Тады яна ўстала і з сярдзітым блескам у вачах сказала сабе, што цяпер яна ведае, што рабіць.
У часе перапынку Том усё гутарыў з Эмі Лорэнс і знарок пайшоў шукаць Бэкі, каб падражніць яе. Ён знайшоў яе на невялікай лавачцы па-за школай,— яна разглядала кнігу з малюнкамі разам з Альфрэдам Тэмплем, і абодва былі так захоплены гэтым заняткам, што, здавалася, нічога не бачылі навокал.
Тому вельмі прыкра зрабілася, што ён адмовіўся скарыстаць шлях да прымірэння, які паказвала яму Бэкі. Ён лаяў сябе, як толькі мог. Эмі весела лапатала сабе, але ў Тома нібы язык адсох. Ён не слухаў яе, і, калі яна спынялася, чакаючы адказу, ён мармытаў нешта няскладнае, што часам не мела ніякага дачынення да яе слоў. Пры гэтым ён увесь час кіраваў так, каб прайсці каля лавачкі. Вясёлая балбатня Эмі нарэшце зусім абрыдала яму. Том намякаў ёй, што яму трэба і туды і сюды, зрабіць тое і сёе, што час ідзе, але дарэмна,— дзяўчынка не спынялася. «Ах, каб цябе!» думаў Том: «Няўжо-ж я ніколі ад цябе не адчаплюся?» Нарэшце ён абвясціў, што яму трэба пайсці дадому, і адышоў, з нянавісцю да яе.
Альфрэд і Бэкі.
«І хоць-бы хто іншы», думаў Том, «хоць абы хто, толькі не гэты франт з Сан-Луі, які задаецца, што ён гэтак фасоніста ўбраны і мае арыстакратычны выгляд. Ну, пачакай-жа ж ты! Я табе даў чосу ў першы дзень, калі ты з'явіўся ў нашым горадзе, і зноў дам. Пачакай ты ў мяне, францік,— дабяруся я да цябе!»
I Том, каб спагнаць злосць, пачаў размахваць рукамі ў паветры, нібы калашмацячы свайго ворага і так і гэтак. «Вось табе! Вось табе! Што, атрымаў? Досыць ужо? Ну, глядзі, у другі раз не совай свой нос!» Бойка скончылася поўнай перамогай Тома, пасля чаго ён пабег дахаты.
Бэкі ўсё разглядала малюнкі з Альфрэдам. Але час ішоў, а Том не вяртаўся, і гэта псавала яе настрой. Малюнкі абрыдалі ёй, яна зрабілася сур’ёзнай і безуважнай, потым маркотнай, а нарэшце адчула сябе зусім няшчаснай і шкадавала, што завяла сваю помсту так далёка.
Небарака Альфрэд, заўважыўшы, што яна чамусьці перастала звяртаць на яго ўвагу, безупынна ўскрыкваў:
— Ах, вось які прыгожанькі малюнак! Глянь сюды!
Дзяўчынка нарэшце страціла цярплівасць і крыкнула:
— Ах, адчапіцеся вы ад мяне з вашымі малюнкамі. Вы мне абрыдалі.
Помста Альфрэда.
Расплакалася і пайшла. Альфрэд кінуўся за ёю, пачаў яе суцяшаць, але яна сказала:
— Адыйдзіце! Пакіньце мяне адну! Я вас ненавіджу!
Хлопчык спыніўся, не разумеючы, што ён зрабіў ёй. Яна абяцала, што ўвесь перапынак будзе разглядаць з ім малюнкі — і раптам пайшла. Альфрэд сумна ўсеўся ў пустым крэсле. Ён быў засаромлены і сярдзіты. Мабыць дзяўчынка размаўляла з ім толькі дзеля таго, каб пазлаваць Тома Соўэра.
Ад гэтай думкі ў ім абудзілася нянавісць да Тома. Яму захацелася прыдумаць які-небудзь спосаб, каб пашкодзіць ворагу, але без рызыкі для сябе. Тут яму трапілася на вочы кніга Тома для класнага чытання. Вось добры выпадак!
Ён разгарнуў кнігу ў тым месцы, дзе была задана лекцыя, і заліў чарніламі старонку. Бэкі акурат у гэтую хвіліну глянула ў акно ззаду ад яго і ўбачыла, што ён зрабіў, але адышла, не паказаўшыся. Яна пабегла ў бок дома, спадзяючыся спаткаць Тома і расказаць яму пра кнігу. Том парадуецца, будзе ёй удзячны,— і ўсе непрыемнасці скончацца.
Але на поўдарозе яна раздумалася: ёй успомнілася, як Том наўмысля не звяртаў на яе ўвагі, калі яна гаварыла пра пікнік, і яна парашыла не ўмешвацца ў гэтую справу. Хай сабе яго адлупцуюць за папсаваную кнігу, ёй усёроўна: яна яго ненавідзіць!
Раздзел XIX
Том прышоў дадому пануры і з першых-жа слоў цёткі зразумеў, што тут яго гора не сустрэне спачування.
— Ну, Том, я, здаецца, з цябе ўсю скуру здзяру!
— Цёця, што-ж я зрабіў?
— Досыць! Я, старая дурніца, іду да місіс Гарпер, каб расказаць ёй пра незвычайны сон,— і што-ж выяўляецца? Яна выпытала ў Джо, што ты быў тут. Што можа выйсці з хлопчыка, які так бессумленна брэша! Як мог ты не сказаць ні слова і дапусціць мяне ісці да місіс Гарпер, каб усе смяяліся з мяне, як з дурной?
Такі паварот справы быў для Тома новым. Раніцою яго ўчынак здаваўся яму зусім няшкодным, дасціпным жартам, цяпер-жа ён убачыў, што зрабіў дрэнна, агідна. Ён павесіў галаву і ў першы момант не ведаў, што адказаць; потым сказаў:
— Цёця, мне шкода, што я гэта зрабіў, я не падумаў.
— Ах, дзіця, ты ніколі не падумаеш! Ты ніколі ні пра што не падумаеш, апрача прыемнасці для сябе самога. Вось прышло табе ў галаву прыйсці сюды з Джэксонава вострава ўначы, каб пасмяяцца з нашага гора. Прышло ў галаву абдурыць мяне расказамі пра свой сон, а вось пашкадаваць нас ды не рабіць прыкрасцей — аб гэтым ты не падумаў.
— Цёця, я цяпер разумею, што гэта было пагана з майго боку, але я не хацеў зрабіць подласць,— чэснае слова, не хацеў. і тады ўвечары я прышоў зусім не для таго, каб смяяцца з вас.
— А для чаго-ж?
— Я хацеў сказаць вам, што мы не ўтапіліся, каб вы не трывожыліся.
— Том, Том! Я была-б рада ад усёй душы, каб магла даць веры, што табе ў галаву прышла такая добрая думка, але ты сам ведаеш, што гэта ў цябе не бывае, і я гэта ведаю, Том.
— Праўда-ж, праўда, я дзеля гэтага прыходзіў, цёця. Каб мне не сыйсці з гэтага месца, калі я брашу!
— Ах, Том, не лжы, не лжы! Гэта яшчэ ў сто разоў горш.
— Гэта не хлусня, цёця, гэта праўда. Мне шкода было, што вы сумуеце,— вось я і прышоў.
— Я дала-б усё на свеце, каб паверыць табе,— за гэта можна было-б дараваць табе шмат грахоў. Я нават гатова была-б радавацца, што ты ўцёк і зрабіў так дрэнна. Але я ніяк не магу гэтаму даць веры. Чаму-ж ты тады не адкрыўся мне, дзіця маё?
— Бачыце, цёця, калі вы пачалі гаварыць аб пахаванні, мне і прышла ў галаву думка — забрацца ў царкву і схавацца, і так гэта мне здалося цікавым, што я ні за вошта не хацеў ад гэтага адмовіцца. Таму я палажыў кару ў кішэнь і прамаўчаў.
— Якую кару?
— А тую, дзе я напісаў вам, што мы пайшлі ў разбойнікі. Я так цяпер шкадую, што вы не прачнуліся, калі я вас пацалаваў, страшэнна шкадую — чэснае слова!
Суровы выраз твара цёткі памякчэў, і ў вачах яе засвяцілася пяшчотнасць.
— А ты, праўда, пацалаваў мяне, Том?
— Ну але, пацалаваў.
— Ты ўпэўнены ў гэтым?
— Ну, вядома, упэўнены.
— Навошта-ж ты мяне пацалаваў, Том?
— Таму што я так вас люблю, і вы стагналі ўва сне, і мне было вас так шкода.
Гэтыя словы гучэлі шчырасцю. У старой дрыгнуў голас, калі яна сказала:
— Пацалуй мяне, Том! А цяпер ідзі ў школу і больш не лезь да мяне.
Праз хвіліну Том ужо ішоў у школу, а цёця Поллі пабегла ў камору, дзе віселі рэшткі ад курткі Тома, якую ён насіў у часе сваіх разбойніцкіх дзеянняў. Узяўшы ў рукі куртку, яна раптам задумалася і прашаптала:
— Не, лепш не трэба! Бедны хлопчык! Я ўпэўнена, што ён зманіў, але такая мана — не грэх. Яна так усцешыла мяне. Я спадзяюся, я ведаю, што бог даруе яму, бо ён зманіў ад добрай душы. Але мне не хочацца пераконвацца ў тым, шта гэта мана,— не буду глядзець!
Яна палажыла куртку і мінуту раздумвала, гледзячы на яе; потым зноў працягнула руку, зноў яе адсунула; нарэшце адважылася, падмацаваўшы сябе думкай: «Гэтая мана з добрым намерам, ад шчырага сэрца,— я не буду крыўдзіцца». Праз хвіліну яна ўжо чытала радкі, накрэмзаныя Томам на кавалку кары, і казала праз слёзы:
— Я магла-б дараваць гэтаму хлопчыку сто тысяч грахоў!
Раздзел XX
На твары цёці Поллі, калі яна пацалавала Тома, было нешта такое, ад чаго яго смутак адразу знік, і на душы ў яго зноў зрабілася лёгка і весела. Ён пайшоў у школу, і яму пашанцавала: на рагу ён сустрэўся з Бэкі Тэчэр. Том заўсёды дзейнічаў пад уплывам мінуты. Ён, не задумваючыся, пабег да дзяўчынкі і сказаў: