Литмир - Электронная Библиотека

Гэтыя назвы былі запазычаны з прыгодніцкіх раманаў.

— Добра, кажыце пароль!

У ночнай цішыні адначасова пачуўся хрыпаты шэпт двух галасоў:

— «Кроў»!

Том пакаціў са ўзгорка свой кумпяк і сам пакаціўся за ім, прычым крыху пацярпелі яго вопратка і скура на кумпяку. Са ўзгорка можна было спусціцца на бераг па дасканалай, зручнай сцежцы, але ён, як шчыры разбойнік, выбіраў небяспечныя і цяжкія шляхі.

Уладар Мораў таксама прынёс кумпяк і ледзь прывалок яго да месца. Фін — Чырвоная Рука — сцягнуў недзе кацялок і цэлы пук недаспелага тытуновага лісця, а таксама некалькі сцяблоў маісу на люлькі, хоць ніводзін з піратаў не курыў і не жаваў тытуну, апрача яго самога.

Чорны Мсцівец абвясціў, што няма чаго і думаць ісці ў дарогу без агню. Гэта была слушная думка, бо запалкі ў тыя часы былі яшчэ мала вядомыя. Хлопчыкі ўбачылі агонь на вялікім плыце, крокаў за дзвесці ўверх па рацэ, падкраліся туды і сцягнулі галаўню. З гэтага яны зрабілі сабе цэлую прыгоду: увесь час «цыкалі» адзін на аднаго, прылажыўшы палец да вуснаў заклікалі да цішыні, хапаліся рукамі за свае неіснуючыя кінжалы і злавесным шэптам загадвалі адзін аднаму, калі толькі «вораг» варухнецца «усадзіць яму нож у грудзі да самай ручкі», бо «мёртвы не выдасць». Яны добра ведалі, што плытнікі гулялі ў вёсцы, але яны павінны былі весці сябе па-разбойніцку.

Пасля таго яны рушылі ў дарогу. Том даваў загады. Гек дзейнічаў вяслом наперадзе, Джо — ззаду. Том удаваў сябе за капітана: сурова хмурыў бровы, скрыжаваўшы рукі на грудзях, камандваў:

— Трымай па ветру!

— Ёсць, сэр!

— Трымай прама, прама!

— Ёсць, сэр!

— Адпусці крыху!

— Ёсць, сэр!

Але ўсе гэтыя загады даваліся так сабе і нічога не азначалі, бо плыт спакойна плыў пасярэдзіне ракі.

— Якія парусы паднятыя?

— Ніжнія, сэр.

— Усе на палубу! Жыва! Шэсць малайцоў на фок-мачту! Варушыся!

— Ёсць, сэр!

— Распусці вялікі парус! Варушыся, хлопцы!

— Ёсць, сэр!

— Трымай к ветру! Кіруй убок,— бачыш, насустрач брыг! Лявей, лявей! Ну, братва! Наваліся дружней!

— Ёсць, сэр!

Плыт выплыў на самую сярэдзіну ракі, хлопчыкі накіравалі яго па цячэнню і палажылі вёслы. Усю наступную гадзіну яны бадай што не гаварылі адзін з адным. Плыт праплыў міма таго гарадка, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Горад спакойна спаў: сям там яшчэ свяціліся агеньчыкі, адбіваючыся ў вадзе, дзе глыбока, як дыяманты ззялі зоркі. Усе абываталі адпачывалі, не падазраючы, якая вялікая падзея адбываецца ў гэты момант.

Чорны Мсцівец усё яшчэ стаяў сярод плыта, гледзячы ў апошні раз на тыя месцы, дзе яму так добра жылося раней і дзе ён так пакутваў за апошні час. Яму вельмі хацелася, каб усе бачылі цяпер, як ён плыве сярод бурнага мора і смела глядзіць у твар смерці, ідучы насустрач пагібелі з хмурай усмешкай на вуснах. Маленькае напружанне фантазіі — і Джэксонаў востраў адсунуўся ў бясконцую далечыню. І Том «у апошні раз» паглядзеў на родны горад, з разбітым сэрцам, але задаволены.

Яго таварышы таксама глядзелі ў апошні раз і так доўга, што ледзь было не праехалі міма вострава; але паспелі схамянуцца і папярэдзіць небяспеку. Каля двух гадзін ночы плыт сеў на мель крокаў за дзвесце ад таго месца, дзе яны парашылі размясціцца, і яны доўга хадзілі ўзад і ўперад, пакуль не перацягалі туды ўсю сваю здабычу. Паміж іншым яны ўзялі з плыта стары парус і напялі яго ў прытульным кутку лесу, як палатку, каб засланіць свае прадукты. Самі-ж яны парашылі спаць у добрае надвор'е пад адкрытым небам, як належыць разбойнікам.

Яны расклалі агонь крокаў са дваццаць ад краю лесу, засмажылі сабе на патэльні крыху свініны на вячэру і з’елі палову ўзятых булак. Надзвычайна цікава было вячэраць такім чынам на прыволлі, у першабытным лесе, на недаследваным і нежылым востраве, воддалі ад чалавечага жылля, і хлопчыкі казалі, што яны больш ніколі не вернуцца да культурнага жыцця. Агонь асвятляў іх твары, кідаў чырвоныя водбліскі на тоўстыя камлі дрэў, на бліскучую зеляніну дзікага вінаграду. Калі былі з’едзены апошнія кавалачкі мяса і апошняя лустачка хлеба хлопчыкі з поўным задавальненнем выцягнуліся на траве.

Прыгоды Тома Соўэра - img_25

Піраты на плыце.

— Ну, ці-ж гэта не весела? — сказаў Джо.

— Вельмі весела,— азваўся Том.

— Што сказалі-б іншыя хлопчыкі, каб убачылі нас?

— Што? Ды яны проста памерлі-б ад зайздрасці. Ці не так, Гек?

— Ды ўжо-ж так! — сказаў Гекльберы. — Не ведаю, як вы, а я задаволены. Мне нічога лепшага і не трэба.

Звычайна я нават не наядаюся дасыта... І потым сюды ўжо ніхто не прыдзе і не паб’е чалавека нямаведама за што.

— Такое жыццё акурат для мяне,— сказаў Том. — Не трэба ўставаць рана, не трэба хадзіць у школу, не трэба мыцца і рабіць усялякія глупствы,— нічога гэтага не трэба...

— А што-ж робяць піраты? — спытаўся Гек Фін.

— О! яны жывуць вельмі весела: бяруць у палон караблі і паляць іх, грошы закапваюць у зямлю на сваім востраве, у якім-небудзь страшным месцы, дзе іх пільнуюць здані, вядзьмаркі і ўсялякая чартаўня. А матросаў і пасажыраў яны забіваюць і выкідаюць за борт.

А жанчын вязуць да сябе на востраў,— уставіў Джо,— жанчын яны не забіваюць.

— Але,— падтрымаў яго Том,—жанчын яны не забіваюць. Яны надта шляхетныя людзі. І потым жанчыны заўсёды красуні.

— А якое на іх убранне багатае! — з захапленнем усклікнуў Джо. — Усё ў золаце, срэбры, у брыльянтах!

— На кім? — спытаўся Гек.

— Ды на піратах.

Гек Фін паглядзеў на сваё ўбранне і сумна сказаў:

— Ну, а маё ўбранне зусім не разбойніцкае... Але-ж у мяне няма другога.

Хлопчыкі суцяшалі яго, кажучы, што прыгожага ўбрання чакаць яму нядоўга прыдзецца: як толькі яны пачнуць свае наскокі, у іх будзе і золата, і ўбранне, і ўсё. А для пачатку добра будзе і ў лахманах, хаця багатыя разбойнікі звычайна набываюць сабе адпаведны гарнітур, калі прыступаюць да справы.

Патроху размова спынілася: у маленькіх уцекачоў зліпаліся вочы, іх браў сон. Люлька выслізнула з пальцаў Чырвонай Рукі, і ён заснуў сном зморанага праведніка. Уладар Мораў і Чорны Мсцівец заснулі не так хутка. Яны зусім ужо гатовы былі заснуць, але ў сярэдзіне ў іх нешта не хацела супакоіцца. Іх мучыла сумленне. Яны пачыналі трошкі разумець, што зрабілі нядобра, уцёкшы з дому, потым успомнілі скрадзенае мяса і тады пачаліся сапраўдныя пакуты. Яны спрабавалі супакоіць сумленне, успамінаючы, што ім здаралася і раней шмат разоў цягаць з кладоўкі пячэнне і яблыкі, але сумленне лічыла гэтыя довады надта слабымі і не сцішалася. І хлопцы павінны былі згадзіцца, што спёрці пячэнне ці яблык — гэта не важна, а ўзяць кумпяк, свіны бок, наогул што-небудзь каштоўнае — гэта ўжо сапраўднае зладзейства.

Таму яны парашылі, што пакуль яны будуць піратамі, яны не заплямяць свайго разбойніцкага гонару ганебным злачынствам — крадзежам. З гэтай умовай сумленне пагадзілася часова замірыцца, і нашыя разбойнікі мірна паснулі.

Раздзел XIII

Раніцою, прачнуўшыся, Том не адразу сцяміў, дзе ён.

Ён сеў, агледзеўся навакол, пацёр вочы і тады толькі зразумеў. Была прахалодная, шэрая раніца, світала. Цішыня лесу навакол навявала чароўнае пачуццё спакою. Ніводзін лісток не варушыўся, ніводзін гук не парушаў высокіх дум прыроды. На лісцях і траве ляжала, як пэрлы, раса. Агонь заглух пад белым пластам попелу, і толькі сіні дымок тонкім струменем віўся ў паветры. Джо і Гек спалі. Далёка ў глыбіні лесу крыкнула птушка, адгукнулася другая, недзе застукаў дзяцел. Адпаведна таму, як святлеў ранішні туман, раслі і множыліся гукі,— усюды прачыналася жыццё.

Раптам аднекуль з’явілася цэлая працэсія мурашак, і ўсе яны ўзяліся за работу; адзін адважна валок мёртвага павука ў пяць разоў большага за сябе самога і ўхітрыўся ўцягнуць яго на пень.

16
{"b":"979086","o":1}