— Ты вернешся позна. Ці не лепш будзе табе пераначаваць у каго-небудзь з таварышак, якія жывуць бліжэй да парома?
— Тады я, мамка, пераначую ў Сюзі Гарпер.
— Добра, дзетка. Будзь-жа разумніца і трымай сябе добра!
Калі яны вышлі, Том сказаў Бэкі:
— Слухай, ведаеш, што мы зробім? Замест таго, каб ісці к Гарперам, мы ўзбярэмся на гару і пераначуем у ўдавы Дуглас. У яе будзе марожанае. У яе кожны дзень бывае марожанае і колькі! цэлая куча! І яна будзе нам вельмі рада. Вось будзе весела!
Бэкі падумала крыху і сказала:
— А што скажа мама?
— А адкуль яна даведаецца?
Дзяўчынка зноў падумала і нерашуча вымавіла:
— Гэта, па праўдзе, нядобра, але...
— Ну што «але»? Глупства якое! Мама твая не даведаецца... Ды і што-ж тут дрэннага? Ёй-жа-ж трэба толькі ведаць, што табе не пагражае небяспека. Яна-б сама паслала цябе туды, каб гэта ёй прышло ў галаву. Верна табе кажу!
Славутая гасціннасць удавы Дуглас была вялікай спакусай. Марожанае і ўгаворы Тома перамаглі нерашучасць дзяўчынкі. Дзеці пастанавілі нікому не гаварыць пра свой намер.
Але потым Тому прышло ў галаву: а што, калі Гек акурат у гэтую ноч дасць сігнал? Гэтая думка значна ахаладзіла яго захапленне. Але ўсё-ж такі ён не мог адмовіцца ад магчымасці паласавацца марожаным ў ўдавы Дуглас. «Ды і навошта адмаўляцца?» — разважаў ён сам з сабой. — «Учора не было сігналу, чаму-ж абавязкова сёння будзе?» Пэўны разлік весела правесці вечар перасіліў няпэўную надзею авалодаць скарбам. Як і належыць хлопчыку, ён рашыў паддацца больш сільнаму жаданню і адклаў усе думкі пра скрыню з грашыма на заўтра.
У трох мілях ад гарадка ўніз па рацэ паром спыніўся ля ўваходу ў парослую лесам даліну і прыстаў да берага. Натоўп рынуў на бераг, і хутка лясныя далі і ўцёсы агаласіліся звонкім смехам і крыкам. Былі спрабаваны самыя рознастайныя спосабы, каб разгарачыцца і стаміцца. Нарэшце дзеці вярнуліся ў лагер з ладным апетытам, і тады пачалося знішчэнне смачных страў. А пасля гэтага ўсе паселі адпачыць і пагутарыць у цяньку шырокіх дубоў. Праз некаторы час нехта крыкнуў:
— Хто хоча ў пячору?
Усе захацелі ў пячору. Дасталі вязку ключоў і пачалі караскацца на гару. Уваход у пячору быў высока па схілу гары і формай сваёй нагадваў літару А. Тоўстая дубовая дзвер, што зачыняла ўваход у пячору, была не замкнутая.
Унутры была маленькая каморка, халодная, як леднік і абмураваная самой прыродай моцным вапняком, з якога, як раса, капала вільгаць. Нешта таямнічае было ў гэтай пячоры; жудасна было стаяць у гэтай густой цемры і глядзець на зялёную даліну, залітую сонцам. Але хутка ўражанне аслабла, і тузаніна пачалася зноў. Як толькі хто-небудзь запальваў свечку, усе разам накідваліся на яго; той адбіваўся, пачыналася штурханіна, пакуль хто-небудзь не гасіў ці не выбіваў у яго з рук свечку, і зноў у цемры чуўся вясёлы смех і таўхатня.
Дзетвара ў пячоры.
Але ўсё на свеце мае канец. Дзеці патрохі ўціхамірыліся і пачалі адзін за адным спускацца далей па галоўнаму ходу. Пры мільгаючым святле ад свечак цмяна вызначаліся высокія каменныя сцены аж да таго месца, дзе яны злучаліся між сабой на вышыні шасцідзесяці футаў. У шырыню гэты галоўны ход меў не больш за восемдзесят футаў. На кожным кроку да яго далучаліся з абодвух бакоў новыя, яшчэ больш вузкія ходы. Пячора Мак-Дугала з’яўлялася вялікім лабірынтам звілістых і крывых калідораў, якія сходзіліся і разыходзіліся, але не мелі выйсця. Казалі, што ў гэтай блытаніне шчылін і расколін можна было блукаць дні і ночы і ніколі не выбрацца з пячоры, што яна спускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і ўсюды было тое самае — адзін лабірынт пад другім, і не было ім канца. Ніводзін чалавек не мог пахвастацца, што «ведае» пячору; ды і ведаць яе было немагчыма. Звычайна маладыя людзі вывучалі толькі малую частку яе, і далей за гэтую частку ісці ніхто не адважваўся. Том Соўэр ведаў пячору не горш і не лепш за іншых.
Працэсія прайшла больш за поўмілі па галоўнаму калідору і потым падзялілася на пары і групы. Яны заварочвалі ў бакавыя ходы, швэндалі па вузкіх калідорах, нечакана сутыкаліся адзін з адным у тых месцах, дзе калідоры злучаліся, і зноў разыходзіліся. Тут можна было згубіць адзін аднаго на поўгадзіны, не выходзячы за межы ўсім «вядомай» часткі пячоры.
Паступова групы адна за адной пачалі вылазіць з пячоры, запыхаўшыяся, закапаныя ад ног да галавы воскам, запэцканыя глінай, але вясёлыя і ў поўным захапленні ад удалай экскурсіі. Усе дзівіліся, што не заўважылі, як прайшоў час і што прышоў ужо вечар. На пароме званілі ўжо з поўгадзіны, клікаючы пасажыраў назад. Калі паром, нагружаны вясёлай кампаніяй, адышоў ад берага, ніхто, апрача капітана, ніколькі не шкадаваў патрачанага часу.
Гек ужо стаяў на варце, калі паромныя агні прамільгнулі міма прыстані. З парома не чуваць было гоману, моладзь супакоілася і сцішылася, як гэта заўсёды бывае, калі людзі бязмерна стомяцца. Гек здзівіўся крыху, чыя гэта лодка і чаму яна не спынілася ля прыстані, але потым забыўся аб ёй думаць і накіраваў усю сваю ўвагу на прадстаячую яму задачу. Прабіла дзесяць гадзін, і стук колаў змоўк. Параскіданыя сям-там агенчыкі адзін за адным гаслі, прахожыя ўсе кудысьці зніклі. Гарадок задрамаў, і маленькі вартаўнік застаўся адзін з цішынёй і зданямі. У адзінаццаць гадзін і ў карчме згаслі агні. Цяпер усюды была цемра. Гек чакаў, як яму здавалася, бясконца доўга, але нічога не здарылася. Вера ў поспех іхняга плану пачынала знікаць. Навошта ўсё гэта? Ці варта пільнаваць? Ці не лепш залезці на ноч у бочку?
У гэты момант ён пачуў лёгкі шум і адразу настаражыўся. Дзверы, што выходзілі ў закавулак, ціха зачыніліся. Гек кінуўся да мураванага хлява. Праз хвіліну міма яго шмыгнулі дзве чалавечыя постаці; у адной з іх нібы нешта было пад пахай,— напэўна скрынка! Значыцца, яны выносяць скарб! Што-ж цяпер рабіць? Паклікаць Тома? Навошта? Гэта было-б бязглузда: пакуль ён збегае за ім, тыя са скрынкай будуць далёка — потым шукай ветру ў полі! Не, ён пойдзе за імі і высачыць іх,— у такую цемру дзе ім заўважыць яго? Разважаючы такім чынам сам з сабой, Гек вышаў з засады і, крадучыся, як кошка, пайшоў за бандытамі, ціха ступаючы босымі нагамі і трымаючыся воддалі, але на такой адлегласці, каб яны не маглі знікнуць з вачэй.
Яны пайшлі па вуліцы ўздоўж ракі, потым завярнуліся налева ў папярочную вуліцу і ішлі ўсё прама, пакуль не дайшлі да сцежкі, што вяла на ўзгорак. Потым яны пайшлі па гэтай сцежцы. Не задумліваючыся, мінулі яны дамок валійца, што стаяў на спадзе ўзгорка на поўдарозе, і пайшлі вышэй. «Ага!» падумаў Гек, «яны хочуць закапаць грошы ў старой каменаломні». Але яны нават не спыніліся каля каменаломні, а ішлі далей к верхавіне. Потым збочылі на вузкую сцежачку, што вілася ў хмызняку, і адразу зніклі ў цемры.
Гек павялічыў крокі, каб нагнаць іх, бо бачыць яго яны не маглі. Некаторы час ён амаль бег, потым пайшоў цішэй, баючыся, каб не абагнаць іх, і праз некалькі крокаў зусім спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. Ані гуку. Ён чуў толькі стук свайго ўласнага сэрца. Са ўзгорка пачуўся злавесны крык пугача, але крокаў не было чуваць. Няўжо-ж усё прапала? Гек хацеў-быў вяртацца, як раптам нехта пачаў кашляць за два крокі ад яго. Геку здалося, што сэрца ў яго скокнула ў горла, але ён праглынуў яго зноў і застаўся на месцы, трасучыся ўсім целам, нібы на яго напала разам дзесяць трасцаў, і адчуваючы такую слабасць, што яму здавалася — вось-вось ён зараз паваліцца. Ён пазнаў месца: ён стаяў за пяць крокаў ад пералазу праз плот, які агароджваў маёнтак удавы Дуглас.
«Добра», падумаў ён, «хай закопваюць тут,— прынамсі нядоўга прыдзецца шукаць».
Потым голас індзейца Джо ледзь чутна прамовіў:
— Чорт-бы яе пабраў! У яе, здаецца, госці,— там свеціцца, хоць і позна.
— Дзе ты бачыш свет? Я не бачу.
Другі голас належаў таварышу метыса — незнаёмаму з зачараванага дома. Ледзяныя дрыжыкі прабеглі па целе Гекльберы Фіна. Дык вось каму яны надумаліся помсціць!