Тэлевізар быў уключаны і гаварыў ціха. Паказвалі Ямала-Ненецкую акругу, снег, аленяў, сабак-лаек, ярангі. Маскоўская журналістка дапытвалася ў безбародага аленявода, нібы старалася выведаць ваенны сакрэт: як вы, паўночныя людзі, прадказваеце мароз? Хітры ямала-ненец адказваў: “А сцоцкі сцыплет – вот і молоз”. У садзе радасна перагукваліся птушкі. Ранішняе сонца наўскос клалася на дрэвы, на зямлю, на сцяну дома. На дрэвах яшчэ не было лісця, таму ценю было мала, і здавалася, што сонца задужа многа. Муж дапіў каву і, закрываючыся далоняй ад святла, то перагортваў старонкі, то загадкава пазіраў на жонку.
– Што ўва мне не так? – хмурачыся, спытала яна, выдатна ведаючы, што ён проста любуецца ёю. Часта ў якасці кампліменту кажуць: выглядае маладзей за свае гады. А трэба, каб чалавек адпавядаў свайму ўзросту. Інга выглядала роўна на свае 30. Усё ў ёй было гарманічна, усяго ў меру: касметыка – някідкая, але дарагая, адзенне – строгі офісны стыль. Чорнае з белым, прычоска-карэ пасавала да славянскага твару з чыстай скурай. Ад яе заўсёды прыемна пахла. Сваімі нейкімі надзвычай цнатлівымі рухамі і паводзінамі яна нечым нагадвала манашку, якая ведае сабе цану, але вымушана стрымліваць сябе. Што да мужа, дык за 5 гадоў ён так і не прывык, што яна цалкам яго. Ён, як і раней, кахаў яе ціхай спакойнай любоўю, якая замяняла яму ўсё, і не ўяўляў, як можна інакш.
– Што скажаш? – спытала яна.
– Не Спілберг і не Феліні, канечне, але цікава. Якасны тэкст. Я б сказаў, камерны. Знікаючая натура. Арт-хаўз.
– Такая была ўмова конкурса. Мы не пацягнем большага.
Тэлевізар ціха гаварыў паралельна з імі. “Как яблоцко сцоцкі класнеют”, – цярпліва тлумачыў настырнай журналістцы ямала-ненец. Інга націснула на чырвоную кнопку пульта.
– Ты верыш, што гэта напісаў васямнаццацігадовы хлопчык?
– Чаму не. Цяпер творчаму чалавеку зусім неабавязкова мець жыццёвы вопыт. Пры такой масавай інтэрнэтызацыі можна здабыць любую фактуру пачынаючы з дзіцячага садка. Што цябе бянтэжыць? – з усмешкай спытаў муж.
– Плагіят.
– А калі так паставіць пытанне: якая розніца? Па вялікім рахунку, усё нашае жыццё плагіят. Мы маем якасны прадукт – тэкст. Гэта галоўнае. А хто яго стварыў, ці не ўсё роўна? Марк Твэн казаў…
Яна перабіла:
– Чым лепшы сцэнар, тым большая верагоднасць, што ад яго нічога не застанецца.
– Але нашто так далёка заглядваць? Гэта ж не справа журы. Вам трэба ацаніць твор. А ўжо зробяць з яго фільм ці, як звычайна, скалечаць – гэта вас не тычыцца. Не трэба блытаць сцэнар і фільм.
Інга зморшчыла кірпаты нос, збіраючыся чыхнуць. І чыхнула.
– Падай, калі ласка, сурвэтку.
– Будзь здарова. Ты ж ведаеш, што табе паможа. Горнае паветра, плюс марское, – сказаў муж. – Я цябе павязу сілаю.
Кожны год, нават два разы на год, яны выбіраліся на Поўдзень, і там ад хваробы сапраўды не заставалася следу.
– Што ты збіраешся рабіць? – спытаў ён.
– Цярпець. Прымаць гістаміны. Капацца, – яна расціснула далонь і падала яму цёплы флакончык.
– Я сцэнар маю на ўвазе.
– Я хачу з ім сустрэцца. І паглядзець яму ў вочы. Зразумець, што ён з сябе ўяўляе. Я не павінна была б гэтага рабіць, але…
– А нельга яго запрасіць да нас?
– Не кажы абы-чаго.
– Шкада, што нельга зняць на камеру.
– Не будзь малым дзіцём.
Інга ўстала, выцягнула з мужавых пальцаў флакончык, які ён паспеў прысвоіць, увогуле маючы звычку блытаць сваё і чужое, узяла са стала рукапіс.
– Дзе аловак?
– Вось, прабач.
Яна пайшла, але спынілася і спытала:
– Ты ўсё ведаеш. Чаму лятаюць у сне?
Ён пачаў ахвотна і дэталёва, як той ямала-ненец цікаўнай журналістцы, тлумачыць, што заснавальнікі псіхалогіі разглядвалі гэта пад рознымі ракурсамі: Фройд, як заўсёды, звязваў з сексуальнымі памкненнямі, Альфрэд Адлер – з жаданнем прыгнятаць іншых, Карл Юнг – з імкненнем вызваліцца ад абмежаванняў і разарваць рамкі ўмоўнасцяў…
– Не, – перабіла яна. – Мне больш падабаецца, што гэта памяць пра нашы ранейшыя жыцці.
11
Кінастудыя жыла сваёй звычайнай хаатычнай мурашынай мітуснёй, якая называлася творчым жыццём. З кабінета ў кабінет, з курылкі да кава-аўтамата ці проста ўзад-уперад па доўгім калідоры з выцертым паркетам сноўдаўся, як непрыкаяны, творчы люд, у асноўным незанятыя рэжысёры кшталту Скіндзера. Яны з зайздрасцю паглядвалі на дзверы з шыльдамі-назвамі прынятых да вытворчасці фільмаў. У самым кутку калідора, пасля “Здымачнай”, “Аператарскай”, “Агучкі” і “Кастынгу” ішлі запар тры кабінеты сцэнарна-рэдактарскага аддзела. Дамаседы, якія там працавалі, выгодна вылучаліся сярод іншых кінастудыйшчыкаў. Ім заўсёды быў гарантаваны занятак: чытаць, правіць і абмяркоўваць сцэнарыі, якія сцякаліся сюды кожны дзень неперасыхаючымі ручаінамі. Праца хоць і лічылася кабінетнай, была самая што ні на ёсць творчая, бо ў ёй немагчыма было вызначыць, а тым больш спланаваць, аб’ём работы. Усё залежала ад асабістых здольнасцяў рэдактара. Каму, як, напрыклад, Інзе з яе ўменнем прабягаць тэкст па дыяганалі, хапала гадзіны. Іншым, як малодшай рэдактарцы Рыце, мала было і двух дзён. Увогуле ж шлях сцэнарыя быў доўгі і бюракратычна-пакручасты: ад малодшага рэдактара твор паступаў вышэй па інстанцыі – проста рэдактару, ад яго – намесніку галоўнага, Інзе, ад яе – галоўнаму рэдактару Камару, адтуль – мастацкаму рэдактару. На кожным узроўні ішло скарачэнне, адсячэнне, адсейванне. Нарэшце сцэнар дабіраўся да гендырэктара Хрушчанкі, які не чытаў зусім, а накладаў рэзалюцыі: на рэдсавет, вярнуць аўтару, купіць ідэю або, вельмі рэдка – запусціць у вытворчасць.
Інга зайшла ў кабінет, набрала нумар, звыкла пачула “пакіньце паведамленне на галасавую пошту”. Пасядзела ў задуме, апамяталася ад уласнага чыху і зразумела, што сёння не зможа прымусіць сябе нават разгарнуць якуюсь папку. Яна рашуча, нават сярдзіта сабралася і сама паехала да гэтага Лагуна. Каля інтэрната ледзь удалося прыпаркаваць машыну. Во студэнцтва пайшло. У вестыбюлі ёй насустрач з-за стала падняўся вахцёр – адстаўнік, пенсіянер, нібы паўстаў з часоў яе маладосці. Цюцелька ў цюцельку такі ж быў у часы яе вучобы. Калі яны нарэшце перавядуцца, калі ўжо абарвецца іхні род, перапыніцца іх дынастыя. Ёй падалося, што ён з двухсэнсоўнай усмешкай, адкрыта пахабным позіркам акінуў яе з ног да галавы. А калі спытаў: да каго, голас быў ліслівы і ліпкі. Раптам ёй, чаго з ёю не было даўным-даўно, стала лёгка і смешна. Ад таго, што яна, дарослая, адчула даўно забытае студэнцкае трымценне, нібы перанеслася на паўтара дзясяткі гадоў назад і вось прабіраецца сама ў забароненую зону ці хоча незаконна кагось правесці. Вахцёр назваў нумар пакоя. Яна знайшла і пастукала. Маўчанне. Яна піхнула дзверы, якія аказаліся незачыненымі, і ўвайшла. Блочная сістэма пакояў, таму і не чуваць было стуку. Да таго ж жоўты папугай у клетцы спяваў, як умеў. Больш нікога не было. Яна агледзелася. Балкончык, санвузел. Два ложкі, дзве тумбачкі. Не сказаць, каб па-спартанску. Малады чалавек увайшоў у пакой з балкона, трымаючы ў руцэ пачак цыгарэт. Гадоў на пяць старэйшы, чым на здымку з Фэйсбука. Ну, пачынаецца, падумала яна. Абсалютна непадобны. Аватарку іншую паставіў? Усё ж яна, адчуваючы ніякаватасць нязванай госці, паспела вымавіць падрыхтаванае:
– Добры дзень, я вам званіла, чаму вы не прыходзіце?
І толькі тут да яе дайшло, што гэта можа быць не ён, не адзін жа ён жыве ў пакоі.
– Мне ніхто не званіў, – неяк развязна і разам з тым ветліва сказаў малады чалавек. – Але я быў бы не супраць. Сядайце, калі ласка.
Яна адчула палёгку ад памылкі. Неўзабаве ад гаваркога суседа пад чырыканне папугая яна даведалася пра гэтага Лагуна ўсё, што трэба: ціхоня, сірата, падпрацоўвае, апошні час мала жыве ў інтэрнаце, што справы яго дрэнь, ледзь ліпіць, бедны, але ганарысты, вучобу заваліў, але армія на носе, гэта разумеюць, таму і цягнуць яго, каб не псаваць хлопцу анкету і жыццё. Любіць кіно, здымаўся ў масоўцы, хваліў рэжысёр.