— Ох, Том, не крычы,— гэта так страшна! — сказала Бэкі.
— Хоць яно і страшна, але ўсё-ж лепш крычаць, Бэкі: можа яны пачуюць нас.
І ён крыкнуў зноў.
Гэтае «можа» прагучэла для дзяўчынкі яшчэ больш жудасна, як злавесны рогат: яна зразумела, што Том траціць надзею. Дзеці стаялі моўчкі і чакалі, але на крык ніхто не адгукнуўся. Том завярнуўся назад і паскорыў крокі. Але хутка нейкая неўпэўненасць у яго поглядзе выдала Бэкі другую страшную праўду: ён ужо не мог знайсці дарогу назад!
— О, Том, чаму ты не рабіў знакаў!
— Бэкі, які я дурань! Які-ж я дурань! Мне і ў галаву не прышло, што нам прыдзецца вяртацца. Не, я не магу знайсці дарогі! У мяне ўсё пераблыталася.
— Том, Том, мы прапалі! Прапалі! Нам ніколі, ніколі не выбрацца з гэтага жудаснага падзямелля! О, навошта мы адлучыліся ад усіх!
Яна млява апусцілася на зямлю і так дзіка зарыдала, што Том перапалохаўся, думаючы, што яна зараз памрэ ці звар’яцее. Ён сеў побач з ёю і абняў яе. Яна, рыдаючы, схавала твар у яго на грудзях і прыціснулася да яго, вымаўляючы ўсе свае жахі, сваё позняе шкадаванне, а далёкае рэха ператварала яе горкія словы ў дробкі вясёлага смеху. Том упрашаў яе падбадзёрыцца, але яна казала, што не можа. Тады ён пачаў лаяць сябе, што паставіў яе ў такое жудаснае становішча,— і гэта падзейнічала лепш. Яна сказала, што паспрабуе авалодаць сабой, што яна ўстане і пойдзе за ім, куды ён павядзе яе, абы толькі ён так не казаў, бо яна і сама вінаватая ніколькі не менш ад яго.
І яны пайшлі наўдачу, так сабе, абы ісці, а не сядзець на месцы,— больш-жа ж яны нічога не маглі зрабіць.
Праз некалькі мінут Том узяў свечку з рук Бэкі і пагасіў яе. Для іх так важна было эканоміць святло!.. Бэкі без слоў зразумела гэта і зноў прышла ў адчай. Яна ведала, што ў Тома ёсць цэлая свечка ды яшчэ тры ці чатыры агаркі ў кішэні, і тым не менш ён лічыў патрэбным эканоміць.
Паступова зморанасць пачала даваць свае вынікі; дзеці спрабавалі не звяртаць на гэта ўвагі,— ім нават страшна было падумаць, каб сесці, бо кожная мінута была надта дарагая; рухаючыся ў якім-бы там ні было кірунку, хоць наўздагад, яны ўсё-ж ішлі наперад і, можа к выхаду, а сесці гэта азначала аддаць сябе на смерць і прыблізіць яе прыход.
Але слабыя ножкі Бэкі зусім адмаўляліся служыць ёй. Яна села. Том сеў побач з ёю і яны пачалі размаўляць пра дом, пра пакінутых там прыяцеляў, пра мяккія пасцелі і, галоўнае, пра святло. Бэкі плакала. Том стараўся прыдумаць што-небудзь, каб суцешыць яе, але ўсе яго выдумкі ні да чаго не прывялі. Бэкі так аслабла ад стомы, што нарэшце заснула. Том быў рады гэтаму. Ён углядаўся ў яе змораны тварык і бачыў, як ён паступова прымаў звычайны спакойны выраз ад прыемных сноў; на губах у яе з’явілася і засталася ўсмешка. Ад гэтай спячай дзяўчынкі ішоў мір, і думкі Тома луналі ў мінулым, у няясных успамінах. Ён так увайшоў у гэтыя ўспаміны, што і не заўважыў, як Бэкі прачнулася і ціханька засмяялася. Але смех зараз-жа замёр на яе вуснах і перайшоў у стогн.
— О, як я магла заснуць! Я-б хацела ніколі, ніколі не прачынацца! Не, не, Том, не глядзі так! Я не буду больш так казаць.
— Я рады, што ты спала, Бэкі; цяпер ты адпачыла, і мы пойдзем зноў шукаць дарогу.
— Паспрабуем, Том, але я сніла такую дзівосную краіну, а тут...
— Трымайся, Бэкі! Пойдзем зноў шукаць!
Яны ўсталі і пайшлі поруч, але ўжо не верачы ў поспех. Яны паспрабавалі абмеркаваць, колькі часу яны правялі ў пячоры; але ім здавалася, што яны тут ужо некалькі дзён і тыдняў, а між тым гэтага, безумоўна, не магло быць, бо нават свечкі іх не дагарэлі да канца.
Пасля таго яны доўга,—самі не ведалі, як доўга,— ішлі моўчкі. Том сказаў, што трэба стаіцца і прыслухоўвацца, ці не чуваць дзе шуму ад капання вады,— трэба знайсці крыніцу. Яны знайшлі адну, і Том сказаў, што тут трэба зноў зрабіць прыпынак. Абое страшэнна стаміліся, але Бэкі лічыла за лепшае ісці далей і была вельмі здзіўлена, калі Том не згадзіўся. Яна не магла зразумець гэтага. Яны селі, і Том глінай прыляпіў свечку на камені перад імі. Абодва задумаліся і некаторы час не гаварылі ні слова. Бэкі першая парушыла цішыню.
— Том, я такая галодная.
Том выцягнуў нешта з кішэні.
— Ты памятаеш?
Бэкі слаба ўсміхнулася.
— Гэта наш вясельны каравай.
— Я хацеў-бы, каб ён быў вялікі, як бочка, бо ў нас болей нічога няма.
— Я схавала гэты кавалак на пікніку, каб палажыць яго пад падушку, як робяць дарослыя, і потым загадаць, каго я сасню; але гэта будзе наш апош...
Бэкі не скончыла, каб не засмучаць свайго таварыша.
Том падзяліў пірог на дзве часткі. Бэкі з ахвотай з'ела сваю палавіну, але Том да сваёй ледзь дакрануўся. Напіцца было чым: побач была цэлая крыніца халоднай вады. Крыху счакаўшы, Бэкі прапанавала ісці далей. Том падумаў крыху, потым сказаў:
— Бэкі, ці можаш ты спакойна выслухаць, што я табе скажу?
Бэкі пабялела, але сказала, што, здаецца, можа.
— Дык вось што, Бэкі: нам трэба застацца тут,— тут прынамсі ёсць вада для піцця... І не забывай, што гэта наш апошні агарак!
Бэкі дала волю слязам і рыданню. Том суцяшаў яе, як мог, але гэта мала памагала. Нарэшце яна сказала:
— Том!
— Што, Бэкі?
— Яны ўсхопяцца і прыдуць шукаць нас?
— Ну, вядома! Зразумела, прыдуць.
— Можа яны ўжо цяпер шукаюць нас, Том?
— Што-ж, вельмі мажліва. Я спадзяюся, што так.
— Калі, ты думаеш, яны ўсхопяцца?
— Я думаю, калі вернуцца на паром.
— Том, тады будзе ўжо цёмна. Ці заўважаць яны, што нас няма?
Не ведаю, у кожным разе маці твая заўважыць, як толькі ўсе вернуцца дамоў.
Спалоханы погляд Бэкі напомніў Тому, што яго прыяцелька мелася начаваць у таварышкі і, значыцца, яе не будуць чакаць дома. Дзеці змоўклі і задумаліся. Праз некаторы час новы выбух гора ў Бэкі паказаў Тому, што ёй, як і яму, прышла ў галаву адна і тая самая думка: нядзельная раніца можа напалову прайсці, пакуль місіс Тэчэр даведаецца, што Бэкі не начавала ў місіс Гарпер.
Вясельны каравай.
Дзеці не спускалі вачэй з апошняга агарка, сочачы за тым, як ён павольна і бязлітасна растае. Нарэшце засталося толькі на палец кнота. Слабы агеньчык падымаўся і падаў, узвіўся над тонкім слупком дыму, пачакаў там — і потым настала поўная страшная цемра.
Колькі часу прайшло, пакуль Бэкі зразумела, што яна плача ў абдымках Тома, ніводзін з іх сказаць не мог. Яны ведалі толькі, што праз вельмі доўгі, як ім здавалася, час яны нібы ачунялі ад цяжкога сну і зноў зразумелі ўвесь жах свайго становішча.
Том думаў, што ўжо надышла нядзеля, можа нават панядзелак. Ён спрабаваў уцягнуць Бэкі ў гутарку, але дзяўчынка была надта прыціснутая сваім горам. У яе не было больш ніякай надзеі. Том запэўняў, што іх адсутнасць ужо даўно павінны былі заўважыць і што цяпер іх, напэўна, шукаюць. Трэба зноў крычаць: хто-небудзь пачуе, адгукнецца і прыдзе. Ён крыкнуў. Але ў цемры далёкае рэха адгукалася так жудасна, што болей ён ужо не спрабаваў.
Гадзіны ішлі, і дзяцей зноў пачаў мучыць голад. Том адламіў кавалачак ад сваёй палавінкі; яны падзялілі яго паміж сабою, але ад гэтага ім толькі яшчэ больш захацелася есці.
— Тсс!.. — сказаў Том,— ты чуеш?
Бэкі затаіла дыханне і пачала прыслухоўвацца. Здалёк ледзь чутно данёсся нібы слабы крык. Дзеці зноў пачалі прыслухоўвацца. Потым Том адгукнуўся і, узяўшы Бэкі за руку, пабег па калідоры ў той бок, адкуль чуўся голас. Праз некаторы час яны спыніліся,— гук зноў паўтарыўся і як быццам бліжэй.
— Гэта яны! — усклікнуў Том. — Яны ідуць сюды! Хадзем, Бэкі, не бойся,— цяпер усё будзе добра!
Маленькія палоннікі не памяталі сябе ад радасці, але не маглі бегчы хутка, бо на кожным кроку трапляліся правалы, і трэба было ўнікаць іх. Ля адной шчыліны ім мімаволі прышлося спыніцца. Правал мог мець і тры футы і сто футаў глыбіні,— усёроўна прайсці праз яго было немагчыма. Том лёг на жывот і апусціўся ўніз, колькі мог. Ён не даставаў дна. Трэба было заставацца тут і чакаць, пакуль за імі прыдуць. Дзеці прыслухоўваліся, але гукі ўжо аддаляліся. Праз некалькі хвілін яны зусім сціхлі...