Литмир - Электронная Библиотека

Гэтае адчуванне было з ёй заўсёды, вось як нібыта маланка бліснула, і чакаеш грому, ужо нават адкрыўшы рот, каб не аглухнуць ад раптоўнасці. А грому ўсё няма.

12

У адным рамане іранічна, паказваючы абсурд сітуацыі, была апісана ўніверсітэцкая кафедра французскай мовы і літаратуры, загадчык якой меў цікавую асаблівасць: ён ніколі не размаўляў па-французску і не любіў і не разумеў французскай літаратуры. Менавіта так, толькі зусім не ў гратэскна-іранічным плане, і гэта была не “цікавая асаблівасць”, а панылая заканамернасць, адбывалася і на нашай г. зв. нацыянальнай кінастудыі.

Гендырэктар “FilmBellа” Хрушчанка быў пераведзены ў кінавытворчасць са сферы ідэалогіі, у якую ў сваю чаргу патрапіў з сельскай гаспадаркі. Так рабілі знарок, бо лічылася, што вузкія спецыялісты-прафесіяналы замыльваюцца, а чалавеку збоку відней, таму ён лепш і хутчэй разбярэцца. Апынуўшыся на кінастудыі, Хрушчанка імгненна зразумеў, якія тут правілы, што ад яго патрабуецца, і старанна, нават апантана пачаў выполваць усё нацыянальнае. Ужыванне белмовы ў фільмах ён дапускаў толькі адмоўнымі персанажамі. Для станоўчых рабіў адзіную саступку: замест отец – бацька, замест ребята – хлопцы. Яшчэ была ў яго звычка: віншаваць любога, у тым ліку якогась зусім малавядомага рускага акцёра ці рэжысёра, нават не з круглай датай, а проста з будзёным днём нараджэння, і цалкам ігнараваць сваіх тутэйшых кінадзеячаў, не віншуючы іх нават з юбілеямі. З гэтай яго звычкі дабрадушна пасмейваліся і, сярод іншага, лічылі яе бяскрыўднай. Вось да гэтага чалавека выправілася Інга, каб атрымаць подпіс. З тонкай папкай у руцэ яна зайшла ў прыёмную. Сакратарка папрасіла пачакаць, бо ў гэты момант гендырэктар даваў інтэрв’ю па тэлефоне. У прачыненыя дзверы, на якіх вісела прыгожая, выгравіраваная вітымі прапіснымі літарамі таблічка, чулася:

– …Так, існуюць пэўныя цяжкасці, і мой калектыў пра іх ведае. Кожны тыдзень я праводжу дзве нарады, на якіх знаёмлю мой калектыў з усімі праблемамі кінастудыі. – Гендырэктар убачыў Інгу і запрашальна паказаў рукою, каб заходзіла. Інга зайшла, ён кіўнуў на крэсла, а сам працягваў: – Студыя ў складаным становішчы… дэбітарская запазычанасць… але, нягледзячы ні на што, мы спрабуем працаваць, так – працаваць.

Нарэшце паклаў трубку.

 – Слухаю вас.

Хрушчанка быў маленькі, кучаравы, з птушыным, завостраным на канцы носам, з чорнымі шчотачкамі броваў, якія варушыліся, з чарнявымі круглымі вочкамі, якія бегалі за празрыстым шклом акуляраў. На ім быў тонкі паласаты швэдар пад карычневым пінжаком. На стале, сярод папераў, Інга заўважыла нешта вельмі знаёмае – белы флакончык. Яна ведала, што ў Хрушчанкі таксама алергія, таму і акно зачынена, і ён карыстаецца такімі ж, як і яна, сродкамі – кроплямі ў нос. Ён перахапіў яе позірк.

– Мы з вамі калегі. У плане алергіі.

– Спадзяюся, не толькі ў гэтым плане.

Яна паклала перад ім папку, дзе была выпіска з вынікамі конкурсу, пратакол-заключэнне журы і старонка сінопсіса “Месца”. Хрушчанка прабег усё вачамі, упіўся ў сінопсіс, прачытаў і адклаў асадку.

– Сучасная тэма?

– Паводле ўмоваў конкурсу.

– Як па мне, – сказаў ён, – уся гэтая сучасная тэма лішняя. Я б яе ўвогуле адмяніў.

– Што вы прапаноўваеце?

– А чым вам не падабаецца, дапусцім, вось гэтая рэч: “Світанкі над Прыпяццю ціхія”? Па-мойму, цікавая, надзённая рэч.

Інга ўважліва на яго паглядзела, гонячы ад сябе нядобрае прадчуванне. Гэтыя “Світанкі” быў амаль слова ў слова перадраны сюжэт з вядомага савецкага фільма пра жаночы батальён, які ў карэльскіх лясах і балотах пад кіраўніцтвам немаладога старшыны адбіваецца ад фашысцкага дэсанта.

– Харошая тэма, – сказала яна. – Галоўнае, арыгінальная.

– Я ведаю, – улавіў ён іронію, – вы маеце зуб на мяне. Не вы канкрэтна, а ўсе. Думаеце, стары рэтраград і таму падобнае.

– Не час пра гэта, – перабіла яна. – У нас жа быў нядаўна ваенны фільм. Па вашым сцэнарыі, дарэчы.

– Ну і што? Яшчэ адзін здымем. Ваеннай тэмы многа не бывае. Ці вы лічыце, што гэта так ужо бездапаможна? – з лёгкім дакорам спытаў ён.

– Проста нікчэмна. І па тэме не падыходзіць. Тэма конкурсу: кранальны лірычны сучасны фільм.

– Але ж і патрыятызм ніхто не адмяняў. Падумайце самі. З аднаго боку правераны, абкатаны, надзейны сцэнар, з другога – малазразумелы тэкст нейкага нікому невядомага першакурсніка. Я ўжо не кажу, што на вайну заўсёды ёсць заказ, а значыць, і фінансаванне. А нашы фінансавыя справы ахавыя.

Звычайна Інга ніколі ні з кім не ваявала, нервы даражэй. Але тут найшла каса на камень. Надта рэзала вочы несправядлівасць. Яна сказала:

– Добра. Калі ласка. Я асабіста згодная. Але што рабіць з меркаваннем журы? Там маўчаць не будуць. Абавязкова паўстане пытанне наконт нашай прафесійнай прыдатнасці. А так як фармальна старшыня журы вы…

– Пачакайце, – маладушны, як і ўсе такія людзі, Хрушчанка імгненна здаў назад. – Я ж не супраць! Я проста выказаў сваю сціплую думку. Цалкам магчыма, што і ваш сцэнарый нечага варты.

– Ён не мой.

– Мы вось як зробім. Прынясіце мне гэты сцэнар.

– Увесь? Вы ж ніколі не чытаеце.

– На гэты раз хачу парушыць традыцыю. Я прачытаю, падумаю. І вы падумайце.

Аднёсшы яму сцэнар, па дарозе назад Інга заглянула да галоўнага рэдактара, Камара, і застала там Рыту. Інзе ад аднаго іх выгляду стала лягчэй. Гэта былі свае людзі, аднадумцы, сябры. Сярод іх Інга адтайвала. Паміж сабой яны маглі гаварыць практычна на любыя тэмы, хоць і напаўголаса. Камар, ці, як некаторыя называлі яго, – Комар, з бародкай на вузкім твары, з пазалочанымі тонкімі акулярамі на хударлявым носе, хоць і лічыўся сярод студыйшчыкаў тугадумам і кар’ерыстам, быў затое добры, інтэлігентны, прыстойны. Рыта – наіўная, мілая яе малодшая сяброўка, шчырая, без задніх думак… І трэба ж, цяжка паверыць, што нейкі нягоднік скарыстаўся гэтай дабрынёй і наіўнасцю. Як такую можна было кінуць? І яшчэ горш – як такую можна звальняць?

– Вось, – нібы апраўдваючыся, сказаў Камар, – ламаю галаву, як памагчы чалавеку. Звальняюць па сканчэнні дамовы.

– Я ведаю, – сказала Інга. – Я таксама пастараюся памагчы.

– Што з вамі? – спытаў Камар. – Вы бледная.

– Уяўляеце, што толькі што адбылося.

Яна ўсё расказала ім, сваім людзям, і закончыла:

– Так усплыло, што ёсць яшчэ сцэнар, які актыўна, проста падазрона актыўна падтрымлівае Хрушчанка.

– Яшчэ б яму не падтрымліваць, – пасміхнуўся Камар. – Гэта яго сцэнар.

– Як?!

– Так. Мы самі вінаватыя. Забылі ва ўмовах конкурсу ўказаць, што свае, кінастудыйныя, не маюць права ўдзельнічаць.

– Але ж гэта і так само сабой было зразумела. Што ў людзей хопіць сумлення, этыкі…

– Вы не ўлічылі, з кім маеце справу.

– Як жа так можна? Да такога апускацца?

Камар гмыкнуў, што азначала – можна, яшчэ і не такое можна.

– А на якую тэму ў яго? – пацікавіўся ён.

– На ваенную.

– Зразумела. Што б ні пісалі, атрымліваецца акм.

– У яго проста элементарная зайздрасць да маладога, да гэтага Лагуна, – уставіла Рыта.

Усе былі настроены супраць абрыдлага гендырэктара. Галоўнае, яму пад восемдзесят, а ён сядзіць і не думае сыходзіць.

– І нічога з гэтым не зробіш!

– Тут сістэму мяняць трэба.

– Разумею, грэх такое казаць, але калі-небудзь думаеш: хутчэй бы Бог яго прыбраў.

– Такія не паміраюць.

– З іншага боку, новы начальнік рэдка лепшы за папярэдняга.

– Чаму? – стрымана пакашляў Камар. – Горшага не будзе.

– Мне таксама здаецца, што хто заўгодна, абы не ён.

Так яны абмывалі чужыя костачкі. Інга супакоілася, акрыяла і адлегла душой. На развітанне яшчэ перапытала проста так, дзеля парадку:

– Дык я, калі што, магу на вас спадзявацца? Калі дойдзе да рэдсавета, падтрымаеце мяне?

– Што за пытанне!

– Мы адна каманда.

Наколькі лягчэй у Інгі стала на душы, настолькі ж горш фізічна. Яна ледзь даехала дахаты. Праклятая алергія не праходзіла. Тым жа вечарам Інга захварэла па-сапраўднаму, з тэмпературай, з выклікам доктара, які прапісаў лекі і пасцельны рэжым.

16
{"b":"875203","o":1}