Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Для Юрыя Лютага, кот стаў сувязным звяном з мінулым, калі яго жонка яшчэ была жывая і старалася пражыць як мага даўжэй. Цяпер, калі ён глядзіў на рыжага гадаванца, мужчына мімаволі ўспамінаў шчаслівы вобраз жонкі, калі яна адцягвалася ад дрэнных думак, гуляючы з мяккім і цёплым кацянём з ізумруднымі вачыма, знаходзячы ў ім лепшае заспакаенне.

Калі худы на цела Юрый зайшоў у прыбудову, ён зняў свае чорныя чаравікі і паставіў іх побач з гумавымі ботамі і галошамі. Затым ён павесіў плашч на металічны шэры кручок, дзе халодныя кроплі, сцякаючы па плашчы, падалі ў белы круглы таз. Вада не расцякалася па падлозе, а збіралася ў вялікай місцы. Кот Рыжык хадзіў па старым дыване, круціў галавой і сачыў за акуратнымі дзеяннямі гаспадара, з нецярпеннем чакаючы, калі адчыняцца наступныя дзверы. Калі Юрый вырашыў пакінуць веранду, Рыжык падбег да карычневых дзвярэй, сеў смірна і навастрыў вушы, рыхтуючыся праскочыць першым у цёплы дом. Мужчына бачыў нястрымнае жаданне гадаванца і адчыніў дзверы, прапусціў яго наперад. Затым сам увайшоў у калідор. У прыхожай было шэра і таямніча. Юрый працягнуў руку да сцяны і ўключыў святло. Заззяла белая лямпачка пад столлю, засвяцілася люстра, якая па форме была падобная на самотны белы званочак. Асвятліліся сцены, выразна паказаліся аранжавыя шпалеры з цагляным малюнкам. Злева вісела вертыкальнае люстэрка, справа была невялікая па шырыні вешалка, а пад ёй пара тэпцікаў. Па чырвона-белым дыване хутка прабег кот і павярнуў направа, на кухню, і знік з-пад увагі. Стомлены Юрый павесіў цёмна-сінюю куртку на свабодны кручок вешалкі і зрабіў некалькі крокаў наперад, затым павярнуў налева, зайшоў у прасторны пакой і ўключыў святло. У зале, дзе стаялі два крэслы, канапа, шафа і тумба з тэлевізарам, было чыста. Мужчына акуратна апусціў пакет на маленькую канапу і зноў выйшаў у калідор. Не паспеў ён перайсці з аднаго памяшкання ў другое, з залы ў кухню, як ціхія гукі спынілі яго. Хтосьці шамацеў у верандзе. Хтосьці асцярожна і нетаропка, без груку і званка, заходзіў у дом. Адчыніліся дзверы, і пад яркім святлом белай люстры ў вузкай прыхожай з’явілася пухлая фігура пяцідзесяцісямігадовага Дзмітрыя Янчанкі. Госць пакінуў брудны абутак на ганку, а празрысты плёнкавы плашч павесіў у верандзе, на той жа кручок, на якім вісеў плашч Юрыя. Дзмітрый Янчанка спыніўся каля люстэрка і ціха вымавіў:

– Прывітанне, Юрась!

– Прывітанне, – цяжка адказаў Люты, ён быў трохі здзіўлены раптоўнаму з'яўленню сябра.

– Як справы? – спытаў Янчанка і падышоў бліжэй, – Я ў сябе ў двары хадзіў, а потым бачу, Арцём Ліс прамчаўся па вуліцы. Дык падумаў, дай праверу, зайду да цябе, можа ён цябе падвёз і ты ўжо дома, – мякка казаў круглатвары Дзмітрый, здымаючы чорную тонкую шапку з жоўтым надпісам "Спорт".

– Так, Ліс мяне падвёз. Я вось толькі зайшоў у дом. Нават не паспеў ката накарміць, – сказаў Юрый, паказваючы на Рыжака, які цёрся аб ногі гаспадара, – І гаспадарка яшчэ чакае… Я думаў, ты заўтра зойдзеш, як дамаўляліся. Ну, тады давай, праходзь на кухню. Я купіў табе тое, што ты прасіў.

Юрый Люты вярнуўся за пакетам, а Дзмітрый Янчанка прадоўжыў гаварыць:

– Сястра мая, Святлана, з гораду тэлефанавала, казала, што ў іх быў моцны дождж з ветрам. А ты, напэўна, прамок там, вецер не зносіў плашч?

– Не прамок, а калі б і прамок, то з роднага боку і варона мілая! – адказаў Юрый, потым выключыў святло ў калідоры і зайшоў на кухню, – А дождж добры быў, але нядоўгім, хутка прайшоў, а затым выглянула сонца. А сонца ў горадзе іншае. У нас мільгане і схаваецца на тыдзень, а там яно шчодрае, нават цяплей ці што, у гэтую восень… Не хаваецца хутра за хмары.

У маленькай кухні справа стаяў белы халадзільнік, а побач, пад акном, квадратны стол з засланым шэрым абрусам і тры драўляныя крэслы. Наперадзе газавая пліта, кухонныя тумбы і ўмывальнік, над якім вісела шафка. А злева, за перагародкай, хавалася драўняная груба.

– Як там горад? Стаіць? – спытаў Янчанка, папраўляючы рэдкія светлыя валасы.

– Так, усё будуецца і пашыраецца. Толькі вось халадае, нягледзячы на тое, што там заўсёды цяплей, чым у нас, у сонечныя дні не становіцца больш людзей на вуліцах. Летам, як ты ведаеш, шуміць натоўп. А цяпер, у восень, усе машыны густа цякуць па вуліцах. Сёння дождж, і гарадскія засталіся ў сваіх кватэрах. Яны больш ездзяць, чым ходзяць… Дарэчы, ты не глядзеў надвор'е? Калі ад нас ужо вада сыдзе, калі прымярзаць стане? Хачу ў "Круглае" схадзіць, але там жа ўсё плыве… Як думаеш, прыйдзецца чакаць да лета? – пытаўся Юрый, паклаўшы на стол шырокі ліст раённай газеты.

Юрый спачатку выцягнуў з пакета мастацкія пэндзлікі з рознымі драўлянымі ручкамі, следам, на стол ён паклаў дзве квадратныя пачкі макароны хуткага прыгатавання і адну ўпакоўку зялёнай гарбаты, а потым невялікі пакет малака.

Дзмітрый Янчанка схаваў шапку ў шырокую кішэню сваёй цёмна-сіняй рабочай вопраткі і прысеў на крэсла. Ён уважліва сачыў за тым, як паступова з'яўляліся прадметы на стале і казаў:

– Я глядзеў прагноз надвор'я: заўтра і паслязаўтра дажджоў не чакаецца. Будзе пахмурна. Але потым зноў пойдуць дажджы. Усё, Юрась, пара ўжо забыцца пра цёплыя дзянькі. "Бабіна лета" прайшло, а за ім прыйшла пара рыхтавацца да зімы. Праз месяц можа пайсці снег… Я ўчора бачыў у навінах, што праз моцныя дажджы ўскраіны заходніх гарадоў затапіла. А яны ж вышэй за нас жывуць. Хоць бы ў нас вада не паднялася. Добра, у цябе вада з двара сыходзіць у лес, а ў мяне ўчастак размешчаны ніжэй. Будзе добра, калі мароз прыйдзе або снегам усё засыпле, а што, калі зіма будзе не зіма? Успомні, як было летась! Вада стаяла на ўвесь агарод і вакол двара разлілася! У лепшым выпадку, мы зноў будзе саджаць бульбу ў канцы траўня! Не, няхай ужо зіма будзе ранняй.

– Дык твой сын жа прыязджаў, рабіў табе нейкі дрэнаж. Ты ж мне паказваў, выхваляўся… Ці я нешта блытаю?

– Так, ён зрабіў. Але, на жаль, не так, як трэба. З-за невялікіх дажджоў вада не сыходзіць, збіраецца і стаіць на месцы. Ты ж ведаеш яго, ён не слухае мяне. Усё па-свойму хоча рабіць. Калі ён зноў прыедзе, я скажу яму перарабіць, каб гэтым разам было так, як я б хацеў. А то, як нейкі халтуршчык, на хуткую руку ўсё. Я казаў яму, трэба капаць вышэй. Баюся, што калі сын не прыедзе, калі пойдуць доўгія і буйныя дажджы, то я зноўку паплыву. Але ён абяцаў прыехаць.

– Што ж, нічога пакуль не зробіш… Вось, трымай! Твой заказ, – Юрый падаў Дзмітрыю кардонную скрыначку, – Усё правільна купіў, гэта тое, што ты прасіў?

Апошняе, што Юрый дастаў з пакета, была маленькая шэрая скрыначка, усярэдзіне якой ляжала запчастка для аўтамабіля. Юрый перадаў пакупку Дзмітрыю і дадаў чэк. Затым ён накарміў ката і вярнуўся да сябра.

– Так, выдатна! – сказаў Дзмітрый, – Тое, што трэба. Добра, што ты сёння з'ездзіў у горад. А то б прыйшлося Галіну прасіць, каб яна забегла ў краму аўтазапчастак пасля працы. Усё роўна ж нейкі час яна чакае аўтобус, сядзіць на аўтавакзале. Але ты ж ведаеш яе, калі купіць яна яшчэ не тое, што трэба, я буду яшчэ вінаваты. І думай потым, як машыну чыніць… А заўтра, дзякуючы табе, я ўжо сваім ходам паеду на работу. А грошы я заўтра ўвечар табе занясу, – казаў Дзмітрый, разглядаючы лічбы на тонкай паперцы зялёнымі вачамі.

Дзмітрый Янчанка паклаў скрыначку ў кішэню, устаў з крэсла. Яму вельмі захацелася ў гараж, да машыны, і таму ён дадаў:

– Ох, дзякуй табе, Юрась. Пайду я ўжо. І табе, мабыць, пара ісці карміць сваіх птушак. А я пабег, а то жонка будзе шукаць мяне, калі я затрымаюся ў цябе. Сказаў ёй, што ненадоўга да цябе. А то падумае, што я Арцёма сустрэў, ды з ім распіваю, – успомніў Дзмітрый адзін такі выпадак, – А яно мне трэба? Зараз галоўнае, мне за вечар машыну адрамантаваць, – выйшаў ён у калідор, – У суботу, можа, унукаў пабачу. Сын жа мой "Джыпа" купіў, так хоча прывезці ўсю сваю сям'ю. Цяпер яму будзе прасцей праехаць па гэтай нашай дарозе-кашы. Так што, заходзь у суботу ў госці, пагаворым. Што ты ўсё дома сядзіш? Добра, ну, я пайшоў, машына мяне чакае, жонка хвалюецца. Яшчэ раз дзякуй за дапамогу! Я сур'ёзна, ты заходзь у госці. Ты ж ведаеш, дзе я жыву, не заблудзішся, – усміхаючыся, Дзмітрый Янчанка пайшоў да дзвярэй.

5
{"b":"891215","o":1}