далей. Вузкі, звілісты ход паступова паглыбляўся ў зямлю. Том ішоў наперадзе, Гек следам за ім. Яны завярнулі направа, потым налева, прайшлі яшчэ згіб, і раптам Том крыкнуў:
— Гек, глянь сюды!
Гэта быў той куфэрак са скарбам, а побач з ім пустая скрынка ад пораху, пара стрэльбаў у скураных чахлах, скураны пояс і рознае барахло, замочанае вадой, якая капала зверху.
— Вось дзе яно! — сказаў Гек, запускаючы руку ў цмяныя манеты. — Ну, Том, багатыры-ж мы з табою цяпер!
— Гек, я заўсёды быў упэўнены, што мы разбагацеем. Цяпер грошы нашы, гэта ўжо напэўна! Але няма чаго тут валаводзіцца,— трэба выносіць скрынку. Дай паглядзець, ці здолею я падняць яе.
Урэшце!
Скрынка важыла фунтаў пяцьдзесят. Том сяк-так мог яшчэ падняць яе, але несці не мог.
— Я так і думаў,— сказаў ён,— яна мне і на выгляд здалася важкай,— памятаеш, калі яны неслі яе там, у доме са зданямі? Вось і добра, што мне прышло ў галаву захапіць з сабою мяшкі.
Хлопчыкі перасыпалі грошы ў мяшкі і ўсцягнулі іх на скалу.
— Цяпер давай перанясем стрэльбы і ўсё іншае,— прапанаваў Гек.
— Не, Гек, пакінем іх там. Яны акурат спатрэбяцца, калі мы пачнем разбойнічаць. Мы там і будзем іх трымаць і тамака-ж будзем наладжваць оргіі. Гэта надзвычайна добрая мясціна для оргій.
— А што гэта за оргіі?
— Не ведаю. Але ў разбойнікаў заўсёды бываюць оргіі,— значыцца, і нам прыдзецца іх рабіць. Ну, хадзем, Гек; мы і так даўно тут сядзім. Час не ранні, ды і згаладаўся я вельмі. Мы ўжо там на лодцы паямо і пакурым.
Яны вышлі з густога хмызняку, асцярожна агледзеліся навакол, убачылі, што бераг пусты, перабраліся ў лодку і пачалі закусваць. Калі сонца пачало схіляцца да гарызонта, яны рушылі назад. Том увесь час веславаў, трымаючыся каля берага, бо плысці прыходзілася супроць цячэння, і весела балбатаў з Гекам. Калі сцямнелася, яны прысталі да берага.
— Ну, Гек,— сказаў Том,— цяпер мы пакуль што схаваем грошы пад страхой дрывотніка ўдавы Дуглас, а раніцою я прыду, мы іх палічым і падзелім, а потым пашукаем надзейнае месца ў лесе, каб закапаць іх. Ты пакуль застанься тут і сцеражы грошы, а я збегаю, прывалаку тачку Бэні Тэйлора. Я мігам вярнуся.
Ён знік і сапраўды хутка вярнуўся з тачкай, палажыў у яе абодва мяшкі, прыкрыў нейкай анучкай, і хлопчыкі пачалі ўзбірацца на гару, пхаючы перад сабой тачку. Дайшоўшы да дома валійца, яны спыніліся адпачнуць. I калі яны хацелі ўжо ісці далей, на парозе з’явіўся гаспадар.
— Эй, хто тут?
— Гек і Том Соўэр.
— Гэта добра! Ідзіце за мной, хлапчукі, мы вас даўно чакаем. Ну, марш наперад скокам! Я павязу вашу тачку. Але-ж яна не вельмі лёгкая. Што ў вас там? Цэгла, ці што, або старое жалеза?
— Старое жалеза.
— Я так і думаў. Нашы хлапчукі гатовы патраціць колькі хочаш часу на здабыванне старога лому, за які ім дадуць шэсць цэнтаў на ліцейным заводзе, а за працу, дык не бяруцца, хоць яна прынесла-б удвая больш. Але такая ўжо чалавечая натура! Ну, марш, жывей!
Але хлопчыкі пацікавіліся, чаму-ж гэта ім трэба спяшацца.
— Вось прыбяжыце да ўдавы Дуглас, тады даведаецеся.
Гек, які на сваім вяку прызвычаіўся да дарэмных абвінавачанняў, спытаўся з трывогай:
— У чым справа, містэр Джонс? Мы нічога дрэннага не зрабілі.
Валіец аж пакаціўся ад смеху.
— Не ведаю, Гек, не ведаю, мой хлопчык. Наконт гэтага нам нічога не вядома. Але-ж ты сябруеш з удавою Дуглас?
— Так. У кожным разе яна становіцца да мяне добра.
— Ну, вось бачыш,— чаго-ж тады баішся?
Гек, які не вызначаўся асаблівай кемлівасцю, не паспеў прыдумаць адказу, як яго разам з Томам пхнулі ў гасціную да місіс Дуглас. Містэр Джонс пакінуў тачку за дзвярыма і ўвайшоў услед за імі.
Гасціная была ярка асветлена, і там сабраліся ўсе важныя людзі гарадка. Тут былі Тэчэры, Гарперы, Роджэрсы, цёця Поллі, Сід, Мэры, поп, выдавец газеты і яшчэ шмат народу, усе ўбраныя па-святочнаму. Удава сустрэла хлопчыкаў так шчыра, як толькі можа гаспадыня сустрэць гасцей, якія з’явіліся да яе ў такім выглядзе, як нашы героі: запэцканыя салам і глінай.
Цёця Поллі ўся пачырванела ад сораму і, нахмурыўшыся, з дакорам ківала галавой, гледзячы на Тома, але больш за ўсіх адчувалі сябе няёмка самі хлопчыкі.