Литмир - Электронная Библиотека

— Вунь ён, Трахім ваш! — кіўнула маладая жанчына. Пасярэдзіне праспекта, між двух радоў машын, што імчаліся ў абодва бакі няспыннай плынню, стаяў невысокі чалавек. Ён стаяў спінаю да старой, быў у белай летняй міліцэйскай форме, у бліскучых ботах, у фуражцы з чырвоным аколышам, з сумкай на баку, — нейкі незнаёмы ў новай сваёй вопратцы, але маці па тым, як ён трымаў галаву, па тонкай, загарэлай шыі, па сваіх, адной ёй вядомых прыкметах, пазнала, што гэта ён. Сын! Трахім!

Першым адчуваннем Андрэіхі была не радасць, а непакой, як-бы якая машына не зачапіла выпадкам яго! Чаму яны так імчацца паўз яго, чаму ён не асцерагаецца іх. Яна ўспомніла, што ён заўсёды быў неасцярожны, што ёй заўсёды прыходзілася трывожыцца за яго…

У гэты момант маці ўбачыла, як ён узняў руку, у якой нешта трымаў, і няспынная, здавалася, плынь машын перарвалася і стала. Ён паказаў рукой у той бок, дзе быў зялёны бульвар, і машыны, што стаялі каля маці, крануліся і пакаціліся цераз вуліцу ў зацененыя прысады.

Яна глядзела то на машыны, што чакалі яго дазволу ехаць, то на свайго сына. Цяпер быў відаць яго твар, — упартыя, яшчэ юнацкія рысы, прыплюшчаныя ад сонца вочы, нахмураныя цёмныя бровы. Ён памужнеў і падрос за гаты час, калі яны не бачыліся. У яго такі суровы, зусім мужчынскі твар, такая строгасць у позірку…

— Можа, хопіць? Пойдзем, можа? — пастаяўшы, кранула яе за руку «правадніца».

— Што? — недаўменна азірнулася на яе маці. — А, пойдзем?.. Не, пастаім яшчэ трошкі!..

— У мяне часу няма. Не шкадуйце! Ён хутка мае змяніцца!..

— Ідзіце. Я потым прыйду.

— Не заблудзіцеся?

— Не, мусіць… Мы разам… мы ўдваіх!..

Маладая жанчына пайшла, і Андрэіха засталася адна. Яна заўважыла, што замінае людзям ісці, і адступіла ўбок. Стала пад самым дрэвам. Яно было, напэўна, нядаўна прывезена ў горад, можа быць, з тых самых мясцін, з якіх прыехала сюды яна сама, — там такіх ліп было вельмі многа, і ў гэтым дрэве, што ледзь чутна шумела каля яе ўгары, ёй чулася нешта вельмі блізкае і роднае. Дрэва стаяла яшчэ няцвёрда ў гарадской глебе, і — заўважыла жанчына — было з розных бакоў прывязана да тратуара дратамі…

Сын зноў павярнуўся і, падняўшы ў руцэ маленькі кіёчак, паказаў, што можна ехаць па праспекце. І машыны загурчэлі, нецярпліва крануліся з месца. Праз які момант плынь машын — зялёных, сініх, блакітных, — як вада ў рацэ, на якой паднялі загароду, хлынула па нагрэтай сонцам шырыні вуліцы.

Сын, чакаючы, пакуль гэтая плынь сцішыцца, збяжыць, пераступіў з нагі на нагу, — відаць, натаміўся стаяць. Пастаяўшы, ён глянуў на вуліцу, што перасякала праспект, зірнуў у адзін бок, у другі, пасур'ёзнеў — падняў руку, загадваючы машынам на праспекце спыніцца…

Машыны ўраз пачалі запыняцца перад скрыжаваннем.

Ён паказаў, што можна ехаць па вуліцы, і рух машын пайшоў ужо ў іншым кірунку.

Каб ён быў міністрам, яго ўлада, яго аўтарытэт не маглі б уразіць больш. Там права і сіла чалавека выяўляюцца не так яскрава і проста, не з такой нагляднасцю. Тут жа ўсё было на віду. Дзесяткі людзей падпарадкоўваліся кожнаму яго руху, выконвалі кожны яго загад. Усе ехалі туды, куды ён паказваў, усе адразу, як толькі ён хацеў гэтага, спыняліся!

Яго слухаліся пешаходы, што пераходзілі цераз вуліцу. Многае здзіўляла старую Андрэіху ў гэты час, і між усяго — тое, як упэўнена стаяў ён, яе Трахім, на сваім, такім відным месцы, як кіраваў такім складаным мітуслівым жыццём. Адкуль гэта ў яго?

У Трахіма быў горды выгляд, такі, якога яна раней не бачыла. Але гэты выгляд не здзіўляў яе. Яна не думала, што ён так стараўся трымацца, каб здавацца стражэйшым, каб больш суровасці было на маладзенькім і добрадушным твары, — яна адчувала гонар за яго, за сына некалі самай беднай у сяле ўдавы-салдаткі. Што ж, вось і Трахім яе стаў чалавекам, не горшым, як іншыя. Слухаюць і паважаюць Трахіма, і не абы-як!..

Паўз яе беглі, праходзілі людзі — заклапочаныя, занепакоеныя, вясёла-бесклапотныя. Праходзілі цераз скрыжаванне, паглядвалі на машыны, на маладога рэгуліроўшчыка. На скрыжаванні моцна, да дурману, пахла перагарам бензіну, было горача ад высокага ліпеньскага сонца, блакітнага неба і напаленага асфальту. Усё было для многіх звычайным, будзённым…

Жанчына, што стаяла пад ліпаю, старая, з выцвілымі вачыма, у суконным пінжаку, глядзела на гэта інакш. Яе сэрца перапаўняла адчуванне велічы бачанага — за ўсё сваё жыццё Андрэіха, можа, ніколі не была такой усцешанай сынам, як тут.

Ёй здавалася, што і пешаходы, і пасажыры ў тралейбусах, і ліпы, і вокны дамоў, і сіняе, высачэзнае неба без хмурынкі — усё глядзіць на яго, на яе Трахіма!

«Сыночак, дзіцятка маё!.. — падумала яна. — Хто б мог ведаць!..»

Ёй — невядома чаму — захацелася плакаць…

1954

2
{"b":"849552","o":1}