– І ты заходзь, – праводзіў Юрый.
Янчанка абуўся, выйшаў на ганак, накінуў лёгкі плашч і спусціўся ў двор.
– Вецер падняўся… – спакойна, сабе пад нос, ціха вымавіў ён.
Юрый Люты спыніўся на верандзе. Ён не выходзіў на ганак, стаяў ля адчыненых дзвярэй. Мужчына трохі разгледзеў свой двор, затым кінуў кароткі погляд на цёмнае неба і адчуў восень. Парывы ветру аддзялялі дробныя кропелькі дажджу ад буйных, імжа разляталася ў бакі. Часцінкі вады даляталі да цела Юрыя і пяшчотна ўрэзаліся ў яго адкрытыя ўчасткі цела. Люты адчуў новы прыліў сіл. Пасля стомнай паездкі, яму ўжо не хацелася легчы на мяккі ложак, з'явілася жаданне выйсці пад дождж і хутчэй накарміць сваіх галодных кур. Ён хутка насунуў галёшы, цяжка вярнуў на цела плашч, схаваў галаву капюшонам і выйшаў пад неба, якое, як мора, хутка плыло з-за ўплыву гуллівага ветру.
Дзмітрый Янчанка тым часам выйшаў з двара і чамусьці спыніўся. Ён ужо быў на краі дарогі, але надыходзячы шум прымусіў яго адысці ў бок. Па нешырокай жвіровай вуліцы перад Дзмітрыем ціха праехала чырвона-белая машына хуткай дапамогі. Здавалася, што транспарт дзе-небудзь, ды і ўгразне, але дасведчаны кіроўца спраўляўся з няпростай дарогай. Ён ужо бываў тут і ведаў, дзе і як лепш праехаць.
Юрый падышоў да веснічак і спытаў:
– Да каго гэта?
Дзмітрый павярнуўся да сябра.
– Ну, у нашай вёсцы ўжо ўсе ў гадах! – адказаў ён.
– Ага. Можа, зноўку да Валянціны? – ціха спытаў Юрый, не адводзячы блакітных вачэй ад спалоханага погляду Дзмітрыя.
– Што? – гучна перапытаў Янчанка.
– Кажу, можа, зноўку да Валянціны! Ангеліна вымерала ціск, і Валянціна запанікавала. Вось не вымярала б, дык жыла б спакойна.
– А калі…нехта памёр?!.. – спытаў Янчанка.
– Не мялі, Дзмітрый! Не дай Бог! У вёсцы і так усіх па пальцах можна пералічыць.
– Валянціна ўжо старэнькая, ёй больш нашага… Пайду, разведаю. Калі нешта дрэннае… Патэлефаную табе. Можа, і праўда, у Валянціны ціск! – сказаў Дзмітрый і, як пінгвін, пакрочыў да свайго дому.
Юрый Люты, развітаўшыся з сябрам, пакарміў жывёл і вярнуўся ў дом. Ён хацеў зняць пратэз і прылегчы на ложак, каб адпачыць пасля насычанага дня, але спачатку ён вырашыў патэлефанаваць сваёй стрыечнай сястры Юліі, якая жыла крыху далей па вуліцы. У гэты вечар Юрый занерваваўся, яму хацелася даведацца, ці не прыязджалі ўрачы да яе ці, можа быць, хтосьці з яе суседзяў выклікаў хуткую дапамогу. Юлія Абрамоўская хутка адказала на званок брата. Яна супакоіла ўсхваляванага Юрыя, сказаўшы, што нічога не чула пра бел-чырвоную машыну. Стала зразумела, што машына паехала далей па вуліцы. Пасля размовы пра ўрачоў і ад стомы, у галаве Юрыя з'явіліся сумныя думкі. Ён выпіў адну таблетку і, разважаючы пра адзіноту, паставіў рондаль з вадой на агонь і сеў на крэсла. Яго турбавала, што Дзмітрый Янчанка зноў не спытаў пра яго творчае захапленне. Адзіны сябар проста не цікавіўся тым, што было так важна для Юрыя. Люты адчуў сябе пакінутым, самотным. Сёння, з'яжджаючы ў горад з карцінай, якую ён сам напісаў, Юрый вярнуўся дадому без яе. Ён прадаў карціну, двайную экспазіцыю, якую ён скончыў яшчэ ў чэрвені. Той змрочны жывапіс пра вайну і жыццё, які ўчора хваліў Янчанка, калі прыходзіў да Юрыя і прасіў купіць яму запчастку на аўтамабіль. Тады ж Дзмітрый выдаў пару слоў пра карціну, магчыма, з ветлівасці, магчыма, яму сапраўды яна спадабалася, Юрый не ведаў дакладна. А сёння ўвечары Дзмітрый нават не ўспомніў пра карціну, не спытаў, прадаў яе Юрый ці не.
Дзмітрый Янчанка часта быў пагружаны ў свае дамашнія справы, яму было не да абмеркаванняў інтарэсаў Лютага або чыіх-небудзь яшчэ. Ён любіў гаварыць пра тэхніку, надвор'е і сям'ю – гэтыя тэмы былі яму бліжэй. Так здарылася і ў гэты вечар. Дзмітрый хацеў забраць толькі скрынку з новенькай дэталлю і спяшаўся вярнуцца ў гараж да сваёй машыны. Ён трохі пагаварыў пра надвор'е, сказаў некалькі слоў пра сваю сям'ю і сыходзіў з думкай: "Потым, пазней, паспеем яшчэ пагаварыць!". А што ж перашкаджала Юрыю першым расказаць пра свае творчыя планы? Перашкодай было тое, што Дзмітрый не любіў мастацтва і не выяўляў цікавасці да яго. Нават дзеля прыстойнасці ён не мог падхапіць размову на гэтую тэму. Вядома, ён заўсёды выслухоўваў Юрыя, але па яго патухлым твары было бачна і зразумела, што чалавек не меў ніякай цікавасці казаць аб творчай працы Юрыя. У адрозненне ад свайго сябра, Юрый Люты ўмеў падтрымаць любую размову, умеў адшукваць пытанні і задаваў іх суразмоўцу.
Калі вячэра была прыгатаваная, Юрый сеў за стол і задумаўся пра машыну хуткай дапамогі, якая заўсёды выклікала ў ім трывожныя пачуцці. Яму было цяжка бачыць яе сёння, бо машыны медыцынскай дапамогі асацыяваліся з чымсьці непрыемным – ніхто папросту не выклікае ўрача на дом. У вёсцы няма маладых людзей, страшна было ўявіць, што да кагосьці бел-чырвоная машына прыедзе ў апошні раз. Трэба лепш сачыць за сваім здароўем і менш забіваць галаву благімі думкамі, каб радзей сустракацца з лекарамі. Але калі табе за пяцьдзесят, усё цяжэй успамінаюцца прыемныя моманты. Свет становіцца іншым, усё больш збіраецца ў чалавеку турбот. Гледзячы на свой жыццёвы доўгі шлях і цяжкі ваенны час, Юрый успрымаў сваю адзіноту як набліжэнне канца. Ён усё радзей думаў пра добрае, таму стараўся больш часу надаць творчасці, каб адцягнуцца ад благіх думак. Мужчына даеў вячэру, зірнуў у цёмнае акно і падумаў пра Валянціну Пруцік. Магчыма, сёння ўвечары яе аглядалі ўрачы. Жанчына ўжо была старэнькай і часта турбавалася аб страшных навінах, якія паказвалі па тэлевізары, трывожылася за свой дом, за ўсю вёску.
Юрый Люты здаволіў свой голад сытнай вячэрай і прывёў кухню ў парадак. Дзмітрый Янчанка так і не патэлефанаваў яму, мабыць, не было на тое прычын: ніхто не памёр, нікога не павезлі ў бальніцу. Хуткая дапамога прабыла ў вёсцы дваццаць хвілін, затым ціха вярнулася назад па той жа дарозе. Юрый не чуў, як вярталася тая машына. Увайшоўшы ў спальню, ён прысеў на ложак і, нарэшце, зняў пратэз. Застаўшыся без дамашніх клопатаў, Юрый з асалодай лёг на мяккі ложак. Яго авальная галава ляжала тварам уверх, худыя ногі выцягнуліся, а рукі ляглі ўздоўж цела. Сыты кот хутка ўскочыў да яго і, аблізваючы свае белыя вусы, размясціў сваё пухлае цела на сцёгнах гаспадара.
У доме Юрыя было чыста і ўтульна. Раз ці два на тыдзень прыходзіла дапамагаць прыбрацца Абрамоўская, стрыечная сястра, якая жыла адна пад прозвішчам мужа. Але, нягледзячы на яе дапамогу, у доме ўсё ж не было той прыгажосці і душэўнага ачага, які быў пры Ларысе.
Юрый, выцягнуўшыся на ложку, доўга не мог заснуць. Мужчыну спасцігла страшнае мінулае. З цяжкім сэрцам ён зноў успомніў смерць Ларысы. Юрый глядзеў у столь, быццам не заўважаў яе. Погляд яго быў тужлівым, у ім адбівалася роспач і няшчасце. Здавалася, што мозг сканцэнтраваўся толькі на перажываннях. Сённяшняя машына хуткай дапамогі загнала яго ў гэты сумны стан. Юрый успамінаў: як урачы забралі Ларысу з болем у сэрцы, як праз дзень яна памерла ў бальніцы. Сям'я ведала, што яе слабое жаночае сэрца можа раптам спыніцца. І больш за ўсіх да гэтага была гатовая сама Ларыса. Хоць яна і спрабавала падрыхтаваць сям'ю да свайго нечаканага сыходу, але яна выдатна разумела, што родныя не хочуць думаць пра тое, што застануцца без яе.
Тонкая душа ўдаўца доўга не магла змірыцца з адзінотай. Юрый Люты ўспамінаў жонку як радасную, клапатлівую і пазітыўную. Ён успомніў, як яна дапамагла яму пераадолець моцны псіхалагічны ўдар вайны і як пасля перамогі за год палегчыла ўспрыманне страшных сноў вайны, мякка супакоіла і прывучыла яго жыць сучаснасцю. Але калі Ларысы не стала, мужчына перастаў быць самім сабой. У ім закамянела душа, і ён пакаціўся ў бездань смутку. Юрый стаў такім далёкім і чужым для ўсіх: для сяброў, для сваякоў, і, што самае страшнае – для свайго адзінага дзіцяці. Ніхто не размаўляў з Юрыем. Доўгія месяцы і гады ён хадзіў з вялікім болем, і ніхто яму не змог дапамагчы. Усе спробы вярнуць Юрыя ў разважныя пачуцці не мелі поспеху. Мужчына забіваў сябе алкаголем і кроіў стратай душу датуль, пакуль яму не прыснілася жонка. Ларыса была такой прыгожай і бесклапотнай, як у апошнюю іх гадавіну. Яркім летам, ціхая па характары жанчына стаяла ў блакітным сарафане на бетоннай дарожцы спінай да мужа. Іх зялёны двор быў жывым і квітнеючым. Ларыса паварочвалася, усміхалася і казала пра час як пра будучыню, як шмат яшчэ трэба зрабіць і выправіць. Але калі Юрый падышоў да жонкі, за імгненне яна раптам стала строгай і незадаволенай. Яе распушчаныя светлыя валасы былі ўжо сабраныя ў хвосцік. Ларыса хмурылася, з яе круглых вачэй па бледных шчоках беглі кропелькі салёнай вады. З ціхай жанчыны паліліся гучныя словы. Ларыса адчытвала мужа за яго няправільнае жыццё, за тое, што ён з здаровага па духу чалавека і з разумнага мужчыны ператварыўся ў п'яніцу і дзікуна. Юрый стаяў перад ёй у сне, яму было сорамна і балюча глядзець у яе зялёныя мокрыя вочы. Ён баяўся дакрануцца да яе, баяўся няправільна адказаць. У яго не было слоў для апраўданняў. Юрый адчуў сябе здраднікам, вінаватым. Ларыса зноў стала мяккай і сказала: "Я мучаюся, каханы! Палюбі жыццё, палюбі мяне! Памірыся з сынам! Вызвалі мяне ад пакут, каб я была шчаслівая на нябёсах, гледзячы на цябе!" Яна пагладзіла мужа па шчацэ, затым зайшла ў дом і знікла. Гэты сон для Юрыя быў падобны рэальнасці. Ён стаў штуршком да цвярозага і разважлівага жыцця. Мужчына перагледзеў свае погляды і дагэтуль не піў спіртное. Ён баяўся пакрыўдзіць і засмуціць Ларысу, бо верыў, што яна прыглядае за ім. Юрый знайшоў заспакаенне ў творчасці, у мастацтве. Стаў пісаць карціны. Вярнуў зносіны з аднавяскоўцамі, але ніяк не мог памірыцца з сынам, Фёдар быў занадта пакрыўджаны і халодны да бацькі.