Литмир - Электронная Библиотека

Недалёка ад Цішкавага двара быў вялікі кар'ер. Тут капалі гліну ўсе, каму яна была патрэбна. Мы якраз і збіраліся спусціцца ў кар'ер, каб абмеркаваць нашы далейшыя паводзіны. Але тут здарылася нечаканае.

- Стой, рукі ўгору! - раўнуў нехта немым голасам, і ў некалькіх кроках ад нас проста з зямлі вырасла чорная постаць. Мы рванулі назад, а той, што крычаў, стрэліў. Куля свіснула каля самых маіх вушэй. Мы ўпалі на зямлю, а чорная постаць, клацаючы затворам, насоўвалася на нас. Я чуў, як Мікола спусціў курок. Асечка. Постаць упала. У тое ж імгненне Цішка бухнуў са свайго абрэза, а я, ірвануўшы чаку, шпурнуў лімонку...

Страшэнны, дзікі крык падняў мяне з зямлі і кінуў у кар'ер. Гэты крык стаяў у маіх вушах, калі я каціўся на дно кар'ера, калі поўз агародамі, прабіраючыся праз парканы і драцяныя агароджы. Маіх сяброў побач не было. Я вырашыў паўзці дадому. Увесь шлях да роднай хаты думка ў мяне працавала чотка і ясна. Я рабіў перадышкі, вымяркоўваў, кудой мне найлепш прабірацца.

І вось я ў сваёй адрыне. Я адразу схаваў прамоклае адзенне і пераапрануўся ў старое. Дзесьці там, на станцыі, усё яшчэ раз-пораз стралялі. Захліпаючыся, брахалі сабакі. За сцяной глуха ўздыхала карова, перажоўваючы жвачку. Рыпнулі дзверы, і да хлява, ледзь чутна ступаючы босымі нагамі па зямлі, падышла маці. Не адчыняючы варот, яна спалоханым шэптам дакарала мяне за тое, што я не шаную ні сябе, ні сям'і. А я, стараючыся гаварыць сонным голасам, спытаў, дзе гэта і чаму страляюць. Няхай пакуль што нічога не ведае маці. Ёй будзе так спакайней.

Калі развіднела, я агледзеў сваё адзенне. Ад новых сініх штаноў засталося адно толькі званне. Яны падраліся ў некалькіх месцах, а на левай калашыне не хапала вялікай латкі. І тут толькі я адчуў, што ў мяне баліць нага. Галёнка была распаласавана, мабыць, аб калючы дрот.

Увесь дзень я, здаецца, зусім не думаў пра Стасю. Пасля ўсяго, што здарылася, яна стала маленькай, непрыкметнай і адышла ў думках кудысьці далёка-далёка. Я трывожыўся аб сябрах. У поўдзень мне расказалі, што на наш гарадок рабілі налёт партызаны, што яны ўзарвалі мост і паранілі Кірылу Сёхмана, які пад раніцу сканаў. Па загаду каменданта на станцыі і каля школы спешна будаваліся дзоты. Пра сваіх сяброў я не пачуў нічога страшнага і паступова супакоіўся.

Нямецкі поезд у той дзень не пайшоў...

А яшчэ праз два дні да мяне завітаў Сымон. Ён вярнуўся з сувязі і прынёс добрыя весткі. Партызаны пра нас ведаюць, і сувязь цяпер будзе рэгулярная.

- Мікола за новую міну ўзяўся, - паведаміў Сымон. - Ён на сёмым небе і цябе, ого, як хваліць...

Я паказаў Сымону нагу. Рана нарывала, я лячыў нагу сам як мог. Сымон занепакоіўся.

- Ты нікуды не выходзь, - папярэдзіў ён. - Я прынясу ўсё, што трэба. І наогул нам не трэба разам хадзіць.

Ён вярнуўся толькі пад вечар. Прынёс бінты, ёд, нейкую слізкую мазь. Я паглядзеў на сябра здзіўленымі вачамі.

- Мы, брат, дурні вялікія, - бінтуючы мне нагу, гаварыў Сымон. - Ходзім табуном, самі ж стараемся выдзяляцца, у вочы кідацца. Людзі ў сто разоў разумней за нас робяць. Ты думаеш, парню спалілі і лістоўкі раскідалі партызаны? Такія ж, як і мы, партызаны, толькі не такія вароны.

- Сымон, - не вытрымаў я, - скажы, ты хадзіў у аптэку?

Сэрца ў мяне тахкала так моцна, што, мабыць, пачуў і ён.

- Хадзіў, але ты нічога не ведаеш, - жорстка паглядзеў на мяне Сымон. - Нічога не ведаеш, зразумеў? Запамятай гэта...

Не, цяпер я ведаў усё. Ведаў, якім быў сляпым і недалёкім. Такую дзяўчыну хацеў прывабіць сінімі штанамі. Эх ты, дурніца... Тоненькая белая дзяўчына паўставала цяпер у маіх вачах у нейкім новым, казачным святле.

У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз. Ён пахнуў так заўсёды, калі мы хадзілі здаваць экзамены.

1956

3
{"b":"849566","o":1}