І павярнуўшыся да судовага прыстава, ён сказаў:
— Прывядзіце Тома Соўэра.
На ўсіх тварах, не выключаючы самога Потэра, з’явілася здзіўленне. Усе погляды з цікавасцю накіраваліся на Тома. У хлопчыка быў зусім збянтэжаны выгляд. Ён страшэнна баяўся. Яго прывялі да прысягі.
— Томас Соўэр, дзе вы былі семнаццатага чэрвеня, каля гадзіны ночы?
Том паглядзеў на жалезны твар індзейца Джо, і ў яго язык прыліпнуў у роце. Слухачы затаілі дыханне, але сведка маўчаў. Праз некалькі хвілін хлопчык трохі авалодаў сабой,— і ўсе пачулі яго ціхі, але выразны адказ:
— На могілках.
— Калі ласка, гаварыце крыху мацней. Не бойцеся. Такім чынам, вы былі...
— На могілках.
Пагардлівая ўсмешка мільганула на твары індзейца.
— Ці не былі вы блізка каля магілы Горса Вільямса?
— Так, сэр.
— Калі ласка, мацней. На якой адлегласці ад яе вы былі?
— За два крокі, як цяпер вы ад мяне.
— Вы схаваліся ці стаялі на вачах?
— Схаваўся.
— Дзе?
— За вязамі, што каля магілы.
Індзеец Джо ледзь значна ўздрыгнуўся.
— З вамі быў яшчэ хто-небудзь?
— Так, сэр, я пайшоў туды з...
— Стойце, пачакайце крыху. Няма патрэбы называць зараз вашага спадарожніка. У свой час мы дапытаем і яго. Вы што-небудзь прынеслі з сабой на могілкі?
Том засароміўся і не ведаў як адказаць.
— Кажыце, не бойцеся,— праўда заўсёды паважаная.
— Толькі... толькі здохлую кошку.
У зале пачуўся смех. Старшыня пазваніў.
— Мы прадставім, як доказ, шкілет гэтай кошкі.
А цяпер, мой дарагі, раскажыце нам ўсё, што вы бачылі,— усё як было, без тойкі,— і не бойцеся нічога.
Том пачаў, спярша нерашуча, потым паступова захапіўся; прамова яго палілася жывей і гладзей; хутка ў зале суда чуўся толькі адзін яго голас; публіка з разяўленымі ратамі, затоіўшы дыханне, лавіла кожнае яго слова, не заўважаючы часу,— так была яна захоплена і ўзрушана гэтым апавяданнем. Агульнае хваляванне дасягнула вышэйшай ступені, калі Том дайшоў да сцэны забойства: «А калі доктар стукнуў Мефа Потэра дошкай па галаве і той упаў,— індзеец Джо кінуўся на яго з нажом і...»
Трах! Хутчэй за маланку метыс кінуўся да акна, расштурхаў тых, хто хацеў-быў затрымаць яго,— і знік!
Раздзел XXIII
Том яшчэ раз зрабіўся славутым героем, якога песцілі дарослыя і якому зайздросцілі маладыя. Ён нават набыў сабе бяссмертнасць: яго імя трапіла ў друк,— мясцовая газета праслаўляла яго. Былі людзі, якія лічылі, што ён абавязкова будзе прэзідэнтам, калі толькі яго раней не павесяць.
Усе лагодзілі Мефу Потэру і горача віталі, што ён выратаваўся ад пятлі.
Удзень Тома акружалі ўвага і слава, але затое ўначы ён мучыўся ад страху. Ён заўсёды бачыў ува сне індзейца Джо з помстай у поглядзе. Ніякія спакусы не маглі выцягнуць хлопчыка з дому пасля заходу сонца. Няшчасны Гек быў у такім-жа самым становішчы, бо Том увечары напярэдадні апошняга дня суда расказаў усю гісторыю адвакату, і Гек страшэнна баяўся, каб яго дачыненне да гэтай справы не выявілася, хоць пасля таго, як метыс уцёк, Геку і не трэба было даваць паказанні ў судзе. Праўда, адвакат даў слова маўчаць, але што з таго? Пасля таго як сумленне прыгнала Тома ўначы ў дом адваката і прымусіла парушыць страшную клятву, Гек страціў давер’е да ўсяго чалавецтва.
Удзень, слухаючы шчырую падзяку Потэра, Том быў рады, што выдаў тайну; уначы-ж ён шкадаваў, што не здолеў трымаць язык за зубамі. Ён то баяўся, што індзейца Джо ніколі не зловяць, то баяўся, што яго зловяць. Ён быў упэўнены, што ўздыхне вольна толькі тады, калі ўбачыць сваімі вачыма гэтага чалавека мёртвым.
Ператрэслі ўсю акругу, вызначылі прэмію таму, хто энойдзе метыса, але нічога не знайшлі. З Сент-Луі выпісалі ўсё ведаючага выведніка. Той пашукаў, панюхаў, паківаў галавой і дасягнуў такога-ж выдатнага поспеху, як звычайна кожны з яго прафесіі, а іменна,— з хітрай мінай ён абвясціў, што «натрапіў на след». Але-ж «след» павесіць за забойства нельга, і таму пасля ад’езду агента Том, як і раней, адчуваў страшэнную небяспеку.
Дні цягнуліся марудна, але ўсё-ж такі час ішоў, і з кожным днём цяжар трывогі, які прыгнятаў Тома, паступова палягчаўся.
Раздзел XXIV
— Дзе-ж мы будзем капаць?
— О, усюды, у розных месцах!
— Няўжо скарбы ўсюды схаваны?
— Вядома, не, Гек. Іх закапваюць у асаблівых месцах — на астравах, або ў пагрызеных чарвякамі скрынях дзе-небудзь пад вытыркнутым сукам старога трухлявага дрэва, акурат у тым месцы, куды цень кладзецца ў поўнач; але часцей за ўсё — пад падлогай у тых дамах, дзе водзяцца здані.
— Хто-ж іх закопвае?
— Зразумела, разбойнікі. А ты думаў, хто — школьныя наглядачы ці што?
— Не ведаю. Каб гэта быў мой скарб, я яго не закопваў-бы ў зямлю,— я-б на гэтыя грошы жыў і весяліўся.
— І я таксама. Але разбойнікі гэтак не робяць; яны заўсёды закопваюць свае грошы ў зямлю і там пакідаюць.
— І потым вяртаюцца, каб узяць іх?
— Не, яны думаюць вярнуцца, але потым забываюць прыметы або паміраюць, не ўзяўшы скарба. І вось скарб ляжыць сабе ды ляжыць, і ржавее. А потым хто-небудзь знойдзе старую, пажоўклую паперу, якая пакажа яму, па якіх адзнаках шукаць. Ды і паперу гэтую трэба разбіраць аж цэлы тыдзень, калі не болей, бо ў ёй толькі незразумелыя знакі.
— І ў цябе ёсць такая папера, Том?
— Не.
— Як-жа ж ты пазнаеш прыметы?
— Мне не патрэбны яны. Скарбы заўсёды закопваюцца пад домам, дзе водзяцца здані, або на востраве, ці пад сухім дрэвам, у якога сук вытыркаецца ў бок. Мы-ж прабавалі ўжо капаць на Джэксонавым востраве і яшчэ можам паспрабаваць. А за ручаём ёсць стары дом, дзе водзяцца здані, і тамака-ж куча высахлых дрэў.
— І пад усімі імі скарбы?
— Як ты гаворыш! Вядома, не!
— Дык як-жа ж ты пазнаеш, пад якім капаць?
— Будзем капаць пад усімі.
— Ну, Том! Гэта-ж зойме ўсё лета.
Дык што-ж? А затое ўяві сабе, што мы знойдзем медны гаршок і ў ім сотню долараў, або пагрызены чарвякамі куфар, поўны брыльянтаў. Што ты тады скажаш?
У Гека загарэліся вочы.
— Вось было-б добра! Ты мне дай тады сотню долараў, а брыльянты бяры сабе,— мне іх не трэба.
— Добра! Ужо-ж я брыльянтаў не кіну, можаш быць упэўнены. Некаторыя з іх каштуюць па дваццаць долараў штука, і няма ніводнага, які не каштаваў-бы долара.
— Няўжо?..
— Вядома. Гэта табе кожны скажа. Ці-ж, ты ніколі не бачыў брыльянтаў, Гек?
— Колькі памятаю, не. А дзе-ж мы пачнем капаць?
— Ужо і не ведаю. Ці не пачаць з таго старога сукаватага дрэва, што на другім баку ручая?
— Добра.
Яны дасталі пагнутую матыку і рыдлёўку і выправіліся ў паход.
Да месца трэба было ісці тры мілі. Прышлі яны чырвоныя, запыхаўшыся, і ляглі пад бліжэйшым вязам адпачыць у цяньку і пакурыць.
— Мне гэта спадабаецца,— сказаў Том.
— І мне таксама.
— Слухай, Гек: калі мы знойдзем тут багацці, што ты зробіш са сваёй палавінай?
— Я? Я буду кожны дзень есці пранікі і піць содавую ваду, а калі прыедзе цырк, буду кожны дзень хадзіць у цырк. Ужо-ж я здолею весела пражыць!
— Няўжо-ж ты нічога не адкладзеш на запас?
— Адкладваць? Навошта?
— Як навошта? Каб потым было чым жыць.
— О, гэта бескарысна! Калі я не паспяшаюся патраціць гэтыя грошы, у адзін добры дзень вернецца мой бацька і наложыць на іх сваю лапу. А ўжо пасля яго не пажывішся.
Будзь спакойны, усё ачысціць. А ты што зробіш са сваёй доляй, Том?
— Я куплю новы барабан, надзейную шаблю, чырвоны гальштук, бульдога-шчаня і ажанюся.
— Жэнішся?
— Ну але.
— Том. ты... ты... не ў сваім розуме!
— Пачакай, вось убачыш.
— Ды гэта-ж недарэчнасць, Том! Нічога дурнейшага ты не мог выдумаць. Вазьмі майго бацьку і маю маці,— яны-ж біліся з рання да вечара. Я добра гэта памятаю.
— Гэта нічога не значыць: тая, з якой я ажанюся, біцца не будзе.