Недалёка быў гнілы пень. Том падышоў да яго і пачаў капаць каля яго сваім ножыкам. Хутка па гуку ён распазнаў пустату. Ён засунуў туды руку і ўрачыста прамовіў заклінанне:
Мары Тома Соўэра.
— Чаго яшчэ тут няма, з'явіся! Што ёсць, застанься!
Том вынуў са схову чыстую сасновую скрыначку. Там ляжала мармуровая галачка. Том здзівіўся незвычайна. Ён з недаўменнем скроб патыліцу і мармытаў:
— Не, гэта немагчыма! Што-ж гэта такое?
Ён са злосцю кінуў галачку і пачаў разважаць. Справа ў тым, што яго ашукалі забабоны, якія ён і яго таварышы лічылі за абсалютную ісціну. Забабоны абвяшчалі, што калі закапаць галачку, сказаўшы над ёю пэўныя заклінанні, і на працягу двух тыдняў не чапаць яе, а потым адкапаць з тымі словамі, якія былі сказаны Томам, то замест адной галачкі вы знойдзеце ўсе, якія вы калі-небудзь згубілі, хоць-бы яны былі згублены і вельмі далёка адна ад адной. Але вопыт безумоўна не ўдаўся, і вера Тома была глыбока падарвана. Ён чуў многа разоў аб удалых спробах, але ніколі — пра няўдалыя. Ён забыўся, што і сам ён спрабаваў гэта не раз, але толькі потым ніколі не мог знайсці месца, дзе схаваў галачку. Ён доўга раздумваў і нарэшце парашыў, што тут не абышлося без якой-небудзь вядзьмаркі, якая, на зло яму, зняла замову.
Але яму хацелася канчаткова пераканацца ў гэтым; ён адшукаў чыстую пясчаную мясцінку з ямкай накшталт лейкі пасярэдзіне, прылажыў губы да гэтай ямкі і пачаў клікаць:
Бука, бука, ты прыдзі
I ўсю праўду раскажы.
Бука, бука, ты прыдзі
I ўсю праўду раскажы.
Пясок заварушыўся, паказаўся «бука» — маленькі чорны жук, і зараз-жа схаваўся спалоханы.
— Ён не хоча сказаць! Значыцца, гэта вядзьмарка зрабіла. Я так і ведаў.
Тому добра было вядома, што з вядзьмаркамі цягацца цяжка, і ён павесіў нос. Потым яму прышло ў галаву, што не дрэнна было-б знайсці тую галачку, якую ён кінуў; ён пачаў поўзаць па траве, але нічога не знайшоў. Ён вярнуўся да свайго таемніка і асцярожна паставіў скрыначку на месца, потым стаў акурат так, як ён стаяў, калі кінуў галачку, затым вынуў з кішэні другі кавалак мармуру і кінуў яго ў той-жа самы бок, кажучы:
— Брат, ідзі, знайдзі брата!
Ён заўважыў, куды ўпаў шарык, знайшоў яго і пачаў шукаць першы, але ўсёроўна знайсці не мог. Ён паспрабаваў яшчэ раз, другі, трэці, і нарэшце дасягнуў поспеху: абодва шарыкі ляжалі зусім блізка адзін ля аднаго.
У гэты момант у зялёным гушчары пачуўся слабы гук дзіцячай бляшанай трубы. Том зараз-жа скінуў з сябе куртку і штаны, падперазаўся шлейкамі, разгарнуй кучу галля за гнілым пнём, выцягнуў адтуль нязграбна зробленыя лук і стралу, драўляны меч, бляшаную трубу, мігам узброіўся і, босы, ў адной кашулі, паімчаўся насустрач ворагу.
Робін Гуд і яго вораг.
Пад вялікім вязам ён спыніўся, пратрубіў сігнал у адказ, скамандаваў свайму неіснуючаму атраду: «Стой, рэбяты, хавайся, пакуль не затрублю!» — і пачаў чакаць, ваяўніча азіраючыся па баках. З’явіўся Джо Гарпер у такім-жа лёгкім адзенні і таксама ўзброены. Том гукнуў яго:
— Стой! Хто адважваецца хадзіць па Шэрвудскім лесе без майго дазволу?
— Г'ю Гісборн не мае патрэбы прасіць у каго-б там ні было дазволу! Хто ты, які...
— «Адважваецца так гаварыць са мной», — паспешна падказаў Том, бо яны гаварылі напамяць, «па кнізе».
— Хто ты, які адважваецца так гаварыць са мной?
— Хто я? Я — Робін Гуд [3], як зараз-жа пераканаецца ў гэтым твой паганы труп.
— Значыцца, гэта ты, славуты разбойнік? Я рады паспрачацца з табой аб тым, хто гаспадар у гэтым слаўным лесе. Выходзь!
Яны ўзяліся за свае драўляныя мячы, кінуўшы астатнюю зброю на зямлю, сталі ў баявую позу, нага да нагі, і вось пачаўся паядынак. Нарэшце Том сказаў:
— Ну, біцца, дык біцца! Паддай палу!
І яны так старанна «паддавалі палу», што хутка абодва запыхаліся і спацелі.
— Валіся-ж! — крыкнуў Том. — Чаму-ж ты не валішся?
— Не буду я валіцца! Сам валіся,— табе-ж яшчэ горш прыходзіцца.
— Ну, дык што з таго? Гэта нічога не знача. Я не магу валіцца. У кніжцы-ж не так,— там сказана: «І ён адным лоўкім ударам у спіну паваліў на зямлю беднага Г’ю Гісборна». Ты павінен даць мне мажлівасць ударыць цябе ў спіну.
Супроць такога аўтарытэту супярэчыць нельга было: Джо павярнуўся, прыняў удар і ўпаў.
— Ну, а цяпер,— сказаў Джо, падымаючыся на ногі,— ты дай мне забіць цябе; гэта будзе сумленна.
— Але-ж гэтага нельга, гэтага ў кнізе няма.
— З твайго боку гэта нядобрасумленна!
— Ну, ціха, Джо,— ты-ж можаш быць манахам Тэукам і прыстукнуць мяне кіем па галаве. Або, хочаш, я буду шэрыф натынгемскі, а ты Робін Гуд, і ты заб’еш мяне.
Гэта спадабалася Гарперу, і гульня пачалася зноў. Потым Том зноў зрабіўся Робінам Гудам і зышоўся крывёю, дзякуючы здрадзе манашкі, якая даглядала яго рану; тады Джо, які прадстаўляў з сябе цэлы атрад плачучых разбойнікаў, з жалем адцягнуў яго прэч, улажыў у яго аслаблыя рукі лук, і Том сказаў: «Дзе ўпадзе гэтая страла, там пахавайце беднага Робіна Гуда, пад дрэвам у зялёным гаі». Потым ён пусціў стралу, адкінуўся назад і паваліўся-б мёртвым, каб не трапіў у крапіву, што прымусіла яго ўскочыць з неўласцівай нябожчыку жвавасцю.
Хлопчыкі адзеліся, схавалі ў зацішным месцы сваю зброю і разам пайшлі далей, шчыра шкадуючы, што цяпер няма разбойнікаў. Яны запэўнялі, што ахвотней згадзіліся-б быць год разбойнікамі ў Шэрвудскім лесе, як прэзідэнтам Злучаных Штатаў усё сваё жыццё.
Раздзел VIII
У гэты вечар Том з Сідам, як заўсёды, а палове дзесятай пайшлі спаць. Сід хутка заснуў, але Том не спаў, нецярпліва чакаючы сігналу. Ён не знаходзіў сабе месца ад хвалявання, яму здавалася, што ўжо недалёка ад світання, але ў гэты момант ён пачуў, як гадзіннік прабіў дзесяць. Толькі дзесяць! Было ад чаго прыйсці ў роспач. Ён не мог нават круціцца і дрыгаць нагамі, як таго вымагалі яго ўзбуджаныя нервы, бо баяўся разбудзіць Сіда. Таму ён ціха ляжаў у цемры з адкрытымі вачыма.
Навокал была жахлівая ціша, але паступова з ёй ледзь значна пачалі вылучацца розныя гукі. Перш за ўсё — ціканне гадзінніка, потым таямнічае патрэскванне старых бэлек, слабае рыпанне ступенек лесвіцы. Відаць, у доме швэндалі духі. З пакоя цёці Поллі даносіўся ціхі мірны храп.
Потым пачалося назольнае цвіркатанне цвіркуноў, якіх ніякія сілы чалавечыя не могуць выгнаць з жылых памяшканняў, і пачулася злавеснае «цік-цік» жука-гадзіншчыка ў сцяне, ля галавы Тома. Том здрыгануўся: гэта азначала, што нехта памрэ. Затым недзе далёка завыў сабака, і яшчэ далей у адказ яму — другі. Том перажываў цяжкія мінуты. Нарэшце ён пераканаўся, што час скончыўся і пачалася вечнасць, і супроць сваёй волі пачаў драмаць. Гадзіннік прабіў адзінаццаць, але Том не чуў гэтага.
Раптам праз сон ён распазнаў смутнае мяўканне кошкі. Недзе блізка стукнула акно, пачуўся голас: «Пшла прэч, праклятая!», і аб сцяну са звонам бразнулася пустая бутэлька. Том ускочыў, як ашпараны, мігам адзеўся, вылез праз акно і папоўз па даху, разы са два ціха мяўкнуўшы ў адказ; потым пераскочыў на страху хлевушка і адтуль саскочыў на зямлю.
Гекльберы Фін чакаў яго з дохлым катом ў руках. Абодва хлопчыкі хутка зніклі ў цемры. Праз поўгадзіны яны ўжо прабіраліся па высокай траве могілак.
Могілкі былі даўнейшыя і, як раней рабіліся на Захадзе, знаходзіліся на ўзгорку, мілі за паўтары ад вёскі. Яны былі агарожаны старым дашчатым плотам, які то выгінаўся ў сярэдзіну, то ў процілеглы бок, але нідзе не стаяў прама. Усе могілкі зараслі пустазеллем, у якім танулі паасобныя магілы. На магілах не было ніводнага помніка; замест гэтага стаялі гнілыя дошкі, закругленыя ўверсе, выедзеныя чарвяком і гатовыя паваліцца на зямлю. На ўсіх дошках калісьці былі надпісы з імёнамі нябожчыкаў; але літары так сцерліся, што цяпер іх нельга было-б прачытаць і пры святле.