— Няўжо ты мог пры святле цыгары разгледзець яго лахманы?
Гек на хвіліну замяшаўся.
— Ужо не ведаю як, але мабыць разгледзеў.
— Ну, і што-ж? Яны пайшлі, а ты?..
— А я за імі. І так яно ўсё і вышла. Мне хацелася даведацца, што яны надумалі. Яны лезлі ўсё вышэй і вышэй, і я за імі да самага плота, што каля дома ўдавы. Там я стаў у цемры і слухаю: абадранец стаяў за ўдаву, а іспанец бажыўся, што знявечыць ёй морду,— ну, ды я-ж вам ужо расказваў...
— Як? Усё гэта казаў глуханямы?
Зноў папаўся! Гек усяляк стараўся, каб старому нават і ў галаву не магло прыйсці, хто такі іспанец, але яго язык нібы паставіў сабе задачу — падводзіць яго. Ён некалькі разоў прабаваў выправіць справу, але стары ўвесь час не зводзіў з яго вачэй, і ў яго штохвілінна вырывалася хлусня. Нарэшце валіец сказаў:
— Галубок, ды не бойся-ж ты мяне! Я нізавошта ў свеце не згадзіўся-б выдаць цябе. Наадварот, я вазьму цябе пад сваю абарону. Гэты іспанец не глуханямы. Ты наўмысна выказаў, і цяпер ужо не возьмеш сваіх слоў назад. Ты нешта ведаеш пра гэтага іспанца і не хочаш сказаць? Ну, здаверся мне, скажы. І будзь спакойны,— я цябе не выдам.
Гек паглядзеў у чэсныя вочы старога, нагнуўся і шапнуў яму на вуха:
— Гэта не іспанец, гэта індзеец Джо.
Валіец ледзь не скаціўся з крэсла.
Валіец ледзь не скаціўся з крэсла.
— Ну, цяпер справа ясная, цяпер я разумею,— сказаў ён. — Калі ты казаў пра адсечаныя вушы і раскроены нос, я думаў, што гэта ты сам выдумаў, ад фантазіі; але індзеец Джо — гэта, вядома, зусім іншая рэч.
За снеданнем гутарка працягвалася, і паміж іншым стары сказаў, што перад тым, як пайсці адтуль, ён з сынамі запаліў ліхтар і агледзеў плот і зямлю побач, шукаючы, ці няма дзе плямін крыві. Плямін яны не знайшлі, але захапілі вялікі клунак з...
— З чым?!
Словы гэтыя, як маланка, сарваліся са збялелых вуснаў хлопчыка. Ён разгубленымі вачыма ўтаропіўся на старога і, ледзь дыхаючы, чакаў адказу. Валіец, у сваю чаргу, глядзеў на яго тры, пяць, дзесяць секунд, перш чым адказаў.
— Клунак з зладзейскімі інструмантамі. Але што з табой?
Гек адкінуўся на спінку крэсла, слаба, але глыбока ўздыхаючы з надзвычайным палягчэннем. Валіец сур'ёзна і з цікавасцю глядзеў на яго.
— Так, вязку зладзейскіх інструмантаў. Гэта, відаць, вельмі супакоіла цябе. Але чаго-ж ты баяўся? Што, ты думаў, мы знайшлі?
Гек быў прыціснуты да сцяны. Стары не зводзіў з яго дапыглівых вачэй. Хлопчык аддаў-бы ўсё на свеце, каб выдумаць добры адказ, але нічога ў галаву не прыходзіла, а дапытлівы погляд старога ўсё глыбей пранікаў яму ў душу. Патрапіў самы недарэчны адказ, але абдумваць не было калі, і Гек наўдачу прамармытаў:
— Я думаў, што вы знайшлі... падручнікі нядзельнай школы.
Небарака быў надта збянтэжаны і не мог усміхнуцца, але стары зарагатаў так гучна і весела, што закалыхалася ўсё яго важкае цела, і нарагатаўшыся такім чынам ён абвясціў, што такі смех — гэта эканомія, бо ён вызваляе ад выдаткаў на дактароў і лякарствы.
— Бедны хлапчук! — дадаў ён — ты бледны і стомлены; ды, мусіць, і хворы крыху, бо нешта вярзеш. Ну, ды гэта нічога, паправішся. Адпачнеш, выспішся і ўстанеш, нібы нічога не было.
Гек злаваў на сябе за сваю дурасць і няўменне валодаць сабой, але ён страшэнна ўсхваляваўся, пачуўшы пра знаходку: ён думаў, што гэта знайшлі скрынку. Але наогул ён быў рады, што яно так вышла: цяпер ён, прынамсі, ведаў пэўна, што было ў клунку, і таму супакоіўся. Усё, відаць, наладжвалася добра: скрынка, мабыць, да гэтага часу знаходзіцца ў нумары другім, абодвух жулікаў сёння зловяць, а ўначы яны з Томам, без ніякіх клопатаў і перашкод, захопяць скарб.
Толькі яны скончылі снеданне, як пачуўся стук у дзверы. Гек паспяшаўся схавацца, бо ён зусім не хацеў, каб хто-небудзь падумаў, што ён мае хоць якое дачыненне да начных падзей. Валіец упусціў некалькі лэдзі і джэнтльменаў і заўважыў, што на гару караскаецца натоўп дзяцей, каб паглядзець на плот. Значыцца, навіна распаўсюдзілася.
Валіец расказаў гасцям гісторыю мінулай ночы. Удава пачала дзякаваць яго за сваё вызваленне.
— Ні слова аб гэтым, місіс! Ёсць другі чалавек, які зрабіў для вас можа больш, як я і мае сыны разам, але ён не дазваляе мне назваць яго. Мы і не падумалі-б прыйсці да вас, каб не ён.
Вядома, гэтыя словы так зацікавілі публіку, што нават галоўнае адсунулася на другі план, і вельмі хутка гэтая цікавасць перадалася ўсяму гораду. Але валіец не злітаваўся над сваімі гасцямі і не выдаў ім тайны.
— Я заснула, чытаючы ў ложку,—сказала ўдава,— і ўвесь час спакойна спала. Чаму вы не ўвайшлі і не пабудзілі мяне?
— Парашылі, што не варта. Гэтыя разбойнікі наўрад ці вярнуліся-б: яны-ж забылі свае інструманты, і ім няма чым было-б працаваць. Навошта-ж было будзіць вас? Каб напалохаць вас да смерці? Апрача таго, мае тры негры ўсю рэшту ночы стаялі на варце каля вашага дома. Яны толькі што вярнуліся.
З’явіліся новыя наведвальнікі, і на працягу трох гадзін стары толькі і рабіў, што паўтараў свой расказ.
У гэтую раніцу ў школе не было звычайных нядзельных заняткаў, але ўсё-ж такі ўсе сабраліся ў царкву, каб добра абгаварыць незвычайнае здарэнне. Усе ўжо ведалі, што разбойнікаў не знайшлі. Па сканчэнні пропаведзі жонка суддзі Тэчэр праціснулася скрозь натоўп да місіс Гарпер і сказала:
— Што-ж, мая Бэкі так і праспіць сёння ўвесь дзень? Але-ж я так і думала, што яна вельмі зморыцца.
— Ваша Бэкі?
— Ну але. (Здзіўлены погляд). Ці-ж яна не ў вас начавала?
— Вядома, не.
Місіс Тэчэр збялела і апусцілася на лаўку. Акурат у гэты міма праходзіла цёця Поллі, жвава гутарачы са сваёй прыяцелькай.
— Добры дзень, місіс Тэчэр! — сказала цёця Поллі. — Добрай раніцы, місіс Гарпер! А ў мяне хлапчук зноў знік. Я ўпэўнена, што мой Том начаваў сёння ў каго-небудзь з вас, а цяпер баіцца ісці ў царкву,— ведае, што яму дастанецца ад мяне.
Місіс Тэчэр слаба паківала галавой і яшчэ больш пабляднела.
— Ён у вас не начаваў,—сказала місіс Гарпер, таксама пачынаючы непакоіцца.
На твары цёці Поллі з’явілася трывога.
— Джо Гарпер, ты бачыў сёння раніцой майго Тома? — спыталася яна.
— Не, не бачыў.
— А дзе ты бачыў яго апошні раз?
Джо паспрабаваў успомніць, але не мог нічога сказаць пэўнага. Людзі, выходзячы з царквы, пачалі спыняцца і прыслухоўвацца да гутаркі. У натоўпе шапталіся. Пачатак трывогі адбіваўся на тварах. Пачалі распытваць дзяцей і малодшых настаўнікаў. Выявілася, што ніхто не памятае, ці былі Том і Бэкі на пароме, калі ўсе вярталіся дадому: у змроку ніхто іх не заўважыў, і нікому не прышло ў галаву спытацца, ці ўсе сабраліся. Адзін юнак не вытрымаў і бахнуў:
— Ну, значыцца, яны засталіся ў пячоры!
Місіс Тэчэр самлела. Цёця Поллі загаласіла, ламаючы рукі.
Трывожная вестка пераходзіла з вуснаў у вусны, ад групы да групы, з вуліцы ў вуліцу. Праз пяць мінут ужо празванілі ва ўсе званы, склікаючы народ. На зладзеяў адразу забыліся. Сядлалі коней, адвязвалі лодкі. Паслалі па паром, і праз поўгадзіны каля двухсот чалавек накіраваліся сухім шляхам і вадою к пячоры.
Увесь дзень гарадок здаваўся мёртвым,— так ён апусцеў. Увесь дзень суседкі наведвалі цёцю Поллі і місіс Тэчэр, стараючыся ўцешыць іх, плакалі разам з імі, і гэта было важней за ўсе словы.
Усю тужлівую ноч у гарадку чакалі вестак, але калі нарэшце, прышла раніца, з пячоры прыслалі толькі па харчы і свечы. Місіс Тэчэр траціла розум ад хвалявання і цёця Поллі таксама.
Суддзя Тэчэр прысылаў з пячоры бадзёрыя запіскі, але яны мелі слабы ўплыў.
Бэкі і Тома шукаюць.